Васіль Цяпінскі - беларускі пратэстанцкі перакладчык і пісьменнік

May 30, 2022 09:19


Васіль Мікалаевіч Цяпінскі - шляхціч, пратэстант па веравызнанню, з Полаччыны, славуты тым, што ў 1570-х гадах надрукаваў Евангелле на царкоўславянскай і старабеларускай мовах на свае сродкі ў друкарні, магчыма, размешчанай у ягоным спадчынным маёнтку Цяпіна.

Пра ягонае жыццё вядома няшмат. Нават дакладнай даты нараджэння невядома, лічыцца, што гэта адбылося прыблізна ў 1530-х гг. Жыццёвы шлях Васіля Цяпінскага быў вельмі складаны, нават калі ўлічваць тыя нешматлікія звесткі аб ім, што дайшлі да нашых дзён. Праблемы ва ўзаемаадносінах з суседзямі і родзічамі, якія нападалі на маёнткі Цяпінскіх, Інфлянцкая вайна, змены ўлады ў Вялікім Княстве Літоўскім - усё гэта прыйшлося перажыць Васілю Цяпінскаму.

Пра ягоную адукацыю нічога не вядома. Каля 1567 года В. Цяпінскі служыў малодшым афіцэрам у войску ВКЛ пад камандаваннем аршанскага старасты Ф. Кміты-Чарнабыльскага, пазней служыў у падканцлера ВКЛ А. Валовіча, троцкага ваяводы С. Збаражскага. Дарэчы, ён ажаніўся з Зоф'яй з Жыжэмскіх, пляменніцай А. Валовіча.

Па сваіх рэлігійных паглядах В. Цяпінскі быў кальвіністам, а пазней зблізіўся з антытрынітарыямі, быў асабіста знаёмы з С. Будным, які неаднаразова згадваў яго ў сваіх творах. У 1574 годзе ў вядомым цэнтры рэфармацыі ВКЛ, маёнтку Лоск, адбылася багаслоўская дыскусія з удзелам В. Цяпінскага. Незадаволенасць узроўнем асветы насельніцтва і станам старабеларускай мовы паштрухнула яго да заснавання ўласную тыпаграфію, магчыма, у радавым маёнтку Цяпіна.



Даследчыкамі лічыцца, што ў 1570-х гг. В. Цяпінскі спачатку перакладаў Евангелле на старабеларускую мову, а потым выдаў тэкст Евангелляў ад Марка, Матфея і пачатак ад Лукі з уласнымі заўвагамі. Гэта праца вымагала значных фінансавых укладанняў, як сам Цяпінскі пісаў у прадмове да выдання. Магчыма, з-за недахопу сродкаў яму не ўдалося выдаць поўны тэкст Новага Запавету. Дарэчы, у прадмове В. Цяпінскі скардзіўся, што ягоную складаную працу па пошуку старадаўніх кніг, перакладу і выданню Евангелля не ўсе знаёмыя падтрымалі і дабраславілі.

Да нашых часоў дайшлі два экзэмпляры выдадзенага ім Евангелля, якія захоўваюцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу і ў Краязнаўчым музеі г. Архангельска.



Кніга мае арыгінальную структуру: тэкст надрукаваны ў 2 слупкі (на царкоўнаславянскай і заходнерускай). Царкоўнаславянскі тэкст В. Цяпінскі запазычыў з так званага вузкашрыфтавога Евангелля, надрукаванага ў 1550-х гг. у Маскве. Уплыў на старабеларускі пераклад аказала польскамоўная Біблія С. Буднага, выдадзеная ім у 1572 годзе ў Нясвіжы.

У сваім выданні Евангелля Васіль Цяпінскі змясціў 210 глосаў (слоў-перакладаў), якія тлумачылі на палях кнігі незразумелыя ці малазразумелыя словы. Гэтыя заўвагі ўзяты ім з розных польскіх і царкоўнаславянскіх перакладаў Евангелля, што сведчыць аб глыбокіх філалагічных росшуках В. Цяпінскага, ўнікальных для ВКЛ таго часу. Шрыфт выдання стылізаваны пад шрыфты кніг Ф. Скарыны.

Перад друкаваным тэкстам Евангелля, што трапіла ў фонды Расійскай нацыянальнай бібліятэкі была змешчана прадмова, напісаная на 6 аркушах ад рукі. У ёй Васіль Цяпінскі тлумачыць прычыны, па якім ён узяўся за працу пераклада і выдання Евангелля - любоў да сваёй Айчыны, жаданне садзенічаць асвеце народа. Ён выказваў спадзяванні, што чытанне Святога Пісання на роднай мове абудзіць у дзецях жаданне і далей вучыцца на старабеларускай ("рускай") мове. В. Цяпінскі бядуе, што шляхта і "значныя паны", мужчыны і жанчыны, пагарджаюць роднай мовай, саромеюцца яе. Ён заклікае шляхту засноўваць школы, дзе вывучалі б Закон Божы на старабеларускай мове, каб дапамагчы народу, "невуцтвам сапсаванаму і засмучанаму". Такім чынам, Васіль Цяпінскі выступае як шчыры патрыёт Русі, рускай (старабеларускай) мовы, які, як і раней Францыск Скарына, апякуецца аб асвеце люду паспалітага.

У прадмове да Евангелля В. Цяпінскага гучаць ягоныя намёкі на зайздроснікаў і ворагаў, што непрыхільна ставіліся да яго рэлігійнай і асветніцкай дзейнасці. Акрамя таго, варожасць даўно пасялілася і ў родзе Цяпінскіх: варагавалі бацька і дзядзька Васіля, Мікалай і Матвей. На жаль, праблемы ў адносінах з роднымі прывялі да смерці Васіля Цяпінскага: у 1600 годзе ён, як сведчаць архіўныя дакументы, быў забіты дваюраднымі братамі. Праз 4 гады ягоная жонка, Зоф'я, разам з сынамі ў Полацкім гродскім судзе падзялілі спадчынны маёнтак Цяпіна.

Як жа прадстаўлена памяць пра Васіля Цяпінскага ў гарадской прасторы Беларусі?

У 1989 г. вуліца Пясочная ў пасёлку Азярышча (зараз у межах Мінска) была перайменавана ў вуліцу Васіля Цяпінскага.



У 2000 годзе ва ўнутраным двары Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінску былі ўсталяваны скульптуры Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага, якія, седзячы насупраць адзін аднаго, нібыта вялі багаслоўскі дыспут (аўтар - Ігар Голубеў).

Спадзяемся, што памяць аб выбітным асветніку і перакладчыку Васіле Цяпінскім будзе больш запатрабавана ў беларускім грамадстве ў ХХІ стагоддзі.

кнігадрукаванне, вялікае княства літоўскае, Васіль Цяпінскі, пратэстантызм

Previous post Next post
Up