Jan 09, 2011 10:27
Дзякуй усім хто напісаў словы падтрымкі. Адказваць кожнаму шмат часу займе таму вырашыў адказаць усім разам.
Пра геройства. Карацей ніякага геройства з майго боку няма. Мне 37 гадоў, 120 кілаграмаў баявой вагі :-), на твары пры бліжэйшым агляданні можна заўважыць 5 блізнаў, якія гавораць пра тое, што - выражаючыся брутальна - па мордзе мне даводзілася атрымоўваць. Гэта непрыемна, але асаблівага страху перад гэтым у мяне няма.
У мяне вышэйшая юрыдычная адукацыя. Правы свае ведаю.
Сядзець мне даводзілася. Арыштоўвалі шмат, у 2005 годзе ў разгар канфлікта вакол Саюза палякаў была нават справа ўзбуджана крымінальная. Я дарэчы тады адмовіўся падпісваць падпіску аб невыездзе, што аўтаматычна павінна за сабой цягнуць арышт. Але палітычныя справы, яны з крымінальным і крымінальна-працэсуальным правам маюць не шмат агульнага… Тут усё вырашае палітычная неабходнасць. Таму яны гэта праглынулі і я раз’язджаў па ўсёй краіне, а праз Расею і Украіну нават ездзіў у Польшчу.
Пра КГБ. Ведаеце, я іх усіх уключна з прыбіральшчыцамі, што там прыбіраюць, кіроўцамі, што іх возяць, жанчынамі, якія з імі спяць лічу за мутантаў. Іхная фірма столькі людзей забіла, што калі б пралітую кроў сабраць у адным мейсцы то атрымалася б мора. Мора чалавечай крыві. А колькі слёзаў? Акіян…. Працаваць там, ну гэта як пайсці працаваць у гэстапа. Трэба каб унутры нешта не так было. А якая павага можа быць да гэстапа? Зразумела лукашэнкаўскае КГБ гэта не ёсць у поўным значэннні гэтага слова гітлераўскае гэстапа. Але гэта як вампір, якому вырвалі зубы. Прага крыві застаецца, а кусаць ужо ня можа.
Пра страх. Галоўнае не баяцца. Псіхалагічна быць падрыхтавываным да зняволення ці да болю. Калі ты не баішся ўся іхная ўлада над табой скончылася.
Думаю, што ўся гэтая гісторыя звязана з маёй журналісцкай працай. Калі прааналізаваць польскія СМІ (а ўлады гэта робяць), то бачна, што “Газэта Выборча”, найбольш актыўна асвятляе падзеі пасьля 19 снежня. З 19 пісаць даводзіцца кожны дзень. Вельмі часта ўдаецца прабівацца на першую старонку. Наша газэта мае ўплыў і палітыка Польшчы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, не без удзелу “Газэты Выборчай”, таксама выразна абвострылася. Таму мяне хацелі пугануць. Наўрад ці лічылі, што гэта нейкі радыкальны вынік дасць, але магчыма трохі “собьёт спесь”
Я перакананы - тое, што мяне ўдарылі, выражаючыся юрыдычным тэрмінам, “эксцес выканаўцы”. Гэта значыць - гэта не было ўзгоднена. “Зайца” проста панеслі нэрвы. На дадатак ён біў каб спалохаць, а не каб нешта пашкодзіць ці каб надта забалела. Калі будзе дэмакратыя і яго будуць судзіць за гэта, думаю, што стан ягонага здароўя (псіхічнага ці псіхалагічнага) можа стацца галоўным на што будзе звяртаць увагу ягоная абарона.
Чаму я пра гэта напісаў. Учорашнія падзеі ў будынку па вуліцы Тэльмана 3, не першы і нажаль не апошні эпізод ціску з якім мне даводзілася сутыкнуцца. Пакуль будзе Лукашэнка будзе прысутнічаць ціск. У рознай форме. І яны павінны ведаць, што я буду сябе бараніць. Бараніць сябе я магу толькі апісваючы, тое што адбываецца ў Інтэрнэце і газэце, пішучы скаргі. Калі гэтага не рабіць іх нахабнасць будзе павялічвацца.
Ну і апошняе - я ведаю, што я не “сам на сам” з імі. За мной вялікая і ўплывовая газэта, дзе я працую і вялікая і ўплывовая арганізацыя - маецца на ўвазе Саюз палякаў на Беларусі.
Падсумоўваючы ўсё напісанае - людцы даражэнькія, ну дзе тут геройства? Калі б на маім мейсцы апынуўся 18-гадовы студэнт-ачкарык, дык гэта можна б было назваць высокімі словамі. А так, ерунда.
ЗЫ Недзе пасьля першай гадзіны майго маўчання “Гламур” запытаў ці быў я ў піянерах і ўзгадаў кніжку пра Мальчыша-Кібальчыша Магчыма гэта адзіная кніжка якую ён прачытаў і адзіны станоўчы герой якога ён ведае.
Пра выкарыстанне і пераклад таго, што я напісаў - калі ласка, калі цікава, можаце выкарыстоўваць.
Гламурныя зайцы з УКГБ,
КГБ