Францыск Скарына

Aug 06, 2022 18:38





Марка да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання (Беларусь, 2017).



Сёння, 6 жніўня, адзначаецца 505-годдзе беларускага кнігадрукавання - у 1517 годзе ў Празе Францыск Скарына з Полацка выдаў першую беларускую і ўвогуле ўсходнеславянскую друкаваную кнігу - гэта была «Псалтыр», кніга гімнаў са Старога Запавета.

Успомнім жа складаны і цудоўны жыццёвы шлях выбітнага палачаніна, які нашмат абагнаў свой час.

Раннія гады і атрыманне адукацыі



Марка "Полацкі перыяд Францыска Скарына" (Беларусь, 1997)

Нарадзіўся асветнік у Полацку каля 1490 года ў сям'і купца Лукі. Полацк у той час быў адным з самых буйнейшых і багацейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. Першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў, там навучыўся чытаць і пісаць. Мову тагачаснай навукі - латынь - ён засвойваў хутчэй за ўсё ў школе пры біскупскай кафедры ў Вільні, пры якой выкладалі катэхізіс, а таксама трывіяльныя прадметы - граматыку, рыторыку і логіку. Выпускнікі школы нядрэнна размаўлялі на лацінскай мове і, калі жадалі, звычайна працягвалі сваю адукацыю ў Кракаўскім універсітэце.



Марка "Кракаўскі перыяд Францыска Скарыны" (Беларусь, 1997)

У 1504 годзе Скарына паступіў у Кракаўскі ўніверсітэт на факультэт "вольных мастацтваў" і ў снежні 1506 г. атрымаў навуковую ступень бакалаўра філасофіі. Магчыма, у гэтым жа ўніверсітэце праз некалькі гадоў ён дасягнуў ступені магістра, набыўшы веды ў галіне медыцынскіх навук. Сустракаюцца не поўнасцю пацверджаныя меркаванні і аб тым, што менавіта ў тыя гады Францыск з'яўляўся нават сакратаром караля Даніі.

У 1512 годзе Францыск Скарына бліскуча здаў экзамен на атрыманне вучонай ступені доктара медыцынскіх навук у адным з самых прэстыжных тагачасных універсітэтаў Еўропы - Падуанскім. Ён стаў першым выхадцам з усходніх славян, якія ў Італіі атрымалі вышэйшую ў медыцыне навуковую ступень. Званнем доктара наш зямляк моцна даражыў: пазней у кожным сваім выданні ён зазначаў, што кнігу выпусціў "в лекарских науках доктор Франциск, Скоринин сын с Полоцка".

Пачатак кнігадрукавання

Пасля падуанскай абароны звестак пра Скарыну зноў няма на працягу пяці гадоў. Верагодна, ён перакладаў Біблію з лацінскай мовы на царкоўнаславянскую (у беларускай рэдакцыі), наведаў ВКЛ - Вільню, Полацк, іншыя гарады і заручыўся падтрымкай суайчыннікаў.



Марка "Пражскі перыяд Францыска Скарыны" (Беларусь, 1997)

Ф. Скарына ўзяў у Празе, дзе былі сталыя традыцыі кнігадрукавання, у арэнду друкарню разам з абсталяваннем і персаналам. Там выйшла ў свет 6 жніўня 1517 года першая ім перакладзеная кніга Старога Запавету - «Псалтыр». За няпоўныя тры гады ў Пражскай друкарні Скарына надрукаваў 23 ілюстраваныя, упрыгожаныя мноствам ксілаграфічных гравюр, ініцыялаў і заставак кнігі Бібліі пад агульнай назвай «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Мовай кніг была царкоўнаславянская. Карыстаючыся чэшкім перакладам „Бібліі" 1506 г. і, быць можа, лацінскай Вульгатай, Ф. Скарына імкнуўся не пакінуць   неперакладзеным аніводнага грэчаскага альбо лацінскага слова, каб чытачу быў зразумелы ўвесб тэкст. Яны былі забяспечаны прадмовамі і каментарамі, якія адлюстроўваюць канфесійныя, філасофскія і асветніцкія погляды Скарыны. Менавіта ў прадмовах і каментарах сустракаецца найбольшая колькасць беларусізмаў. Пры выданні Бібліі ён кіраваў працай, карэктаваў набор, даставаў у Германіі дэфіцытную паперу з вадзянымі знакамі.

Агульны аб'ём выданняў склаў 1200 лістоў, з іх у 1517 годзе надрукавана 324, у 1518 - 352, у 1519 - 524 лісты. За такі кароткі тэрмін немагчыма падрыхтаваць да выдання тэксты кніг і выканаць тэхнічныя задачы па іх мастацкім афармленні, значыць, у 1517 г. Францыск Скарына ўжо меў рукапіс поўнай Бібліі ў сваім перакладзе. У Празе ён не паспеў выдаць кнігі прарокаў (апрача прарока Данііла) і кнігі Новага Запавету.

Віленскі перыяд жыцця: ад шчасця да роспачы



Марка "Віленскі перыяд Францыска Скарыны" (Беларусь, 1997)

Першадрукар у пачатку 1520-х гадоў вырашыў уладкавацца ў Вільні. Там прыкладна ў 1522 годзе, дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы купца Багдана Онкава і тамтэйшага бургамістра Якуба Бабіча, аднавіў сваю выдавецкую дзейнасць і выдаў "Малую падарожную кніжыцу" - зборнік тэкстаў Псалтыры і малітваў памерам у 1/12 аркуша. Такое выданне было зручна браць у дарогу. Скарына склаў для гэтай кнігі некалькі акравершаў, пралічыў даты сонечных і месяцовых зацменняў. Услед за ёй, у 1525 годзе, Скарына надрукаваў "Апостал" - адну з найбольш распаўсюджаных у той час кніг, якая ўключала шэраг малітваў і Псалтыр, але не мела ілюстрацый.

Свае пераклады біблейскіх тэкстаў Скарына рабіў на падставе дзвюх крыніц: Вульгаты Гераніма (лацінамоўнай версіі) і чэшскай Бібліі 1506 года. Менавіта з-за асаблівасцей чэшскага перакладу, якія перайшлі і ў скарынаўскія кнігі, апошнія былі адрынуты праваслаўнай і каталіцкай цэрквамі.

Перад кожнай з кніг Бібліі Скарына дадаваў уласныя прадмовы з разнастайнымі звесткамі па гісторыі, геаграфіі, культуры і сціслы пераклад зместу. На палях даваў тлумачэнне незразумелых слоў, а таксама спасылкі на паралельныя месцы.

Упершыню ў кірылічным друкарстве Скарына ўвёў тытульны ліст, фаліяцыю старонак, прамежкі між словамі і водступы-абзацы, а таксама адмовіўся ад скарачэння слоў.

У  1525 г. друкарня Скарыны ў Вільні чамусьці спыніла сваё існаванне. У гэтым жа годзе асветнік ажаніўся з удавой віленскага купца, члена Віленскай рады Юрыя Адверніка, Маргарытай. Шлюб дазволіў першадрукару палепшыць сваё матэрыяльнае становішча і разам з жонкай прыняць удзел у гандлёвай справе брата Івана.



Помнік Ф. Скарыне ў Лідзе (1993)

Але з канца 1520-х гг. ў жыцці Скарыны пачалася чорная паласа. Спачатку памерлі ўсе ягоныя віленскія мецэнаты (Якуб Бабіч, Багдан Онкаў, Рыгор Адвернік). Летам 1529 года ў Познані памёр яго брат Іван, у 1530 годзе раптоўна памерла Маргарыта (магчыма, загінула ў вялікім гарадскім пажары, што тады быў у Вільні). На руках Скарыны застаўся малалетні сын Сімяон. Пачаліся судовыя працэсы з-за маёмасці жонкі, потым на Скарыну накінуліся крэдыторы брата, і ў лютым 1532 г. першадрукар быў арыштаваны па неабгрунтаванай даўгавой прэтэнзіі  Майсея і Лазара з Варшавы і Якаба з Познані. У турме ён сядзеў з лютага па чэрвень 1532 года, але ў выніку кароль Жыгімонт зразумеў, што Скарына абвінавачаны несправядліва і загадаў яго вызваліць, а таксама ўзяў пад сваю апеку.

Апошнія сумныя гады

Але пакінуць Вільню Скарыну прымусілі не гэтыя жахлівыя падзеі. Свецкае кнігадрукаванне выклікала процідзеянне як каталіцкага, так і праваслаўнага духавенства. Віленскі біскуп Ян (пазашлюбны сын караля Жыгімонта Старога), у якога Скарына служыў сакратаром і ўрачом, заставаўся на пасадах да 1536 года. Пасля Ян адмовіўся ад віленскага біскупства з-за канфлікту з мясцовымі магнатамі і з'ехаў у Познань. За ім пакінуў ВКЛ і Скарына, які пераехаў у Прагу разам з сынам Сімяонам. Ён прыняў запрашэнне чэшскага караля Фердынанда I і прыняў пасаду каралеўскага медыка і садоўніка. Памёр Францыск Скарына ў 1551 годзе ці ў самым пачатку 1552 года ў Празе. Ён пакінуў сыну, які таксама быў садаводам у Чэхіі, кнігі ды іншыя паперы, а нашчадкам - непаўторныя творы пісьменства і мастацтва, якія і зараз сведчаць аб розуме і любові да Радзімы няўрымслівага доктара з Полацка, Францыска Скарыны.

кнігадрукаванне, Францыск Скарына

Previous post Next post
Up