Карняплоды хоць і выглядаюць не так апетытна, як садавіна ці ягады, аднак не меней карысныя.
Рэдзька
З даўніх пор людзі ставіліся да рэдзькі з адмысловай павагай. Для нашых продкаў славян яна была практычна штодзённай стравай. Дзякуючы сваёй непераборлівасці рэдзька заўсёды цешыла стабільным ураджаем і займала годнае месца на стале хоць свежая, хоць тушаная, хоць вараная.
У Старажытнай Грэцыі рэдзьку паважалі настолькі, што прыносілі яе ў дарунак багам на залатой талерцы. Па легендзе, бог Апалон, у лік «інтарэсаў» якога ўваходзіла і медыцына, лічыў, што за рэдзьку не шкада аддаць гэтулькі золата, колькі яна важыць. А знакаміты арабскі лекар Авіцэна казаў пра рэдзьку, як пра «галоўнае лека». І гэта не выпадкова - карысных рэчываў у рэдзьцы хоць дарма аддавай.
Усяго адной рэдзькі сярэдніх памераў досыць для таго, каб забяспечыць арганізм сутачнай нормай вітаміна С. Рэдзька ўмацоўвае сценкі сасудаў, спрыяе прафілактыцы дысбактэрыёзу і паляпшае страваванне. Дзякуючы багаццю вітамінаў групы В рэдзька дапамагае нам супрацьстаяць стрэсам і лепш запамінаць новую інфармацыю. Рэдзьку рэкамендуюць уключаць у меню пры мачакаменнай хваробе, падагры і адсутнасці апетыту. У старажытнасці рэдзькай лячылі вочныя хваробы, прастуду і атручванні, яе прыносілі ў дарунак багам і давалі будаўнікам егіпецкіх пірамід, лічачы, што каштоўны карняплод здольны падмацаваць іх сілы.
Але, нягледзячы на ўсю карыснасць рэдзькі, некаторым людзям усё ж не варта празмеру захапляцца гэтай гароднінай. Калі ў вас гастрыт з падвышанай кіслотнасцю ці язва страўніка, залішняя рэдзькавая вастрыня вам ні навошта.
5 прычын любіць
Навукоўцы выявілі ў рэдзьцы рэчыва халін, якое змяншае ўзровень шкоднага халестэрыну ў крыві.
З даўніх пор рэдзьку ўжывалі ў якасці сродку, узбуджальнага апетыт.
Магній, якога ў рэдзьцы хоць дарма аддавай, дапамагае змагацца са стомленасцю і захоўваць спакой у крызісных сітуацыях.
У рэдзьцы ўтрымоўваюцца фітанцыды - свайго роду натуральныя антыбіётыкі, якія дапамагаюць арганізму спраўляцца з прастудай і грыпам.
А эфірныя алеі (менавіта яны надаюць рэдзьцы яе вастрыню і горкі прысмак) зладзяцца з зацяжным кашлем і ачысцяць бронхі.
Бурак
Бурак - сапраўдная скарбонка вітамінаў і мікраэлементаў. Галоўнае багацце гэтай гародніны - вялікая колькасць вітамінаў групы В, якія адказваюць за суладную працу нервовай сістэмы, здароўе скуры, волас і пазногцяў. Ёсць у бураку і вітамін С (абараняе арганізм ад прастуд, інфекцый і ранняга старэння), вітамін РР (змагаецца са стомленасцю, бессанню і дрэнным апетытам), карысны для зроку вітамін А і незаменныя амінакіслоты.
Мікраэлементнаму складу бурака пазайздросціць любая гародніна. Бурак - рэкардсмен сярод гародніны па ўтрыманні цынку, які ўмацоўвае сценкі сасудаў і спрыяе вастрыні зроку, а па ўтрыманні неабходнага для крыві жалеза бурак саступае толькі часнаку.
5 прычын любіць
Фарбуючыя рэчывы бурака валодаюць здольнасцю здымаць судзінкавыя спазмы, павялічваюць трываласць капіляраў і паніжаюць артэрыяльны ціск.
Карысны карняплод нармалізуе абмен рэчываў і перашкаджае назапашванню лішняй вагі.
Рэчывы, якія змяшчаюцца ў бураку, паляпшаюць працу мозгу і здымаюць стомленасць.
Дзякуючы наяўнасці фалійнай кіслаты бурак перашкаджае з'яўленню ранніх маршчын, абараняе ад сардэчных прыступаў і паляпшае працу рэпрадуктыўнай сістэмы.
Адмыслоўцы лічаць, што бурачны сок можа замяніць энергетычныя напоі. Эксперыменты паказалі, што ён павялічвае цягавітасць чалавека прыкладна на 16%, адпаведна дазваляючы яму даўжэй заставацца фізічна актыўным і вытрымліваць вялікія нагрузкі. Прычына таму - змяшчаючыяся ў бураку солі, якія змяншаюць кіслародныя выдаткі арганізма, павялічваючы тым самым яго здольнасць захоўваць энергію.
Рэпа
Па ўтрыманні вітаміна С рэпа пакідае ззаду нават заморскія цытрыны і памяранцы. Так што едкай восенню і халоднай зімой рэпка стане вашым надзейным абаронцам ад прастуд і інфекцый. Асабліва добры ў справе падтрымкі імунітэту японскі гатунак рэпки пад назвай какабу. Ад звычайнай рэпы какабу адрозніваецца сапраўды японскай мініяцюрнасцю. Сярэдні дыяметр пладоў - усяго 8-10 мм.
Зрэшты, багацце аскарбінкі зусім не адзіная добрая якасць рэпкі. Гэта гародніна папросту папоўніць недахоп вітамінаў групы В і каратыну. Прычым чым жаўцей рэпка, тым больш у ёй вітаміна А.
5 прычын любіць
У рэпе ўтрымоўваюцца рэчывы, якія ўзмацняюць патэнцыю ў мужчын. Гэта ўласцівасць рэпы была заўважана шмат гадоў назад.
Калісьці на Русі нават гатавалі адмысловую «мужчынскую поліўку» на аснове варанай рэпы.
Дзякуючы наяўнасці прыроднага антыбіётыка лізоцыма рэпка можа служыць выдатнай прафілактыкай карыесу і запалення дзёсен. Грызіце рэпку - і паражніна рота ачысціцца ад бактэрый.
Утрыманне аскарбінкі ў рэпе застаецца высокім на працягу ўсяго года і не памяншаецца пры захоўванні.
Калі вы паліце, рэпка павінна заняць галоўнае месца на вашым стале. Рэпа змяншае рызыку развіцця анкалагічных захворванняў лёгкіх на 20%.
Сок з паранай рэпы лічыцца натуральным заспакойлівым. Змяшайце яго з мёдам, піце на ноч - і дужы сон вам гарантаваны.
Тапінамбур
Земляная груша - чэмпіён сярод гародніны па ўтрыманні калія. Менавіта таму яе рэкамендуюць уключаць у меню сардэчнікаў. Калій умацоўвае сардэчную цягліцу і сценкі сасудаў. Шмат у тапінамбуры кальцыя і фтору. Так што аматарам гэтай гародніны галівудская ўсмешка забяспечана.
Але самае галоўнае ў тапінамбуры - гэта інулін. Гэта рэчыва нармалізуе ўзровень цукру ў крыві, таму земляная груша незаменная ў дыеце людзей, хворых цукровым дыябетам. Зрэшты, усім астатнім таксама не варта грэбаваць тапінамбурам. Справа ў тым, што інулін здольны абараніць вашы сасуды ад утварэння тромбаў і склератычных бляшак.
5 прычын любіць
Тапінамбур стварае ў кішачніку пажыўнае асяроддзе для карыснай мікрафлоры. Таму земляная груша можа служыць выдатнай альтэрнатывай прэпаратам-прэбіоцікам.
Нядаўна навукоўцы ўсталявалі, што тапінамбур здольны павялічваць колькасць Т-лімфацытаў крыві, якія забяспечваюць імунітэт.
Заядаючы тапінамбурам тлустыя стравы, вы палегчыце працу страўніку.
Рэгулярна ўключаючы земляную грушу ў сваё меню, вы абароніце арганізм ад адкладу соляў.
Тапінамбур - адна з нешматлікіх раслін, якая не назапашвае у сабе нітраты.
Салера
Ў корані салеры шмат вітаміна А, вітамінаў групы В, фосфару і магнію. Але ў першую чаргу салеру шануюць за яе здольнасць «спальваць тлушч». Вядома, салера не заменіць ліпасакцыю. Аднак на засваенне гэтай гародніны арганізм марнуе больш калорый, чым утрымоўваецца ў салеры. Так што лепшага гарніру да каларыйных тлустых страў не знайсці.
5 прычын любіць
Нядаўна была выяўлена здольнасць салеры нейтралізаваць канцэрагены, якія змяшчаюцца ў тытунёвым дыме.
Так што тым, хто ніяк не можа кінуць паліць, медыкі раяць хоць бы жаваць пасля кожнай скуранай цыгарэты кавалачак салеры.
Корань салеры абараняе ад алергічных захворванняў.
Калісьці корань салеры выкарыстоўвалі ў якасці афрадызіака.
Гэта гародніна нейтралізуе ўплыў неспрыяльнай экалогіі на арганізм, таму яна незаменна для жыхароў вялікіх гарадоў.
Стравы з кораня салеры - выдатны прафілактычны сродак ад вугроў.
© Святлана Калтовіч, 2011 г.