Зіма ў нас нейкая абы-якая - мне такая зусім не падабаецца. Люблю, каб зімой было шмат сьнегу. А калі на зямлі няма сьнегу - мусіць расьці трава! Скажаце - зімой травы не бывае? Яшчэ як бывае! Асабліва калі знаходісься дзе-небудзь блізка да экватара…
Набыўшы новы манітор, я захацела паглядзець, як на ім выглядаюць мае фоткі, зробленыя ў экзатычных месцах, дзе мне пашчасьціла пабываць год таму. А як стала глядзець - мммм…
І вось я вырашыла падзяліцца тымі ўражаньнямі, бо наўрад ці хто з маіх сяброў быў ці калі-небудзь будзе ў тых мясьцінах. Дый сама я ніколі туды ня трапіла б, калі б мне не зрабілі на дзень народзінаў падарунак у выглядзе… круізу на Карыбы. Ну, так часам бывае, што прыяжджаеш да кагосьці ў адпачынак, круцісься вечарамі ў гаспадароў пад нагамі - дык каб больш не круцілася, цябе вырашаюць адправіць куды-небудзь далей… Жартую :))
Так ці йначай, я атрымала квіток на круізны лайнэр, які выпраўляўся зь Нью-Ёрку на Карыбскія астравы. Зь дзіўнымі адчуваньнямі я ўкладвала ў чамадан пазычаныя мне ў часовае карыстаньне летнія сукенкі і шорты. У Нью-Ёрку ў гэты час было марозна, ажно нават замёрз фантан, які на зіму не выключаюць, бо звычайна там маразоў няма.
Што праўда, некалькімі днямі раней яшчэ была нулявая тэмпэратура паводле Цэльсія, або 32 градусы паводле Фарынгейта.
Стаяў канец лістапада, а Нью-Ёрк ужо быў сьвяточна ўпрыгожаны, гатовы да Калядаў.
І вось - я мушу зьехаць з гэтага перадсьвяточнага тлуму.
І дапаможа зьехаць ад тлуму вось гэты транспартны сродак:
У каюце лайнэра мяне сустрэў вось такі дзіўны зьвер:
Ну і ўсё, я паплыла! Кожны наступны мой допіс будзе прысьвечаны аднаму востраву ў Карыбскім басэйне. У мяне няма часу расказваць усякія гістарычныя зьвесткі, аднак фоткі экзатычных месцаў абавязкова будуць!
Працяг.