Пра тое, як два беларусы ў Румынію ганялі.

Oct 10, 2011 16:16


In brief:
- 93 гадзіны;
- 3 краіны + дзяржавападобнае ўтварэньне;
- 3069 км.



ДЗЕНЬ ПЕРШЫ: Менск - Чарнаўцы - Бухарэст
Выезд у Румынію мы плянавалі яшчэ, пэўна, на самым пачатку адборачнага турніра. Не, першапачаткова хацелася, натуральна, зганяць у Францыю, але з-за розных абставінаў прабіць выезд да лягушатнікаў не атрымалася. Ну што ж, Румынія дык Румынія. Тым больш, што пасьля таварняка з балгарамі настрой быў баявы: чакалі толькі перамогаў у матчах з басьнякамі. Першы трывожны званочак атрымалі пасьля хатняе паразы ўсё ад тых жа балканцаў - настрой пагоршыўся. Але ж - верым у каманду! Таму 5 верасьня зранкку мы здалі пашпарты, а ўжо ў аўторак трымалі пальцы крыжыкам за нашу каманду. Пасьля другое паразы настрой пагоршыўся да стану: ды ну яго нафік :( Думалі шмат. Зрэшты надумалі: едзем у любым выпадку і - ЗВХ!
Вечарам 5 кастрычніка група фанатаў у складзе мяне й stork’a aka buslovskas рушыла ў кірунку Кобрыня. Дзесьці а пачатку на другое ночы мы ўжо былі ва Ўкраіне. Начны пераезд нейк прайшоў паўз мяне, бо я з усёй магчымай шчырасьцю ціснуў подушку, пакуль Зьміцер круціў стырно.
Прачнуўся я дзесьці на пад’ездзе да Чарнаўцоў, таму паглядзець хаця б з-за шкла на прыгожы заходнеўкраінскі горад у мяне атрымалася. Трэба туды як-небудзь хаця б дні на 2 зганяць - прыгожа там вельмі.
Ад Чарнаўцоў да мяжы з Румыніяй - кілямэтраў 20-30. Заехалі на запраўку, заліліся палівам, папілі кавы, памяняліся за стырном - і ў бок Румыніі. Па шляху падабралі нейкага маёра-памежніка, дакінулі яго да мяжы. Украінскі бок прайшлі хвілінаў за 15 і поўныя жаданьня рвануць на Бухарэст паехалі на румынскі бок. І вось тут у чарзе мы прастаялі гадзіны 2. Бо румыны ганяюць ва Ўкраіну за палівам і ўсялякай трасцаю: цукрам, туалетнай паперай, крупамі, кансэрвамі. Стаялі мы ў чарзе, глядзелі на гэтых “эўрапейцаў” і ніяк не маглі зразумець, навошта іх узялі ў Эўразьвяз ;)
Першы прыемны сурпрыз мы атрымалі, калі даведаліся, што ўсе румынскія памежнікі й мытнікі выдатна размаўляюць ангельскаю. Даведаўшыся што мы едзем на матч нам пажадалі посьпехаў, сказалі, што Румынія абавязкова пераможа, падказалі, як з Бухарэста лепей праехаць на Кішынэў і пажадалі Drum Bun (што гэта за зьвер такі мы ня ведаем да гэтага часу, але думаем, што гэта штосьці кшталту “Шчасьлівае дарогі”).
Румынскія дарогі - гэта песьня. Роўныя, даволі шырокія, каб маглі разыйсьціся сустрэчныя машыны, але, зараза, да Бухарэста ўвесь час праязджаеш незьлічоную колькасьць вёскаў. Спачатку мы спрабавалі трымацца правілаў - 90 км/г па шашы, 50 км/г па населеных пунктах. Але пасьля таго, як нас абыйшоў у вёсцы спачатку адзін румын на 110, потым яшчэ адзін на 120, мы зразумелі, што абмежаваньне хуткасьці там уведзенае дзеля таго, каб было. Далей па населеных пунктах павольней, чым 80 км/г ехалі толькі ў тых выпадках, калі нас папярэджвалі сустрэчныя аб паліцыі (першы раз, дарэчы, бачыў, каб у Эўразьвязе сустрэчныя міргалі, папярэджваючы пра паліцыю - вось такія яны, румыны :)
Вось такім нясьпешным чынам гадзінаў за 6 мы й дабраліся да Бухарэста. Там заклалі ў навігатар адрэсу хостэла, у якім у нас былі забраніраваныя мейсцы й папляліся па бухарэсцкіх корках. 6 кілямэтраў ад мяжы горада да хостэла ехалі хвілінаў 40.
Прыехалі, зайшлі ў хостэл, павіталіся з хлопцам, назваліся. Ён нам сказаў - усё ок, вашыя мейсцы вас чакаюць. Вось тут вы будзеце спаць, вось тут у нас душ і прыбіральня, вось вай-фай, а потым я дам вам мапу горада й распавяду, куды варта схадзіць. На мапе Джордж адзначыў places of interests, сказаў, якія стравы варта пакаштаваць і пажадаў прыемна правесьці час. Мы выйшлі з хостэла й накіраваліся ў цэнтр Бухарэста. Хлопцы! Цэнтр Бухарэста - рай для алькатурыста ;) Мы паддаліся на запрашэньне нейкай маладзенькай прывабнай румыначкі й завіталі ў паб. Там нам параілі традыцыйныя сьвіныя рабрыны, запечаныя пад нейкім соўсам, з бульбаю, цыбуляй й spicy-соўсам. Да гэтага дадалося пару куфляў выдатнага піва.



Пасьля чаго мы адчулі сябе цалкам задаволенымі, шчасьлівымі й гатовымі да прагулянкаў.
Прагуляліся туды, прагуляліся сюды. Прыгожа, маць вашу так.









Шмат народу тусуецца. Не пасьпяваеш стаць разгледзіць мапу, як абавязкова падыйдзе які-небудзь абарыген і прапануе сваю дапамогу. Гулялі-гулялі й вырашылі, што не пакаштаваўшы мясцовага піва спаць спакойна мы ня здолеем. Сунуліся ў адзін бар - no local beer, у іншы - no local beer. Зайшлі ў краму, ўзялі па пляшцы піва Ursus ды Timisoareana. Нарэшце знайшлі нейкі бар, у якім нам налілі па куфлі мясцовага піўка. Што можна сказаць? Гадоў зь 10 таму ў Магілёве мясцовы бровар рабіў штосьці падобнае: гадасны горкі смак, у якім праскокваюць ноткі балотнага глею. Пасьля піва вырашылі, што ўсё ж варта йсьці ў хостэл, бо 20 гадзінаў у дарозе давалі пра сябе ведаць.
Ідзем мы сабе, нікога не чапаем. І тут бачу - насустрач ідуць 3 хлапцоў. У аднаго на цішотцы - гэрб “капуста”. О, беларусы! Здарова-здарова. Ура-ура! Мы - не адзіныя! Да сустрэчы заўтра на сэктары - усе дзялы. Радасныя, што сустрэлі сваіх, прыйшлі ў хостэл - і баінькі. Так скончыўся наш першы дзень у Румыніі.

ДЗЕНЬ ДРУГІ: Ад ранку й да матча
Ранак пачаўся а 9 гадзіне па сыгналі будзільніка. Пачаўся дрэнна: пасьля паўлітры мясцовага піва (тыя 2 пляшкі, што мы набылі ў краме, пайшлі на паліў кветкаў - піць такую гадасьць мы ня здолелі) з ранку нас вітаў дзядзька Бадун.
Душ, пачысьціць зубы, апрануцца - і на стадыён: трэба было ўзяць квіткі. Шлях ад хостэла да стадыёна вывучалі яшчэ дома праз GoogleMaps, таму толькі ўдакладнілі куды й дзе зварочваць. Першай мэтаю нашае ранішняе прагулянкі была хоць якая кавярня, каб папіць кавы. Кавярню знайшлі, кавы папілі, па канапцы зьелі і рушылі далей у бок стадыёна. Ішлі доўга ці не - ня памятаю, але вось мэтрах у 100 наперадзе мы пабачылі - каго б вы думалі? Не, не чароўнага трусіка. Мы пабачылі нацыянальную зборную, якая загружалася ў аўтобус! Глузды адключыліся, спрацавалі інстынкты: яшчэ добра не ўцямілі, што адбылося, як ладкі пачалі адбіваць знаёмы рытм і Бухарэст пачуў першы зарад ад беларускіх фанатаў! Я ня ведаю, ці афігелі нашыя футбалісты, але карэспандэнты АНТ афігелі дакладна. І Серж Сафар’ян афігеў ;) Падыйшоў да нас, павітаўся, запытаўся колькі нас, ці агрэсыўныя мы, куды йдзем. Сказалі, што мы - беларусы - мірныя людзі, сэрцам адданыя роднай зямлі , ідзем на стадыён за квіткамі, усяго нас 2 чалавекі, але ўчора сустрэлі яшчэ трох у цэнтры Бухарэста. Наш намер пайсьці за квіткамі яму не спадабаўся: паабяцаў выдаць нам квіткоў праз гадзіну, бо ў той момант каманда ехала на разьмінку на стадыён. Журналісты АНТ папрасілі нас не зьбягаць і даць ім невялічкае інтэрвію (вось тут - http://ont.by/news/sport_news/0070465 - можна нас убачыць і нават пачуць). Сказалі на камэру пару словаў, АНТэшнікі пайшлі ў аўтобус, каб ехаць на стадыён, а да мяне праз галаўны боль пачало даходзіць, то вось іх учора мы й бачылі ў цэнтры горада :) Не пасьпеў я падзяліцца са Зьмітром сваімі згадкамі, як дзьверы мікробуса адчыніліся й журналісты запрасілі нас далучыцца да іх. Мы ня сталі сябе доўга ўпрошваць: шанец патрапіць на перадматчавую трэніроўку зборнае выпадае, мабыць, 1 раз за ўсё жыцьцё - і нам ён выпаў!
Прыехалі на стадыён - і афігелі: унушаець, зараза!



Наш цёплы лампавы Дынама (родны, утульны, прывабны і ваабшчэ - найлепшы) нэрвова паліць у баку. Але пра стадыён - у наступнай частцы майго аповяду.

Сьледам за журналістамі прыйшлі на трэновачную пляцоўку. Матка Боска Вастрабрамска! Саня Кульчы, Юрка Жаўноў, Кісьляк, Верамко - усе вось тут, на адлегласьці выцягнутае рукі. Мэнтальны аргазм! Лепшы момант выезду на той час.


















5-10 хвілінаў - і мы вяртаемся ў мікробус, які адвозіць журналістаў у гатэль рыхтаваць сюжэт. Ля гатэля чакаем на аўтобус зборнае, Серж Сафар’ян выдае квіткоў з запасам - а можа яшчэ каго сустрэнем. Пытаемся, ці зможам мы вывесіць банэры. Кажа - зможаце. Ура! Вырашаем вярнуцца ў хостэл, забраць банэры, сьцягі й рухацца куды-небудзь у цэнтр: піць піва і даводзіць сябе да кандыцыі перад матчам.
Дайшлі да цэнтра, прайшліся па вуліцах, выпілі ў пабе піўка - і вырашылі рушыць у бок гатэлю, дзе спынілася каманда, каб сустрэць іх пры выезьдзе на матч. Па дарозе зайшлі на “па піўку” ;), перакусілі ў арабскай рэстарацыі і высунуліся ў бок стадыёна. Не пасьпелі зрабіць і пары крокаў як пачулі сыгнал паліцэйскай сырэны й пабачылі аўтобус зборнае. Тут жа разгарнулі сьцягі, вітаючы каманду. У адказ нас павітаў кіроўца, адбіўшы сыгналам тум-тум-ту-ту-тум.
Загарнуўшыся ў сьцягі рушылі ў бок Арэны Нацыяналь. Да пачатку матча - 2 гадзіны.
Хлопцы, нашыя А.С.А.В.ы ў параўнаньні з румынскімі - дзеці неразумныя. Мэтраў за 500 да стадыёна нам сустрэліся першыя кардоны жандармерыі - гэткія чарапашкі ніндзя, запакаваныя ў браню з ног да галавы, з каскамі, дубіналамі й электрашокерамі. Першы кардон - праверка квіткоў. Усё ок - ідзем далей. Вакол - спрэс румыны. На нас косяцца, ледзьва не пальцамі тыкаюць. А мы - горда ўзьняўшы галовы валім у накірунку стадыёна.
Уваход на тэрыторыю Арэны. Кардон жандармерыі. Праверка квіткоў - усё ок. Ідзем сабе, нікога не чапаем. Ззаду хтосьці штосьці крычыць па румынску. Адзін з мінакоў кажа нам, што гэта па нашую душу. Разварочваемся, бачым, што да нас ідзе патруль жандармерыі. Стаім чакаем. Падыходзць. Вы хто? Адкуль? Куды? Квіткі ёсьць? Чакайце, зараз вас правядуць на вашыя мейсцы. Меры бясьпекі, ўсе дзялы.



Выдаюць нам праважатага, які ледзьва размаўляе па ангельску. Кожнаму сустрэчнаму паліцыянту альбо супрацоўніку стадыёна наш праважаты кажа: глядзіце, беларусы! Яны сапраўдныя! Жывыя! Крыху зьбянтэжаныя такой увагай да нашых сьціплых пэрсонаў, ветліва ківаем кожнаму сустрэчнаму. Нарэшце, хвілінаў праз 15 ад уваходу на тэрыторыю стадыёна мы даходзім да ўвахода на сэктар. Ура! Дзякуй Пану!
Але як апынулася - рана ўзрадваліся :( Асабісты дагляд. Ок, няма пытаньняў, глядзіце. А што гэта ў вас? Гэта - банэры. Нельга! Чаму? Патрабаваньні УЕФА - ніякіх банэраў на стадыёне! Што за фігня, родныя? Як гэта - без банэраў? Куды мы іх падзенем?
Але А.С.А.В.ы ня хочуць нічога чуць: нельга й усё тут. Можаце пакінуць банэры пад нашым наглядам - забярэце пасьля матча. Ага, шчазззз! Нас жа Велес потым задушыць, калі з банэрамі штосьці здарыцца. Вунь там стаіць мікробус, у якім прывезьці АНТэшнікаў - мы туды закінем. Ок, закідвайце.
Падыйшлі да мікробуса, кіроўца пазнаў нас, узяў рэчы, сказаў румынам, што мы - staff каманды  Праз хвіліну гэта ведалі бадай што ўсе сьцюарды й паліцаі.
Другая спроба зайсьці на сэктар. А гэта што ў вас? Як што?! Сьцягі! Нашыя, беларускія! Нельга! Як гэта, вашу так і гэтак, нельга?! Вы што - уху елі?! Як гэта - нельга на сэктар са сьцягам?! Ну, у нас тут ёсьць каманда з такімі колерамі, каб не было канфліктаў і тыды і тыпы. Ага, паверылі мы вам! Сказалі б проста - вашая фэдэрацыя папярэдзіла, што бел-чырвона-белыя сьцягі - гэта фашыстоўскія і г.д.
Сьцягі адправіліся сьледам за банэрамі ў мікробус :(
Спроба прайсьці на сэктар № 3. З запальнічкамі - нельга! Ды ну вас нах з такімі правіламі! Запальнічку - у сьметніцу, нас - на сэктар. Ура! Мы на сэктары: бяз банэраў, без сьцягоў :( - але на сэктары.

ДЗЕНЬ ДРУГІ: Матч
Стадыён Арэна Нацыяналь - гэта вам не лядовы палац у вёсцы Малыя Уйкавічы. 55 тысячаў мейсцаў, афігенная акустыка, нават няўзброеным вокам бачна, што газон - выдатны. Адчынілі Арэну толькі месяц таму - усё новенькае, блішчыць і пераліваецца.








Цікавы факт: кошт квіткоў на матч складаў ад 5 да 20 эўра. За тыдзень рэалізавана было ўсяго 300 штук, пасьля чаго цыганская фэдэрацыя вырашыла даваць бясплатныя квіткі дзецям і жанчынам. А потым - усім жадаючым :)
Чакаем пачатку матча. Афігіваем з таго, што гасьцявога сэктара проста няма: вось нашыя мейсцы - а ў мэтры ад нас сядзяць румыны. І справа румыны, і зьлева румыны, і зьверху румыны - усюду румыны. І 2 беларусы - такія справы. Праз пару хвілінаў прыходзіць кампанія з 4 дарослых + 2 хлопчыкі год 11. Чуем знаёмыя словы. Беларусы?! Не, расейцы. Ну, дзякуй Б-гу, хоць не румыны. Апынулася - супрацоўнікі расейскае амбасады прыйшлі падтрымаць нашую зборную, за што ім дзякуй.
Хвілінаў за 15 да пачатку гульні акустычная сістэма стадыёна пачынае разрывацца ад зарадаў нейкага мясцовага Вальдэмара: Романіііііяя-Романііііія. Стадыён у адказ таксама нядрэнна зараджае. Разумеем, што ўдвох перакрычаць румынаў ня здолеем, але рыхтуемся.
Каманды выходзяць на разьмінку: шалёныя авацы сваім і шалёны сьвіст у бок нашых.








Нарэшце, гімны. Дзярэм глоткі, але ж нас, да жалю, ледзьва чутно. Румынскі гімн сьпяваюць усе, хто ёсьць. Сьвісток - матч пачаўся. Нашыя спробы зарадзіць патнулі ў цыганскім гвалце :( - ну й ладна, мы пачакаем.





Зь першых хвілінаў матча зьлева ад нас група мясцовых ультрасаў пачала актыўна зараджаць. Было іх там чалавек 30-40, але фэнамэнальная акустыка стадыёна рабіла сваю справу: складвалася ўражаньне, што зараджае як менш палова стадыёна.
Як звычайна, ад пачатку матча мы на нагох. Ага, пастаялі хвілінаў 5. Падвальвае сьцюард і кажа - сядайце. А што - стаяць забаронена? Так, забаронена. Слухайце, шаноўныя, гэта ж не тэатр, гэта ж футбол! Сядайце, вам кажуць, вы людзям перашкаджаеце глядзець. Хлопцы, упершыню за апошнія гады я адчуў сябе кузьмою: бяз банэраў, без сьцяга, сяджу ў крэсьле на матчы нацыянальнай зборнай. Гэта поўны П!
Першы спрэчны гол (у нас, канешне ж, не было паўтораў, але падалося, што румын быў у офф-сайдзе) - і шалёны роў стадыёна. Але ня доўга радваліся цыганы - прыгожы адказ ад беларусаў не прымусіў сябе чакаць! І адразу ж зарадзілі: Беларусь-Беларусь! Ня ведаю, ці пачулі нас хлопцы, але падалося, што яны пачалі шукаць вачыма на трыбунах тых, хто вітаў іх. Напрыканцы першага тайма нерэалізаваная магчымасьць вырвацца наперад крыху засмуціла.
Між тым, цыганскія ультрас зараджалі няшмат - хвіліне на 35-40 іх проста вывелі са стадыёна. Падыйшлі сьцюарды - і вывелі іх са стадыёна. Мы афігелі другі раз. Нельга банэры, нельга сьцягі, нельга стаяць, нельга зараджаць! І гэта ў ціпа дэмакратычнай дзяржаве - чальцы Эўразьвяза! Ды ну іх нафік!
За што ў бок нашае брамы прызначылі пенальці мы так і не зразумелі. Хацелася зарадзіць “Судзьдзя - румын!”, але падумалі, што жывымі са стадыёна ня выйдзем. На шчасьце, хуткі прыгожы адказ ад нашай каманды вельмі парадваў. У гэты раз наш зарад падрымалі й расейцы, за што ім ячэ раз дзякуй.





ДЗЕНЬ ДРУГІ: Масьля матчу
Пасьля фінальнага сьвістка цыганы абсьвісталі сваю зборную. Чаму - мы не зразумелі. Можа, яны чакалі разгрому беларусаў з лікам стопяццот-нуль? Дык гэта - нашыя хлапцы ня пальцам робленыя, праўда?  Пасьля матча шмат хто з румынаў падыходзіў, казаў пра тое, што “Good job, but unfortunately we both go home ”.
Разьвіталіся з расейцамі й хуценька пабеглі да аўтобуса забраць сьцягі і банэры. Ага, пабеглі. Вось толькі аўтобуса на тым мейсцы не было  Упс - падумалася нас - Велес заб’е. Але паразважаўшы хвіліну прыйшлі да высновы: аўтобус з камандаю паедзе назад у гатэль, журналісты - таксама, там мы іх і сустрэнем. Хуценька сабраліся й ламануліся ў бок гатэлю. У швэйцара на ўваходзе ўдакладнілі, ці вернецца зборная ў гатэль. Пачалі чакаць.
І вось ён - аўтобус. Едуць! Вітальны зарад. З аўтобуса выходзіць Штанге, накіроўваецца да нас, працягвае руку й кажа: дзякуй вам, што прыехалі. Мы афігелі! Мы рэальна афігелі. Як бы не ставіліся мы да асобы Штанге, як да спецыяліста, але тое, што галоўны трэнер зборнае падыйшоў паціснуць руку прыемна ўразіла. Потым яшчэ падыходзілі футбалісты, дзячылі. Ад нечаканасьці я нават нікога ня мог пазнаць, назваў Гутара Юрам - карацей, разгубіўся.







І вось ведаеце - вось гэты момант быў варты таго, што мы наматалі 3 тысячы кілямэтраў. Адзін з самых запамінальных момантаў жыцьця. І дзякуй Зьмітру за тое, што мы ўсё ж ‘ткі выбраліся, а нашым жонкам (letuciennie i irisation) - што адпусьцілі ;) Дзякуй хлопцам за гульню. Дзякуй здымачнай групе АНТ за магчымасьць наведаць перадматчавую трэноўку. Дзякуй Сяргею Сафар’яну за квіткі на матч. Дзякуй геру Штанге за працу. Дзякуй фотакамэры Canon за здымкі, дарозе Кіеў-Вільча-Нароўля-Менск за магчымасьць напісаць гэтую справаздачу, а гурту Океан Ельзи за файную музыку. Дзякуй вам за тое, што дачыталі да канца. А я пайшоў зьбірацца ў Тбілісі :)













football, vandrouki, belarus, вандроўкі, ole-ole, беларусь, Я

Previous post Next post
Up