Уцёкі Саламона Мосбі: трывожная гісторыя са шчаслівым фіналам
Чым у ХІХ ст. неграў так вабіла Ніягара, як дабрабыт плантатараў залежыў ад канакрадства, і калі здарыўся першы канадскі “афрамайдан” - пра ўсё гэта чытайце ў новым эпізоде нашай эпапеі.
З пачатку ХІХ ст. Ніягара стала папулярным месцам для турызму. Мноства наведвальнікаў едзе сюды з Нью-Ёрку, каб убачыць славутныя вадаспады. Аднак ёсць яшчэ людзі, для каго трапіць сюды - запаветная мара. Не краявіды краналі іх душы. За ракой для іх пачынаўся блаславёны сусвет свабоды.
Рабства ў Антарыа (правінцыя Верхняя Канада) пачалі адмяняць паэтапна з 1793 г. Па іроніі лёсу ў тым жа годзе ў ЗША паўстаў Закон аб беглых рабах. Гэта значыць, незалежна ад таго, дазволена рабства ў тым ці іншым штаце ці не, уцекача неабходна было выдаць гаспадару. Адпаведна, неграм была цяпер адна дарога - у Канаду. Менавіта сюды беглі Эліза і Джордж з “Хаціны дзядзькі Тома” - і з вялікімі прыгодамі шчасліва дабраліся.
Істмэн Джонсан. Бегства ў свабоду. 1863 г.
Аднак гэта персанажы з літаратуры, а наша гісторыя аб рэальных людзях. Жыў у Кентукі заможны конезаводчык Дэвід Каслман. І быў у яго прыгожы раб-мулат, якога звалі Саламон Мосбі. У адрозненне ад сваіх таварышчаў на Глыбокім Поўдні, яму не прыходзілася гнуць спіну на плантацыях. Ён быў, так бы мовіць, “Том”, служка, і выконваў для Каслмана розныя даручэнні.
У маі 1837 г. гаспадар адправіў яго з нейкім заданнем на суседнюю плантацыю. Ён даў Саламону добрага каня і выпісаў пропуск - бо без пропуску кожны негр мусіў быць затрыманы і змешчаны ў турму для разбіральніцтва. Відаць, Калсман цалкам палагаўся на свайго раба. Відаць, дарэмна - бо ніякія падачкі не вытравяць у чалавеку цягі да свабоды. Назад Мосбі ўжо не вярнуўся. З пропускам на руках ён без праблем дабраўся да мяжы, перайшоў яе і пасяліўся на канадскім баку, у невялічкім гарадку Ніягара.
Тыповы пропуск для раба, пач. ХІХ ст.
(Узгадаем геаграфію. На абодвух берагах ракі Ніягара, побач з легендарнымі вадаспадамі, стаяць два гарады з падобнай назвай. На амерыканскай тэрыторыі - Ніягара Фолз, на канадскай - Ніягара-он-зе-лейк, альбо проста Ніягара. Менавіта аб ім і будзе далей ісці гаворка).
Натуральна, Каслман быў пакрыўджаны да глыбіні душы. Перш за ўсё, ён згубіў добрага працаўніка - конюха і фурмана. Па-другое, гэта быў дрэнны ўзор для астатніх. Гэта толькі на першы погляд рабаўласнік трымае свой аўтарытэт бізуном ды ланцугамі. Не, нашмат больш важна пачуццё безвыходнасці. Рабы павінны ведаць - куды б яны не збеглі, іх знойдуць і вернуць назад у кайданах. У ЗША на гэта былі адпаведныя законы і спецыялісты. Але што рабіць з Канадай, якая беглых рабоў не выдае? Вось, надоечы, у суседзяў Каслмана (і бацькоў яго першай жонкі) - Брыкенрыджаў - туды ўцёк Джордж Кабал, а да яго - сотні і тысячы іншых. Не, гэтаму трэба пакласці канец у што бы ні стала.
За парадай Каслман звярнуўся да свайго сваяка, Пітэра Б. Портэра, які пражываў у Ніягара Фолз на самай мяжы. Гэта, насамрэч, быў выбітны амерыканскі палітык, герой вайны 1812 - 1815 гадоў, ваенны міністр у Адамса-малодшага (1828 - 1829). У тамтэйшай акрузе - надзвычай уплывовая асоба. Як часта бывае, сам ён быў тэарэтычна супраць рабства, але заўжды дапамагаў сябрам-рабаўласнікам. Тым больш што жонкі Портэра і Каслмана былі сёстрамі - яны паходзілі са славутай плантатарскай дынастыі Брыкенрыджаў. Джэнтльмены шануюць сямейныя сувязі.
Пітэр Б. Портэр падказваў Каслману, як выцягнуць уцекача на амерыканскую тэрыторыю (партрэт Дэніэля Ханцінгтана, 1872)
Разам яны склалі план аперацыі. Асноўнае месца ў ім займаў Акт аб беглых злачынцах, прыняты ў Верхняй Канадзе ў 1833 г. Згодна з ім, канадскія ўлады мусілі выдаваць уцекачоў-крымінальнікаў у краіну паходжання. Тут вельмі спадручна аказалася тое, што Мосбі ўвёў гаспадарскага каня. У тыя часы канакрадства - сур’ёзнае злачынства. Таму Каслман будзе хадайнічаць, каб яму выдалі выкрадальніка яго ўласнасці, а тое, што злодзей - яго раб, у паперах ніяк не адлюстравана.
У канцы жніўня ў суправаджэнні трох надзейных людзей Каслман ступіў на канадскую зямлю. Пры сябе ён меў запыт губернатара Кентукі на экстрадыцыю Мосбі. Яго належыла пераправіць у ЗША і судзіць як канакрада. Акрамя таго, у Каслмана былі адпаведныя паперы яшчэ на дваіх колішніх рабоў - Джорджа Кабала (для Брыкенрыджаў) і Джэсі Хэпі (той уцёк яшчэ ў 1833 г. і ўвесь гэты час мірна пражываў у суседнім гарадку Гамільтан). Як бачым, Каслман спадзяваўся стварыць прэцэдэнт для масавай выдачы рабоў з Канады.
Яго інтарэсы ў Канадзе прадстаўляў Джэймс Болтан, памочнік шэрыфа па прававых пытаннях. Усе паперы былі складзеныя бездакорна. Азнаёміўшыся з імі, міравы суддзя горада Ніягара загадаў арыштаваць Саламона. Небараку пасадзілі ў гарадскую турму. Цяпер яго лёс быў у руках лейтэнант-губернатара правінцыі.
***
Небарака Мосбі сумаваў за кратамі, а навокал наспяваў скандал. За ўцекача ўстала чорная грамада. Негры складалі 10% з чатырох тысячаў жыхароў Ніягары. Многія з іх самі ў свой час перабеглі сюды ад сваіх амерыканскіх гаспадароў. Патрабуючы вызвалення Мосбі, яны найперш думалі пра сябе. Калі план Портэра і Каслмана спрацуе, ніводны чорны не будзе адчуваць сябе ў бяспецы - іх былыя ўласнікі валам пачнуць патрабаваць экстрадыцыі.
Чатыры сотні раз’юшаных неграў - сапраўдная армія, і на шчасце, у іх знайшоўся камандзір - мясцовы баптысцкі пастар Герберт (Хуберт) Холмс, мулат. Калі ён пачуў пра хуткую экстрадыцыю, то з пафасам прамовіў: “Ніколі, пакуль я жывы!” Як мы ўбачым далей, яго словы цалкам споўніліся.
Найперш былі сабраныя грошы для адвакатаў. Потым да Каслмана адправілася дэлегацыя: за каня, які каштаваў не болей $150, яму давалі ажно $1000! Аднак Каслман адмовіўся, і з гэтага стала ясна, што яго мэта - атрымаць Мосбі назад, а не пакрыць шкоду.
Далей у Таронта былі адпраўлены тры петыцыі. Першую падпісалі “каляровыя жыхары горада Ніягара і ваколіц”, другую - 117 белых гараджан, трэцюю - адвакат Мосбі - Аляксандр Сцюарт. Ва ўсіх іх прасочвалася адна і тая ж думка. Самая сутнасць Акта аб беглых злачынцах - каб выдаваць крымінальнікаў на суд у іх краіну. Паколькі Калсман не ўзяў грошы, відавочна, ён не збіраецца судзіць Мосбі звычайным парадкам. Наадварот, як толькі яны апынуцца ў ЗША, яго закуюць у ланцугі і вернуць на ферму Каслмана (дзе той ужо разбярэцца з ім па-свойму).
Але ў Таронта меркавалі іначай. Як сказаў вярхоўны суддзя Верхняй Канады Джон Робінсан, рабства - гэта, канешне, зло, але мы не павінны даваць прытулак крымінальнікам усіх масцей. Раб, які перабягае ў Канаду, становіцца свабодным чалавекам, дык няхай і адказвае за свае ўчынкі як свабодны.
Генеральны пракурор правінцыі (Attorney General) Крыстафер Хагерман разгледзіў справу Мосбі і прызнаў, што канакрадства падпадае пад дзеянне Акта аб беглых злачынцах. Адпаведна, няма юрыдычнай перашкоды для яго высылцы ў ЗША. Выканаўчы Савет Верхняй Канады (Executive Council) з ім пагадзіўся. 6 верасня лейтэнант-губернатар Верхняй Канады сэр Фрэнсіс Бонд Хэд падпісаў ордэр на экстрадыцыю.
Крыстафер Хагерман рэкамендаваў выдаць Мосбі яго былому гаспадару (партрэт невядомага аўтара)
Калі б ён толькі ведаў, што з гэтага выйдзе, дык, мабыць, паступіў бы іначай… Але зараз у яго галава хварэла ад іншага - у правінцыі наспяваў мяцеж апазіцыі, які выбухне ў канцы года.
***
Акрылены поспехам, Каслман паспяшаўся ў суседні Гамільтан і там падаў у суд пазоў на экстрадыцыю яшчэ аднаго беглага раба з Кентукі - Джэсі Хэпі. Ён сышоў ад гаспадара - Томаса Хікі (Лексінгтан, Кентукі) - яшчэ ў 1833 годзе, таксама на гаспадарскім кані. Цяпер, па запыту Каслмана, яго арыштавалі і пасадзілі ў турму.
Яго справа ішла асобна ад справы Мосбі. 8 верасня яна трапіла на стол генеральнага пракурора Хагермана. Натуральна, яго вердыкт быў - выдача. Аднак Хагерман прызнаў, што Джэсі Хэпі, несумненна, беглы раб (а мы памятаем, што ў паперах Каслмана наўмысна нідзе пра гэта не гаварылася), і першасны матыў пазоўніка - не пакараць канакрада, а вярнуць яго пад сваю ўладу.
9 верасня справа Хэпі была разгледжана Выканаўчым Саветам. Яго чальцы не змаглі прыняць канчатковага рашэння. Больш за ўсё іх бянтэжыла даўнасць гісторыі. Калі Хэпі скраў каня чатыры гаду таму, чаму пазоўнік занепакоіўся толькі зараз? Чаму столькі часу нічога не прадпрымаў? Чальцы Савета вырашылі ўзяць паўзу і пачакаць інструкцый з Лондана. У пачатку кастрычніка Бонд Хэд адправіў ліст міністру па справах калоній лорду Гленэлгу. Да гэтага часу пытанне з Мосбі ўжо ў пэўным сэнсе “вырашылася”, а Хэпі працягваў таміцца за кратамі.
Але перш чым прыйшоў адказ з Лондана, Выканаўчы Савет сабраўся зноў. У справе Хэпі ўзніклі новыя абставіны. Аказалася, што ён быў проста “ўзорным” уцекачом. Скрадзенага каня Хэпі пакінуў на амерыканскім беразе і нават напісаў свайму былому гаспадару, дзе той можа яго забраць. Таму нават фармальна яго нельга было абвясціць канакрадам. Гэтыя факты пад прысягай пацвердзіў сведка. Выканаўчы Савет пастанавіў выпусціць Хэпі, і той выйшаў на волю ў сярэдзіне лістапада, правёўшы амаль два месяцы ў зняволенні. Вядома, ён быў very happy.
Але тут мы забеглі наперад. Пакуль што, у пачатку верасня, абодва негры сядзяць у сваіх камерах (адзін - у Ніягары, другі - у Гамільтане) і чакаюць, як вырашыцца іх лёс.
***
І вось, 6 верасня ўлады Верхняй Канады пастанавілі экстрадзіраваць Мосбі ў ЗША.
Петыцыі не дапамаглі… Сотні чорных сабраліся вакол турмы, і па іх выгляду было ясна, што яны не аддадуць уцекача без бою. Увечары яны расставілі навокал свае намёты і прыгатаваліся заначаваць прама тут, перад турмою. “Вялебны айцец Хуберт” хадзіў сярод іх і заклікаў не здавацца. Мы не кінем Саламона Мосбі ў бядзе, гаварыў ён, “мы будзем жыць разам з ім альбо памром за яго”.
У гэтай турме ў горадзе Ніягара трымалі Саламона Мосбі
Гэтая акцыя мела выключна мірны характар. Негры распявалі псалмы; ніхто не бачыў, каб у іх была зброя. Белыя гараджане не прымалі ўдзелу ў пратэсце, але многія з іх спачувалі “жаўнерам” “блакаднай арміі”, насілі ім ежу і цёплыя рэчы. Сярод мітынгоўцаў было шмат жанчын, а запраўлялі ўсім пастар Холмс і простая прыхаджанка Салі Картэр.
Так прайшло некалькі дзён. Улады ламалі галаву, як выдаць Мосбі і пазбегнуць беспарадкаў. Справа была даручана памочніку шэрыфа акругі Аляксандру Маклаўду. Задача перад ім стаяла “далікатная”. Нават знайсці паром, які перавёз бы беглага раба на амерыканскі бераг, аказалася нялёгка. Каслман спрабаваў дамовіцца з капітанамі параходаў “Гамільтан” і “Транзіт”, што курсіравалі па рацэ, але яго паслалі да д’ябла. Містэр Робертсан, капітан “Канады”, гнеўна заявіў Маклаўду, што не запляміць сябе такой ганебнай справай, як адпраўка чалавека ў рабства.
У рэшце рэшт перавозчык быў знойдзены, і Маклаўд паведаміў Калсману, каб той чакаў яго на прыстані ў Льюінстане (штат Нью-Ёрк, ЗША) 12 верасня - ён прывязе Мосбі. Развязка набліжалася.
У той знамянальны дзень Маклаўд прыбыў да будынку турмы. Яго суправаджаў атрад жаўнераў з Форт Джордж. Закутага ў кайданы Мосбі вывелі на турэмны двор і пасадзілі ў фургончык. Аднак калі павозка выкаціла за брамы турмы, стала ясна, што праехаць ёй не дадуць. Чатыры сотні чорных пад спяванне псалмоў парагарадзілі дарогу. У руках яны трымалі вілы, цэпы, кійкі. Жанчыны набралі камянёў у фартухі. Белыя гараджане з інтарэсам сачылі за падзеямі з дахаў сваіх дамоў.
Запахла бунтам. Маклаўд уголас зачытаў мітынгоўцам Акт аб мяцяжы. Але людзі не разыходзіліся. Памочнік шэрыфа, верхам на кані, пачаў прадзірацца праз натоўп, размахваючы шабляй налева і направа. Далей падзеі развіваліся вельмі хутка. Не паспеў фургончык зварухнуцца з месца, як тоўсты пастар Холмс схапіў коней за аброць, а другі негр - Джэйкаб Грын - усунуў у колы жэрдку і заблакаваў іх. “Агонь!” - скамандаваў Маклаўд. Грымнулі стрэлы. У тое ж імгненне чорныя жанчыны рынуліся наперад і сталі паміж сваімі мужчынамі і жаўнерамі, не даючы ім страляць. Вялізазная негрыцянка павісла на руках у Маклаўда. Настала поўная неразбярыха, тлум і штурханіна.
Калі ўсе паціху супакоіліся, аказалася, што Мосбі збег. Ён выскачыў з фургона і растварыўся ў натоўпе. Потым гаварылі, што турэмны каваль наўмысна не замкнуў кайданы альбо зрабіў так, каб яны лёгка спадалі з рук. Арыштант схаваўся ў полі кукурузы. Там яго ўжо чакалі - нейкі Гібсан дапамог Мосбі схавацца ад пагоні (за яго галаву давалі $100). Пазней стане вядома, што ён з’ехаў у Вялікабрытанію. Праз некалькі гадоў ён ціхенька вернецца ў Ніягару, дзе пражыве да канца жыцця. Ніхто больш не пасягаў на яго свабоду.
Вынікам “бітвы” сталі дзве ахвяры. “Вялебны айцец Хуберт” быў застрэлены ва ўпор. Небараку Грына працялі багнетам. Яшчэ двое чалавек былі цяжка паранены. Гаварылі, што ад рук негрыцянак нібыта пацярпеў адзін з жаўнераў (яму сорамна было ў гэтым прызнацца). Вызваленне Мосбі было аплочана па дарагой цане. Калі ён зноў прыйдзе ў Ніягару, многія негры будуць на яго пакрыўджаны - іх любімы пастар загінуў за яго.
Сорак чалавек трапілі за краты за ўдзел у мецяжы. Ім пашанцавала - уладам правінцыі было не да іх. У кан. 1837 г. у Верхняй Канадзе пачалося паўстанне Макензі супраць мясцовай алігархіі. Негры запісаліся ў праўрадавае апалчэнне, і іх выпусцілі.
***
Беспарадкі ў Ніягары ўскалыхнулі правінцыю. Грамадства раскалолася. Адны зацята крытыкавалі бунтаўшчыкоў (напрыклад, артыкул “Mobocracy” (“Улада натоўпа”) у “St. Catherines Journal”), другія - як у “Niagara Reporter” - казалі, што пратэстоўцамі рухала сапраўдная хрысціянская міласэрнасць. Рэха падзей дакацілася да метраполіі - у 1840 годзе яны абмяркоўваліся на абаліцыянісцкім канвенце ў Лондане.
Паколькі гісторыя з Мосбі выклікала такі скандал, лейтэнант-губернатар Бонд Хэд вырашыў звярнуцца да свайго кіраўніцтва, каб атрымаць інструкцыі наконт аналагічных выпадкаў у будучым. Фармальна яго запыт датычыўся Джэсі Хэпі, які, як мы памятаем, працягваў увесь гэты час сядзець у турме. У лісце да міністра па справах калоній, лорда Гленэлга, Бонд Хэд пусціўся ў разважанні аб юрыдычных калізіях, якія ўзнікаюць, калі маеш справу з беглымі рабамі. З аднаго боку, раб не мае ніякай уласнасці, і нават адзенне, якое на ім, належыць гаспадару. Адпаведна, ён не можа збегчы, не прыхапіўшы чагосьці з гаспадарскай маёмасці. Але ці можна ставіць знак роўнасці паміж яго ўчынкам і, дапусцім, учынкам злодзея, які ўлез у чужы дом за нажывай? З другога боку, для пазоўніка асноўны матыў - вярнуць свайго раба, а не пакараць яго за крадзёж, таму ў гэтай сітуацыі ён з’яўляецца нашмат горшым злачынцам, чым уцякач-небарака.
Сэр Фрэнсіс Бонд Хэд быў надта заняты барацьбой з апазіцыяй, каб унікаць у справу нейкага там беглага раба (гравюра з партрэту Нельсана Кука, 1837)
На думку Бонд Хэда, ЗША павінны даць гарантыі, што беглы раб, калі яго экстрадзіруюць з Канады, не вернецца пад уладу свайго былога гаспадара. Адсядзеўшы ў турме, дапусцім, за канакрадства, ён павінен мець права свабодна вярнуцца ў Канаду. Калі такой гарантыі няма, у экстрадыцыі трэба адмовіць.
У Лондане ліст Бонд Хэда трапіў найперш да лорда Гленэлга, які потым перадаў яго іншым чальцам Кабінету. Сам Гленэлг лічыў, што ў гэтым канкрэтным выпадку Хэпі неабходна вызваліць, а ў наступныя разы - паступаць на меркаванне ўладаў правінцыі. Гленэлг абмеркаваў гэта з міністрам замежных спраў лордам Пальмерстанам.
Нарэшце, у пач. 1838 года каралеўскія юрысты распрацавалі для каланіяльных уладаў адпаведныя інструкцыі. Па-першае, не павінна рабіцца адрозненне паміж беглымі рабамі і свабоднымі перасяленцамі са Злучаных штатаў. І тыя, і другія могуць быць экстрадзіраваны назад у ЗША, калі ёсць сур’ёзныя падставы лічыць, што яны здзейснілі цяжкае злачынства. Па-другое, калі амерыканцы патрабуюць чыёйсьці выдачы, яны павінны прадставіць надзейныя доказы, а ўсе дакументы павінны быць правільна аформлены. У адваротным выпадку пазоўнік можа быць сам абвінавачаны ў заведама ілжывым даносе. Па-трэцяе, за каланіяльным уладамі захоўвалася права адмовіць у экстрадыцыі пры наяўнасці нейкіх надзвычайных абставін.
На думку юрыстаў, такая працэдура дазваляла пазбегнуць яўнай несправядлівасці ў дачыненні да беглых рабоў і адначасова захоўвала прынцыпы законнасці. Аднак на практыцы яна амаль не прымянялася. Часта можна сустрэць сцвярджэнне, нібыта пасля Мосбі і да адмены рабства ў ЗША ніводны беглы раб не быў выдадзены з Канады. Гэта не так. У 1841 годзе, напрыклад, канадцы выдалі ў ЗША Нельсана Хакета. Але грамадзянская супольнасць была катэгарычна супраць такіх выдач, і гэта бараніла ўцекачоў лепей, чым любыя законы.
Нарэшце, у 1842 годзе, англа-амерыканскі дагавор Эшбартана-Уэбстэра выкрэсліў канакрадства са спісу злачынстваў, за якія палагалася экстрадыцыя. Толькі цяпер беглыя рабы ў Канадзе маглі ўздыхнуць спакойна. Гаспадарам ужо ніколі не атрымаць іх назад.
Літаратура
1. Silverman, J.H. Kentucky, Canada, and Extradition: The Jesse Happy Case / J.H. Silverman // Abolitionism and American Law / ed. J.R. McKivigan. - New York ; London : Garland Publishing, Inc., 1999. - Pp. 342 - 352.
2. Strand, G.G. Inventing Niagara: beauty, power, and lies / G.G. Strand. - New York : Simon & Shuster, 2008. - 340 p.
3. Riddell, W.R. The Slave in Canada / W.R. Riddell. - Washington, 1920. - 120 p.
4. Carnochan, J. A Slave Rescue in Niagara Sixty Years Ago.
5. Murray, D. Hands Across the Border: The Abortive Extradition of Solomon Moseby.