Соф'я Слуцкая: апошняя з рода Алелькавічаў

May 30, 2022 09:14


Слуцкая земля вызначалася сярод іншых тэрыторый Вялікага Княства Літоўскага - там у канцы XІV-XVІ ст. уладарылі нашчадкі Альгерда, у Слуцку былі моцныя замкі, а на Случчыне панавала праваслаўе, якое падтрымлівалі князі Алелькавічы, чым моцна выдзяліліся сярод прыняўшай каталіцтва ці кальвінізм магнатэрыі Вялікага Княства Літоўскага.

Апошняй прадстаўніцай роду стала князёўна Соф'я Слуцкая (у шлюбе - княгіня Радзівіл), якая не пакінула нашчадкаў, але ў канцы ХХ стагоддзя набыла статус праваслаўнай святой.

У інфармацыі аб жыцці княгіні Соф'і шмат недакладнасцяў і невырашаных пытанняў. Нават дакладнасць даты нараджэння выклікае пытанні. Даследчыца Наталля Русецкая, прааналізаваўшы значны шэраг крыніц і літаратуры (навуковай і жыційнай), прапанавала лічыць найбольш верагоднай датай нараджэння князёўны Слуцкай 1 мая 1586 года. Гэта падзея адбылася ў Слуцку. Пасля смерці бацькі праз пяць дзён зусім маленькая Соф'я стала спадкаемцам Старога Слуцку з двума замкамі, а ў 1592 годзе, пасля смерці апошняга бяздзетнага дзядзькі Яны Сымона, стала ўласніцай агромністай спадчыны Алелькавічаў: Слуцка і Капыля, сямі мястэчак і 32 фальваркаў.



Маці Соф'і Барбара Кішчанка-Алелькавіч неўзабаве выйшла другі раз замуж за гомельскага старасту Андрэя Сапегу і хутка памерла (склаўшы тэстамент на мужа, а не дачку). Апекунамі Соф'і сталі далёкія сваякі, магнаты Хадкевічы (спачатку стараста жамойцкі Юры, пасля ягонай смерці - кашталян віленскі Геранім). Яны былі вінныя князям Радзівілам значныя сумы грошай, таму дамовіліся выдаць замуж Соф'ю за Януша Радзівіла і ў дадатак атрымаць 360 тыс. злотых і 500 валок зямлі. Перад меркаваным вяселлем фінансавыя спрэчкі двух знакамітых кланаў абвастрыліся, і Хадкевічы скасавалі заручыны сваёй выхаванкі. Радзівілы падалі на Хадкевічаў у суд і выйгралі справу, апошнія пакрыўдзіліся, у выніку Радзівілы з войскам падыйшлі да Вільні, дзе абарону трымалі Хадкевічы. Лакальную вайну здолелі прадухіліць пры пасрэдніцтве караля Жыгімонта III Вазы, і 1 кастрычніка 1600 г. у Брэсце адбыўся доўгачаканы шлюб. Соф'я Алелькавіч стала княгіняй Радзівіл.

Аўтары жыція Соф'і выказваюць меркаванне пра тое, што вянчанне магло адбыцца ў Свята-Мікольскім саборы, на той час кафедральным праваслаўным храме горада. Насамрэч, гэта малаверагодна, бо ў шлюбнай дамове пацвярджалася каталіцкае веравызнанне нявесты і яе права мець духоўніка-ксяндза і ахвяраваць на будаўніцтва касцёлаў.

Увогуле, вельмі шмат пытанняў выклікае веравызнанне князёўны Слуцкай. Традыцыйна яна лічыцца праваслаўнай: не магла ж жанчына, якая пры жыцці апекавалася праваслаўем на Случчыне і была пасля смерці пахаваная ў праваслаўным манастыры, быць іншай веры? Аднак даследчыца Анастасія Скеп'ян знайшла дакументы, дзе Соф'я называе сябе каталічкай і адмаўляецца браць шлюб з кальвіністам Янам Радзівілам. Ёсць меркаванні, што яна выхоўвалася ў праваслаўі, а пазней, падчас жыцця ў Хадкевічаў, перайшла ў каталіцтва.

У пачатку XVII ст. Соф'я Радзівіл актыўна падтрымлівала праваслаўе на роднай Случчыне: прымала ўдзел у справах Праабражэнскага брацтва, выдзяляла сродкі для пабудовы храмаў і шпіталяў для бедных, учыняла паломніцтвы ў святыя месцы.



Партрэт Соф'і Слуцкай

Лічыцца, што менавіта Соф'я ўгаварыла мужа спыніць распаўсюджанне ўніяцтва на Случчыне. Пасля шлюбу князёўна адпісала ўсю сваю маёмасць мужу. І пратэстант Януш, для якога галоўнымі ворагамі былі каталікі, а не праваслаўныя, вывеў слуцкія храмы з-пад юрысдыкцыі ўніяцкага епіскапа і вярнуў праваслаўным, падпарадкаваўшы канстанцінопальскаму патрыярху. То бок, магчыма, гэта была не ініцыятыва княгіні Соф'і Радзівіл, ці не толькі яе ініцыятыва, але і палітычны разлік Януша Радзівіла.

Соф'я Слуцкая пражыла ў шлюбе з Янушам Радзівілам 12 год. Дакладна вядома імя аднога з народжаных Соф'яй дзяцей: дачкі Катажыны, якая пражыла пасля нараджэння толькі 16 гадзін. Ёсць звесткі, што Кацярына не была першым дзіцём, да яе Соф'я нарадзілася сына Мікалая, які таксама памёр немаўляткам. Агульнапрынята лічыць, што памерла княгіня Радзівіл ад заўчасных родаў разам з дзіцём.

Памяць святой Сафіі Слуцкай адзначаецца Беларускай Праваслаўнай царквой 1 красавіка - гэта дзень смерці святой у 1612 годзе. Аднак Наталля Русецкая лічыць, што княгіня Радзівіл памерла 9 сакавіка 1612 года, гэтую ж дату называе Анастасія Скеп'ян. Месцам смерці назван загадкавы Амелянец - загадкавы, таму што мясцовасцяў з такой назвай у ВКЛ было шмат, у тым ліку была такая вёска і ў Слуцкім павеце (сёння Чэрвеньскі раён). Пахавана Соф'я была ў праваслаўным Слуцкім Траецкім манастыры. Слуцкае і Капыльскае княствы пасля яе смерці перашлі ва ўладанне Януша Радзівіла.

Беларуская праваслаўная царква кананізавала прадстаўніцу роду Алелькавічаў у 1984 годзе. З канца 1990-х гг. у Беларусі пачынаюць выходзіць праваслаўныя версіі яе біяграфіі, у 2005 годзе выйшла жыціе святой дабравернай Сафіі, княгіні Слуцкай.

вялікае княства літоўскае, Соф'я Слуцкая

Previous post Next post
Up