Шмат хто з геяў, - прынамсі, тых, каго мне даводзілася сустракаць, - катэгарычна адмаўляюць ідэю гейскага шлюбу. Звычайны аргумэнт той, што шлюб стаіць на службе патрыярхатнага дамінаваньня і як такі збанкрутаваў сябе. Маецца наўвазе гетэрэсэксуальны шлюб і, мабыць, дысбалянс улады ў ім, як і ва ўсім грамадзтве. Там мужчына традыцыйна быў і, - тэма для дыскусіі, - застаецца стваральнікам існага (мінулага, цяперашняга й будучыні), а жанчына - рэпрадуктыўная машына, той іншы, на каго сьвядома і несьвядома пераносяцца жарсьці мужчынскай няпэўнасьці - выніку непасільных патрыярхатных амбіцыяў. Але ў адносінах двух мужчынаў і гейскай супольнасьці ў агуле падобны дысбалянс павінен быў бы зьнікаць. Адкуль непрыняцьце тады?
Мне падаецца, што насамрэч праблема ня ў шлюбе, а ў манагаміі, якая асацыюецца са шлюбам, бо як мінімум “экзатычна” гучала б: “Ну так, мы пашлюбаваліся, але пры чым тут сэкс - мы вольныя мець стасункі з кім пажадаецца.” Думаю, што манагамія ў шлюбе - гэта сапраўдная гэрэзія для мужчынаў, але мы гэта старанна замоўчваем і запіхваем далёка ў неўсьдомленае. Калі паглядзець на законы Лявіта і шарыяту, то бачна, што жанчыне сужэнская нявернасьць каштавала (і каштуе, у выпадку шарыяту) жыцьця, а мужчыне пакараньнем толькі штраф ці лупцаваньне. Вернасьць у шлюбе вымагалася й вымагаецца ад кабеты ў першую чаргу, а не ад абодвух сужонкаў. Нездарма кажуць, што калі мужык гуляе, сьцярпець можна, а калі жонка, то шлюбу канец. А яшчэ ў маёй вёсцы не было сакрэтам, што “усе мужыкі - кабялі”.
Вось тут, мне падаецца, сабака й закапаны. Геі, - а мы ня можам быць выключэньнем з агульных працэсаў, што так ці йнакш сфарміравалі нас, - прыўносяць у свае адносіны культурна абумоўленыя ідэі адмаўленьня манагаміі.
Ці не таму гейскі шлюб выклікае непрыняцьце, што ён аддае сумненьню не гетэрасэксуальны шлюб як такі, а фаляцынтрычнасьць мужчынскага мысьленьня, права на аднаасобнае распараджэньне ўласным чэлясам? У гэтым сэньне зразумелыя істэрычныя рэакцыі “сапраўдных мужыкоў” на праявы гейская (суб)культуры: геі выдаюць сакрэт. Што сапраўдныя мужыкі робяць уночы і патаемна ад жонак, геі робяць паўсюль і часта, і сьцьвярджаюць (калі не на словах, то ў паводзінах) сваё пра права на тое: вось вам, стрэйты, люстэрачка... толькі вы з сорамам, а мы - з гонарам!
Я ў прынцыпе не праціўнік сэксуальных пошукаў і забаваў - чорт не такі страшны, як яго малююць. Іншая рэч, што ўсе мы шмат страцім, калі сэкс без узаемных абавязкаў стане адзінай ці дамінантнай формай узаемаадносінаў для геяў, прынамсі калі йдзе пра ўяўленьне й намеры. Такія адносіны наўрад ці будуць жаданымі, чаканымі, вымаленымі, выпрацаванымі ў старанных намаганьнях і трываньні, выгаваранымі ў доўгіх і шчырых размовах, выпрабачанымі ў шчодрасьці. Як мой сябра сказаў пра тыя гады, калі часьцей за адзін раз ён рэдка калі спаў з кім, “жыцьцё настолькі добрае, як апошні чэляс.”
Сытуацыя ў беларускім грамадзтве, мне падаецца, - урадлівая глеба якраз для безадказнасьці. І гаворка ня толькі пра пабытовую гамафобію, але і пра тое, што адказнасьць нараджаецца ў дыялёгу з магчымасьцю выбару, у сытуацыі, калі ня страх дыктуе тваё мысьленьне й сумленьне, а разнастайнасьць магчымасьцяў прымушае рабіць тыя ці іншыя рашэньні. Пакуль на Беларусі ня будзе бясьпечна аднаполым парам жыць разам, пакуль ня будзе гейскіх месцаў бавіць час і сустракацца ў пераважна гейскай кампаніі, у геяў проста ня будзе магчымасьці да ўзаемнае вернасьці й адказнасьці
Грамадзтва, атручанае гамафобіяй - забойца ўласных сыноў і дачок, якіх яно выпіхвае на ўзбочыну агульпрынятых паводзінаў, ставіць па-за нормамі, законамі, асабістай бясьпекай, падтрымкай сяброў і сям’і. Прырода тут перайграе любы таталітарызм - геі займаліся сэксам і будуць займацца незалежна ад таго, ці яны вымушаныя прыкідвацца няўдачнікамі на полі гетэрасэксуальнага каханьня, ці ажэняцца для спакою. Але ахвярамі будуць як самі геі (бо немагчыма адчуваць сябе добра, калі ўсё навокал табе кажа, што ты - урод), так і само грамадзтва, бо прымушае людзей жыць у атрутнай мане і страху - жыць па-вычварэнску. Гамафобскаму, гетэрасэксісцкаму грамадзтву геі патрэбныя менавіта як аб’ект уласнага самазахаваньня і яднаньня, які выклікае настолькі моцныя эмоцыі, што яны здольныя кансалідоўваць - хаця б у некаторай ступені, - масы, адцягваць на сябе ўвагу, падтрымліваць статус-кво. Такое грамадзтва кроўна зацікаўленае, каб геі былі вычварэнцамі, таму ў гэтым грамадзтве людзкое ўяўленьне без праблемаў прыме вобраз гея як таго, каму цікавы толькі ананімны сэкс (і звычайна анальны, і толькі пасіўны - бо гэта тое, што з мужыка робіць не-мужыка, не-чалавека) і вакол сэкса ўсё жыцьцё фіксуецца, хто пастаянна ў дэпрэсіі, хто ня здольны на разнастайнасьць эмацыйных перажываньняў, бо зафіксаваны на адным... не, не на сваім чэлясе, бо такое прымальна толькі для “сапраўдных мужыкоў”.
Я ня думаю, што шлюб - прызнанае грамадзтвам манагамнае партнёрства, - адзіна магчымая форма гейскіх узаемаадносінаў і дакладна не адзіны магчымы кантэкст для інтымных стасункаў. Я, аднак, схільны думаць, што памылкай гейскай супольнасьці было б ня ставіць права на шлюб у якасьці кутняга камню ўсіх нашых намаганьняў да сацыяльнае роўнасьці і ствараць уласнае жыцьцё паводле гэтага прынцыпу - настолькі, наколькі сытуацыя ў грамадзтве і сытуацыя кожнага з нас робіць гэта магчымым.
P.S.
Найлепшы тэкст, вядомы мне, пра сэнс узаемавернасьці напісаў у 1989 г. Рован Ўільямс, калі быў прафэсарам Оксфардзкага ўнівэрсытэту. Цяпер ён ачаляе Англіканскую Царкву. Калі-небудзь рукі дабяруцца перакласьці той тэкст, а покуль -
пара абзацаў па-расейску. Пра гетэрасэксісцкую культурную матрыцу -
выдатны кантравэрсыйны артыкул, напісаны
valer_q.