...Або, „Зь легендаў і казак былых пакаленьняў...“ :)
Надыходзяць 15-я ўгодкі падзеяў Вясны-1996: падзеяў, што сталі ў сучаснай паспалітай сьвядомасьці ўжо набываць характар напаў-легендарны - падобна як Зянон або Б.-Ч.-Б. сьцяг ды Пагоня ў якасьці афіцыйных сымбаляў на дзяржаўных установах.
Вясна-1996 была вялікім уздымам нацыянальна-дэмакратычнага руху, аднак падзеі 1996 году сталіся агулам фатальнымі для Беларусі, падзяліўшы нядаўнюю мінуўшчыну на „да“ і „пасьля“. Шмат у 1996 годзе было ўпершыню такога, што потым, на (ўжо) 15 гадоў, сталася прызвычаенай „нормаю“. Калі перад 1996 сутнасьць прэзыдэнцтва Лукашэнкі палягала ў буйных і шматлікіх злаўжываньнях, парушэньнях канстытуцыйнай законнасьці, папулізме і валюнтарызме, то пасьля 1996 ўжо быў ўсталяваны той усім знаёмы палітычны лад аднаасобнай аўтарытарнай улады, што грунтуецца на брутальнай сіле рэпрэсіяў, прыкрываецца сыстэматычнымі выбарча-рэфэрэнднымі фальсіфікацыямі ды апраўдваецца бессаромнай хлусьнёй манапольнае дзяржаўнае прапаганды. Гэтак у 1996 годзе гадзіньнік палітычнай гісторыі ў Беларусі спыніўся ды наступіла свайго роду „бязчасьсе“, што трывае ўжо 15 гадоў. У 1994 Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам са значнымі, аднак абмежаванымі і кантраляванымі паўнамоцтвамі: тым, кім ён ёсьць сёньня, ён стаўся ў выніку падзеяў 1996. Нядаўнія падзеі 19 сьнежня 2010 году можна без празьмернага напружаньня фантазіі ўявіць яшчэ 19 сьнежня 1996 году. Гэтак, сучасная Беларусь - „родам з 1996 году“.
Сярод іншага, увесну 1996 годзе ўпершыню ў незалежнай Беларусі адбыліся гэтак масавыя вулічныя пратэсты: і ўпершыню адбыліся рэпрэсіі, упершыню былі палітвязьні й галадоўшчыкі, упершыню зьявіліся палітычныя ўцекачы.
Увесну 1996 існавалі адносна шырокія колы грамадзтва, якія яшчэ зь цікавасьцю, з увагаю ставіліся да грамадзка-палітычнага жыцьця. Усё, што вырабляла прэзыдэнцкая ўлада, выглядаля яшчэ нязвыклым: выклікала неўразуменьне ды абурэньне. Нагадайма, што яшчэ 1 год перад тым Б.-Ч.-Б. сьцяг і Пагоня былі дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі (яшчэ ня ўсе ўстановы тады пасьпелі былі зьмяніць шыльды), а беларуская мова адзінай дзяржаўнай.
Хоць было збольшага бачна, у якім напрамку кіруюцца справы, аднак не хацелася даваць веры, што спыніць ды павярнуць хаду рэчаў ужо нельга: і напэўна, не зважаючы на брутальнасьць хапуноў, незваротным той стан рэчаў увесну 1996 яшчэ сапраўды ня быў. У грамадзтве Беларусі яшчэ былі досыць шырокія колы, здольныя на абурэньне - ды на актыўны публічны выраз свайго абурэньня з намерам атрыманьня палітычнага выніку. Распаўсюджанай запалоханасьці не было, бо проста не зьявілася яшчэ для яе падставаў. Ды быў пэўны харызматычны лідэр руху апазыцыі надыходзіўшай дыктатуры, аўтарытэт якога зусім бясспрэчна перавышаў постаці любых іншых фігураў апазыцыі ў любой камбінацыі. Увогуле, апазыцыя тады яшчэ пераважна (хоць канешне ня цалкам) увасаблялася ў адной пэўнай арганізацыі: БНФ „Адраджэньне“. Гэта быў яшчэ „іншы час“, хоць хіба што ягоная апошняя гадзіна.
Звычайна, - ды гістарычна карэктна, - адлік Вясны-1996 пачынаюць ад Дня Волі (аб чым ніжэй). Аднак фактычна Вясна-1996 мела свайго роду „перадпачатак“ у выглядзе мітынгу БНФ перад будынкам Філярмоніі на дзень Канстытуцыі 15 сакавіка: дзе менавіта прагучаў заклік прыйсьці на той Дзень Волі 1996, зь якога ўсё ўласна пачалося. 15-я ўгодкі споўніліся сёньня.
Ніжэй невялікая падборка здымкаў Вясны-1996 са зробленых вядомым Vašamu Suziralniku былым сябрам „Дружыны БНФ „Адраджэньне“.
Мітынг БНФ на пл. Я. Коласа на Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка 1996. Прамаўляе Зянон Пазьняк, побач Сяргей Навумчык. Гучаў заклік прыйсьці на шэсьце і мітынг на Дзень Волі.
Збор на Дзень Волі быў абвешчаны на Пл. Незалежнасьці, аднак доступу на яе не аказалася, бо была ўжо загадзя аточана міліцыяй. Удзельнікі сталі зьбірацца на падыходзе, ля Паштамта ды па другім баку. Калі назьбіралася пэўная колькасьць, разгарнулі сьцягі і рушылі па абодвух бакох уздоўж Прашпэкта. Прыпыніліся на пераходзе. Дачакаўшыся зялёнага сьвятла, дэманастранты з абодвук бакоў крочылі насустрач ды там больш не разыходзіліся: гэтак рух аказаўся перакрыты, а калёна, імкліва прыбываючы, проста рушыла ўласна па сярэдзіне Прашпэкта. Аб памеры, які яна набыла неўзабаве пры падыходзе да Кастрычніцкай, можна судзіць са здымку вышэй.
...А таксама з гэтага здымку на вул. Я. Купалы. Мітынг адбываўся перад Опэрным, хоць месца на пляцоўцы бракавала.
Гэта быў час, калі БТ распачало практыку нахабнай хлусьлівай прапаганды. Напрыканцы мітынгу, Пазьняк заклІкаў ісьці да будынку БТ непадалёк, каб дамагацца выступу прадстаўнікоў БНФ на тэлебачаньні. Вялікая частка натоўпу рушыла да БТ, на падыходзе сустрэлася з даволі кволым шыхтом АМАПу, які пасьля кароткай сутычкі быў адкінуты (так, што многія з тых, хто ішоў у сярэдзіне калёны, даведаліся аб усім інцыдэнце толькі пасьля). АМАП рэтыраваўся да самага ўваходу ў будынак ды там стаяў, аточаны дэманстрантамі ды абкіданы сьнежкамі.
Неўзабаве стала ясна, што этэру дамагчыся ня ўдасца. На заканчэньне да прысутных зьвярнуўся Пазняк. Як узгадваў пасьля Сяргей Навумчык, кіраўніцтву акцыі было не зусім ясна, чым-бы ў такі момант можна было-бы належна яе завяршыць? І тут, паводле яго расповяду, нарадзілася наступная выдатная ідэя. Бо як было вядома, на 2 красавіка было прызначанана падпісаньне ў Маскве „Саюзнае дамовы“ з РФ, то-й заканчэньнем стаўся заклік прыйсьці 2 красавіка на дэманстрацыю пратэсту супраць „інтэграцыі“ Лукашэнкі з Расеяй, у абарону незалежнасьці. Гэтак, у выніку ўдалае імправізацыі, стаўся раптам навязаны ланцуг ад папярэдняе акцыі - да наступнай: ды гэтак асобныя акцыі ператварыліся ў цэлую кампанію палітычнага наступу „Вясны-1996“.
Па сканчэньні, удзельнікі разыходзіліся па адным групамі ў розныя бакі. Потым стала вядома, што адна такая група з каля 30 асобаў, што адыйшла ад месца падзеў мэтраў на 300, патрапіла ў залогу: была нечакана атакавана і жорстка зьбітая адзьдзелам АМАП, зьбітыя былі проста пакінуты ляжаць на акрываўленым сьнезе, АМАПаўцы зь месца падзяў відавочна зьехалі.
2 красавіка было нязручнай датай: аўторкам. Тым больш з увагі на гэтую акалічнасьць, колькасьць удзельнікаў уражвала. Трэба прыгадаць, што небясьпека інкарпарацыі Лукашэнкам Беларусі ў Расею адчувалася тады вельмі рэальна. Нядаўна перад тым Лукашэнка быў заявіў, што „Белоруссия для меня - пройденный этап“. Дастаткова вялікая частка палітычна-неабыякавага грамадзтва была гэткай пэрспэктываю занепакоеная. Напачатку здолелі паўтарыць перакрыцьцё Прашпэкту, цяпер выходзячы пакрысе з ходнікаў на праезжую частку. Аднак недзе ля Кастрычніцкай у тыл калёны ўрэзаліся некалі АМАПаўскіх аўтобусаў, адкуль павыскоквалі АМАПаўцы і дубінкамі разагналі дэманатрантаў прэч на ходнікі. Ізноў завалодаць вуліцай удалося толькі з паваротам на вузейшую Янкі Купалы на шляху да Опэрнага (здымак вышэй). Гэтая акцыя запомнілася доўгім хаджэньнем на холадзе і ў надыходзячым змроку, па Я. Купалы на Багдановіча, на Варвашэні, дзе аказалася мала месца, адтуль было вырашана ісьці праз Старажоўку да Палаца Спорту, дзе кароткі мітынг на тэму дня адбываўся ўжо бадай што ў цемры.
Наступнай акцыяй быў Чарнобыльскі Шлях. Пачатак, з параю перакуленых міліцэйскіх аўто, на здымкі не патрапіў, з прычыны занятасьці на іншых Дружынных абавязках; здымкі пачаліся толькі калі справы (здавалася) супакоіліся на Багдановіча.
Гэты эпізод Чарнобыльскага Шляху ўмоўна вядомы як „бітва на гары“. Паварот калёны да Палацу Спорту быў фактычна змушаны. Каб не паварочваць на Палац Спорту, трэба было-бы прайсьці пад мастом: зправа і зьлева высокі адхон (былога) пр. Машэрава. Здымак ніжэй зафіксаваў гэты момант. - Пад мастом сканцэнтраваліся шчыльныя сілы загараджэньня з унутраных войскаў з рэзэрвамі, забарыкадаваўшы транспартнымі сродкамі, падрыхтаваныя ўжываць усе сьпецсродкі, каб праходу пад мастом не дапусьціць, сілавы прарыў „у лоб“ быў немагчымы.
Тады група дэманстрантаў, разам з УНСОўцамі (чый сьцяг бачна), паспрабвала абыйсьці і дызарганізаваць гэты „корак“ зь левага флянгу, здымак ніжэй.
Аднак там былі таксама падрыхтаваныя рэзэрвы, якія іх у сваю чаргу атакавалі ды пагналі з гары ўніз на Багдановіча, дзе дэманстранты з агульнай калёны гэтую атаку ледзь спынілі агульнымі намаганьнямі, закідваючы камянямі, бутэлькамі ды чым яшчэ пад руку патрапіць, збымак ніжэй.
Кантынгэнт удзельнікаў, магчыма гатовы да „наступальных“ сутычак, быў невялікі (той, што бачна з УНСО на гары) - прарвацца пад мастом відавочна-бы ня мог. Таму ніякага іншага тактычнага варыянту, акрамя як павярнуць направа да ПС (што было, натуральна, тупіковым сцэнарам), у арганізатараў рэальна не заставалася.
На здымку вышэй паказана заканчэньне мітынгу Чарнобыльскага Шляху, дзе Пазьняк заклікае хвілінай цішыні ўшанаваць памяць нядаўна загіблага Джахара Дудаева.
Мітынг скончыўся - аднак паляваньне на яго ўдзельнікаў тут жа пачалося. Гэта быў першы буйнамаштабны хапун, каля 200 затрыманых, першы выпадак адлову выпадковых мінакоў на вуліцах відавочна ў выкананьне „плянавых паказчыкаў“ па колькасьці затрыманых. Адбыўся першы штурм сядзібы БНФ АМАПам. Пазьняк і Навумчык хаваліся і ўрэшчэ патрапілі на эміграцыю. Хадыка і Сіўчык апынуліся пад пагрозаю крымінальнага артыкулу, распачалі галадоўку. УНСОўцам Маладзёвая Фракцыя БНФ яшчэ доўга насіла перадачы ў ізалятар.
Наступную акцыю на 1 траўня праводзілі сацыял-дэмакраты Статкевіча. Бо кіраўніцтва БНФ было пераважна ўжо ці то на эміграцыі, ці то (як Хадыка і Сіўчык) арыштаванае, ці то хавалася. Ішлі па Прашпэкце пад дажджом. Уладамі было, мусіць, сплянавана, каб на перакрыжаваньні Прашпэкта і Леніна б-ч-б калёна сутыкнулася з камуністычнай. Аднак камуністычная спынілася і прапусьціла б-ч-б, сутыкненьняў не завязалася. Далей коратка спыніліся перад будынкам КДБ, скандуючы лёзунгі вызваленьня палітычных вязьняў... На плошчы незалежнасьці адбыўся кароткі мітынг пад дажджом, або хутчэй 2 мітынгі побач на адной плошчы: міліцыя разьдзяліла б-ч-б і камуністычную грамады. Напрыканцы частка б-ч-б грамады марудзіла пакідаць плошчу, і Статкевіч заклікаў працягнуць мітыг у скверы ля міністэрства зьнешнеэканамічных адносінаў (за касамі Дынама), адкуль усім неўзабаве прапанавалі разыходзіцца.
Заключным „акордам“, - або ўжо „рэхам“, - Вясны-1996 можна назваць Дзень дэклярацыі (аднаўленьня) Незалежнасьці 27 ліпеня, з шэсьцем ад сквэра Янкі Купалы ды мітынгам ля Палацу Спорту (здымак вышэй). Лявон Баршчэўскі ўжо прамаўляў у якасьці в.а. старшыні БНФ.
Сваеасаблівым пасьляслоўем Вясны-96 можна назваць яшчэ адзначэньне бітвы пад Воршай ў верасьні 1996, што сапраўды закрыла палітычны сэзон, распачаты Вясною-1996. Адсутнасьць Пазьняка істотна зьмяніла палітычны краявід. Прамоўцы ля Опэрнага прыгадвалі нядаўнія падзеі Вясны, падводзілі вынікі. Вынікі: упершыню зьявіліся палітычныя эмігранты, палітычныя вязьні і галадоўшчыкі пад крымінальнымі артыкуламі, маштабныя хапуны на вуліцах. Прэзыдэнцкая ўлада ўспрыняла сабе той узор адносінаў з тымі, хто наважваецца на публічны пратэст, ад якога пасьля ўжо хіба што не адступалася. Аднак маштаб і працягласьць вулічных пратэстаў вясны 1996 фактычна ўпершыню прыцягнула ўвагу Эўропы і ЗША да таго, што ў Беларусі насамрэч адбываецца штосьці неадпаведнае, а таксама мабыць прымусіла кагосьці ў Маскве глыбей задумацца над праблемнасьцю Лукашэнкі.
Пэўна, што ў грамадзтве заставаўся істотны пратэстны імпэт: і калі ён не рэалізаваўся ў лістападзе 1996, то зусім не таму, што нібыта быў вычарпаны, або што нібыта была стома ад падзеяў вясны. Не наступіла яшчэ й дэмаралізацыі: ня гледзячы на адсутнасьць канкрэтнага плёну, зусім не было пашыранага адчуваньня, што арганізацыя буйных вулічных акцыяў, не зважаючы ці то санкцыянаваных ці не, як мэтад ціску на ўлады сябе нібыто вычарпала. Увосень 1996 аднак адчувалася, што, хоць патэнцыял Вясны-1996 мабыць ня быў цалкам вычарпаны ды максімальна рэалізаваны, аднак у кожным разе тая старонка ўжо перагорнутая, ды што падзеі ўжо йшлі далей да чагосьці зусім іншага.
___________________
Дадатак 11.05.2012:
Урывак зь відыё-фільму „Вясна 1996“
You can watch this video on www.livejournal.com