Замкі Беларусі XV ст.

Jun 17, 2022 18:39





Замак Вітаўта. Гравюра XVI ст. Фота: ru.wikipedia.org


Гродзенскі замак

Драўляныя ўмацаванні ў сутоцы Нёмана і Гараднічанкі існавалі па некаторым дадзеным з канца Х ст. Горадзен (старажытная назва Гародні) неаднаразова гарэў, але значэнне гэтага заходняга фарпоста ўсходніх славян было такое важнае, што яго штораз аднаўлялі зноў. Калі ж замак чарговы раз згарэў у 1398 годзе, гэта ледзьве не каштавала жыцця вялікаму князю Вітаўту, які якраза тады ночыў у замку. У выніку ім было прынята рашэнне пабудаваць каменны замак у Гародні, тым больш горад вельмі часта турбавалі крыжакі. Таму ўсяго за пяць год, з 1398 па 1402, над Нёманам паўстала магутная фартэцыя, яе сцены трохметровай таўшчыні былі зроблены з каменя і вялікапамернай цэглы і дасягалі вышыні 6-8 метраў. Замак меў пяць веж, у тым ліку вежу-браму, круглую ў аснове вежу-слуп і яшчэ тры квадратныя ў аснове вежы памерам 12 на 12 м. Вежа-брама з турмой пад ёй мела пад'ёмны мост цераз сухі роў. У лінію абароны ўваходзіў новы каменны палац Вітаўта, які меў памеры 45х15 метраў. Уся архітэктура замка мела гатычныя рысы.



Беларуская марка "Гродзенскі стары замак, з гравюры XVI ст." (2005)

Магутны замак вельмі ўразіў крыжакоў у 1402 і 1403 гадах, яны нават не наважыліся яго штурмаваць. А пасля перамогі ВКЛ у Грунвальдскай бітвы для замка пачалося мірнае жыццё. Тут святкавалі вяселле Вітаўта з Юльянай у 1416 годзе. Паступова Гродзенскі замак пачаў губляць сваё стратэгічнае значэнне, ператвараючыся ў велікакняжацкую рэзідэнцыю, а потым і ў месца правядзення пасяджэнняў гарадскіх і гродскіх судоў Гродзенскага павета, а таксама захоўвання актавых кніг гэтых устаноў.

У 1580-х гг. кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторыя стварыў у Гародні сваю рэзідэнцыю, у выніку чаго стары замак Вітаўта быў карэнным чынам перабудаваны. У ХХІ стагоддзі замак рэстаўруецца менавіта ў выглядзе барочнай рэзідэнцыі Баторыя, а не гатычнага замка Вітаўта.



Аршанскі замак у XVI ст. Фота: be.wikipedia.org

Аршанскі замак

Адначасова з Гродзенскім замкам будавалася фартэцыя на ўсходзе сучаснай Беларусі - у Оршы. Мураваны 5-вежавы замак узводзіўся ў 1398-1407 гг. мясцовым насельніцтвам  пры ўдзеле майстра-муляра з Крулеўца (сучасны Калінінград).  Падмурак сцен і вежаў меў вышыню каля 1 м і быў складзены з валуноў сярэдніх памераў. Сцены былі зроблены ў тэхніцы «паласатай муроўкі», дзе рады падагнаных валуноў выраўнаваны радамі буйнапамерных цаглін.

Па эканамічных і палітычных прычынах Аршанскі замак быў не да канца змураваны і ў XV ст. дабудаваны з дрэва. Толькі пасля 1620 гадоў яго цалкам дабудавалі з каменю. будаўніцтва замка было павіннасцю жыхароў горада.

Аршанскі замак шмат разоў падвяргаўся аблогам. У 1500 годзе 3 гады ўтрымлівалі войскі Рускай дзяржавы, але потым замк быў вернуты ў склад ВКЛ.  Доўгую аблогу рускіх войскаў замак паспяхова вытрымаў у 1562-1564 гадах, але падзеі вайны 1654-1667 года паміж Рэччу Паспалітай і Рускай дзяржавай прывялі да поўнага заняпаду Аршанскага замку, які перастаў выконваць свае абарончыя функцыі.



Навагрудскі замак, адзін з варыянтаў рэканструкцый. Фота: https://wouk.livejournal.com/30203.html

Навагрудскі замак

Моцны драўляны замак з мураванай вежай-брамай быў у Навагрудку, але ў 1394 годзе яго моцна пашкодзілі крыжакі. У выніку да 1410 года драўляныя ўмацаванні паступова змянілі на каменныя, лічыцца, што старая брама стала вежай па назве Шчытоўка. Яна мела пяць паверхаў, вышыню 25 м і таўшчыню сцен 2,7 м. Акрамя яе былі пабудаваныя вежы пад назвамі Касцельная, Малая брама, Пасадская і Калодзежная вежы. Апошняя была пабудаваная над крыніцай на ўсходнім схіле замкавага пагорка. У такім выглядзе замак праіснаваў да канца XV ст., калі ўзмацнілася небяспека з боку крымскіх татараў. Замак сталі дабудоўваць: паміж Шчытоўкай і Пасадскай узвялі вежу Дазорца, каля Калодзежнай вежы з'явілася Меская брама. У выніку Навагрудскі замак стаў адной з найбольш магутных фартэцый беларускіх зямель, і крымскія татары ў час аблог 1505 і 1506 гадоў так і не змаглі яго ўзяць. Аднак у сярэдзіне XVII ст. яго двойчы узялі штурмам рускія войскі, а ў 1706 годзе шведы ўзарвалі замак. Зараз над горадам узвышаюцца рэшткі Шчытоўкі і Касцёльнай вежы, апошняя ў ХХІ стагоддзі была дабудавана і узмоцнена.

Навагрудскі замак, Гродзенскі замак, Аршанскі замак

Previous post Next post
Up