Наўздагон
пасту пра мой шлях да нашае мовы, парады ад спадара Аміля:
1. Пачынайце з асобных беларускіх словаў і выразаў у сваёй расейскай гаворцы. Скажам, зь «дзякуй - калі ласка», але ні ў якім разе не кажыце гэтых словаў сьмехам. Усё павінна крыху нагадваць сытуацыі з твораў клясычнай расейскай літаратуры, дзе героі, каб падкрэсьліць думку, выкарыстоўваюць францускую мову, гаворачы збольшага па-расейску. Нічога ненармальнага ў зьмяшэньні моваў няма, таму не паддавайцеся на наезды, маўляў, давай размаўляй на нейкай адной мове.
2. Кіньце пустыя дыскусіі аб тым, чаму нам варта размаўляць па-беларуску і чым беларуская мова лепшая альбо горшая. Гэта бессэнсоўныя спрэчкі. Беларуская мова лепшая, бо яна нашая, і нам яе даў Бог. Гэта - найлепшы і адзіны аргумэнт. Запомніце: выбар мовы - гэта аксіёма, а не тэарэма. У спрэчках пра выкарыстаньне тае ці іншае мовы ня можа быць лёгікі, а рацыянальныя аргумэнты ня могуць быць вычарпальныя. Глупства - параўноўваць мовы багацьцем лексыкі, старажытнасьцю і іншымі суб’ектыўнымі крытэрамі. Спробы давесьці, што «белмова ня горшая за...» або «ня менш мілагучная, як...» сьведчаць толькі пра наяўнасьць комплексу непаўнавартасьці. Адначасова барані вас Божа абражаць пры тым іншую мову. Не прыпадабняйцеся да апанэнтаў у іх дзікунстве. Мы змагаемся ня супраць расейскай мовы, а за правы беларускай мовы. За сваю годнасьць.
3. Не сьпяшайцеся і пашырайце сфэру свайго маўленьня па-беларуску паступова, каб не траўмавацца, шукаючы аднадумцаў. Пры пераходзе на белмову вы мяняеце свой сьвет. Пераходзячы на іншую мову, вы мяняеце нешта большае, чым мову - вы перараджаецеся як чалавек. Нярэдка пры такім пераходзе людзі перажываюць свайго роду духоўнае вызваленьне, ачышчэньне ад мінулага. Перайсьці да ўнівэрсальнага ўжываньня белмовы ва ўсіх сфэрах імгненна ня ўдасца. У некаторых вузкаспэцыяльных сфэрах вы наагул ня зможаце гэтага зрабіць да сканчэньня маральнага перавароту ў грамадзтве. Выйсьце ў тым, што, нават працуючы з расейскамоўнымі дакумэнтамі і спэцыфічнымі тэхналягічнымі пытаньнямі, вы можаце выкарыстоўваць белмову ў нефармальнай камунікацыі з калегамі (абмяркоўваючы тыя самыя дакумэнты). Ваш штодзённы дэвіз - рабі хоць штосьці. Сапраўды, што замінае вам усталяваць на працы тую ж беларускамоную інтэрнэт-праграму «Опэра» ці паставіць белмову ў наладках «Гуглу»? Адцеміце, што самы эфэктыўны спосаб дзеяньня - гэта такі, пры якім відочныя толькі яго вынікі, але вінаватых знайсьці немагчыма. Таму штодня незаўважна падкопвайцеся пад існы моўны рэжым.
4. Пераходзячы на родную мову і зьмяняючы свой сьвет, зьвярніцеся да тых рэчаў, якія вас атачаюць. Пачнём з тэлевізара і радыё. Пакуль што беларускага ТБ няма, а беларускага радыё няшмат - хіба што «Свабода», ватыканскае і іншыя дробныя станцыі. Выйсьце ў тым, што калі дагэтуль вы даведваліся пра навіны ў сьвеце з расейскамоўнага ТБ ці радыё, дык ураўнуйце гэты ўплыў расейскай мовы ў сваім жыцьці нейкай іншай мовай. Пачніце слухаць/глядзець нешта на любой іншай мове, якую вы разумееце. Для ўсіх паспалітых беларусаў гэта можа быць украінская мова, а для вельмі многіх - польская. Калі ж ніякіх магчымасьцяў дзеля таго ў вас няма, дык замяніце гадзіну сядзеньня перад электроннымі СМІ чытаньнем і стаўцеся да гэтага, як да важнага занятку. Перагледзьце і тое, што вы чытаеце, пераарыентаваўшы ўсё, што магчыма, на беларускамоўныя выданьні. Вядома, гэта не павінна ісьці на шкоду вашым прафэсійным здольнасьцям - што зробіш, калі падручнік радыётэхнікі ў нас існуе пакуль толькі па-расейску.
5. Немагчыма імгненна авалодаць мовай, і вам спачатку будзе бракаваць нашых словаў для азначэньня многіх рэчаў. Не бянтэжцеся, а проста выкарыстоўвайце расейскія словы. Нічога заганнага ў выкарыстаньні замежных словаў, пакуль бракуе сваіх, няма. Многіх забаўляе звычка каўкаскіх і сярэднеазіяцкіх народаў былога Саюзу шчодра перасыпаць расейскімі тэрмінамі сваю гаворку. Часам у ёй ад роднай мовы застаюцца толькі дзеясловы-зьвязкі, прыметнікі ды службовыя словы (як вам «регистрация дар райотдел»?). Акурат такое юзаньне словаў імпэрскай мовы калянізаванымі дазволіла ім захаваць сваю ідэнтычнасьць, тады як беларусы, пазбаўленыя імпэрскай практыкай магчымасьці казаць усё-усё-усё па-свойму, пераходзілі на «багацейшую» расейшчыну.
Калі для нейкай рэчы вы ня можаце знайсьці ў слоўніках адпаведнай беларускай назвы, дый стварыце сваё слова - вядома, калі вам тое само ідзе ў галаву. Займайцеся толькі тым, што прыходзіць вам само сабою. Пры тым не зьвяртайце ўвагі на акадэмічныя каноны, але толькі на падставовыя нормы белмовы (абы «р» не было мяккім). Акадэмічныя каноны, слоўнікі і граматыкі фіксуюць мову і дазваляюць упарадкаваць літаратурную мову, гэта праца мовазнаўцаў, якія з акіяну разнастайнасьці народных гаворак ствараюць мову, зразумелую для ўсіх. У вас больш сьціплая задача - размаўляць па-свойму, а не займацца мовазнаўствам. Калі сёньня вашае маўленьне не адпавядае ягоным нормам, дык гэта ня вашая праблема. Калі вы працягнеце размаўляць па-свойму дастаткова працяглы час, дык неўзабаве вашыя наватворы стануць акадэмічнай нормай. Няма нічога больш крохкага за аб’ектыўную рэальнасьць і акадэмічныя каноны.
6. Зразумейце розьніцу паміж гутарковай і літаратурнай мовай. Акадэмічныя каноны існуюць для літаратурнай мовы. Калі вы хочаце напісаць артыкул ці раман, які б зразумелі ўсе суродзічы, тады вы сапраўды мусіце трымацца агульнанацыянальнага канону літаратурнай мовы. Але ў размове з сваякамі няма нічога больш дзіўнага, чым размаўляць «па-граматычнаму». Таму сьмела ўжывайце наватворы, калі можаце, прысабечвайце любыя выразы і словы з усіх магчымых крыніцаў. Памятайце, што у вашай мясцовасьці абавязкова ё свой дыялект, і калі вы загаворыце бліжэй да яго, ваш патрыятычны намер будзе лепш зразуметы ў сям’і, чым калі вы раптам паспрабуеце беларусізаваць сваю сямейную камунікацыю праз чыстую літаратурную мову, якая ў вачах вашых сваякоў будзе дзівацтвам, «мовай пісьменьнікаў». Гэта ня так складана, як спачатку здаецца. Справа ў тым, што ў многіх раёнах нашай краіны людзі «паміж сваімі» і цяпер гавораць на сваёй мове, але не атаясамліваюць яе зь літаратурнай беларускай мовай.
7. Адраджайце спачатку гэтую «сваю мову», а пасьля ўжо літаратурную. Прыкра, але і сёньня многія фармальна беларускамоўныя суродзічы гавораць у хаце зь сям’ёй па-расейску. То й ня дзіва. У грамадзтве яны карыстаюцца агульнапрынятай беларускай літаратурнай мовай, але, ідэнтыфікуючы яе як нешта афіцыйна-грамадзкае, яны і іх сям’я не карыстаюцца гэтай беларускай літаратурнай мовай дома. Такое становішча фатальна адбіваецца на трываласьці пазыцыяў нашае мовы. Першаснай задачай для ўсіх ёсьць адмаўленьне ад расейскай мовы у хаце, ва ўласнай сям’і.
Паводле форуму Smorgon.Org