У траўні 2019 года ў Воршы на афіцыйным узроўні адзначалася 100-годдзе футболу ў горадзе. Зроблена гэта было пасьля шэрагу публікацый, напісаных намі ў блогу. Сьвяткаваньне пасьпелі зрабіць праз год, бо фактычная дата юбілею была ў 2018-м. Выдатна, што арганізатары ўспомнілі і запрасілі цэлую нізку вядомых сталай публіцы гульцоў! Аднак былі і незгаданыя імёны. Мы неаднаразова пісалі ў блогу пра трэнера «Старта» Рувіма Аўцына, які вывеў нашу каманду і ўвесь аршанскі футбол на новы ўзровень, а менавіта на пазіцыі рэгулярнага, а не эпізадычнага ўдзелу ў агульнанацыянальных спаборніцтвах. Яшчэ адно незаслужана забытае імя - Міхаіл Нірман. Калі ядро аршанскага футболу спачатку было на чыгунцы, потым, дзякуючы Аўцыну, яно на доўгія гады перамясьцілася на завод «Легмаш». Міхаілу Нірману на заводзе «Чырвоны барацьбіт» цягам многіх гадоў удавалася ствараць моцную канкурэнцыю двум удзельнікам чэмпіянату рэспублікі, «Старту» і «Тэмпу». Ягоная каманда «Станкабудаўнік» у 1972-м годзе нават сама выступіла ў чэмпіянаце БССР. Упершыню ў гісторыі адразу тры каманды з Аршаншчыны адначасова згулялі на такім узроўні.
Варта адзначыць, лёс ня быў лагодным да Міхаіла Аркадзевіча і ягоных сваякоў. Вельмі вялікі сьлед у ягоным жыцьці пакінулі падзеі вайны. Сям’я паходзіла з Дуброўны. Пяць чалавек з прозьвішчам Нірман былі замучаныя гітлераўцамі ў мястэчку падчас вайны. Дарэчы, у спісе пацярпелых жыхароў Дуброўны ёсьць і людзі з прозьвішчам Аўцын. Як пісаў у сваім матэрыяле дасьледчык Аркадзь Шульман, брат Міхаіла Нірмана Рыгор адправіўся служыць першым, у чыгуначныя войскі на пабудову дарогі Казань - Сталінград. Нягледзячы на кепскі зрок, яго прынялі вучыцца ў кулямётчыкі, а пасьля ён адправіўся на фронт, куды рваўся столькі часу. Дасылаў паштоўкі з фронту, але ў тым жа 1943-м загінуў пад Варонежам. Брат Міхаіл адправіўся на фронт у сакавіку 1943-га ў бронетанкавыя войскі, а затым быў адабраны ў матацыклетны выведчы полк. За чатыры месяцы вучобы засвоіў кіраваньне мадэлямі М-72 і «Харлі-Дэвідсан». На 1-м Украінскім фронце Нірман прыняў актыўны ўдзел у вызваленьні Жытоміра і Кіева. Таксама вызваляў ад нацыстаў Беларусь і Польшчу. Дайшоў да Берліна. І вось тут здарылася цяжкое раненьне. 27-га красавіка 1945-га, ужо ў сталіцы Трэцяга Райху, матацыкл падарваўся на міне, дваіх саслужыўцаў родам з Сібіру забіла на месцы, а Міхаіл Нірман быў цяжка паранены ў нагу. Ён дзьве гадзіны праляжаў у зоне баёў, пакуль яго ня вынес адтуль Аляксандар Шароў, савецкі жаўнер родам з Масквы.
Пра Міхаіла Нірмана ёсьць зьвесткі ў кнігах «Слово памяти» і «Горечь и боль», што напісаў
аршанскі дасьледчык Генадзь Віньніца, які цяпер жыве ў Ізраілі. Ён сябраваў зь Нірманам
Два ордэны Славы, ордэн Чырвонай зоркі і нізка медалёў - гэтым быў адзначаны Міхаіл Нірман за службу. Акрамя таго, яго прадстаўлялі на званьне Героя Савецкага Саюза. Але пакуль Нірман лячыўся ў шпіталі, з дакументамі па нехлямяжасьці адказных асобаў нешта здарылася, і Міхаіл Аркадзевіч так і не прымерыў зорку героя. Амаль два гады пайшлі на цяжкое лячэньне ад раны ў шпіталях Казані і Ульянаўска. Як толькі быў выпісаны, Нірман вярнуўся ў Беларусь і прыехаў у Воршу. Сюды ён уладкаваўся працаваць на завод «Чырвоны барацьбіт», які і стане ягоным месцам працы надоўга. Трэці брат Гера працаваў гадзіньнікавым майстрам. Рабочы ў ліцейным цэху, герой вайны Міхаіл хадзіў на працу на мыліцах. Але, як яшчэ малады і актыўны чалавек, Нірман спрабаваў адмовіцца ад іх, хадзіць самастойна. Моцна дапамог спорт, ды так, што ужо неўзабаве Міхаіл змог гуляць у футбол, быў брамнікам у заводзкай камандзе, якой потым будзе кіраваць як начальнік. Але спачатку Нірман узначаліў спартовую арганізацыю завода, натуральна, узяўшы шэфства над футбольнай дружынай. Быў і дырэктарам басейна.
«Станкабудаўнік» доўга быў адной з наймацнейшых каманд Воршы, асабліва пасьпяховыя гады дружыны прыйшліся н а перыяд у канцы 60-х - пачатку 70-х. У 1969 і 1971 выйграныя чэмпіянаты вобласьці, у 1969 яшчэ і прафсаюзная спартакіяда Віцебшчыны, у 1970 і 1971 чэмпіянаты горада. Прычым Міхаіл Нірман уласнай рукой падпісваў некаторыя фотаздымкі каманды.
1970 Станкабудаўнік - чэмпіён Воршы
Верхні шэраг: Л.Хрытанаў (трэнер), М.Забэла, М.Вальковіч, А.Шалатонін, М.Вуглік, В.Сталяроў,
І.Тырын, М.Платонаў, М.Батура, У.Вусьцінаў, У.Мацулеў, Г.Старыкоў, М.Нірман (начальнік каманды).
Ніжні шэраг: А.Жалезьнікаў, Я.Кунін, І.Пашкевіч, У.Іваноў, У.Клыкоўскі, Л.Таўгер, М.Кажамяка.
У 1972-м каманда выступіла ў ІІ групе чэмпіянату БССР. Прычым завадчане згулялі настолькі пасьпяхова, што сходу занялі 2-е месца, саступіўшы толькі менскаму СКА, які пайшоў на павышэньне. Шкада, але ўзімку 1973-га каманду напаткалі праблемы, зьвязаныя, верагодна, з рашэньнем дырэкцыі завода, і на чэмпіянат БССР «Станкабудаўнік» не заявіўся. Вярнуцца на ранейшы ўзровень каманда ўжо не змагла, хаця часамі яшчэ паказвала сябе. У 1976-м правяла і выйграла таварыскі матч у зборнай Вільні 4:2, у канцы 70-х пасьпяхова змагалася за ўнутрыгарадзкія прызы, а таксама ў турнірах пад эгідай таварыства «Чырвоны Сьцяг», да якога адносілася і спартовая арганізацыя аршанскіх станкабудаўнікоў.
Міхаіл Нірман
Галоўным стваральнікам посьпехаў «Станкабудаўніка» быў Міхаіл Нірман. Па ўспамінах ветэранаў аршанскага футболу, асаблівую важнасьць для Нірмана мелі паядынкі са «Стартам», які трэніраваў таксама франтавік, ягоны сябар па жыцьці, але непрымірымы праціўнік на футбольным полі Рувім Аўцын. Гульні «Станкабудаўніка» і «Старта» праходзілі ў зацятым змаганьні. Менавіта на «Чырвоным барацьбіце» пачалі сваю кар’еру вядомыя аршанскія футбалісты Цьвяцінскі, Гелакаў, Кунін, Шалатонін, Малафееў, Вуглік і іншыя. Леанід Хрытанаў пасьпяхова гуляў, а затым і трэніраваў каманду.
Міхаіл Нірман памёр некалькі гадоў таму. Ён пахаваны на габрэйскіх могілках Воршы, побач зь якімі і жыў. На вялікі жаль, нягледзячы на звароты да чыноўнікаў з Аршанскага райвыканкаму, Міхаіл Нірман, як, зрэшты, і Рувім Аўцын, ня маюць ніякага ўшанаваньня на вуліцах горада, для якога яны працавалі доўгія гады. Ні ваенная доблесьць і шматлікія ўзнагароды за гэта, ні відавочныя футбольныя дасягненьні, якія праславілі Воршу на ніве спорту, не далі лянотным функцыянерам падставы назваць у гонар гэтых людзей вуліцы і зьмясьціць мемарыяльныя шыльды на дамах альбо прадпрыемствах. Затое ёсьць шмат назваў у гонар людзей, якія ня мелі дачыненьня да Воршы і ў цэлым да Беларусі, а іхныя дасягненьні часта сумнеўныя. Згадкі ж пра Нірмана і Аўцына няма нават у новаствораным музеі спорту, які месьціцца ў Лядовай арэне. Але час мінае, зьмяняюцца людзі, іх стаўленьне да гісторыі. І нельга сказаць, што працэсы ідуць сутнасна ў адмоўны бок, ёсьць і шмат станоўчага. Мы і надалей будзем публікаваць матэрыялы пра вядомых людзей аршанскага футболу, у тым ліку інфармацыю пра Міхаіла Нірмана. Памятайце тых, хто закладаў традыцыі гульні №1 у Воршы!