Паход у АП з гледзішча шоў-бізу

Nov 27, 2007 18:12

Паход рокераў у Адміністрацыю прэзыдэнта за апошнія дні абмеркавалі, здаецца, з усіх амгчымых ракурсаў. Журналіст LJ-кам'юніці nasaniva зьвярнуўся па камэнтар да прадстаўніка шоў-бізу Міхала.

- Як бы вы ацанілі гэтыя дзеяньні з гледзішча шоў-бізнэсу?
- Магу сказаць, што рокераў папросту “спалілі”. Гэты крок быў зроблены па-дубоваму. Выглядае на тое, што ініцыятараў гэтага кроку не цікавіў далейшы творчы лёс музыкаў.
- Чаму? Ім жа паабяцалі зьняць забарону на выступы…
- Калі б было жаданне перацягнуць рокераў на свой бок (ды яшчэ разам зь іхнай публікай!), то ўсё рабілася б ня так. Тады б Адміністрацыя прэзыдэнта, той самы Праляскоўскі проста далі б магчымасьць музыкам выступіць на нейкім афіцыйным канцэрце. Калі б іх пры гэтым яшчэ паказалі б па тэлебачаньні - эфэкт быў бы наймагутнейшы! Вось ужо потым, пасьля такога дазволу, можна было б паціху намякнуць музыкам, што ім ня варта ўдзельнічаць у тых ці іншых мерапрыемствах. Пры гэтым рокерская публіка была б ужо напалову заваяваная тым, што іх куміры зьявіліся на тэлевізіі.
Тое, як была праведзеная сустрэча, сьведчыць, што ніхто насамрэч не зьбіраўся перавабліваць музыкаў на свой бок. Было зроблена ўсё дзеля таго, каб пасварыць рокераў зь іх публікай - ці, прынамсі, з часткай іх аўдыторыі. Бо ў сваіх цяперашніх іпастасях яны на праўладным баку нікому ня трэба. Які ў іх імідж? Патлатыя, скандальныя, невядома чаго ад іх чакаць… Не-е, чым з такімі - лепш ужо зладзіць яшчэ адзін канцэрт Ірыны Дарафеевай!
- А абяцаныя музычныя пляцоўкі?
- Мяркуйце самі. Частка публікі ад рокераў у выніку гэтага скандалу адвярнулася. Гэта значыць, яна ня пойдзе на канцэрты. Гэтаксама ня пойдуць на гэтыя канцэрты БээРэСэМаўцы… Калі музыкам зараз дадуць вялікія залі і яны ня змогуць іх сабраць, то ніхто ня будзе вінаваты. Ім скажуць: “Значыць, такая ў вас музыка!”
- А як бы вы, з гледзішча шоў-бізу, ацанілі паводзіны рокераў?
- Яны нарабілі шмат памылак, вельмі шмат. Ні ў якім разе ім было нельга ісьці самім! Урэшце, у іх для гэтага ёсьць прадзюсары. І перамаўляцца ў такіх выпадках - гэта справа прадзюсара! І кожны прадзюсар разьлічваў бы найперш свае магчымыя прыбыткі і магчымыя страты ад тых ці іншых учынкаў і абяцаньняў. А на прапанову “адмоўцеся ад тых слухачоў, а мы вам дамо гэтых” кожны прадзюсар бы адказаў: “А давайце мы зробім так, каб нам засталіся і тыя слухачы, і гэтыя да нас прыйшлі”. Бо прадзюсар найперш зацікаўлены ў прыбытковасьці канцэртаў. Ён не зацікаўлены ў тым, каб адкідаць частку аўдыторыі ды яшчэ без гарантыі, што гэтыя страты можна будзе неяк кампэнсаваць…
- Але падтрымку з боку дзяржавы яны ўсё ж атрымалі: вунь і “Советская Белоруссия” надрукавала адмысловы артыкул…
- Варта разумець, што рокеры не рабілі выбар, яны сталіся закладнікамі сытуацыі. З аднаго боку, яны сталіся закладнікамі імітатараў ад палітыкі. Яны не вінаватыя, што нашая апазыцыя ня хоча перамагаць!..
З другога боку, яны сталіся разьменнай манэтай, цацкай у руках праўладных прапагандыстаў. Артыкул у галоўнай праўладнай газэце меў на мэце канчаткова пасварыць музыкаў зь іхнай публікай. “СБ” іх папросту “дапаліла”. Лепш ужо ганьба, чым такая падтрымка!
Артыкул у “СБ” меў на мэце канчаткова “спаліць” рокераў. Вынікам такой “падтрымкі” можа быць толькі “чорная дзірка” на месцы беларускага року. І гэта будзе вельмі прыкра! У такой сытуацыі я бачу толькі адзінае выйсьце - не аддаць нашых рокераў уладзе на ганьбаваньне. Ім паабяцалі канцэртныя пляцоўкі - хай ладзяць выступ. А мы туды прыйдзем з нашымі сьцягамі і падтрымаем іх! Бо іхная дзейнасьць - гэта большая палітыка, чым усе выступы нашых партыйных і непартыйных дзеячаў. Гэта - сапраўдная беларуская палітыка!
Previous post Next post
Up