Гюле-ганства

May 12, 2008 15:44

У сьвеце будучай прэзэнтацыі кнігі (якая насамрэч існуе ўжо больш за год) трэба яе неяк раскручваць. Бо кніжка цікавая. Сама ўчора, едучы на працу і выбіраючы кавалкі для прэзэнтацыі, так зачыталася, што праехала патрэбны прыпынак:)

Таму я вырашыла зладзіць “атракцыён неверагоднай шчодрасьці”:) - падзяліцца з вамі, мае фрэнды, кавалачкамі з кнігі Паўла Гюле “Мэрсэдэс-Бэнц”. Прычым падзяліцца адрасна - кожнаму свой кавалачак тэксту, які ў мяне на дадзены момант асацыюецца з фрэндам. Паспрабуем? Наўскідку…

Для annahonda

Я глядзеў на дзеда Караля, які ў фраку й цыліндры стаяў побач з прэзыдэнтам і, нягледзячы на тое, што не трымаў у далоні куфля зь півам, яго вочы ўсьміхаліся гэтак сама, як на здымку з бабуляй Марыяй, калі яны выходзілі зь львоўскай катэдры, ён у фраку, але без цыліндра, яна ў белай сукенцы і ў белым капелюшы, з букетам канваліяў у правай руцэ. Яе твар, бяз зморшчынак, пад зыркім сонцам львоўскага поўдня, ня быў тым самым тварам, які я ведаю па зімовых вечарох у нашым пакоі, калі яна чытала мне аб вандроўках Адысэя ці аб прыўкраснай Алене з кніжкі Парандоўскага. Але пах канваліяў спадарожнічаў ёй заўсёды, нязьменна, быццам усё жыцьцё яна насіла гэты букет, схаваны ў яе торбачцы.
Бацька задумваўся над здымкамі. Іх карычневыя цені ўзьдзейнічалі на яго мэлянхалічна. Ён ніколі не аглядаў іх да канца, уздыхаў і хаваў у скрынку.
- Наступным разам, - казаў ён ціха й выходзіў на кухню, дзе паліў папяросы й цэлы вечар піў гарбату.
Мама слала ложак, дождж барабаніў па шыбах, а я думаў пра твары з фотаздымкаў, асабліва пра тыя, незнаёмыя, не падпісаныя каліграфічнымі літарамі зь другога боку пажоўклых картак. Мужчына ў белым фартуху, які падаваў піва дзеду Каралю й барону фон Молю, усьміхаўся мне з разуменьнем, быццам чуў іх размову, быццам ведаў, пра што яны гаварылі перад карчмою ў Верхняй Маравіі. Жанчына ў чорным капялюшыку з вуалеткай, што стаяла за прэзыдэнтам Масьціцкім, глядзела на мяне запытальна, нібы я мусіў адгадаць яе далейшы ці мінулы лёс. Мужчына з сходаў львоўскай катэдры быў размыты й далёкі, мабыць, трапіў туды выпадкова й назіраў за шлюбам бабулі Марыі й дзеда Караля, як назіраюць у касьцёле выпадковыя шлюбы, хоць таксама ж мог быць запозьненым госьцем, адным з тых, што спазьняюцца заўсёды й паўсюль, нават на сваё пахаваньне.

Для wusataja_nata

- Die Kunst - сказала яна. - Хэта толькі мастацтфа. Яны шп’явалі тое, цто я гхала. “Begluck darf du nicht, o Heimat!” Хэта былі паказы ў Wald - опэга, газумэеш? У Зопот. А хэта мой муш.
На фотаздымку быў высокі мужчына ў светлым, паласатым гарнітуры. Ён стаяў на фоне каскаду і сажалкі побач з ішным мужчынам у чорным гарнітуры. Абодва яны ўсміхаліся й выглядалі прыяцелямі.
- Але гэта наш парк! - сказаў я. - Каскад, сходы… І нават за дрэвамі відаць дах.
- Так, - адказала пані Гофман, - хэта быў пагк. А мой муш быў музыка й кампазытаг. Той дхугі пан - хэта Макс. Йон тады пгыехаў з Вэны. Tannhäuser’a шп’явац. Абодфа ўшо пам’ёглі. А хэта, - яна паказала іншы фотаздымак, - Эгыксан. Хэта быў нагфэшац з Осла. І шп’яваў Хагэна ў Gotterdämmerung. Хэта быў натсфычайны холас!
- А дзе месціцца Готэрдамэрунг? - спытаў я. - Таксама ў Сопаце?
Тады пані Грэта прынесла шчэ адну кніжку, паказала мне іншыя малюнкі, пасля чаго зноў села за фартэп’яна й зайграла марш з пахаваньня Зігфрыда, пры гуках якога па маёй сьпіне пабеглі дрыжыкі. А пасля яна грала шчэ “Steuerman lass die Wacht” і Gesegnet soll Sie schreiten”, і “Wach auf, es nahet gen der Tag”, пакуль усё не пачало мяшацца ў маёй галаве. Парцыфаль хадзіў па парку над высахлай сажалкай, муж пані Гофман пад жудасныя крыкі Валькірыяў і Нібэлунгаў ганяўся за Хагенам па сцэне лясной опэры ў Сопаце, Эрыксан стаяў на тэрасе дома пані Грэты і з паходняй у руцэ пяяў “Begluck darf du nicht, o Heimat!”, а маракі з “Лятучага Галяндца” вярталіся з боку Алівы, сопацкаю дарогай, і гарлалі “Heil! Der Gnade Wunder heil!”.

Для ilnur

- Чаму ты едзеш туды? - спыталася Молі. - Ты цікавішся паэзіяй?
Побач з хлопцамі, што гралі на інструмэнтах, прыселі дзьве пацанкі - стрыжаныя пад вожыка, абедзьве ў вайсковых ботах, клятчастых кашулях ды скураных куртках. На адной куртцы, як і на баваўнянай кашульцы, вакол намаляванай запаленай сьвечкі, аточанай калючым дротам, быў надпіс Amnesty International.
- Мяне цікавіць рака, - адказаў я.
- Якая рака?
- Яна называецца Клун. Яна зьнікае наўпоблізь Тор Бэйлілі.
- Зьнікае?
- Так, пад зямлю. А пасьля плыве далей, сярод цемрадзі й падземных скал, ажно да Атлянтыкі.
- Нябачная рака… Я ніколі гэтага ня чула. Але я мала чытала кніжак.
- Я прачытаў пра гэта шмат год таму, у газэце «Цуды прыроды» ці нешта накшталт таго. Ведаеш: мэтэарыты, магнітныя скалы, ну й гэтая рака побач з нарманскаю вежай.
- І пра што стракочуць сарокі? - Г'ю ўсеўся на сваё месца. - Ведаеце, што прыйшло мне да галавы над залатым струмянём? Гоўгі сёньня ладзіць імпрэзу. Паедзем у ягоную стайню, паглядзім, што нам там сьвеціць. Бо тут, - і ён паказаў на пацанак, - тут хутка вада выйдзе зь берагоў і прачнемся мы на высьпе Лесбас, такое яе старадаўняе імя. Да таго ж, о шляхетны чужынча, ня ведаю, як табе, а мне гэтая музыка Aiobhell, гэты гук авечых кішак надзвычай кепска ўплывае на стрававальны працэс. Вы разумееце, пра што я. О, Гоўгі любіць такія рэчы! - Г'ю ляпнуў мне па плячы. - Нечаканы госьць з Усходу! Золата, ладан і сьмірна! А можа, ты пазашлюбны сын каралеўскага роду? Гэта было б зусім незвычайна!

Для velca

Ды што там я, вы лепш прачытайце “Вечаровыя курсы кіраваньня”, толькі там ёсьць гісторыі, якія кожны інструктар павінен згадаць перад сном ці перад выездам з вучнем, толькі там ёсьць цудоўны аўтамабільны лірызм, толькі там выкладаецца плятонаўская ідэя саюзу інструктара і вучня, якая палягае не на звыклым навучаньні, банальным надзіраньні і простай муштры, а на расповедах прыўкрасных гісторыяў, на слоўнай камуніі, якая лучыць людзей па-над полам, палітыкай і паходжаньнем, - але, на жаль, пане Багуміле, я гэтага не сказаў, бо мае вочы вылезьлі з арбітаў, сэрца затрымцела ў горле, а язык перасох, як пасьля трох дзён кашубскага вясельля, толькі я пабачыў, як панна Ціўле раптоўна дадае газу й імчыць, як у сьляляме, паміж ашалелых кіроўцаў, як расьпіхвае іх натоўп квадратным носам “фіята”, а потым, літаральна ў апошнюю сэкунду, праскоквае вузкай глоткай паміж трамваем і фурай, што ўжо павольна рушылі зь месца; ох, шкада, што Вы не маглі гэтага пабачыць, дарагі пане Багуміле, гэтай перамогі маладой дзяўчыны ў маленькім “фіяце” над тлумам гарластых кіроўцаў і над двума страшнымі мача - вагонаважатым трынаццатага якая трамвая і кіроўцам фуры, якія, што тут казаць, проста аслупянелі, назіраючы праезд маленькага “фіята” перад сваімі насамі, рызыкоўны скачок паміж Сцылай трамвая і Харыбдай фуры, гэта, пане Багуміле, насамрэч было нешта неверагоднае, трыюмф інтэлігенцыі над масай, іранічная насьмешка са сьляпой і глухой зласьлівасьці, паказваньне ім носа паннай Ціўле і яе вучнем: тра-ля-ля-бум-бум-пі-пі, пацалуйце нам у дупу, дурні лупатыя. - О, Ісусе, - шаптаў я, - але ж вы езьдзіце, ува мне шчэнту жывога няма - Гэта яшчэ чаму, - звонка сьмяялася яна. - Я ніколі ня буду такім майстрам, - зглытнуў я сьліну, - нават ня ведаю, што павінна здарыцца, каб я зраўняўся з вамі. - Спакойна, - сказала яна, - я ўжо бачыла такіх, як вы, ціхае балота, праўда?

Хто жадае атрымаць цытатку для сябе, адзначайцеся ў камэнтах. А то я сама вас буду лічыць:)
Previous post Next post
Up