ПІЯР

May 08, 2008 19:40

Увесь мінулы і пазамінулы тыдзень пэўныя асобы распавядалі, як будзе крута, як будзе драйвава, як у Менск 17 траўня прыедзе Сяргій Жадан.

Дык вось, што я вам скажу, даражэнькія мае... Жадан, без сумневу, - сонца, люстэрка, сумленьне (патрэбнае падкрэсьліць) украінскай літаратуры… І я яго пяшчотна люблю і як параход, і як чалавека... І ўсе абавязкова прыходзьце ў Акадэмію мастацтваў у суботу 17-га, каб паслухаць Жадана… І Хадановіча... І Шалкевіча... І Пукста... І Атмараві…

Але будзе яшчэ ПАВЕЛ ГЮЛЕ. Польскі празаік. Адзін з найлепшых. Аўтар нашумелага ў Польшчы 80-90-х раману “Вайзэр Давідэк” (каб жа знайсьці час яго перакласьці!) і шмат чаго іншага, але таксама добрага. Адзін з творцаў гданьскага genius loci. Былы прэс-сакратар Салідарнасьці. Скандальная асоба: на яго пэрыядычна падаюць у суд то суседзі (якім не падабаецца, што Гюле з жонкай “шумна музыцыруюць”), то ксёндз Янкоўскі (якому не падабаюцца абвінавачаньні ў антысэмітызме). І проста вельмі сымпатычны чалавек.

Так, я перакладала ягоную кнігу. Загадзя прашу прабачэньня за ўсе адрукоўкі, якія вы там знойдзеце, бо мая няўважлівасьць настолькі хранічная і невылечная, што ад памылак кнігу ня выратавалі ані цудоўны рэдактар Васіль Сёмуха, ані карэктарка. А яшчэ прашу прабачэньня ў аўтамабілістаў - калі я і пераблытала ў якім месцы тэксту тормаз са шчапленьнем, гэта бяз злога намеру, а па чыстай дурасьці :) Толькі, пачынаючы чытаць, ня думайце, што я забывалася прастаўляць знакі прыпынку. Раман пад-называецца “Лісты да Грабала”, а той таксама ня вельмі любіў ставіць кропкі ў сказах. “МЭРСЭДЭС-БЭНЦ” і некалькі апавяданьняў - гэта гісторыя, якую Гюле стварае са згадак пра родных і успамінаў дзяцінства, і гісторыя гэтая вартая прачытаньня.

Таму скарыстайце “самы танны ў Менску спосаб набыць “Мэрсэдэс” (с). І падпісаць яго ў аўтара.
Previous post Next post
Up