Мікалай Радзівіл Чорны

Jul 02, 2022 14:08





Памятная манета "Мікалай Радзівіл Чорны" (2015, Беларусь)

Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565) - адзін з найвыдатнейшых дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага XVI стагоддзя. Ён паходзіў з літоўскага старажытнага роду, які ўжо ў XVI ст. заняў, бадай, першае месца ў Вялікім Княстве Літоўскім па магутнаці, колькасці маёнткаў і палітычным уплыве.

Мянушку «Чорны» атрымаў за колер барады, а ягоны стрычны брат, таксама Мікалай Радзівіл, меў мянушку «Руды» таксама з-за колеру барады )))

Нарадзіўся Мікалай у 1515 годзе ў сям’і кашталяна троцкага і маршалка літоўскага Яна Радзівіла Барадатага ў Нясвіжы, які быў пасагам яго маці Ганны Кішкі.

Пасля смерці бацькі ў 1522 годзе і паўторнага шлюбу маці Мікалая і ягонага брата Яна ўзяў да сябе Юры Радзівіл («Геркулес»), і хлопцы выхоўваліся разам са стрыечным братам Мікалаем і сястрой Барбарай. Пазней рашэннем Жыгімонта Старога хлопчыкаў узялі ў Кракаў у якасці сяброў для Жыгімонта Аўгуста, добрыя адносіны з якім захаваліся на ўсё жыццё і дапамаглі Радзівілам зрабіць бліскучыя кар'еры.



Імклівае ўзнясенне па службе Мікалая Радзівіла Чорнага пачалося пасля Берасцейскага сойма 1544 г., дзе Мікалай Радзівіл вёў моцную агітацыю за перадачу рэальнай улады маладому князю ў Вялікім княстве Літоўскім. Пасля гэтага сойма Жыгімонт Аўгуст фактычна пачаў свае панаванне ў Вільні. Вялікі князь аддзячыў Радзівілу, надаўшы яму пасаду маршалка земскага, і Мікалай Радзівіл Чорны, такім чынам, узначаліў вышэйшы кіруючы орган дзяржавы. Праз два гады Жыгімонт Аўгуст за заслугі перадаў М.Радзівілу «ў дзяржаву» Шавельскае староства ў Жэмайціі.

Першы чалавек у Княстве

У снежні 1547 г. імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл V надаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму і яго брату Яну тытул князя на Алыцы і Нясвіжы, а Мікалаю Радзівілу Рудому - князя на Біржах і Дубінках. Гэта яшчэ больш узмацніла аўтарытэт Радзівілаў у Вялікім княстве Літоўскім і за мяжой. У 1548 годзе ён ажаніўся з Альжбетай Шыдлавецкай, польскай арыстакраткай, на вяселлі прысутнічаў кароль Жыгімонт Аўгуст. У сям'і нарадзілася 8 дзяцей.

Пасля шлюбу Барбары Радзівіл з Жыгімонтам Аўгустам Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага. Радзівілы сталі самым багатым і ўплывовым магнацкім родам у Вялікім Княстве Літоўскім.

Пасля смерці Барбары кароль працягваў сяброўства з братамі Радзівіламі, Чорны атрымаў ад караля пасаду віленскага ваяводы, разам з ёй гарады Клецк і Давыд-Гарадок. У 1551 годдзе ён дамогся права на захоўванне найважнейшых дзяржаўных актаў у сваім архіве. Такім чынам, Мікалай Радзівіл Чорны трымаў у сваіх руках тры найважнейшыя пасады Вялікага княства: маршалка земскага, канцлера і Віленскага ваяводы, а ў адсутнасць вялікага князя фактычна з’яўляўся некаранаваным уладаром дзяржавы.

Рэфарматар



Паштовы канверт, выдадзены ў Беларусі ў 2015 годзе ў гонар 500-годдзя з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага.

У пачатку 1550-ых гадоў Чорны, зацікавіўся пераўтварэннямі на землях Боны Сфорцы і ўбачыўшы эфектыўнасць рэформаў, стварыў адмысловую камісію, якая пачала працаваць у 1556 годзе. Разам з Чорным працавалі пісар ВКЛ Астафій Валовіч і адзін з непасрэдных выканаўцаў пераўтварэнняў на землях каралевы Пётр Хвальчэўскі. Камісія падрыхтавала Уставу на валокі, абвешчаную Жыгімонтам Аўгустам восенню 1557 года, якая на доўгія часы вызначыла гаспадараванне зямлёй у Вялікім княстве.

Чорны пагадзіўся з неабходнасцю судовай рэформы, і ў 1564 годзе згодна з Бельскім прывілеем у краіне было абвешчана стварэнне шляхецкіх саслоўных судоў. Пасля правядзення павятовай рэформы былі створаны соймікі, якія выконвалі ролю мясцовага самакіравання. У выніку дадзеных рэформ адбылася кансалідацыя шляхецкага саслоўя, а шляхта выходзіла з падпарадкавання магнатам.

Мікалай Радзівіл Чорны праводзіў цвёрдую палітыку ўмацавання дзяржаўнага суверэнітэту Вялікага Княства Літоўскага. Ужо восенню 1551 г. на сойме ў Вільні Мікалай Радзівіл рашуча выступіў супраць перамоў з польскай дэлегацыяй аб дзяржаўнай уніі Вялікага Княства Літоўскага і Рускага з Польшчай. На гэтым этапе яго падтрымліваў сам Жыгімонт Аўгуст. Вялікі князь выдаў прывілей, які гарантаваў самастойнасць Вялікаму княству Літоўскаму.



Мікалай Радзівіл Чорны на помніку тысячагоддзя Брэста (2009)

Калі ў пачатку 1565 года на Петрыкаўскім сойме Жыгімонт Аўгуст абвясціў аб скліканні ў маі агульнага польска-літоўскага сойма для заключэння уніі, Радзівіл Чорны ў пачатку сакавіка на чале 6-тысячнага аддзела конніцы падступіў да Вільні і стаў абозам ля горада. А ў канцы красавіка «на падставе абароны свабод Літвы» Чорны заняў горад. Палякі не адважыліся нагадваць Жыгімонту пра унію, і ў прызначаны час сойм не адбыўся.

Незалежніцкая пазіцыя віленскага ваяводы каштавала яму поўнага разрыву адносін з сябрам дзяцінства каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам. Дзякуючы яго настойлівасці на соймах дзяржаўную унію з Польшчай удалося адцягнуць на некалькі гадоў. Люблінская унія была заключана ў 1569 г., ужо пасля яго смерці, і бясспрэчна ёсць заслуга Мікалая Радзівіла Чорнага ў тым, што Вялікае Княства Літоўскае ня стала часткай Польскага Каралеўства і захавала сваю самастойнасць.

Першы кальвініст ВКЛ



Мікалай Радзівіл Чорны, паштовая марка Беларусі 1996

Мікалай Радзівіл ўзначаліў рэфармацыйны рух у ВКЛ, у якім у тым ліку бачыў сродак пазбегнуць замежнага рэлігійнага ўплыву. У пачатку 50-х гадоў XVI ст. ён далучыўся спярша да лютэранства, а праз два гады перайшоў у кальвінізм. Радзівіл падтрымліваў сувязі з прадстаўнікамі асноўных пратэстанцкіх плыняў, стаў галоўным пратэктарам Рэфармацыі ў краіне. Яго палітычны ўплыў і аўтарытэт абумовілі пераход значнай часткі шляхты ў пратэстантызм. Шэраг іншых магнатаў (хто ад чыстага сэрца, хто з разлікам, а хто імкнучыся патрапіць у духу моды) пачалі пашыраць рух кальвіністаў па ўсім Вялікім Княстве, арганізоўваючы не толькі сотні ніжэйшых кальвіністкіх школ, але гімназіі ў Вільні, Слуцку, Навагрудку, Нясвіжы, Віцебску і іншых гарадах.

Пры патранажы Радзівіла Бярэсце і Нясвіж сталі цэнтрамі пратэстанцтва на Беларусі, у гэтых гарадах былі адчынены Берасцейская і Нясвіжская друкарні. Пры садзейнічанні Мікалая Радзівіла ў 1563 годзе была надрукаваная славутая Берасцейская Біблія.



Памятны знак у гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Брэсце (2017)

Берасцейская, ці радзівілаўская, Біблія ўяўляла сабой польскі пераклад поўнага зводу Бібліі, найбуйнейшага па аб’ёме і аднаго з найлепшых па мастацкіх і паліграфічных якасцях рэнесансавага выдання. У Берасцейскай друкарні працавалі вядомыя польскія друкары Бярнард Ваяводка, Станіслаў Мурмэліус, паэт, перакладчык і кампазітар Цыпрыян Базылік. У 1558 годзе выдадзены зборнік Яна Зарэмбы, які лічыцца ўзорам нотадрукавання ў ВКЛ.

Для распаўсюджання ідэй Рэфармацыі Радзівілы запрашалі прапаведнікаў з Еўропы, галоўным чынам з Польшчы. Адным з такіх дзеячаў, запрошаных у 1558 годзе ў Вільню, быў Сымон Будны. У хуткім часе яго перавялі ў Клецк, а яшчэ праз два гады ў Нясвіжы была адчынена друкарня. Акрамя Сымона Буднага ў ёй працавалі такія вядомыя дзеячы Рэфармацыі, як нясвіжскі стараста Мацей Кавячынскі, кальвінісцкі прапаведнік Лаўрэнцій Крышкоўскі; многія выданні выходзілі з прысвячэннем знатнаму патрону.



Марка з канверта "450-годдзе выдання С. Будным у Нясвіжскай тыпаграфіі "Катэхізіса"" (Беларусь, 2012)

Паколькі пратэстантызм змагаўся за права весці набажэнствы на нацыянальных мовах, то кальвіністы ВКЛ нароўні вызвалення ад латыні ставілі пытанне адмовы ад царкоўнаславянскай мовы. З гэтай мэтай у Нясвіжы ў 1562 годзе была надрукавана першая кніжка на старабеларускай мове на тэрыторыі сучаснай Беларусі - «Катэхізіс», выпушчаная Сымонам Будным. «Катэхізіс» прызначаўся «.. для простого народу руського и для хрестыянских деток руских». Думка аб неабходнасці панавання роднай мовы знайшла шчырых прыхільнікаў сярод дробнай шляхты і баярства, аднак не сярод магнатаў (у тым ліку і сярод Мікалая Чорнага).

Мікалай Радзівіл Чорны памёр ад наступстваў няўдалага лячэння падагры ртуццю ўноч з 28 на 29 мая 1565 года. Ягоныя сыны перайшлі ў каталіцызм, Вялікае Княства Літоўскае ўсё ж аб'ядналася з Польшчай, але памяць аб Мікалае Радзівіле Чорным ня згасла.



Бігборд з праекта "Родныя даты" з выявай Мікалая Радзівіла Чорнага.

Мікалай Радзівіл Чорны з'явіўся на бігбордах Беларусі ў рамках кампаніі «Родныя даты» ў 2014 годзе. У 2015 годзе адзначалася 500-годдзе з дня нараджэння слыннага канцлера ВКЛ, у 2017 годзе быў усталяваны памятны знак у гонар Берасцейскай бібліі, а ў 2019 годзе падчас святкавання тысячагоддзя Брэста жыхарам горада прадставілі факсімільнае выданне дадзенай кнігі (якое, дарэчы, важыла 15 кг і мела 1500 старонак).  На жаль, вуліцы ў гонар нясвіжскага князя пакуль у Беларусі няма.

мікалай радзівіл чорны

Previous post Next post
Up