Адпачынак у Баўгарыі. Уводзіны

Mar 28, 2013 15:29

Час бяжыць, хутка чарговае лета, а я дагэтуль не падзялілася ўражаньнямі пра свой мінулагодні адпачынак. Цяжка знайсьці вольны кавалачак часу, калі працуеш на трох працах. Ну, і ў дадатак я ня вельмі добра арганізоўваю свой расклад, здараецца, распыльваюся на розныя ня надта патрэбныя справы і часам чытаю тое, чаго чытаць ня варта :)

Аднак лепей позна, чым ніколі. Тым больш што яшчэ ня скончыўся пэрыяд раньняга браніраваньня (ведаю, што шмат хто заклапочаны цяпер пошукамі варыянтаў адносна недарагога адпачынку). І вось - мае водгукі па-беларуску пра адпачынак у Баўгарыі.

[шмат букафф, і яшчэ фоткі]Вулічны рэстаран


У ліпені я зразумела, што калі не адпачну - сьвет проста перакуліцца. Або я звар’яцею. Працаваць штодзённа па 15-17 гадзін у суткі, зусім не адпачываючы, - гэта дрэнна ня толькі для здароўя, але і для працы. Кінулася шукаць “гарачыя пуцёўкі” - а там адны Турцыі, Грэцыі ды Эгіпты зь непрымальным для мяне бюджэтам. Улічваючы, што ў Турцыі ў 5-зоркавых гатэлях я ўжо адпачывала, можна гэтым разам выбраць больш сьціплы адпачынак: мора - яно будзе морам і ў Турцыі, і ў Крыме, і ў Баўгарыі.



Пачытаўшы водгукі пра адпачынак у Крыме, я адразу адпрэчыла гэты варыянт. Бо мне ўжо ня 20 гадоў, хочацца іншага ўзроўню...
Румынія? Можа быць, але іншым разам. Цяпер жа спынілася на Баўгарыі. Э-эх, але ж і кошты! Лепей было патурбавацца загадзя, але час назад не адкруціш і трэба выбіраць з таго, што маем. І тут мне пашэнціла: у мэтро пабачыла рэкляму турфірмы, якая мае ў Баўгарыі свае гатэлі і прапаноўвае нейкія нерэальна танныя (у параўнаньні зь іншымі!) пуцёўкі. Паглядзела сайт гэтай фірмы - і праўда, кошты цалкам прымальныя, толькі сам сайт нейкі глючны (як потым высьветлілася, сайт рабілі баўгары - і гэтым усё тлумачыцца :). Пакінула на сайце заяўку - там абяцалі, што са мною зьвяжацца мэнэджар кампаніі. Чакаю дзень, чакаю другі, трэці - ніхто не тэлефануе. Думаю - можа, там даўно скончыліся тыя пуцёўкі, а на сайце не абнавілі інфармацыю? Патэлефанавала сама - кажуць, ня бачылі маёй заяўкі. Ну як жа так? - Вось так, баўгары зрабілі такі сайт, што часам заяўкі бясьсьледна зьнікаюць. О_о
Цудоўненька!
На гэтым этапе ўзьніклі сумневы, але яны хутка расьсеяліся дзякуючы прывабнай цане, і я вырашыла не адступацца, прыехала ў офіс кампаніі і падпісала дагавор. У мэтах эканоміі выбрала праезд аўтобусам - і гэта быў ледзь не адзіны мінус у маім адпачынку. Але ў кожным недахопе пры жаданьні можна знайсьці і дадатныя бакі, у маім выпадку гэта была магчымасьць паглядзець праз вокны аўтобуса на месцы, якія мы праяжджалі: паўднёвую частку Заходняй Украіны, Румынію і саму Баўгарыю. Напрыклад, у Румыніі пабачылі паменшаную копію нашай Нацыянальнай бібліятэкі, будынак якой стаў цяперашнім сымбалем Менску. Гэта як? Аўтары праекту Нацыянальнай бібліятэкі бессаромна скапіявалі ідэю з румынскага арыгіналу? (прабачце за якасьць, фота зроблена ў сьпешцы праз акно аўтобуса, ды яшчэ ў вечаровы час):



Падарожжа аўтобусам - гэта заўсёды даволі складана, але калі кіроўцы баўгары - складаней удвая. Ім хочацца хутчэй дадому, і таму яны амаль ня робяць прыпынкаў. Ня ведаю, мо яны езьдзяць у пампэрсах зусім ня п’юць вады і ніякіх іншых напояў, мо іхныя цягліцы зробленыя з чагосці адрознага ад усіх пасажырскіх цягліц, аднак факт такі, што яны зусім ня мелі жаданьня прыпыняцца. Яны настойліва ішлі ехалі да сваёй мэты, а жаданьні пасажыраў... - ды што ім тыя пасажыры? Хаця не, паабедаць мы заехалі ў прыгожы рэстаранчык на тэрыторыі Румыніі:





На месца мы прыбылі а пятай раніцы - кіроўцам гэта добра, бо яны ўжо амаль дома. А нам давялося чакаць восьмай ранку - менавіта ў гэты час мы мусілі прыехаць у гатэль, дзе нас сустрэў бы наш гід. Мы завалілі сваімі рэчамі палову холу каля рэсэпшэну і пайшлі знаёміцца зь мясцовасьцю.





Авой, куды нас занесла нячыстая! Гэта курортны комплекс ці нейкі глухі закутак?



Як назло, вока чаплялася за нейкія недахопы, і гэта сапраўды ўражвае сваёй неахайнасьцю і бязладнасьцю





Ходнікі? Навошта вам ходнікі?


Ну добра, наце вам ходнікі! Ну і што, калі незаасфальтаваныя, затое яны ёсьць! Праўда, недалёка вядуць...


Забягаючы наперад, скажу пра сваё адкрыцьцё: баўгары - гэта замаскаваныя рускія! Іхныя мэнталітэты вельмі падобныя. Таму яны і любяць адны другіх.

Не гатэль (жылы дом)




Але ж ля гатэлю - прыгожа!



І калі мы засяліліся ў нумары, я сфоткала краявід зьверху:



Чытала розныя водгукі пра баўгарскія гатэлі: што дзесьці амаль не прыбіраюць у нумарах, і бялізну даюць дзіравую, і нават могуць пасяліць ня ў той гатэль, куды абяцалі. Таму сьведчу: прыбіралі ў нумары кожны дзень, ручнікі і пасьцельную бялізну мянялі своечасова (ручнікі - раз у тры дні, бялізну - раз у шэсьць дзён), у асабістых рэчах ніхто не калупаўся. Тараканаў не было, нумары даволі ўтульныя і дастаткова чыстыя (ну, калі асабліва не чапляцца і не заўважаць чужых валасоў на падлозе :).  Шампунь трэба мець свой; мыла мець пажадана, але неабавязкова, калі яго расходаваць эканомна (мо камусьці хапае і таго, што даюць); туалетнай паперы кожны дзень зьяўляецца новы рулон незалежна ад таго, колькі вы скарысталі з папярэдняга рулона.

Абарыгены зьдзівілі тым, што ім лянота самім прыгатаваць сабе каву і яны, каб папіць гэтага напою, выходзяць з дому і карыстаюцца кава-аўтаматам. Зранку нават чэргі здараюцца...


У нашым гатэлі былі нумары-студыі, гэта значыць акрамя звычнай мэблі і тэхнікі ў нумары быў кухонны куток з панэльлю для прыгатаваньня ежы і ўсім патрэбным посудам. Улічваючы выбар і кошты розных мясных выразак у крамах (сапраўды танна ў параўнаньні з нашымі цэнамі), аматарам мяса там можна было проста жыраваць, гатуючы сабе кожны дзень што-небудзь смачненькае. Але я раўнадушная да мяса ў чыстым выглядзе, а ўсякія катлеты ці гародніну гатаваць падчас адпачынку - гэта проста вар’яцтва. Бо я прыехала сюды АДПАЧЫВАЦЬ!

Мясцовы “Брадвэй”




А што, я дагэтуль не паведаміла, дзе я адпачывала? Дык у Сонечным Беразе! Якія там пляжы! Гэта вам ня Крым, дзе самы вялікі пляж цягнецца ня больш як паўтара кілямэтра. Тут ажно вочы разьбягаюцца: у адзін бок - 5 км, і ў другі бок - столькі ж. Наш гатэль - пасярэдзіне курорту. Хочаш - ідзі налева, хочаш - ідзі направа. Пляжы бясплатныя. А вось лежакі і пляжныя парасоны - тыя каштуюць столькі, што нават ня ведаю, хто за іх плаціць, калі і сонечны парасон, і падсьцілку можна набыць тут жа, на мясцовым базары.



Відаць, за лежакі і пляжныя парасоны плацяць спрэс адны немцы, - хто ж яшчэ не пашкадуе штодзённа выкідаць на вецер 2 лева за адно месца пад навесам + 2 лева за кожны ляжак: за дваіх трэба адразу выкласьці 8 леваў, а гэта 4 эўра. Ну іх! Хай немец плаціць, а мы прыехалі з сваёй падсьцілкаю (яна, між іншым, вельмі патрэбная ў аўтобусе, калі сьпіш, бо ўначы становіцца халодна, прынамсі ў верасьні, калі мы езьдзілі), а парасон купілі за 14 леваў, ці 7 эўра, - ён акупіўся за два дні.

Калекцыя гэдээраўскіх “трабантаў” :)


Я трохі непакоілася наконт надвор’я, бо хто яго ведае, чаго чакаць у верасьні. Водгукі знаходзіла розныя, аднак большасьць зь іх сьведчылі пра добрае надвор’е ў верасьні. І праўда, усё было цудоўна: мора - цёплае, а гэта галоўнае. Праўда, часамі дзьмуў халаднаваты вецер, які асабліва адчуваўся ў аквапарку на самых высокіх горках, але ніякіх дажджоў не было. А сонца мне ўвогуле непатрэбнае, я ніколі не загараю пад сонцам, хаваюся пад парасон, так што нават узрадавалася, калі на трэці дзень выйшла зранку на гаўбец і пабачыла, што неба ўсё абкладзенае хмарамі. Але не кажы “гоп”, пакуль ня скокнуў! Пакуль мы сьнедалі, амаль усе хмары некудысь сплылі...

Цуда-дрэва амаль побач з нашым гатэлем


І на сёньня, бадай, скончу. Яшчэ пляную расказаць пра харчаваньне, забавы і пра горад Нэсэбар

Баўгарыя, водгукі

Previous post Next post
Up