Дрэйф дзеля выжывання?

Feb 19, 2013 13:10


Упершыню апублікавана на сайце "Беларускі партызан" Тут друкуецца з некаторымі дапаўненнямі. Фармат Партызана - тры старонкі.

Кажуць, што паэзія - гэта тое, што застаецца, калі забываюцца словы. Памятаю, як я ў канцы 70-х гадоў ужо мінулага стагоддзя слухаў выступ Яўгенія Еўтушэнкі ў перапоўненай зале мінскай філармоніі. Верш пра трывушчасць тоненькай карэльскай бярозы, якая выжывае пры любых маразах і вятрах (“калі што, дык я прыгнуся...”), быў сустрэты бурнымі воплескамі. І тады, і цяпер думаю: цікава, якім быў бы калектыўны рэфлекс, напрыклад, польскай аўдыторыі ў тыя гады на гэты верш? Мае равеснікі памятаюць, як у той час людзі чыталі між радкоў, як рэагавалі ў тэатры на кожнае жывое слова, што гучала са сцэны.


Назіранне за рэакцыяй залы на публічных відовішчах - цікавы занятак. Я двойчы глядзеў у кінатэатры фільм Ларысы Шапіцькі “Узыходжанне” паводле быкаўскага “Сотнікава”. Кожны раз зала смяялася, калі ў Рыбака/Гасцюхіна (ягоны напружаны твар падаваўся буйным планам) рваўся рэмень у будцы-прыбіральні, калі ён хацеў павесіцца. Тут трэба было плакаць. Гэта ж быў чарговы драматычны контрапункт і вяршыня дзеі. Здраднік, усвядоміўшы чарнату свайго падзення, хацеў сысці з жыцця, але смерць не захацела яго ўзяць... Экзістэнцыйны боль і жаль Васіля Быкава да Рыбака былі большыя, чым да Сотнікава. У фігуры Рыбака - увесь Быкаў.

У сваім першым блогу на “Беларускім партызане” я спрабаваў закрануць тэму гістарычнай памяці і аптымістычных міфаў нацыі, пішучы пра запланаванае масавае перавыданне ў ФРГ гітлераўскага “Майн кампфу” у 2016 годзе. Унукі 21-га стагоддзя не хочуць жыць з комплексам вечнай віны за Халакост, што дапусцілі іхныя дзяды. Зняўшы табу з кнігі Злачынства, нацыя хоча верыць, што публічнае сузіранне Пачвары нарэшце прывядзе да калектыўнага катарсісу і гістарычнага аптымізму.  Вечная віна цісне новаму пакаленню на грудзі, як чорныя гранітныя “стэлы” - помнік ахвярам Халакосту, які - так і хочацца сказаць - ляжыць злева ад Брандэнбурскай брамы. Амерыканскі скульптар Пітэр Айзэнман, аўтар помніка, які працуе ў канцэпцыі фенаменалагічнай эстэтыкі, у адным з першых інтэрв’ю так і сказаў: “Няхай гэта вечна цісне на грудзі ўсім нямецкім пакаленням...”

Гэтыя паэтычныя, драматургічныя ды гістарычныя рэмінісцэнцыі прыйшлі мне ў галаву пасля сходу Беларускага ПЭН-цэнтру, які адбыўся ў нядзелю 17-га лютага. Слухалі справаздачу і выбіралі старшыню. Прэзідэнтам  выбралі зноў Андрэя Хадановіча. Тут - рэч не столькі пра асобу, колькі пра беларускі феномен часу дыктатуры, калі людзі, калектывы, арганізацыі або знікаюць,  або ідуць у турмы, або дрэйфуюць ад першапачатковых каштоўнасцяў, або становяцца “аналітыкамі”... Ці проста маўчаць, старэюць, ідуць на пенсію ды, шчаслівыя, вырошчваюць капусту. У гэты час выпаўзаюць розныя чарвякі-гуру і “захопліваюць плацдармы мыслення”.

Абраны старшыня, супраць якога я галасаваў, - цікавая асоба. Выкладчык дзяржаўнай ВНУ з падпісаным кантрактам, здольны мадэрновы паэт, перакладчык, добры арганізатар, ужо сталы дзяцюк, які перажыў бурапенны ўзрост, калі “скідаў з карабля сучаснасці” цярплівых беларускіх савецкіх класікаў, рассыпаючы ў вершах перліны здзеклівых стрэлаў тыпу “Хлопчык і копчык”, “вёска Пляўкі” з алюзіямі на Янку Купалу. На сходзе я прапаноўваў зрабіць Андрэя Хадановіча намеснікам старшыні. Няхай займаецца літаратурнымі справамі. У яго гэта добра атрымліваецца. Я нават сказаў: крэатыўнасць, дынамізм, талент, уменне працаваць з моладдзю я ацэніваю на 300%. Менавіта так і сказаў. А старшыня няхай стараецца за стырном стаяць ...

Беларускі ПЭН, як тое і мела быць паводле міжнароднага статуту, узнік як праваабарончая арганізацыя творчых асобаў, сказаўшы проста -- як аддзел міжнароднага незалежнага дэмакратычнага прафсаюза творчай інтэлігенцы PEN International: паэтаў, драматургаў, эсэістаў, выдаўцоў, раманістаў, апавядальнікаў. У англійским скароце PEN прачытваецца як назоўнік “a pen[U1] ”, значэнне якога ведае кожны школьнік (“пяро”). За кожнай літарай стаіць па два значэнні: poets, play writers, essayists, editors, novelists, narrators. Зразумела, што ўсе яны павінны быць не толькі майстрамі-творцамі, але і высокамаральнымі асобамі, слова якіх было б важкім для грамадства. Так што ўласная мастацкая творчасць і спецыфічная дзейнасць (умацаванне салідарнасці праз пераклады, сумесныя абмеркаванні праблем мастацкага жыцця) - гэта як бы знак якасці кожнага члена, а не ягоны асноўны занятак. Галоўная ж задача - праваабарончая дзейнасць і гуманітарная карпаратыўная падтрымка калегаў. Тлумачу гэта таму, што шмат хто лічыць гэтае аб’яднанне проста творчым мастацкім задзіночаннем “з міжнарожным ухілам”. Гэта прыблізна так, калі б наш Незалежны прафсаюз РЭП, які ўзначальвае сп. Фядыніч, займаўся выключна пытаннямі распрацоўкі радыёэлектронных тэхналогій сумесна з замежнымі партнёрамі.

Прэзідэнтамі беларускага ПЭНа былі Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Уладзімер Някляеў. Хросным бацькам і актыўным дзеячам нашага ПЭН-цэнтру быў нябожчык Карлас Шэрман. Маючы досвед міжнароднага журналіста і літаратара, Карлас запачаткаваў і праваабарончую традыцыю з любімай ім Гішпаніі, пашырыўшы ў Беларусі народжаную ў Барселоне “Усеагульную дэкларацыю моўных (інакш: “лінгвістычных”) правоў”. Гэтым была паднятая планка для будучых пакаленняў пэнаўцаў - захаваць мову, захаваць нацыю, захаваць высокія маральныя каштоўнасці. Карлас арганізаваў у Саюзе пісьменнікаў абмеркаванне Дэкларацыі ды беларускіх да яе дадаткаў, рэдагаваў яе беларускі пераклад, планаваў разам з Васілём Быкавым праз ЮНЭСКА і ААН, як тое дазваляе статус Міжнароднага ПЭН-Клуба, лабіяваць сумесна з іншымі беларускімі грамадскімі арганізацыі праз адпаведныя камісіі ААН абмеркаванне стану беларускай мовы ў кантэксце “захавання нацыянальных гістарычных каштоўнасцяў”.

Драматургія справаздачнага сходу і вынік выбараў нагадалі мне верш пра карэльскую бярозу, смех залы ў кінатэатры і пачуццё калектыўнай віны немцаў, бо мы цяпер закладаем падваліны будучага сораму нашых унукаў за апошнія амаль 20 гадоў нашага беларускага “нямецкага маўчання”.

У справаздачы Рады і Старшыні гаварылася шмат пра выдавецкую і літаратурную дзейнасць, пра арганізацыю сустрэчаў з моладдзю. Выглядала на тое, што ПЭН - гэта нейкі маладзейшы мадэрновы філіял Саюзу беларускіх пісьменнікаў з перформансамі, слэмамі, міжнароднымі літаратурнымі маёўкамі, дыскусіямі ў фрэйме постмадэрнізму. Усё гэта робіцца, маўляў, каб прыцягнуць моладзь, бо яна стамляецца чытаць доўгія старамодныя творы на беларускай мове.

Знаёмства з тэкстамі некаторых маладых аўтараў, што пападаюць у пэнаўскія шорт-лісты і лаўрэаты, мякка кажучы, засмучае і здзіўляе. Этыка блогу “Беларускага партызана” не дазваляе цытаваць вытрымкі з некаторых “лепшых”, выдадзеных за кошт ПЭНа, зборнікаў або першых кніжак, адзначаных у шорт-лісце сёлетняй прэміі “Дэбют”. Трэба часам проста ставіць кропкі пасля пачатковых літар слова. Звярніце, напрыклад, увагу на замалёўку з верша “Пупавіна Хрыста” маладога паэта А. : “Хрыстос хапаў сябе за ногі, засоўваў ногі ў рот, сц...ў і ср...ў у далоні рымскім легіянерам..." (с. 15). З другога верша гэтага ж паэта (без назвы): “...Гэта не ты ўсіх паставіў ракам // гэта святыя маліліся за цябе...” (с. 20), “Машыніст спускае порткі і паказвае яму х. .й” (с. 17) і г. д.  Сп. Хадановіч кажа, што аўтар - уцаркоўлены каталік і што палякі з разуменнем пераклалі гэты верш на польскую мову...

Для мяне гэта па меншай меры блюзнерства, хаця б таму, што гэтыя радкі - з рыфмаваных і вольных вершаў, змешчаных у зборніку “Geniush loci”, складзеным самім А. Хадановічам і прысвечаным... стагоддзю Ларысы Геніюш, якая правяла свае лепшыя гады ў сталінскім Гулагу і напісала радкі:

Хрыстос васкрос з крыві і болю,
каб сьветач праўды не пагас.
Васкрос Ён для крывіцкіх сёлаў,
васкрос Ён, брацьця, і для нас.

І будзем верыць мы ў кайданах,
узьняўшы нашы сэрцы ўвысь,
што так, як Бог укрыжаваны,
васкросьне й наша Беларусь.

Мілая маладзенькая дзяўчынка-празаік і паэтка М. таксама папала ў шорт-ліст “Дэбюту”, апяваючы ў безгустоўным натуралістычным наратыве брудныя лесбійскія жарсці: “Можаш рабіць са мной усё, што хочаш...” Члены журы, відаць, паліткарэктна не захацелі адставаць ад Еўропы. Мусіць, таму, што гэта падабаецца спонсарам...

Леташні лаўрэат прэміі Гедройца і прэтэндэнт на гэты год, што не без падтрымкі пэнаўскай рады трапіў у шорт-ліст, - “бязлітасны” Альгерд Бахарэвіч з сваім гамбурскім рахункам. Прэзентацыя кніжкі адбывалася ў мінулым годзе пад рубрыкай “Прыватны дзённік”. На другі дзень рэдакцыя Радыё Свабода, падводзіўшы вынікі прэзентацыі, ужо назвала яе “падручнікам беларускай літаратуры 21-га стагоддзя”. Янку Купалу Бахарэвіч даў мянушку Каян Лупака і ў інтэрв’ю той жа Свабодзе сказаў, што Купала як Лупака - “велічны літаратурны вобраз, што б там ні казалі, бо ў ім шмат кафкіянскага...” Аказваецца, у Кафку  хаваецца мера ўсіх рэчаў і велічнасць. А кафкіянскага тут - толькі ўкрадзеная “джойсаўская рамка”: кафкіянскі герой Грэгор з аповесці “Die Verwandlung” (“Ператварэнне”)  ператварыўся за ноч з чалавека ў кузюрку і прачнуўся раніцай прыліплым да столі ў спальні ўніз галавой. Бахарэвічаў Купала ператварыўся ў Каінаў труп.

У эсэ пра Быкава Бахарэвіч напісаў: “На Быкаве скончылася тая беларуская літаратура. Засталося надзейна закаркаваць яе ў бутэльку муранскага шкла і пусціць па вадзе ... ”  Гэта ўжо выглядае на “канчатковае вырашэнне беллітаўскага пытання”. Як у Гітлера з яўрэямі. Як жа запіхаць усіх літаратараў у бутэльку? Выйсце ёсць - перформанс вогненнага акту... Разам са сваім аднадумцам Я. Максімюком Бахарэвіч вынес бязлітасны прысуд Купалу, які здзейсніў "самае страшнае злачынства -- здрадзіў літаратуры". Каб не стаць каінам, у Купалы было выйсце - павесіцца ці застацца за мяжой у час паездкі ў складзе дэлегацыі ў Чэхаславакію.. Сам Бахарэвіч, аднак, тры гады "хаваўся" ў Нямеччыне на сродкі нямецкага ПЭН-Цэнтру як “пераследаваны рэжымам малады літаратар-уцякач” (гэта з нямецкага інтэрнэту). Я нешта не памятаю, каб нехта пераследаваў маладога бунтоўнага літаратара.

Гэта - коратка пра некаторых маральных улюбёнцаў цяперашняга “прасунутага” гуманітарысцкага кіраўніцтва беларускага ПЭНУ.

Пры абмеркаванні кандыдатуры старшыні я сказаў, што мы ўсё ж такі аддрэйфавалі ад пэнаўскіх каштоўнасцяў і захапіліся мадэрнай літаратурнай творчасцю з пячаткай “гуманітарызму без берагоў” (я ўзгадваў аўтара тэрміна нямецкага філосафа Гелена), бо гэта бяспечна: літаратурных слэмаў і перформансаў улады не баяцца. Наадварот, сп. Гігін ці Пракопаў нават ахвотна працытуюць, да чаго дэмакратыя давяла маладых “свідомых” творцаў. Я прапанаваў кандыдатуру Някляева, які пазней узяў самаадвод. Члены рады з маімі развагамі не пагадзіліся. Сп. Андрэй Дынько, выступаючы маім апанентам, выказаўся ў тым сэнсе, што вернасць статуту прымусіць нас саслізнуцца ў палітыку. Трэба разумець подых часу. Так і зачыніць могуць. Што лепш? Мітынгаваць або ціха рабіць справу?

Я і сам думаю: што лепш? Канешне, лепш беларускія літперформансы, чым нічога. Але ж і ў цішы дрэйфу неабавязкова купацца ва ўласна спрадукаваным брудзе. Калі ў бязмежна разняволеных творцыаў гэта ніяк не атрымліваецца, тады, можа часова, пакуль ляснецца дыктатура , павесіць на карабель у дрэйфе замест сімволікі ПЭНа  роджэр з лагатыпам "СЛЭМ-ЦЭНТАР" ці СПАМ-КЛУБ. Ну і Хрыста з Мухамедам, пэўна, чапаць не трэба. Вунь у купал Святога Пятра ў Рыме маланка жахнула ды і каменне з неба пачало падаць...
Previous post Next post
Up