Шчасліўчык Джон Андэрсан (юрыдычны трылер ХІХ ст.)
Як негру зарэзаць белага і выйсці сухім з вады, як беглы крымінальнік ледзь не пасварыў Брытанію і ЗША, і чаму так важна бывае правільна афармляць дакументы - аб усім гэтым у новай гісторыі з ніягарскага цыклу.
Амерыканскае рабства настолькі выбівалася з сацыяльнага ландшафту заходняй цывілізацыі ХІХ ст., што кожная іх сутычка параджала незвычайныя гісторыі, нечаканыя калізіі, якія ставілі ў тупік нават самых дасведчаных асоб. Ніколі нельга было прадказаць, па якой траекторыі будуць развівацца падзеі. У 1837 г. стыхійны бунт дапамог вызваленню Саламона Мосбі, якога ўжо вось-вось павінны былі ўручыць яго “законнаму” ўласніку. Праз 25 гадоў у Канадзе зноў загаварылі аб дэпартацыі беглага негра-раба. Аднак у гэты раз у цэнтры ўвагі апынуліся юрыдычныя пытанні, і сачыць за імі аказваецца не менш павучальна, чым за вострасюжэтным баявіком.
Джон Андэрсан, беглы раб
А пачалася гісторыя так: у горадзе Фает, штат Місуры, у 1850-я гады жыў-быў фермер Мозэс Бёртан. Ён вырошчваў тытунь, займаўся цяслярскім рамяством і меў некалькі рабоў. Сярод іх быў негр па імені Джэк. Як было заведзена ў тыя часы, айца свайго Джэк не ведаў (гаварылі, што той бы мулат, хадзіў на параходзе па Місісіпі і ў рэшце рэшт уцёк з рабства ў Паўднёвую Амерыку), таксама як і дакладны год свайго нараджэння, але сам ён лічыў, што ў 1860-м годзе яму было прыблізна трыццаць гадоў. Яго маці была рабыняй Бёртана. Калі Джэку было сем гадоў, яе прадалі ў Новы Арлеан. Ён рос пад наглядам місіс Бёртан, называў яе “маці” і нават праз шмат гадоў узгадваў з вялікай любоўю і павагай.
У параўнанні з “глыбокім” Поўднем становішча рабоў у Місуры нельга назваць вельмі цяжкім. Калі Джэк падрос, гаспадар выдзяліў яму паўтара акра зямлі, дзе той заняўся вырошчваннем тытуня. Частку ўраджая яму дазволена было прадаваць, і - тэарэтычна - з цягам часу Джэк мог назбіраць дастаткова грошай, каб выкупіцца з рабства. Такія выпадкі ў Місуры здараліся нярэдка.
Ва ўзросце дваццаці гадоў Джэк сышоўся з Марыяй Томлін. Яе бацька - Льюіс - сам некалі быў рабом, але выкупіў сябе і жонку за паўтары тысячы даляраў і цяпер працаваў цырульнікам у Фаеце. Марыя была рабыняй Сэмуэля Браўна і жыла на яго ферме, у дзвюх мілях ад фермы Бёртанаў. Яна была значна старэйшая за Джэка і ўжо ўдава; ад першага мужа - Грына Шэпарда - у яе засталіся двое дзяцей - дзяўчынка трынаццаці гадоў і хлопчык - адзінаццаці. На Раство 1850 г. Марыя і Джэк ажаніліся. У іх была дамоўленасць, што калі Джэк выкупіцца з рабства, ён паспрабуе выкупіць не толькі жонку і іх агульных дзетак, але і пасынкаў.
Праблемы пачаліся ў жніўні 1853 г. Джэк пастаянна бегаў на ноч да жонкі. Аднойчы на раніцы яго заспеў гаспадар. Пачаліся роспыты, слова за слова, і вось ужо паміж імі ўспыхнула сварка. Трэба было паставіць негра на месца, і Бёртан загадаў высекчы нахабніка. Ды толькі Джэк адмовіўся легчы пад бізун! Гаспадар пабег у дом за стрэльбай, але яго дачка павісла ў яго на руках і вымаліла прабачэнне для негра на гэты раз. Аднак Бёртан не мог пакінуць усё як ёсць і цвёрда вырашыў, што прадасць дзёрзкага раба пры першай нагодзе.
А тут яшчэ пакупнік падвярнуўся - нехта Макдональд, чыя ферма была ў трыццаці мілях ад фермы Браўнаў. Хоць і далёка, гэта можна было б яшчэ перажыць, аднак новы гаспадар катэгарычна забараніў Джэку наведваць сям’ю. Выбяры сабе жонку сярод маіх рабынь, прапанаваў ён. Натуральна, Макдональду не было ніякай карысці ад цяперашняй сям’і Джэка - яго дзеці застануцца рабамі Браўнаў.
Для Джэка гэта быў страшны ўдар. У іх з Марыяй як раз нарадзілася дзіцятка. Цяпер яму прадстаяла пакінуць іх абодвух. Але ён вырашыў іначай. У другой палове верасня, у нядзелю, ён ціхенька ўзяў гаспадарскага мула, коўдру і скрутак вяроўкі і сышоў ад Макдональдаў, не прабыўшы з імі і двух месяцаў.
Джэк накіроўваўся ў Канаду, дзе, як ведаў кожны раб на Поўдні, чалавек адразу атрымлівае свабоду. Але туды яшчэ трэба было дабрацца. Па законах штата, любы негр ці мулат, знойдзены ў дваццаці мілях ад гаспадарскай плантацыі без пісьмовага дазволу ад гаспадара, павінен быць арыштаваны і дастаўлены да міравога суддзі. Той, хто захопіць уцекача, атрымае 5 даляраў і па 10 цэнтаў за кожную мілю.
У Джэка такога пропуску, канешне, не было. Ён сышоў на світанку, каб выйграць час - і вельмі ўдала: Макдональд мусіў адсутнічаць увесь дзень. Яго выклікалі на царкоўны сход - разбіралася справа аднаго набожнага прыхаджаніна, які засек свайго раба бізунамі да смерці. Джэк без прыгодаў дабраўся да ракі Місуры, але паромшчык адмовіўся браць яго без пропуску. Наш герой перачакаў у лесе да ночы, а потым скраў чыюсці лодку і сяк-так пераплыў на другі бераг. Неўзабаве ён быў ужо ў Фаеце ў доме свайго цесця.
Льюіс Томлін ухваліў яго рашэнне наконт Канады. Джэк адразу сказаў, што хутчэй загіне, чым вернецца назад. Томлін хацеў даць яму пісталет на ўсялякі выпадак, але ўцякач адмовіўся: для самаабароны ён меў кінжал з вузкім прамым лязом. Потым Джэк развітаўся з жонкай, пацалаваў немаўлятку і рушыў у дарогу.
***
Ракавая сустрэча адбылася на трэці дзень уцёкаў, 28-га верасня, у аўторак. Джэк праходзіў праз поле, якое належыла фермеру Сэнэке Дзігсу. Гаспадар быў там - назіраў, як працуюць яго рабы.
Паміж імі адбыўся прыблізна такі дыялог.
- Ты хто такі? - спытаў Дзігс. - Куды ідзеш?
- Я Джэк, раб містэра Макдональда. Іду да містэра Чарльза Гівэнса, каб ён мяне купіў.
Ферма Гівенса стаяла ў некалькіх мілях адюль. У прынцыпе, гэта было цалкам магчыма, каб раб паспрабаваў дамовіцца аб пераходзе ад аднаго гаспадара да іншага. Аднак Дзігс засумняваўся.
- А пропуск у цябе ёсць? - пацікавіўся ён.
Пропуску ў Джэка, натуральна, не было, у чым той шчыра прызнаўся.
- Здаецца мне, што ты беглы… - прамовіў фермер. - Хадзі за мной, я дам табе пад’есці, а потым разам пойдзем да Гівенса.
Ён развярнуўся і пакрочыў да свайго дома. Джэк зрабіў выгляд, што ідзе за ім, але раптам сарваўся з месца і кінуўся наўцёкі. “Лавіце яго! - закрычаў Дзігс сваім рабам. - Я вас узнагароджу!” Сам ён несся наперадзе з палкай у руцэ.
Пагоня доўжылася доўга - гадзіны дзве-тры. Джэк зусім знясілеў. Калі негры падбягалі вельмі блізка, ён паказваў ім кінжал, і яны адступалі. У іх не было ніякай прычыны рызыкаваць жыццём, каб схапіць таварышча па няшчасцю.
У рэшце рэшт яго загналі ў кут. Негры на хвіліну адсталі, і фермер застаўся з Джэкам адзін на адзін. Невядома, на што ён разлічваў - Дзігс быў высокі і хударлявы, зладзіць з уцекачом самастойна ён усё роўна бы не змог. Разгарачаны ад бегу, ён пераацаніў свае сілы. Дзігс падбег да плоту і сутыкнуўся з ім нос у нос. Гэта загубіла яго.
Усё адбылося вельмі хутка. Джэк с кінжалам у руцэ кінуўся на фермера. Той замахнуўся на яго палкай, але яна зачапілася пры ўдары. Джэк ткнуў Дзігса лязом у грудзі. Фермер паспрабаваў адскочыць назад, загразнуў нагамі ў траве і паваліўся, а негр ударыў яго яшчэ раз у спіну.
Тут як раз падаспелі рабы. Яны паднялі параненага гаспадара і аднеслі ў дом. Застаўшыся без кіраўніцтва, захапіць Джэка яны ўжо не спрабавалі, і той свабодна сышоў прэч. Дзігс праваляўся яшчэ пэўны час і праз два тыдні сканаў, не ўставаючы з ложку.
***
У тую ж ноч Джэк вярнуўся ў дом сваёй жонкі. Яна была ўстрывожана. Папаўзлі чуткі, што нейкі нігер зарэзаў белага фермера. Яна раіла мужу бегчы з штату Місуры, колькі ёсць сілаў. Прыняўшы ад яе новую кашулю, Джэк развітаўся з ёю і дзіцяткам - як аказалася, назаўсёды.
Яго падарожжа ў Канаду пачалося з палутара далярамі ў кішэні. Ішоў пераважна ўначы. Каб пракарміцца, краў кукурузу і бульбу з агародаў. Заходзіў на незамкнёныя фермы - у адной на кухні набіў кішэні соллю, у другой - звярнуў галовы тром кураняткам. Некалькі разоў ледзь не папаўся. Аднойчы вершнік напаткаў яго на абочыне і хацеў арыштаваць, але Джэк схаваўся ад яго ў высокай кукурузе.
Праз два тыдні ён ужо быў у Ілінойсе. Нейкі добрасардэчны фермер накарміў яго, прытуліў на ноч і даў яблык і хлеба ў дарогу. Другі, наадварот, спрабаваў завабіць у свой дом, каб здаць уладам. Аднак Джэку пашанцавала. У рэшце рэшт ён даклыпаў да Дэтройта, а адтуль да Канады рукой падаць. У кастрычніку ён быў ужо пад абаронай брытанскага сцяга.
***
Як можна здагадацца, як і ў Саламона Мосбі, прыгоды Джэка толькі пачыналіся. Спачатку ўсё ішло добра. Ён пасяліўся ў Віндзары - канадскім гарадку прама насупраць Дэтройта, і ўладкаваўся на чыгунку, якая курсіравала паміж Віндзарам і Чатэмам. Выбар быў невыпадковы - ля Віндзара існавала вялікая калонія беглых рабоў са Злучаных штатаў, Refugee Home Society, якую на грошы філантропаў з Антарыа і Мічыгана заснаваў слынны Генры Біб, сам колішні раб і ўцякач.
Джэк пачаў наведваць тамтэйшую школу - у ёй запраўляла жонка Біба, Мэры, настаўніца-негрыцянка з сям’і свабодных чорных квакераў. Там жа сустрэў ён і другую вельмі вядомую асобу - белую квакершу Лауру Эвіланд, зацятую праціўніцу рабства. Яна нейкі час вучыла неграў у Віндзары Бібліі і дапамагала непісьменным з дакументамі і карэспандэнцыяй. Менавіта да яе і звярнуўся Джэк, каб паслаць вестачку жонцы.
Пісьмо было адпраўлена на адрас яе бацькі, Льюіса Томліна і ад імя аднаго з сяброў Лауры ў Мічыгане. Неўзабаве прыйшоў адказ. Нейкі Уорэн пісаў, што прывез Марыю і яе дзетак у Дэтройт, і што яны чакаюць Джэка ў пэўным месцы. Джэк павінен прыехаць і забраць іх. Аднак замест уцекача на спатканне з Уорэнам прыйшла Лаура Эвіланд. Уорэн быў белы чалавек і гаварыў з выразным паўднёвым акцэнтам. Стала ясна, што гэта засада. Уз’яднанне сям’і прыйшлося адкласці да лепшых часоў.
Значыць, на Джэка ішло паляванне. Эвіланд параіла яму перамяніць імя і месца жыхарства. Наш герой, які ў Віндзары ўзяў імя Джон Андэрсан (і пад гэтым іменем увайшоў у гісторыю), пераехаў у суседні Чатэм і назваўся Джэймсам Гамільтанам.
У Чатэме ён працаваў на сечцы лесу. Неўзабаве пайшлі размовы, што нейкія людзі шукаюць негра-уцекача Джэка з Місуры і плоцяць вялікую ўзнагароду за любую інфармацыю аб ім. Наш герой паразмаўляў з адным юрыстам, і той параіў яму сысці зноў. Магчыма, пераследнікі згубяць яго след.
Як Джон Андэрсан (адгэтуль і надалей толькі так мы і будзем зваць нашага Джэка) правёў наступныя шэсць гадоў, вядома мала. Ён сам сцвярджаў, што ўвесь час пераяжджаў з месца на месца, мяняў працу і ў рэшце рэшт, асвоіўшы рамяство муляра, асеў у канадскай Калядоніі, на перашыйку паміж азёрамі Эры і Антарыа непадалёк ад Ніягары. Ён набыў дом і зажыў жыццём заможнага чалавека. А між тым наша гісторыя набліжаецца да кульмінацыі.
Працяг будзе...