Грунвальдская бітва (1410)

Jul 15, 2022 07:53





Грунвальдская бітва 15 ліпеня 1410 года



15 ліпеня 1410 на полі каля вёскі Грунвальд у Прусіі (сёння гэта Польшча) адбылася адна з найвялікшых бітваў еўрапейскага сярэднявечча, якая стала апагеем змагання крыжакоў з Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам.

Грунвальдская бітва стала цэнтральнай падзеяй  так званай «Вялікай вайны», якая пачалася яшчэ ў 1409 годзе.

У снежні 1409 г. Ягайла і Вітаўт сустрэліся ў Брэсце, дзе быў распрацаваны план летняй кампаніі 1410 г., што прадугледжваў паход на сталіцу Ордэна Марыенбург і правядзеянне вырашальнай бітвы на ордэнскай тэрыторыі з мэтай знішчэння ўсіх узброеных сіл Ордэна, а потым заключэння выгаднага міранага дагавора.

Склад войскаў



Беларуская марка да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы (2010)

Армія Тэўтонскага ордэна пад камандаваннем Ульрыха фон Юнгінгена складалася з 51 харугвы, агульным лікам 21 тыс. конных рыцараў, 6 тыс. пешых ваяроў і артылерыстаў, каля 5 тыс. чэлядзі ў абозе. Армія крыжакоў была лепш узброена і мела баявы вопыт. У ордэнскую армію прыбылі рыцары і найміты з розных куткоў Еўропы.

Саюзнае войска складалася з 90 харугваў: 50 - у польскім войску і 40 у войску Вітаўта і налічвала 31 тыс. 500 чалавек, не лічачы ўзброенай чэлядзі ў абозе, артылерыстаў і татарскіх атрадаў на чале з Джэлал ад-Дзінам, сынам Тахтамыша (каля 2 тыс. чалавек). Ягайла камандаваў польскім войскам (і як кароль лічыўся галоўнакамандуючым), а Вітаўт - беларуска-літоўскім. Але Ягайла асабіста ўдзела ў бітве не прымаў у адрозненне ад Вітаўта, які ўзначальваў войска ВКЛ непасрэдна на полі бою.



Украінская манета да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы

15 ліпеня 1410 г. пад Грунвальдам (Польшча) войскі супернікаў сустрэліся. Саюзнікі пабудаваліся ў тры лініі працягласцю 2 кіламетры (на поўдзень ад Таненберга да Людвігсдорфа). На левым крыле саюзнага войска стаялі польскія харугвы, правае крыло складалі харугвы Вялікага княства Літоўскага і татарская конніца. У цэнтры знаходзіліся віленская, троцкая і тры мсціслаўска-смаленскія харугвы.

Пачатак бітвы

Вітаўт пры падтрымцы некалькіх польскіх харугваў пачаў атаку на левы фланг тэўтонскага войска, і пасля больш чым гадзіны жорсткай сечы з крыжакамі літоўская лёгкая конніца пачала адступаць. Гэта быў падманны манеўр, каб разбіць шэрагі крыжакоў і потым лёгка абкружыць іх і знішчыць.



Літоўская памятная манета да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы

Падчас адступлення літоўскай конніца разгарнулася сеча на правым фланге, дзе крыжакі імкнуліся знішчыць польскія войскі і захапіць харугву горада Кракаў. Бітва ішла вельмі жорсткай, Ягайла вымушаны быў разгарнуць спачатку другую, а потым і трэцюю лінію абарону, крыжакоў на ягоныя войскі вёў асабіста вялікі магістр Ульрых фон Юнгінген.

Перамога ВКЛ і Польшчы

Але літоўскія войскі перашыхтаваліся і напалі на крыжакоў з тыла, пасланыя ў абход польскія аддзелы пачалі акружаць правы фланг крыжакоў з захаду. У выніку адзін з воінаў Вітаўта, наблізіўшыся да вялікага магістра Юнгінгена, прабіў яго шыю сваёй рагацінай і скінуў з каня. Былі забітыя амаль усе комтуры Ордэна (толькі тры збеглі з поля бітвы), вялікі маршал Конрад Валенрод.



Залатая памятная манета да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы

Пад націскам, страціўшы кіраўніцтва, тэўтонскія рыцары пачалі адступаць да свайго лагера. Гэта абярнулася супраць саміх крыжакоў, калі абозная чэлядзь паўстала супраць сваіх гаспадароў і далучылася да аблавы. Бітва скончылася ў сем гадзін вечара поўнай перамогай саюзных войск.

Пасля бітвы

Каля 8 тысяч тэўтонскіх воінаў было забіта і яшчэ 14 тысяч было ўзята ў палон. У палоне затрымалі толькі тых, ад каго можна было чакаць выплаты выкупу. Былі назначаны істотныя выкупы: напрыклад, найміт Гольбрахт фон Лойм павінен быў заплаціць «шэсцьдзесят разоў суму ў 150 пражскіх грошай, што адпавядала больш чым 30 кілаграмам срэбра.

Пасля бітвы польскія-літоўскія войскі адклалі сваю атаку на тэўтонскую сталіцу ў Марыенбургу, застаўшыся на полі бою яшчэ на тры дні, і толькі пасля рушылі да сталіцы Тэўтонскай дзяржавы, праходзячы ў сярэднім па 15 км за дзень. Асноўныя саюзныя сілы прыбылі к добра ўмацаванаму Марыенбургу толькі 26 ліпеня, аблога зацягнулася, і з-за нястачы амуніцыі, баявога духу і эпідэміі дызентэрыі польска-літоўскія войскі 19 верасня 1410 года адыйшлі ад тэўтонскай сталіцы.



Аверс памятнай манеты Беларусі да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы

Крыжакі пачалі вяртаць замкі, захопленыя польскімі войскамі, да канца кастрычніка ў руках палякаў заставалася толькі чатыры крыжацкія замкі ўздоўж мяжы. Ягайла сабраў новае войска і нанёс чарговае паражэнне крыжакам у бітве пад Карановам 10 кастрычніка 1410 года. Пасля некалькіх драбнейшых стычак абодва бакі згадзіліся на перагаворы, і ў 1411 годзе ў Торуні быў падпісаны мірны дагавор, згодна з умовамі якога крыжакі саступалі Добжынскую зямлю Польшчы і згаджаліся пакінуць свае прэтэнзіі на Жамойць пры жыцці Ягайлы і Вітаўта.

Вынікі бітвы



Выява Грунвальдскай бітвы ў нядзельнай праваслаўнай школе ў Гродна

Як бачым, палякі і літвіны не змаглі пераўтварыць сваю ваенную перамогу ў тэрытарыяльную і дыпламатычную выгаду. Аднак Торунскі мір лёг фінансавым цяжарам на крыжакоў, ад якога яны так і не акрыялі. Крыжакі павінны былі выплачваць кантрыбуцыю срэбрам. Каб пакрыць гэтыя выплаты, крыжакі пачалі інтэсіўна пазычаць грошы, канфіскоўваць золата і срэбра з цэркваў і павышаць падаткі, што прывяло да паўстання ў Данцыгу і Торуні. Пасля ўваходжання Жамойці ў склад ВКЛ і канчатковага хрышчэння яе насельніцтва ў 1422 годзе, тэўтонцам стала складаней набіраць новых крыжакоў-добраахвотнікаў. У выніку, Вялікія Магістры былі вымушаны спадзявацца на атрады наёмнікаў, што дорага абыходзілася іх і без таго вычарпанаму бюджэту. Унутраныя канфлікты, эканамічны заняпад і павышэнне падаткаў прывялі да нестабільнасці краіны і заснавання Прускай канфедэрацыі ў 1441 годзе.

Грунвальдская бітва

Previous post Next post
Up