Вялікі князь літоўскі Альгерд

Jun 12, 2022 15:05





Выява Альгерда ў хроніцы А. Гваніні

Прыход да ўлады

Вялікі князь Літоўскі Альгерд нарадзіўся прыблізна ў 1295-1296 годзе. У 1317 - 1318 годзе, дзякуючы свайму бацьку Гедыміну, ён ажаніўся з дачкой віцебскага князя Марыяй. На той час Альгерд ужо валодаў Крэвам, а пасля смерці цесця ў 1320 годзе, стаў уладальнікам і князем Віцебскага княства.

Пасля смерці Гедыміна ў 1341 годзе, па яго завяшчанні на вялікакняскі пасад узышоў яго любімы малодшы сын Яўнут, аднак ён княжыў у Вільні ўсяго 4 гады. У 1345 годзе разам са сваім братам Кейстутам, Альгерд зрынуў Яўнута, і той уцёк у Маскву. Альгерд і Кейстут стварылі дуумвірат, пры якім Альгерд быў вялікім князем і атрымаў сталіцу княства Вільню і ўсходнюю частку краіны (з Лідай, Крэвам, Віцебшчынай і Міншчынай), а Кейстут - заходнюю частку (Жамойць, беларускае Панёманне, Берасцейшчыну і Падляшша), галоўным горадам Кейстута былі Трокі.

Далучэнне беларускіх зямель да ВКЛ

Пасля смерці Нарымонта Гедзімінавіча ў 1348 годзе ў бітве на рацэ Стрэве (дзе войска ВКЛ прайграла крыжакам) на пасад Полацкага княства Альгерд пасадзіў свайго старэйшага сына Андрэя. За сынамі Нарымонта захавалася Пінскае княства, а калі ў ВКЛ вярнуўся Яўнут і памірыўся са старэйшымі братамі, яму далі ва ўдзел Заслаўскае княства. Да 1350 г. тэрыторыя ВКЛ склала амаль 345 тыс. кв. км.



Маючы на ​​захадзе надзейны тыл у выглядзе Кейстута, які бараніў Вялікае Княства Літоўскае ад крыжакоў, Альгерд, абапіраючыся ўжо на ўсю моц свайго княства, змог працягнуць сваю палітыку па пашырэнні земляў ВКЛ на ўсходзе і на поўдні.

Ад эпідэміі чумы сярэдзіны XIV ст. вельмі пацярпела Залатая Арда, плюс шматлікія нашчадкі Чынгісхана пачалі там вайну за ўладу, і карыстаючыся гэтым, Альгерд разгарнуў шырокую экспансію на Русі.

У 1350-я гг. да ВКЛ былі паслядоўна далучаны Бранскае, Чарнігава-Северскае княствы і заходняя частка Смаленскага княства з гарадамі Тарапец, Орша, Мсціслаў. З гэтага моманту ўся тэрыторыя сучаснай Беларусі ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

Барацьба за землі сучаснай Украіны

Альгерд лічыў, што "ўся Русь павінна належаць Літве" і таму працягнуў барацьбу за землі сучаснай Украіны. У 1362 (1363 па некаторых дадзеных) годзе войска ВКЛ на чале з Альгердам перамагло татараў на рацэ Сінія воды (сучасная Украіна). Па дадзеных Густынскага летапісу, у гэтым жа годзе ў Кіеве пачаў кіраваць Уладзімір Альгердавіч, а ў актавых крыніцах сын Альгерда як кіеўскі князь згадваецца з 1367 года.

Аднак уключэнне ў склад ВКЛ большай часткі тэрыторыі сучаснай Украіны не прывяло да яе поўнага пазбаўлення ад выплаты даніны Ардзе. Літоўскія князі і нават польскія каралі, якія валодалі Падоллем, Валынню і Кіеўшчынай, працягвалі выплачваць "выхад" Залатой Ардзе са сваіх уладанняў яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў.

Альгерду і Кейстуту прыйшлося весці напружаную барацьбу з Польшчай за Галіцка-Валынскую Русь, дзе ў гэты перыяд канчаткова згасла дынастыя спадкаемцаў Данілы Галіцкага. Войны ішлі амаль дваццаць гадоў з перапынкамі (у 1349, 1366, 1377 гадах), у выніку заходняя частка Валыні ўвайшла ў склад Польшчы, а ўсходняя, ​​з гарадамі Уладзімір і Луцк - у склад ВКЛ, але ненадоўга - ужо ў 1377 мясцовыя князі прызналі сябе васаламі Польшчы.



Альгерд на помніку "Тысячагддзе Расіі" у Вялікім Ноўгарадзе

Барацьба з Маскоўскім княствам

1350-я гады былі адзначаны напружанай барацьбой Альгерда за кантроль над Ноўгарадам і Псковам. Сапернікам яго тут выступала Маскоўскае княства. У 1352 г. Маскоўскі князь Сімяон Іванавіч па просьбе наўгародцаў прыйшоў княжыць у горад, пабыўшы там 3 дні, ён пакінуў сваіх намеснікаў і вярнуўся назад у Маскву. Альгерд, пачакаўшы пакуль маскоўскі князь з'едзе, пайшоў з войскам на Ноўгарад, рабуючы і спальваючы яго землі па дарозе. Наўгародцы, разумеючы небяспеку, забілі тых, хто прапанаваў запрасіць Маскоўскага князя і аднавілі адносіны з ВКЛ. Альгерд зноў вярнуў свой уплыў у Ноўгарадзе.

Маскоўскае княства было супернікам ВКЛ у справе збірання земляў былой Кіеўскай Русі. Так як у адкрытай барацьбе Маскву было перамагчы цяжка, Альгерд знайшоў у рэгіёне саюзнікаў у асобе Цверы. Цвярская князёўна Ульяна Аляксандраўна стала яго другой жонкай у 1350 годзе. Яе брат, цвярскі князь Міхаіл Аляксандравіч, у 1368-1372 гг. выкарыстаў дынастычныя сувязі для ваеннага саюза Цверы і Літвы супраць вялікага князя Маскоўскага Дзімітрыя Іванавіча.

У 1368 годзе Альгерд першы раз аблажыў Маскву. Аднак пабудаваны незадоўга да гэтага белакаменны крэмль стаў непераадольнай перашкодай для літоўцаў і цвярычоў, а ў заходнія ўладанні Альгерда ўварваліся крыжакі, і ён вымушаны быў зняць аблогу праз 3 дні, падвергнуўшы страшнаму спусташэнню наваколле Масквы і адвёўшы шмат палонных. Па мірным дагаворы, Міхаіл атрымаў назад Белы Гарадок і іншыя воласці нябожчыка стрыечнага брата князя Сямёна Канстанцінавіча.

У жніўні 1370 года Дзмітрый зноў аб'явіў яму вайну. Міхаіл  збег да Альгерда, а пасланыя Дзмітрыем маскоўскім войскі спустошылі Цвярскую зямлю.

6 снежня 1370 года Альгерд з Кейстутам аблажылі Маскву, спрабуючы дапамагчы швагеру. Аднак праз 8 дзён Альгерд прапанаваў мір, даведаўшыся, што супраць яго пачалі збірацца серпухаўскія і разанскія войскі.



Адступленне Альгерда з Масквы ў 1370 годзе.

Але Дзмітрый пагадзіўся толькі на перамір'е да Пятрова дня. Альгерд адступіў у Літву. Міхаіл таксама памірыўся з Дзмітрыем Іванавічам і вярнуўся ў Цвер.

Вясной 1371 года цвярскі князь адправіўся ў Арду і выклапатаў там ярлык на вялікае княжанне уладзімірскае, аднак Дзмітрый Маскоўскі і тут яго перайграў. Атрады Альгерда на чале з Кейстутам. Вітаўтам і Андрэем Полацкім пайшлі дапамагаць цвярскому князю і нанеслі ўдар па гарадах Кашыну і Пераслаўлю. Неўзабаве войскі Альгерда і маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча сустрэліся каля Любуцка, але замест бою Альгерд і Дзмітрый Іванавіч заключылі мір паміж Масквой і Літвой (1372), у азнаменаванне якога Уладзімір Серпухаўскі ажаніўся з Аленай Альгердаўнай. Міхаіл быў пакінуты сам-на-сам у барацьбе супраць Масквы.

Для ВКЛ гэтыя паходы былі непатрэбнымі і безвыніковымі, ніякіх тэрытарыяльных набыткаў княства не атрымала.

Вынікі кіравання Альгерда

Тэрыторыя ВКЛ пры Альгердзе складала 630 тыс. кв. км, на тэрыторыю Беларусі прыпадала каля 1/3 агульнай плошчы дзяржавы, унутраная структура якой адрознівалася пэўнай дэцэнтралізацыяй. Сам Альгерд кантраляваў 10-15% тэрыторыі ў канцы свайго валадарання, столькі ж прыходзілася на долю Кейстута, а ўдзелы Альгердавых сыноў, пляменнікаў і братоў ахоплівалі 70-75% тэрыторыі княства.

Будучы Віцебскім князем, Альгерд садзейнічаў пабудове Віцебскіх замкаў, будаўніцтва якіх было завершана ў 1351 годзе. Яго жонка Ульяна спрыяла будаўніцтву ў Віцебску другой каменнай царквы, асвечанай у гонар Святога Духа, заснавала ў горадзе першы жаночы манастыр, царкву Багаяўлення, абнавіла Міхайлаўскую, самую старую княскую царкву горада, абнавіла і ўпрыгожыла Дабравешчанскую царкву. У 2014 годзе ў Віцебску ў рамках святкавання 1040-годдзя горада быў устаноўлены конны помнік вялікаму князю Альгерду (скульптар С. Бандарэнка). На пастаменце помнікі былі размешчаны барэльефы віцебскіх замкаў і цэркваў, што з'явіліся ў часы Альгерда.



Помнік Альгерду ў Віцебску, аўтар не пазначаны

У чаканні выбуху...

Вялікі князь Літоўскі Альгерд памёр 24 траўня 1377 года. Ён далучыў да ВКЛ вялікія землі і зрабіў сваё княства адным з самых вялікіх і магутных ва Усходняй Еўропе. Аднак сваю частку вялікага княства (Віленскую) ён завяшчаў не самаму старэйшаму сыну (адпаведна ад першай жонкі), а Ягайлу, любімаму сыну ад другой жонкі, з-за чаго ўжо восенню 1377 года адзін са старэйшых Альгердавічаў, Фёдар Ратненскі, прынёс прысягу Людовіку Анжуйскаму, гэта значыць, выйшаў з-пад улады Ягайлы. Зімой 1377/1378 гадоў Андрэй Полацкі з'ехаў у Пскоў, а потым у Маскву, а праз год пад руку Масквы перайшоў Дзмітрый Альгердавіч Бранскі. Уладзімір Кіеўскі ў той жа час аддаўся пад пратэктарат Арды. Фактычна ад дзяржавы Альгерда за тры гады пасля ягонай смерці адваліліся ўсходнія і паўднёвыя землі Русі, якія кроўю сваіх ваяроў ён здабываў дзесяцігоддзямі. Унутраная напружанасць у ВКЛ узрастала…

На рускай мове гэты тэкст можна прачытаць тут

Альгерд

Previous post Next post
Up