11-я ўгодкі 17.10.1999: Ня маю аб чым шкадаваць

Oct 17, 2010 13:22


„Нас водила молодость в сабельный (амаль) поход,
Нас бросала молодость - аб бэтонны плот,
Боевые лошади уносили нас (нажаль, толькі ногі ратавалі нас),
На широкой площади убивали нас“ (але не забілі).

(Паводле: Эдуард Багрицкий, „Смерть пионерки“).

(Аўтабіяграфічнае)


Адзін зь вядомых :) Vašamu Suziralniku ўдзельнікаў тых падзеяў     Нарыс ніжэй быў укладзены з нагоды 10 угодкаў „Маршу Свабоды -1“ у 2009 годзе на аснове „дзёньнікавай“ нататкі з кастрычніка 1999 г.

1. На шляху

10 [цяпер 11] год таму, 17 кастрычніка 1999 г., на цэнтарльных вуліцах Менску адбываўся „Марш Свабоды -1“. Запомніўся ён першым пасьля вясны 1996 выпадкам дзейснаснага супраціву ў сутыкненьні з ОМОНам, а таксама брутальнасьцю разгону ды помсьлівасьцю перасьледу некаторых удзельнікаў. А таксама, некаторымі асабістымі ўражаньнямі.
         Увесну 1999 ў палітычна-публіцыстычным ужытку зьявіўся выраз аб „халоднай грамадзянскай вайне“. На восень 1999 уся апацыцыйная грамада была ўзтурбавана пагрозьлівым „абвастрэньнем“ інтэграцыйных працэсаў з РФ: чакалі такой новай аб'яднаўчае дамовы, якая пасадзіць у нейкай ролі А. Л-ку ў Крамлі пры хворым Ельцыне, аднак выйсьця зь якой для Беларусі ўжо ня будзе. Палітычна-сьвядомае грамадзтва было дадаткова напружана нядаўнім (тады) шэрагам вядомых зьнікненьняў людзей і чакала іх працягу - пашырэньня тэрору таемнымі „эскадронамі сьмерці“, на фоне чаго вулічныя сутычкі і нават арышт і „афіцыйны“ прысуд не выглядалі больш надта небясьпечнымі. Нават і не зважаючы на такія пагрозьлівыя чуткі, як аб нібыта пастанове зь вясны 1996, вызваляўшай службу хуткай дапамогі і любых мэдыкаў да адказнасьці за неаказаньне дапамогі, датычна пацярпелых удзельнікаў несанкцыянаваных акцыяў. Пачуцьце паўсякчаснай небясьпекі прызвычайвала таксама лідэраў і актывістаў апазыцыі да штодзённасьці асабістай рызыкі. Ды ў 1999 раптоўны скон мараў пачатку-сярэдзны 90-х яшчэ досыць многім балеў, а тымчасам зьявілася даволі шматлікая новая хваля моладзі, юнацтва якой прыпала на час перад 1996 г. і якая не жадала цяпер мірыцца з умовамі, пры якіх даводзілася ўступаць у дарослае жыцьцё. Разам усё гэта спрычынілася як да незвычайнай шматлікасьці, так і, на вока дасьведчанага ўдзельніка вулічных акцый, павышанай гатовасьці да дзеяньняў грамадзянскага непадпарадкаваньня сярод тых, хто прыйшоў на „Марш Свабоды -1“.
        ...Навошта сапраўды было ісьці на Першамайскую (куды Статкевіч і некаторыя іншыя правадыры прывялі ў той дзень калёну), або куды калёна магла ісьці адтуль далей - наўрацьці ведалі самі арганізатары. Яны ўвялі калёну з Прашпэкту, каб, маўляў, не замінаць руху грамадзкага транспарту (?!) Мабыць „мэта“ тады сама сабой зьвялася да таго, каб пратрымацца на вуліцы як мага даўжэй: што для мірнай дэманстрацыі мабыць не пазбаўлена сэнсу. Кастрычніцкія дні кароткія, вечары халодныя, а ад пачатку акцыі ўсе прайшлі ўжо некароткі шлях; дык драматычная канцоўка, што надыйшла неўзабаве ды надала гэтай падзеі адметнае месца сярод безьлічы ранейшых і пазьнейных вулічных акцыяў, мабыць сталася й ня самым няўдалым варыянтам сканчэньня для таго дня.

2. Разьвязка

...На вул. Першамайскай, дзесьці ля Фрунзэ, зьявіўся рэдкі, бадай „сымбалічны“ шыхт ОМОНу, які калёна прарвала, зьмяла, амаль не прыпыніўшыся. Навошта ён там быў пастаўлены, было незразумела, хіба толькі каб узьняць градус ды раз'ятрыць тых іх калегаў, што чакалі з большай сілай нас далей. І неўзабаве на Першамайскай стала відавочна, што перад калёнаю зачынены „корак“ на мосьце ля Пуліхава. Раней я ішоў бліжэй да сярэдзіны калёны, а цяпер прабраўся на пачатак, каб агледзіцца. Запомнілася ўсьведамленьне, што мы тут заблякаваныя, што апынуліся ў атачэньні - а ў атачэньне-ж бяруць не здарма, і што значыць патрапілі ў пастку, ды што цяпер трэба неяк адбівацца і прабівацца на волю... Калёна падыйшла, спынілася і нібы рушыла назад, ОМОНаўскі „корак“ пайшоў у напад. ...Аднак, замест панікі і ўцёкаў, завязалася сутычка. Вось ОМОН ужо ўцякае і хаваецца за шчыты ў два паверхі!.. „Fight fire with fire!!“ (Metallica) ...„Ура мы ломим гнутся шведы!“ (ПушкинЪ). - Сапрыўды, каб АМОН ці Ўнутр. Войскі перад намі ўцякалі і хаваліся ў абароне, шчыра скажу, што здаралася нячаста: ад таго відовішча дзясяткі з тых, якія былі прыпыніліся ў няпэўнасьці ззаду, адразу акрыялі і шпака падцягваліся, нямала далучаліся да „лятучага фронту“ ў канфрантацыі. ...Запомніліся свае нейкія спробы заклікаць моладзь навокал да каардынаваных рухаў (там адні атакуюць, а другія ўцякаюць насустрач першым...), аднак навокал панаваў проста суцэльны хаос. Можна ўпэўнена сказаць, што ніхто „групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак“ ніякім чынам не „арганізоўваў“: яны былі некіраваныя і выключна дызарганізаваныя :) Моладзі было шмат незнаёмай са студэнцкіх інтэрнатаў. Ці былі сярод той моладзі правакатары, сказаць цяжка; але позна - адбівацца ўжо вымагалі самі акалічнасьці, бо для калёны шляхі выйсьця былі адрэзаныя. Ды было ясна, што паказваць ОМОНу сьпіну азначае атрымаць у карак (што ўрэшце і адбылося). Прайшлі пару выпадаў з шыхтоў „корка“ - ды імправізаваных, зрэшты спантанных, стыхійных і выключна хаатычных „атакаў“ і „контратакаў“ на іх 2-павярховы шыхт шчытоў, з палкамі ад сьцягоў, нейкімі камянямі і славутай пліткай... Памятаю, з аднім са „старэйшых таварышаў“ побач падзяліўся думкаю, што, калі гэтых, у шлемах са шчытамі, дастаткова доўга актыўна фізычна вымотваць, то ўрэшце іх шыхт стане няўстойлівым, і тады... - ...таму неабходна проста трымаць іх пад сталым націскам напрацягу нейкага часу... (Ніхто там нікога ня слухаў). На момант усё нібы спынілася ў няпэўнасьці...
        Хтосьці з арганізатараў зацеяў размовы зь міліцэйскім начальствам - і яно зь імі пагутарыла: пакуль не падцягнуліся новыя сілы ОМОНа, Сьпецназ і Ўнутраныя Войскі з усіх кірункаў. ...Дык ці мы адсюль ідзем кудысьці, ці вяртаемся кудысьці назад? ...І тут надыйшоў удар па калёне з тыла. (Калі ўлады ўявілі, што гэтак мы дойдзем да штурму Прэзыдэнцыі, то яны кепска ведалі нашых правадыроў; больш падобна яны пабачылі, што пазасталая колькасьць падлягае лёгкаму разгону). - На супрацьлеглым канцы, з боку Фрунзэ, узьнялася шумная калатнеча - і адначасова з масаю дадатковай сілы на нас кінуўся „корак“ з Пуліхава. - Паніка, калёна была разьсечана ўздоўж, частка прыціснута да плоту Парка Горкага, частка выціснута ў двары Першамайскай-Пуліхава, супраціў спыніўся, пачаліся ўцёкі... ОМОНаўцы (і Ўнутраныя Войскі?) першай, ударнай хвалі, гналі, даганялі і як найхутчэй зьбівалі, без разбору ўзроста і полу, аж пакуль ахвяра не апыналася на зямлі, - а тады пакідалі ды перасьледвалі наступных. Адразу за гэтым - наступная хваля ОМОНу/Унутр.Войскаў займалася ўласна „хапуном“ зьбітых і дызарыенаваных, часам акрываўленых ахвяраў, якія бачылі сябе аточанымі адусюль і многія ўжо не спрабавалі ўцякаць, а чакалі, пакуль забяруць. Сам я сьпярша штось не сьпяшаўся, - аглядаўся, ці не паўстане зноў нейкая абарона, - аж пакуль раптам ня ўгледзіў, што ўжо на наперадзе мяне тры ОМОНаўцы шпарка лупцуюць нейкага дзядзьку ў плашчы а-ля-Чэхольскі, - засталося, як фотаздымак, як той нібы спрабуе схаваць галаву, твар пад каўнер плашча, - у наступны момант два зь іх пакінулі скурчанага дзядзьку і кінуліся ў мой бок... Чорныя шлемы, узьнятыя для ўдараў дубінкі... ...Не злавілі, але загналі ў нейкую бэтанаваную траншэю і там „сваё“ я таксама крыху атрымаў.
         ...Пераходзіць празь ледзяную кастрычніцкую ваду Сьвіслачы, як пэўнаму сп. Ж-ю, [у кліпе ніжэй гл. на моманце 8:42], мне не давялося. - Выходзіў праз двары ля Першамайскай-Пуліхава, бо „хапун“ і „зачыстка“ працягваліся на прылеглых вуліцах і нават у крамах, здавацца „хапуну“ дабраахватна не зьбіраўся. У дварох ля нейкай будоўлі зноў натрапіў на „загон“ ОМОНаўскай „зачысткі“... Ад сустрэчы з „ударнай хваляй“ была, акрамя сінякоў, разьсечаная рана на падбародзьдзі і на шыі ніжэй. Кроў адтуль даволі актыўна струменілася на сьветлую кашулю, не было чаго чыстага прыкласьці; было спадзяваньне, што, на халодным паветры, кроў мусіць сама пачаць згортвацца і спыніцца натуральным чынам. Была мэта як хутчэй дайсьці да хаты, дзе ёсьць люстэрка, а тады апрацоўваць пашкоджаньні. Перш, чым больш-менш адбылося згортваньне, увесь перад кашулі быў шырока заліты крывёю аж да пояса. Урэшце дабраўся бясьпечна дамоў.

3. Зь Вярцінскага

...„Лёгкія цялесныя пашкоджаньні“ даўно загаіліся безь ніякіх шкодных наступстваў. Арышты нібыта працягваліся і на наступны дзень, але па мяне не прыйшлі. З той белай кашуляй прыйшлося разьвітацца, хоць можна было перашыць на сьцяг Латвіі :) Сядзіба БНФ на наступны дзень нагадвала штаб Духоніна пасьля візыту Крыленкі :) Там сказалі, што нібыта ворганы далей вызначаюць і арыштоўваюць удзельнікаў, што дзеля гэтага вышэйшае кіраўніцтва пакуль хаваецца, і параілі тое-ж мне таксама.
          А з усяе гісторыі чамусьці ці не найбольш запомнілася наступнае. Выходзіў сьпярша праз двары, аднак потым, ідучы дамоў складанымі абхаднымі шляхамі, давялося праходзіць і праз пэўныя адцінкі шматлюдных цэнтральных вуліцаў і пераходы. - От у такім яскрава акрываўленым выглядзе. І што запомнілася - як аднолькава ўсе сустрэчныя людзі імгненна набывалі суворасьць у твары ды хутчэй адводзілі вочы. Так, ведаю, што выглядаў досыць брыдка :) Яскрава памятаю, - бо быў уражаны, - як ніводны твар нават не паказаў... дабразычлівай увагі, ня тое, што ветлівага спачуваньня ці заклапочанасьці. Гэта была агульная рэакцыя адчужэньня. Што ніхто не прапанаваў нп. ці то нейкую насоўку каб прыкласьці, ці нешта такое (з „першай дапамогі“), мабыць лішне нават казаць. Прычым напэўна-ж я быў ня першым на вуліцы зь „лёгкімі цялеснымі пашкоджаньнямі“, напэўна ўсе ведалі іх праходжаньне, - што не „напіўся-пабіўся“, - бо зьдзіўленых позіркаў таксама ня бачыў (ды-й б.-ч.-б. значка не пакідала сумніваў). Магчыма, паглядзеўшы БТ, некаторыя зь іх баяліся, што з крывёю БНФаўца перадаецца шаленства? :) - Такая аднастайнасьць рэакцыі на сябе мінакоў найперш стварала пачуцьцё забаўнасьці: „нібы дамовіліся“. Я не прызвычаены да бачнай рэакцыі на сябе мінакоў на вуліцы, а тымбольш аднастайнай. Але дадатковым уражаньнем было тое, што проста ўзгадалася, як у Вярцінскага, „Осторожные зрители молча кутались в шубы...“ Выглядала надта падобна, што калі-бы я там ня крочыў (крыху кульгаючы) сваім ходам, а ляжаў-бы на асфальце між акрываўленых целаў, то й тады, пасьля хуткага суворага позірку, яны засярожана хутчэй абміналі-бы „перашкоду“, „...молча кутаясь в шубы...“ Была палова кастрычніка і даволі халодна.... Потым надыйшоў змрок... Vae victis. „...Можа хтосьці за нас памоліцца, да дзівацкіх учынкаў схільны“ (- жадаючых не было).  
        Пэўна, што зусім не было мне патрэбнае нічыё спачуваньне ці шкадаваньне: бо дакладна не пачуваўся ніяк „пакрыўджаным“ тым, што адбылося. І ня прагнуў ні ад каго выразаў нейкай ухвалы: маім „знакам гонару“ была чырвоная пляма на ўсю кашулю на грудзёх, маёй узнагародай - сьвядомасьць удзелу ў слушнай справе, па што я ўласна быў прыйшоў. Аднак ад выразнай рэакцыі агульнага недабразычлівага адчужэньня, запомніў, што было неякавата і мусіць прыкра ці сумна: не дзеля сябе асабіста, а ўжо „за нас“. За тысячы тых „сваіх“, - звычайна недзе расьцярушаных, - зь якімі гадзіну раней на вуліцах лучыла тое бачнае адзінства найважнейшых каштоўнасьцяў, патрабаваньняў, грамадзянскага выбару і агульнае рызыкі. Ды якія, магчыма з мацнейшымі траўмамі ці далейшым шляхам дахаты, цяпер мусілі відавочна зазнаваць да сябе тое самае дзесьці на гэтых вуліцах, пераходах, прыпынках, у дварох і ў грамадзкім транспарце. „Ихъ же имена Ты, Господи, веси“. Зрэшты, цьвёрда падзяляць жыхароў роднага гораду на „нас“ і „ня-нас“ мой розум таксама адмаўляўся, у выніку было нібы самому і няёмка за „ўсіх нас“: як за спрычыненьне прыкрасьці самімі „намі“- „сабе“ самім. Але пэўна, што зьдзіўленьня ніякага не было.

4. „Je ne regrette rien“

...Можа і добра, што ніхто з тых мінакоў мне нічога тады не прамовіў, ня кінуў мімаходам няветлым словам. - Бо прыгадваю, як на пікеце ў абарону ліцэя, за пару гадоў перад тым, да трох дзяўчат падыйшла суворая цётка і, уважліва па чарзе іх агледзіўшы, раптам заявіла, што яна-бы такіх „с удовольствием убивала“; тут жа усе добра бачылі рэальную кроў і мусіць палохаліся - і калі некаторыя ненавідзелі таксама, то ненавідзелі моўчкі. ...І прынамсі, на тых людных цэнтральных вуліцах і пераходах мінакі мяне, недабітага БНФаўца, ня здалі міліцыі (што палявала дзесь побач) - ці санэпідстанцыі? :) - а-ж маглі. Пазьней бо распавядалі, што на Захарава на прыпынку кагосьці са зьбітых патрулю міліцыі паказалі. Дык мабыць, мне трэба быць усім удзячным, а не... наракаць :) - Дык жа й не наракаю, і зусім ні аб чым у той дзень не шкадую. Водару перамогі, як калісьці ў жніўні 1991, быць не магло, але затое была пэўная сьвядомасьць дакананага палітычнага чыну, што падсалоджвала гарчыню разгрому. Так, разгон быў жорскі, аднак ганебнага прысмаку ён тым разам ня меў. - 
         Ня меў, бо па-першае, уся справа бачылася як штосьці, што было аб'ектыўна трэба рабіць. Не таму, што спадзяваліся-бы зараз-жа асягнуць нейкі пераможны вынік, а больш таму, што гэтак рабіць здавалася проста слушна. Або так: было відавочна, што наперадзе будзе кепска ў любым разе, - аднак, калі цяпер гэтага не рабіць, то імаверна будзе толькі яшчэ горш... Да восені 1999 ўсе рэальна ўсьвядомілі пэрспэктыву, што выразна паўстала наперадзе: незваротная інтэграцыя з РФ, фізычны тэрор шляхам „зьнікненьняў“, неакрэсьленая будучыня бяспраў'я, „бязьмежжа“, прыніжэньня, дзяржаўнага ашуканства і ўвогуле безнадзейнасьці пад той „нязьменнай“ уладай, што татальна апанавала краіну. Палітычных спосабаў супрацьдзеяньня ў рамках дзяржаўнай сыстэмы пакінута ўжо не было. Сапраўды, ніхто ў Беларусі ня меў больш нічога гэтаму супрацьпаставіць: акрамя як мага голасьнейшага супольнага выразу - пануючай уладзе і ўсяму сьвету - вастрыні свайго непрыняцьця і сваёй у тым непрыняцьці непахіснасьці . А ўжо разгон і „пашкоджаньні“ - што-ж, гэта была ўсім вядомая цана.
         Ганебнага прысмаку той разгон ня меў і з прычыны, што „Марш Свабоды“ быў ня проста нейкім роспачным выразам асабістай пазыцыі, на які абыякавыя паглядзяць з агідай, а ворагі з пагардай. Наадварот, перад тварам агульнае небясьпекі ён стаўся супольным палітычным чынам, выразам сілы супольнага руху, нават без мэтанакіраванага палітычнага кіраўніцтва. Удзельнік „Маршу Свабоды“ адчуваў мацней, чым звычайна, што апынуўся сярод ды разам з тысячамі іншых такіх асобаў навокал, зь якімі кожнага ўзаемна яднае, як раптам яскрава адкрываецца, пэўная лучнасьць неканфармісцкіх ідэёвых перакананьняў, каштоўнасьцяў, эмацыйных адчуваньняў і чынных імкненьняў; а тады-ж выходзіла на вуліцы даволі шмат. Незвычайная колькасьць дадае прысутным упэўненасьці у сябе і сваёй справе, гэтак ператвараючы перасоўны сход у магутную плыню руху. Нездарма ў той дзень нашыя „адрасаты“ адрэагавалі з надзвычайнай брутальнасьцю (і працягвалі з помстаю), аднак далёка не з пагардаю: значыць, „сыгнал“ супраціву дайшоў і сваё ўражаньне зрабіў. Дык сутнасьць падсумоўвалася ў простым факце: у той дзень нас ня проста зьбівалі, як звычайна, - але з намі біліся(!) Улады нам рыхтавалі просты разгон, аднак удзельнікі неспадзявана прымусілі іх з сабою таксама і біцца, будучы толькі мірнай ды ня надта масавай дэманстрацыяй - а ніяк не сілавым фармаваньнем, прызначаным ды здольным сілаю супрацьстаяць арганізаванаму гвалту. Адсюль была нязвыклая асалода ў супрацьстаяньні таму, з чым ані згоды, ані асабістага прымірэньня не магло быць ніяк, ніякіх і ніколі. Задавальненьне, што нейкае супрацьстаяньне атрымалася. Маральнае задавальненьне ад зьдзяйсьненьня „слушнае рэчы“ - самадастатковае пачуцьце, спароджанае з унутранага перакананьня, а гэтак не залежыла ні ад якіх поглядаў мінакоў на вуліцы. Ды-й мае яно болеспаталяючы эфэкт для „пашкоджаньняў“.
         Сапраўды дваістыя пачуцьці сярод апазыцыі былі потым з нагоды таго факту, што было пару разьбітых твараў і сярод ОМОНа. Пэўны кірунак думкі тады заклікаў да мэтадаў нават скрайне-самаахвярных, аднак выключна негвалтоўных: як нп. галадоўкі з гатоўнасьцю аж да фатальнага зыходу. Сэнс меркаваўcя той, што такога роду дэманстрацыя скрайняга непрыняцьця мелася-бы зрабіць на прадстаўнікоў уладаў ўражаньне настолькі моцнае, каб абудзіць там сумленьне і пазбавіць волі да гвалту супраць прыхільнікаў нашых палітычных мэтаў, ды працягнуць большую ўвагу да нашага змаганьня звонку. Гэты „гандызм“ быў зьвязаны ў БНФ найперш зь імём Ю. Хадыкі. Іншыя Хадыку адказвалі, што той „гандызм“ пэўна быў адэкватным для азіяцкага народу ў барацьбе з эўрапэйскай тыраніяй: але ня будзе такім для эўрапэйскага народу - з азіяцкай тыраніяй. - Мусім прызнаць, што „Марш Свабоды“ ўзорам „гандызму“ ня быў. Аднак зразумела і што ніхто ў апазыцыі дакладна не імкнуўся пабіцца з супрацоўнікамі ўстановаў аховы правапарадку. Наадварот - наш палітычны дэманстрант, усьведамляючы сябе на баку справядлівае справы, заўсёды тайна спадзяецца, што аднойчы міліцыя таксама стане на гэты, ягоны, слушны бок. Дык канешне, замест ОМОНа мы жадалі-бы бачыць на Першамайскай непасрэдна Кіраўніка ды кіраўніцтва пануючай улады - бо то-ж яны, а не ОМОН, неслі адказнасьць за ўсё, што прывяло нас на вуліцу. - Нажаль, Кіраўнік і яго атачэньне схаваліся за сьпіны міліцыянтаў і жаўнераў. 
        Вось простая і сумная сутнасьць рэчы, якую нельга траціць са зроку: у той дзень, паўстаўшы на нашым шляху і зьбіваючы нашу калёну, ОМОН прыкрываў у дзяржаве за сваімі шчытамі не правапарадак, а безпакаранасьць імаверных палітычных забойцаў і іх заказчыкаў, уладу тырана, які нядаўна пераламаў Канстытуцыю і разагнаў парлямэнт, чыя вэртыкаль вытручвала рэшткі ўсяго беларускага з жыцьця, і які нарэшце пагражаў незваротна здаць краіну Расеі дзеля задавальненьня прыватных амбіцый. Ёсьць простым фактам, што тады іхнія шчыты забясьпечвалі ягонай уладзе ўпэўненасьць у сваёй вечнасьці і безадказнасьці. Бяз гэтай прычыны ніхто ня стаў-бы так імпэтна ОМОНу супрацьстаяць, стукаць у тыя шчыты палкамі і кідаць пліткай. Тымчасам узгадаем, што ў адказ і на самыя мірныя выступы насуперак рэжыму, што хаваўся за ОМОНаўскай сьпіной, ОМОН звычайна чыніў тады разгоны з такой шалёнай зацятасьцю ды жорсткацьцю, што часам выглядала не на проста выканане службовага загаду, а на шал раз'юшаных зьвяроў. У тых варунках ОМОН (і г.д.), у сваіх шлемах са шчытамі і дубінкамі, паўставаў перад грамадзянамі, якія наважыліся выступаць за вяртаньне свабоды і беларускасьці ў краіне, як нібы аднастайная бязьлікая сіла, жывая прылада тэрору, бачнае ўцелаўленьне машыны рэпрэсіяў. Так паўставаў ОМОН у іх вачох, бо гэтак дзейнічаў. Дык справакаваць дэманстранта на абарону ад ОМОНа з ужыткам усяго, што пад рукой, было зусім няцяжка. Але заўсёды мець на ўвазе трэба просты факт, што матывам пэўнага не-ўніканьня з нашага боку ў той дзень сілавой канфрантацыі (канцовы вынік якой быў загадзя ўсім вядомы) была дакладна ня спроба „перамагчы“ ОМОН і Ўнутр. Войскі нашай сьціплай „сілай“, і тым больш не спрычыніць камусьці зь іх траўмы. Сутнасьцю было жаданьне і гатоўнасьць удзельнікаў „Марш Свабоды-1“ прадэманстраваць у тых трывожных варунках як мага вастрэй уладам і вонкаваму сьвету сваю рашучасьць, трываласьць ды высокую напругу сваёй нязгоды - нават, калі ўжо так здарылася, і перад гэтак жорскім выпрабаваньнем ОМОНаўскай машынай гвалту (!) Зрэшты, служба ў тых ворганах хоць прывабная матэрыяльна, але зусім добраахвотная. ОМОНаўцы і інш. правялі той дзень зусім нясумна і напэўна атрымалі за „Марш Свабоды-1“ свае лычкі і прэміяльныя, дык службоўцы аховы „крывапарадку“ пэўна зусім ня мусілі надта крыўдаваць на дэманстрантаў.
         ...Статкевіча і Шчукіна потым судзілі („арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак“), Статкевічу далі 2 гады калёніі агульнага рэжыму з адтэрмiноўкай, Шчукiну 1,5 год з адтэрмiноўкай. Яшчэ 4 удзельнікам пагражала да 5 год, але потым паведамлялася, што ўсе яны пакінулі межы Беларусі і знаходзіліся ў вышуку.

5. Рэфлексіі наўздагон (замест эпілёгу)

Наўрацьці ў той дзень мог для нас быць нейкі палітычна „больш удалы“ фінал. Ніхто не меркаваў і не рыхтаваў „Марш Свабоды-1“ як апошняе і вырашальнае сутыкненьне для палітычных зьменаў. Перад мостам на Першамайскай калёна была толькі ня надта буйной грамадою разнастайнага апазыцыйнага люду, збольшага безабароннага супраць простых дубінак, сярод якога многія былі ўжо стомлены папярэднім хаджэньнем, без „наступальных мэтаў“ ды на чале зь няпэўнымі ў далейшых дзеяньнях правадырамі. Большасьць вядомых палітыкаў пакінула калёну яшчэ на скрыжаваньні Варвашэні-Прашпэкт. Дык калі-б нават на Першамайскай рушыла ўся наша парадзелая калёна за больш рашучай і рызыкоўнай моладзьдзю, калі прарвалася-бы праз той мост - далей нас чакалі-бы стрэлы сьлезацечным газам, калі-б і гэта кагосьці не спыніла - для разгону была-бы імаверна скарыстана тэхніка і стрэлы плястыковымі кулямі, а калі нехта адчайны пашоў-бы яшчэ далей - зусім імаверна, што кулі былі-бы ўжо не плястыковыя; з апошнімі дзясяткамі пэўна расправіўся-бы найбольш жорсткім чынам Сьпэцназ - на застрашэньне іншым. Памятайма, гэта быў 1999 год, калі вядомыя палітыкі назаўсёды зьнікалі з вуліцаў, пакінуўшы па сабе толькі сьляды крыві на асфальце. Але такі „Марш Свабоды-1“, які атрымаўся, стаўся неардынарнай дэманстрацыяй ды ў такой якасьці адыграў тады сваю ролю нават мацней, чым то сьпярша меркавалася і найбольш імаверна магло быць. 
        ...Так, „Зь цягам часу складанымі сталі законы гульні...“(Кася Камоцкая)... Сваё жыцьцё таксама ішло сваім парадкам, і ў далейшым мой погляд усё болей ставаўся толькі поглядам звонку. Калі-ж „законы гульні“ пазьней сталі набываць асаблівую „складанасьць“, часам здавалася, што мабыць проста пашанцавала быць сьведкам і ўдзельнікам таго, што было варта бачыць - але ня стацца потым сьведкам таго, далейшага, чаго бачыць было зрэшты й няварта. Бо той эпізод кастрычніка 1999 несумніўна належыў яшчэ да лепшых часоў беларускага нац.-дэм. змаганьня. Гэтак склалася, што ў выніку я стаўся відавочцам толькі таго, як ідэялы былі проста гвалтоўна пераможаныя, разгромленыя: аднак не таго, як яны былі-бы марнаваныя, эксплюатаваныя, прафанаваныя, занядбаныя... - і канешне-ж, у маіх вачох яны ніколі не былі абвергнутыя ў сваёй фундамэнтальнай слушнасьці і справядлівасьці. А ўспамін кастрычніка 1999 г. і яшчэ ранейшых часоў павінен нагадваць, што „законы гульні“ не заўсёды былі такімі, як сталіся пасьля; а значыць і ня мусяць абавязкова заставацца аднолькавымі назаўжды. Засталіся рэальныя прыклады таго, як раптам аднадушна, ды усьведамляючы рэальную небясьпеку, згуртоўваліся на плошчах і вуліцах дзясяткі тысячаў: а значыць, нябачнае мноства расьцярушаных цяпер па „унутранай [і зьнешняй] эмігарацыі“ чалавечых адзінкак аднойчы можа зноў зграмадзіцца і ўцелавіцца ў моц бачнай лучнасьці супольнага руху. І нарэшце, ва ўдзельнікаў усіх падобных падзеяў назаўжды застаўся каштоўны скарб супольнай памяці і досьведу: дык рэха кожнага „Беларусь у Эўропу“ і „Жыве Беларусь“, рэха кожнага такога мінулага чыну - будзе гучаць у кожным наступным. ...Калі-ж на нейкі газон ля Пуліхава патрапіла якіх пару кропляў і маёй крыві, то таксама не шкада - хай будуць там штовесну ўгнаеньнем для кветак :)
         Можа некалі надыйдзе час, калі на рагу Пуліхава ўсталююць мэмарыяльную дошку. - Пэўна, што не ва ўслаўленьне перамогі, якой бо там дакладна не было; і не ў памяць ахвяраў, зь якіх ніхто ня быў скалечаны ці забіты. І не каб муляць вочы мінакам, якія адвярталі іх у 1999 :) Але на адзнаку адметнага чыну барацьбы, які там ня проста здарыўся, але і адбыўся.

17.10.2009

image Click to view


P.S.: Успаміны на тую-ж тэму у іншым ЖЖ: крыху адрозны погляд удзельніка, які прыбыў з правінцыі.

Aŭtabijahrafičnaje

Previous post Next post
Up