Пра Camino de Santiago. Частка першая. Пра ўсё і ні аб чым.

Sep 01, 2019 09:22

Навошта ехаць? Заставайся дома! Што ты знайшоў у гэтай Іспаніі? Ты што, праўда адзін паедзеш?
Гэта маленькая колькасць пытанняў, якія я пачуў перад і пасля вандроўкі.
Калі шчыра, на пытанне сэнсу гэтай вандроўкі я і зараз адказаць не здольны. Але ведаю, што зраблю гэта яшчэ раз.
Я абяцаў напісаць пра Каміна, але не абяцаў, што гэта будзе хутка:) Думаю, аповед гэты будзе даволі доўгім, я падзялю яго на часткі.

Я даведаўся пра Каміна з фільму "The way"


Апроч "Шляху", я паглядзеў яшчэ некалькі фільмаў пра вандроўкі пешшу і ў адзіноце: "Wild"


і "Tracks"


Нават калі вас не цікавіць уласна пешы турызм, усё адно вельмі раю іх паглядзець.
Звычайна ж калі чуеш, што нехта ідзе/едзе/плыве ў адзіноце, сам-насам, дык думаеш, што гэта дурасць нейкая. Але тут я зразумеў, што я заўсёды вандраваў з людзьмі. І мяне зацікавіла, ці магу я сам з сабою ісці? Ці знайду я нейкі сэнс, знаходзячыся ў цішыні ля акіяну?
Азіраючыся на мой Каміна, магу сказаць, што ісці аднаму было геніальным рашэннем:)
Ну і, карацей, у 2018 у мяне не атрымалася (альбо матывацыі не хапіла), а вось ужо на 2019 год я напісаў дастаткова вялікі водпуск у графік, каб ісці.
Ну і тут варта распавясці пра тое, які абіраць час для вандроўкі.
Зразумела, што я пачытаў некалькі форумаў пра Каміна. Дзе сустрэў інфу пра тое, што ў траўні найменшая верагоднасць дажджу, ужо дастаткова цёпла і яшчэ не спякотна. Але я не веру тым, хто піша на форумах, бо можа чалавеку адзін раз пашанцавала, а астатнія гады там дождж і спёка:)
Таму глядзім статыстыку надвор'я на сайце https://weatherspark.com/
Ага, стоп! А як ісці? Справа ў тым, што Camino de Santiago - вандроўка пілігрыма. А пілігрым, тэарэтычна, стартуе з ганку свайго дома, дзе б ён не жыў - у Партугаліі, Францыі, альбо Нарвегіі.


І тут я зноўку сеў чытаць форумы, каб абраць шлях. Высветлілася, што 85% пілігрымаў/турыстаў (а на сваім досведзе магу сказаць, што вандруюць зараз ў асноўным не па рэлігіозных матывах) абіраюць Camino Frances


Гэта тут зялёны.
Каб вы ўявілі сабе што такое 85% вось фотачка з інтэрнэтаў:


Неееееее, ну навошта так ісці.
Апроч таго, выбраць Паўночны шлях дапамагло тое, што ў нас тут у межах Беларусі амаль што ніводнага мора няма... І я вырашыў ісці Camino del Norte, які, адпаведна, ідзе па самым поўначы Іспаніі. Пачынаецца на мяжы з Францыяй, потом некалькі сотняў км і ты ў Санцьяга. Але гэты маршрут і самы складаны (амаль што) з астатніх, патрабуе больш фізухі. "Я ж малады і фізічна развіты", падумаў я. Дробязі. Галоўнае на акіян глядзець.
Ну а калі абралі шлях, глядзім надвор’е на яго кропках. Напрыклад, Білбаа:


Халера, сярэдне-высокая тэмпература ў траўні ў Іспаніі 17 градусаў? Гэта нейкая неправільная Іспанія? Высветлілася, што так, поўнач краіны надвор'ем на астатнюю Іспанію зусім непадобны.


Бо паўночная паласа шырынёй 20-50 км аддзелена дастаткова высокімі гарамі, каб ізаляваць клімат. Ну, спёка горш за сцюжу, вырашыў я і набыў спальнік на +8 градусаў. І яго амаль хапіла, бо ў адну ноч было +5 недзе. У траўні. У Іспаніі. Але ўдзень ісці было надзвычай камфортна, тэмпература вагалася ад 15 да 25.
А дождж?


Атрымліваецца, што найменшая верагоднасць пабачыць дождж ў ліпені. Ай, халера, я ж на травень ужо водпуск запланаваў...
Ну і пайшоў у траўні і дождж быў 3 дні. Моцны. Але ж гэта неад’емная частка вандроўкі. Любой вандроўкі, што доўжыцца больша за тыдзень.
А, ну дык на пытанне "Чаму па Іспаніі, а не па Беларусі" варта адказаць.
Мне здаецца, што той, хто ўжо вандраваў па Беларусі пешшу, альбо на ровары, уже ведае адказ. І гэта зусім не магчымаць пераночыць ці пад'есці ў кафэ.
ПА БЕЛАРУСІ НЯМА ДАРОГ!
Зразумела, што абріраючы аўтамабільныя дарогі можна было б ісці па збочыне, а побач едуць лесавозы, матацыклы, грузавікі (гэтак зрабіў Гуцалаў месяц таму). Ну гэта небяспечна і непрыемна.
А калі ўзяць маленькія дарожкі, якія адзначаны на мапах?


Ішоў, шукаў. А іх не існуе. Давялося ісці па лесе наўпрост па кампасе. Калі 1 км ў дзень так - гэта яшчэ ок. Але калі пайсці праз усю Беларусь, гэта кіламетраў 200-300 праз лес сумарна атрымаецца. Ну проста немагчыма. А калі дарогі па полю?


Дарогі няма. Поле і ралля. Дарога чырвоным - зарасла, ёй ніхто больш не карыстаецца. Такім чынам, у Беларусі дарог апроч аўтамабільных НЯМА!
Як ісці па Берарусі не па шашы, калі кожныя 5 км знікае шлях? І гэта праблема звязаная найперш з адсутнасцю прыватнай маёмасці, я думаю.
А як выглядае шлях Camino?






(гэта мае фатаздымкі)
Надзейныя сцежкі і дарогі, якія не знікнуць ні заўтра ні праз 50 год. У адным месцы бачыў, што шлях змянілі (здаецца новы мост пабудавалі), ну дык шыльды павесілі, думаць куды ісці не трэба.
А, ну давайце пакажу як выглядае навігацыя!


У асноўным на Каміна трапляюцца намалёваныя стрэлкі.
Канкрэтна Каміна мае жоўтую фарбу (бо ў некаторых месцах можна пабачыць і іншыя маршруты для вандровак)
Апроч фарбы напрамак руху адзначаецца і выявай ракушкі. Куды жопка, туды і ісці.
Усё. Тэорыя навігацыі скончылася.
Калі ўжо 500 метраў не бачыш стрэлак альбо ракушкі - ідзі назад, ты нейкі паварот прагледзеў.
Для тых, хто ўжо не можа без мапы і навігатараў, можна запампаваць трэк і карыстацца ім, напрыклад, у maps.me (што я і рабіў). Гэта афлайн, толькі трэба запампаваць патрэбныя кавалкі мапы, седзячы яшчэ дома, альбо ў гатэлі, альбо ў поездзе.

Усё, я ўчора набыў новую машыну, пайду катацца.

Наступным разам я распавяду пра:
-вопратку
-абутак
-рыштунак
-дзе ночыць
-як есці і дзе смачна
-колькі ўсё гэта каштуе
-колькі можна прайсці за дзень
-пашпарт пілігрыма
-як даехать да Іспаніі

Калі маеце пытанні, я на іх адкажу, пішыце ў каментах!

Другая частка ўжо тут:
Пра Camino de Santiago. Частка другая. Пра абутак, вопратку і рыштунак.
трэцяя частка:

camino del norte

Previous post Next post
Up