Наўздагон Ванкувэру

Mar 09, 2010 14:44

Алімпіяда вачыма “зорна-паласатых” беларусаў

Перажыўшы першыя ў жыцьці Зімнія Алімпійскія гульні на велізарнай адлегласьці ад Беларусі ды назіраючы за імі па большай частцы вачыма заакіянскага гледача, хочацца падзяліцца ўражаньнямі, як Алімпіяда ўспрымаецца з гэтага ракурсу. Асаблівай пікантнасьці надае прыведзенай ніжэй размове двух спартыўных “спецыялістаў-аматараў”, што адзін з суразмоўцаў пабачыў Алімпіяду такой, якая яна ёсьць без дапамогі тэлевізійнага вока.

Крыніца: "Беларускі Моладзевы Рух Амэырыкі"

СМІ, напісаўшыя пра размову: "Arche", "Салідарнасць".

Такім чынам, мінулыя ды цяперашнія аўтары шэрагу спартыўных выданьняў Беларусі - газэты “Прессбол”, часопіса “Ваш Спорт”, сайтаў “еСпорт.by” і “Сусьветны хакей па-беларуску” - нью-ёркскі менчук Ілля Куніцкі ды нью-джэрсійскі салігорац Дзяніс Талпека размаўляюць пра пабачанае, адчутае ды перажытае за мінулыя два з паловай тыдні самых буйных спаборніцтваў гэтай зімы.

Хакей, біятлон, фрыстайл і ўсё астатняе

Т.Д. - Менавіта так для беларускіх гледачоў успрамалася прайшоўшая Алімпіяда. Хакей - гэта зараз, як кажуць, нацыянальны від спорта. Усім было цікава паглядзець, на што будуць здольны нашыя майстры праз 8 гадоў пасьля незабыўнага швэдзкага кідка Копаця “імя Сала”.



Біятлон і фрыстайлавая акрабатыка - заўсёдныя нашыя мэдальныя спадзяваньні. Чакалі мэталу менавіта адсюль. Пры добрым разьвіцьці падзей - нават мэталічнага перазвону. Пры вельмі добрым - яшчэ і з доўгачаканымі залатымі “меднымі трубамі” па вяртаньні атлетаў на Радзіму: на першую прыступку на Зімніх Алімпіядах беларусы на чатырох суверэнных гульнях да Ванкувэру-2010 не ўздымаліся.

І.К. - Згодзен, хакей, біятлон ды фрыстайл - “беларускія” віды спорту на Зімовых Алімпіядах. Добра памятаю другі наш срэбраны “суверэнны” медаль (першы заваяваў канькабежац Ігар Жалязоўскі) Сьвятланы Парамыгінай у Ліліхамэры-1994. З савецкіх часоў Беларусь брала медалі ў біятлоне на чэмпіянатах сьвету ды Алімпіядах. Працягнулася традыцыя і на гэтых гульнях.

Фрыстайл выйшаў на авансцэну ў 1998-м, калі Зьміцер Дашчынскі ўзяў бронзу ў Нагана. З таго часу кожная белая Алімпіяда не абыходзіцца без нашых узнагарод у спаборніцтвах лыжных акрабатаў.



Афіцыйны сайт Алімпіяды ў Ванкуверы-2010 засьведчыў  першую перамогу спартоўца незалежнай Беларусі ў гісторыі Алімпійскіх гульняў


Ну, а пасьля Солт-Лэйк Сіці-2002 хакея на Алімпіядах мы чакаем з асаблівай цікавасцю. На жаль, у Турыне нашай каманды не было, бо яна прайграла сумна вядомую кваліфікацыйную гульню ў Рызе пад кіраўніцтвам таго ж Міхаіла Захарава, які вярнуўся на трэнерскі мосцік перад гэтай, Ванкувэрскай Алімпіядай. Таму цікава было паглядзець на каманду яшчэ і з-за факта вяртаньня Захарава.

Але пра гэта мы пагаворым крыху пазьней. Зараз жа - пра больш прыемнае. Колькі мэдалёў чакаў ты?




З квіткамі - на біятлон. Прыемна, што спартыўную праграму страляючых лыжнікаў на Алімпіядзе адкрыла беларуска Вольга Назарава.

Т.Д. - Два. Прычым лічыў гэта аптымістычным прагнозам-жаданьнем. Шчыра кажучы, вельмі хацелася пабачыць радасьць нашых сонечных прыгажунь біятланісткі Дашы Домрачавай і фрыстайлісткі Ассоль Сьлівец. Ну, хаця б адной з іх. І радасьць абедзьвюх пабачыць сапраўды давялося. Толькі крыўдна ўсё ж, што Ассолевая выдатная, на мяжы магчымасьцяў, праца мэдаля не прынесла: яна стала, язык не паварочваецца сказаць слова “толькі”, чацьвёртай - па-за кітайскімі “ламбарджыні” і аўстралійкай. Наколькі ведаю, падчас вашага чатырохдзённага візыту ў Ванкувэр быў запланаваны і візыт на “кіпарысавыя” схілы кваліфікацыі экстрэмальных аэра-жанчын?

І.К. - Так, у Ванкувэры мы - я і яшчэ тры беларускіх хлопца - пазнаёміліся з беларускай Натальлей, добрай сяброўкай Ассоль Сьлівец. Натальля стала жыве ў сталіцы Брытанскай Калюмбіі ўжо некалькі гадоў і яна прапанавала два квіткі на жаночую кваліфікацыю ў фрыстайле. Было б вельмі цікава туды патрапіць, але нешта ў апошні момант не атрымалася, і мы абмежаваліся толькі праменадам па Уістлеру.



Сяргей Новікаў: "На адным узроўні з Б'ёрндаленам!".

А чакаў я адзін мэдаль. Усё ж такі ў біятлоне мы больш не займаем такія моцныя пазыцыі як раней, і спадзявацца можна было толькі што на Дашу Домрачаву.  Тым прыемней, што выбухнуў вынікова таксама Сяргей Новікаў. Падарунак беларускія біятланісты прынесьлі нам проста неверагодны, бо як раз у чацьвер 18-га лютага мы прыехалі ў Ванкувэр! Па тэлефоне ад цябе даведаўся пра посьпехі, што ўзьнесла нас на неба ад радасьці, і прыцягнула да чатырох хлопцаў у беларускіх хакейных швэдарах яшчэ больш увагі. Хоць мы і так ёю у сталіцы Гульняў абдзелены не былі. Можа, і нашы фібры дапамаглі беларускім спарцмэнам у той дзень! Уууух, як прыемна адчуваць сябе прычасным да беларускага посьпеху!

Потым па выніках нашых біятлонных дасягненьняў прачытаў на форуме газэты  “Прессбол” файныя анекдоты - кароткія і ёмістыя, прыдуманыя наведвальнікамі сайта лепшай спартыўнай газэты Беларусі, якія таксама дадалі настрою.


Над анекдотамі “Клаус Зіберт: “DASH is fantastish!!!” ды “Снайпер на лыжах - надзея Беларусі” пасьмяяліся ад душы ;)

А што да мэдалёвага прагнозу, то чакаў мэталу хутчэй усё ж ад фрыстайлістаў - Антона Кушніра ці ад дзяўчын Сьлівец і Цупер.

Т.Д. - Цікавае ў мяне дарэчы склалася адчуваньне па выніках Алімпіяды. Здавалася б засмуціўся там, дзе думаў засмуціцца ня будзе нават і магчымасьці - у лыжах. Апытанка на сайце “Прессбола” кажа пра сходныя пачуцьці беларусаў .

Лыжнікі, на якіх і спадзяваньняў асаблівых не было, набедакурылі так, не даяжджаўшы да фінішу, што таксама патрапілі ў народны анекдотны фальклёр. Добра яшчэ, што ў прадстаўнічай кампаніі са знакамітым галяндзкім канькабежцам Свенам Крамерам, які з-за трэнера пераблытаў дарожку. “Мы пойдзем другім шляхам”. (с) Леанід Карніенка і Свен Крамер. Невычэрна народная мудрасьць ;)

А вось у “нашых” відах парадавалі амаль усе. Біятланісты-дзяўчыны падтрымалі лідэра і выступілі вышэй чаканьняў. На мужыкоў жа асабліва ніхто і так не разьлічваў, таму як выступалі астатнія асаблівай ўвагі ўжо і не зьвртялі: задача была нават перавыканана.

Няўдалы выступ Антона Кушніра кампэнсаваўся бліскучым скачком на вышэйшую ступень п’едэсталу Аляксея Грышына. У той момант, а 7-й з чвэрцю па часе ўсходняга ўзьбярэжжа ЗША я файна паскокаў па кватэры, а ў наступныя паўгадзіны атрымаў каля 20-ці смсак ад сяброў-беларусаў. Шчыра кажучы, пасьля таго, як Кушнір не патрапіў у фінал, нядзеяў менавіта на залаты медаль у мяне асаблівых не было. Хоць, вядома, падтрымліваў нашых напоўніцу! Таму радасьней было ўдвая! Прыемна-та як! Ээээх, Беларусь! Дзякуй, Аляксей, за твой падарунак усім нам!!!

Тэлебачаньне і яго зоркі

Толькі вось што крыўдна, дык тое, што ніводзін з трох беларускіх мэдалёвых відаў ня быў паказаны ў ЗША ў наўпроставым эфіры. На выручку прыходзіла безадмоўнае сеціва з неверагоднымі для сярэднестатыстычнага беларускага беларуса хуткасьцямі перадачы інфармацыі.

Біятлон на ТБ амэрыканскім наогул застаўся амаль па-за межамі ўвагі: 20-хвілінныя клачкі трансьляцыяў - гэта быў нейкі зьдзек над біятлонам. Ну, а фрыстайлавая частка звыкла для Алімпіяды па-амэрыканску аказалася задвінутай на 10-15 хвілін ад “лайва” для больш зручнага, па іх меркаваньню, выкарыстаньня часу трансьляцыі ў бізнэс-сэнсе. Праўда, і гэта чамусьці не дапамагло амэрыканцам паказаць хоць бы скачкі ўсёй шасьцёркі лепшых пасьля першай спробы. Цімафей Сьлівец такім чынам наогул не патрапіў на амэрыканскія экраны...

Тэлекампанія NBC яшчэ ў 2003-м годзе набыла эксклюзыўныя правы на паказ Алімпіяды-2010 у Ванкувэры. Тады амаль не было размоў пра крызіс і надыходзячыя эканамічныя складанасьці, таму чарговае павышэньне кошту за трансьляцыю на аўдыторыю ЗША да 820-ці мільёнаў даляраў (плюс 34% у параўнаньні з Турынам) успрымалася тады як добры бізнэс-разьлік. Асабліва ўлічваючы большую зручнасьць для амэрыканцаў ванкувэрскага часовага поясу са сходным прайм-таймам. У выніку ж атрымалася, што яшчэ напачатку года NBC заявіла, што, кампаніі не дасягнуць прыбытку: продаж раклямы чакаецца на ўзроўні 750-770 мільёнаў.


І.К. - Не сакрэт, што амэрыканскі спартовы бізнэс - фінансава празрысты. Сумы кантрактаў гульцоў, бюджэты клюбаў, прыбыткі ад тэлетрансляцыяў - усю гэту інфармацыю можна без цяжкасьцяў знайсьці ў сеціве. Беларускія ж рэаліі ў гэтым сэнсе - цёмны лес. Тым больш, калі тэлебачаньне зьяўляецца дзяржаўным і накіравана не на задавальненьне і адпаведна ўлік густаў гледачоў ды атрыманьне прыбытку, а на абслугоўваньне інтарэсаў улады.

У сучаснай беларускай ідэялогіі спорт адыгрывае вельмі важную ролю, бо гэта ці не адзіны сродак падняцьця прэстыжу краіны на міжнароднай арэне. Таму тое, што беларускае тэлебачаньне - асноўны рупар дзяржаўнай прапаганды - з кожнай Алімпіядай павялічвае аб’ёмы трансляцый, не выклікае здзіўленьня.

Мне не давялося паглядзець Алімпіяду вачыма БТ. Праўда, знаёмыя ў Беларусі кажуць, што з “блакітнага экрану” ішло шмат негатыву пра горад Ванкувер ды арганізацыю Алімпіяды. І умовы пражываньня нібыта не ідэальныя, і ежа не лепшая, і накладак з правядзеньнем спаборніцтваў шмат. Прызнаючы апраўданасць некаторых крытычных заўваг, усё ж такі падаецца, што БТ выкарыстала магчымасць для некаторага прыніжэньня заходняга сьвету.

З пункту гледжаньня наведальніка Алімпіяды, якім я быў чатыры дні, усё было на вышэйшым узроўні. Валанцёры заўсёды дапамагалі з інфармацыяй, прагляд хакейных гульняў быў арганізаваны добра, было шмат куды пайсці ў горадзе. Чаго не хапала асабіста мне - прагляду спаборніцтваў на вялікіх экранах для вялікай колькасьці людзей. Можна было пайсці ў спецыяльна створаныя павільёны ці бары, але, лічу, на плошчах, дзе тусавалася шмат народу, вялікіх экранаў бракавала.

Т.Д. - Пра беларускую дзяржаўную тэлевізію з яе бюджэтнай соскай і сапраўды было б даведацца цікава, колькі яны прадалі раклямы і якая эфэктыўнасьць атрымалася ў іх у параўнаньні з мінусавой амэрыканскай. Беларускіх трансьляцый мне таксама убачыць не давялося, таму спынімся на заўвагах нашым амэрыканскім калегам. Бо пакрытыкаваць іх сапраўды ёсьць за што.

Шчыра кажучы, неаднаразова вырубалі амэрыканскія тэлевізійныя паводзіны. Назаву іх нават нахабствам.

Вядома, што “зорна-паластаыя” вельмі любяць гісторыі “self made man ці вумэн” і ўсялякія пераключэньні на спецыялістаў-камэнтатараў плюс скаканьне з трансьляцыі на трансьляцыю. Было нават уражаньне нейкае, быццам бы паказваюць не спорт, а чарговы галівудскі мегаблакбастэр, дзе кадры і тэмы зьмяняюцца калі і не кожную сэкунду, то занадта рэгулярна.



Пажаданьні ўдачы Людміле Калінчык перад стартам Алімпіяды таксама дапамаглі беларусцы паказаць лепшыя свае выступленьні ў кар'еры.

І гэтая пагоня за раклямным так і не адбітым у выніку “баблом” ды за апавяданьнямі-публіцыстыкай (так, якаснымі, так, цікавымі, але ж) перашкаджала назіраньню непасрэдна за самімі СПАРТЫЎНЫМІ спаборніцтвамі. Даволі некампетэнтыя з пункту гледжаня самаго спорту, па-мойму, паводзіны нібыта самых прадвінутых у сьвеце тэлевізіёншчыкаў.

Усё ж бізнэс-паводзіны - і, як бачу, з нашага ўзгаданага ў некапіталізме погляду - можна будаваць больш прафэсыйна. На выпраўленьне памылак ёсьць чатыры гады. Чатыры, бо Летняя Алімпіяда - усё ж фармат іншы. І па аб’ёму, і па прадстаўніцтву краін.

І.К. - Падаецца, што паказ “чыстых” спартыўных  спаборніцтваў не выклікаў бы вялікай цікавасьці ў амерыканскіх гледачоў, як, напрыклад, у эўрапэйцаў.  Віды спорту, прадстаўленыя на Зімовай Алімпіядзе, не зьяўляюцца папулярнымі ў шырокай амерыканскай аудыторыі. Так атрымалася, што “беларускія” віды асабліва . Таму, каб зацікавіць гледачоў, амэрыканскія тэлевізіёншчыкі рабілі акцэнт на раскрутцы зорак, бо гэта - неад’емная частка культуры ды гісторыі ЗША. Спорт - тэлебачаньне - стварэньне зоркі - інвэстыцыі ў спарцмэна - прыбытак для ўсіх: мадэль якая працуе ў ЗША лепш, чым дзе-небудзь яшчэ ў сьвеце.

Амерыканская прапаганда, як і любая іншая, дарэчы, заўсёды займалася стварэньнем зорак, якімі можна ганарыцца і на якіх трэба арыентавацца. Таму пасьля Алімпіяды звычайныя янкі ведаюць снаўбардыста Шона Уайта, гарналыжнікаў Ліндсі Вонн, Бодэ Мілера ці шорт-трэкаўца Аполо Она, але слаба ўяўляюць, напрыклад, у якім відзе спаборніцтваў праславіўся апошні.

835 амэрыканскіх ТБ-гадзін Алімпіяды на чатырох каналах NBC аказалася для гэтага недастаткова.

Т.Д. - Ну, гэта і не галоўнае, напэўна. Бо чацьвёрка, якую ты назваў - найбольш забясьпечаныя алімпійцы-нехакеісты каманды ЗША. Дзякуючы раклямным кантрактам, той жа Ўайт зарабляе каля 8-мі мільёнаў даляраў за год. Дарэчы яго выступ у хаф-пайпе паглядзела аўдыторыя, перабіўшая амерыканскі варыянт “Фабрыкі зорак” - “American Idol”! Хто ведае рэаліі амэрыканскіх густаў і тэлевізіі, той зразумее клічнік напрыканцы мінулага сказу. Так што раклямадаўцы сапраўды не прагадваюць, укладаючы ў гэтага даўгавалосага юнака-хіпі.

Прыгажуня Вонн зарабляе больш за 3 мільёны даляраў. Мілер і Она - таксама мільянэры. Думаю, нядрэнныя пэрспектывы для ўваходжаньня ў сьпіс мільянэраў і ў Джуліі Манкуза, якая будзе добрай інвэстыцыяй для вытворцаў прадуктаў ці паслуг.


І.К. - Мда, беларускім спартцмэнам добра б было мець магчымасць зарабляць на рэкляме хоць нешта. Атрымліваецца ж так, што тыя мэдальныя дзесяткі тысячаў “зялёных”, прадугледжаных НАКам ды бюджэтам краіны і ёсьць амаль адзіны даход спарцмэнаў ад удзелу ў гульнях. Што ня ёсьць добра.

Праўда, тут прэтэнзіі, вядома, не да спарцмэнаў, а да агульнага бізнэс-клімату кріаны, СМІ, спартыўных фэдэрацый і шмат каго яшчэ.

Т.Д. - Ага. Столькі грошаў падаткаплацельшчыкаў (чамусьці ў Беларусі іх прынята называць дзяржаўнымі) ды прадпрыемстваў убухана ў той жа хакей-футбол на ўказах спартыўных, а ці тэлевізія тая ж стварыла хоць якога-небудзь героя? Пры такой неаб’емнай падтрымцы спорту і на словах і справай не ствараць спартыўны канал - лічу, вялізная памылка. Гэта б дазволіла разьвіваць спартыўныя ўнутраныя спаборніцтвы ды дала б нашмат больш магчымасьці разьвіцьця тэлевізіі спартыўнай, у тым ліку на месцах. Без гэтага можна яшчэ доўгі час будзе “разьвіваць” спорт і праводзіць самаўнушэньне-замбіроўку... Тэлевізія і спорт - павінны быць найлепшымі партнэрамі, СТРАТЭГІЧНЫМІ. Няўжо гэта так складана зразумець прадстаўнікам хакейных ды футбольных клюбаў і федэрацый спорту? Ці, узьнікае пытаньне, так ім трэба тое разьвіцьцё?

Зараз жа нават Саша Глеб у нас, напэўна, вядомы ў асноўным толькі спартыўным заўзятарам. Я ўжо не кажу пра Руслана Салея, Мішу Грабоўскага, братоў Касьціцыных, Лёшу Калюжнага, Юру Жаўнова, нашых баскетбалістак, Ягора Мешчаракова і Валодзю Верамеенку. Гэта ж гатовыя зоркі. Але ўсё ўпіраецца ў адсутнасьць неабходнага бізнэс-клімату ў нашай краіне.

Ну, пра спартыўны мэнэджмэнт мы маглі б размаўляць яшчэ доўга. Таму - давай лепш усё ж вернемся да Алімпіяды.

Мэдалі і тэлебачаньне разгледзелі. Праўда, упэўнены яшчэ будзем так ці інакш вяртацца да гэтых пытаньняў далей. Давай зараз узгадаем як усё пачыналася і некаторыя цікавыя моманты.

На старт!




Каб патрапіць на цэрэмонію адкрыцьця Гульняў трэ было правесьці некаторы час у доўгай-доўгай чарзе. Але настрою гэта не пагаршала: адчуваньне сьвята сапраўды вітала над Ванкувэрам.

Яшчэ летам узьнікла жаданьне выбрацца на турнір хакейны. Тады і пачалі падрыхтоўчую працу ды пошук магчымых партнёраў для паездкі. Аказалася ж, што наша - тады яшчэ цалкам “філядэльфійская” - група падтрымкі так і не здолела паехаць. А вось беларусы Флярыды, Нью-Ёрку, Нью-Джэрсі ды Дэлавэру аб’ядналіся для сумеснага падарожжа. Прапанову наведаць Ванкувэр ты ж пачуў ад мяне?

І.К. - Так, але думаў пра гэту магчымасць ужо даўно - з таго самага часу, як Ванкувэр абралі сталіцай Алімпіяды. Я вельмі рады, што атрымалася выбрацца ў Канаду. Пабываць на Гульнях марыў з 1992-га году, Алімпіяд у Барселоне ды Альбервіле - першых, што адклаліся ў памяці 10-гадовага хлапчука. Цікава, што існавала вялікая верагоднасць майго “недаезду” да Ванкувера па розных прычынах, але ўсё атрымалася пасьпяхова. У Канадзе, пасьля ўсіх нашых прыгод, злавіў сябе на думцы, што мог жа гэта ўсё - хакейныя гульні ўжывую, магчымасць расказаць аб Беларусі канадскім СМІ, проста адчуць атмасфэру Алімпіяды - прапусьціць. Ад такой думкі зрабілася не па сабе. Усе ж такі такія моманты ў жыцьці трэба старацца не прапускаць і тым больш ня варта шкадаваць грошай ці часу, калі ёсць хоць невялікая магчымасць спраўдзіць мару.



Беларусы на вуліцах сталіцы Гульняў не толькі знаходзілі адзін аднаго...


...але яшчэ і бачылі тут тое, што нагадвала пра родны край.

Т.Д. - Ну, а я пачакаю здзяйсненьня сваіх мараў да Эўра-2012 і Бразіліі-2014.

Свая Алімпіяда для беларускага хакею, лічу, пачалася ў Менску “Гульнёй Усіх Зорак КХЛ”, якую прымала прыгажуня “Мінск-Арэна”. Уявіць толькі, што меньш чым за два тыдні да таго, як у Ванкувэры запаліцца алімпійскі агонь, у беларускай сталіцы будзе знаходзіцца “Вялікі Першы” Ваня Грэцкі! Уаў! Што мяне ўразіла, дык гэта беларускія СМІ, якія амаль не зьвярнулі ўвагі на гэты факт ды не пыталі Уэйна пра будучую Алімпіяду на яго Радзіме падчас візыту на Радзіму сваіх продкаў, дзе ён упершыню ў жыцьці пабачыўся са сваякамі. А прадказаць, што менавіта Уэйн Грэцкі стане зажыгальшчыкам было ж зусім няцяжка.




Беларуская дэлегацыя на цэрэмоніі адкрыцьця вачыма Юліі Сасноўскай



Разам з віцэ-прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам за цэрэмоніяй адкрыцьця на алімпійскім стадыёне сачыла і беларуска Юлія Сасноўская са сваімі амэрыканскімі сябрамі.

І.К. - Ну, з зажыганьнем канадцы сапраўды адажглі ;) Добра, што выехала хоць чатыры слупа, а то глядзець на разгубленыя твары Уэйна і Рыка Нэша было няёмка крыху. Так і хацелася падпіхнуць той - ужо было зразумела - заеўшы механізм. Чым мне падабаюцца для Беларусі заакіянскія, а для нас туташнія жыхары, дык тым, што яны здольны жартаваць над сабой і рабіць працу над памылкамі з энтузіязмам і гумарам. Электрык на закрыцьці, безумоўна, згладзіў за гэтыя тыдні ўжо нават і забыты мной той тэхнічны промах.

Т.Д. - Так, промах і сапраўды забыўся за хваляй падзей. А вось сьмерць грузінскага саначніка Надара Кумарыташвілі запамятаць ня ўдасца... Пры гэтым непрыемна уразіла, што арганізатары спрабавалі адвесьці ад сябе відавочны промах. Ну, як можна было не абматаць мяккай тканінай гэтыя слупы? І яшчэ называць атлета пры гэтым “слаба падрыхтаваным”... Да таго ж за пару дзён да гэтага для арганізатараў прагучала папярэджаньне: румынская саначніца згубіла прытомнасьць пасьля падобнага ўдару аб слуп, пазьбегнуўшы пры гэтым сур’ёзнай траўмы.



І.К. - Акрамя саначных эпізодаў журналісты газэты “Прессбол” у сваім заключным аналізе ўзгадалі і на іншыя выпадкі. На шчасьце, не настолькі трагічныя. Па-першае, жэнскі хуткасны спуск быў вельмі небясьпечны для здароўя (пятая частка спрцмэнак не даехала да фінішу), вынікам чаму - траўмы нават самых падрыхтаваных. Плюс судзейская недарэчнасьці ў біятлоне ды тым жа хуткасным спуску, якія пазбавілі шанцаў на чарговы мэдаль амэрыканку Джулію Манкуза. Па-другое, чатыры зламаныя рэбра славэнскай лыжніцы Пэтры Майдзіч, якая ўпала з даволі вялікай вышыні на неагароджаным кавалку трасы.

Т.Д. - Калі ўжо ўзгадалі пра траўмы, то нельга не ўзгадаць і пра сапраўдныя спартыўныя подзьвігі. Той жа Майдзіч, якая праз некалькі дзён з гэтымі пераломамі выйграла бронзу. Наша Алла Цупер выступала ўжо на чацьвёртай Алімпіядзе, але пакуль так і засталася без мэдаля. Нягледзячы на зламаную за пару месяцаў да Алімпіяды лапатку, яна яшчэ і здолела выйграць кваліфікацыю. А расеец Іван Скобраў з траўмай пляча выйграў срэбра і бронзу! А выступ нарвэскага лыжніка Пэтэра Нортуга - у калекцыі з чатырох мэдалёў эстафэтны 4х10 км  срэбраны фініш з ліквідацыяй неверагоднага адрыву ад чэхаў і французаў на апошнім этапе зойме асаблівае месца. Хоць і без траўмы-перашкодаў, ды чым не геройства!

Але на першым месцы для мяне ў гэтым сьпісе, безумоўна, ідзе канадзкая фігурыстка Джаані Рашэт, якая за пару дзён да выступу страціла маці. Як правільна сказаў камэнтатар NBC пасьля яе выступу ў першы дзень спаборніцтваў адзіночніц: “Гэты момант - нешта куды большае, чым спаборніцтва!” Сьлёзы так і наварочваліся на вочы...

І.К. - Так. Такія моманты застаюцца ў памяці больш, чым самі спаборніцтвы. І тут тэлевізіі трэба паставіць за той паказ “пяць з плюсам”.

Хаця трэба адзначыць, што калі-некалі амерыканскія мэдыі перагібаюць палку з “кавэрам” трагічных выпадкаў. Напрыклад, выдомыя нью-ёркскія таблоіды “ New York Post” і “Daily News” пэрыядычна смакуюць падрабязнасьці трагічных гісторый як нядаўні землятрус у Гаіці ці сьмерць таго ж Кумарыташвілі. Складваецца ўражаньне, што амерыканскія СМІ ня грэбуюць узьняць свой рэйтынг, асьвятляючы трагедыі у мелкіх, часам недарэчных, няёмкіх ды брыдкіх падрабязнасьцях...

Т.Д. - Вяртаючыся да пазітыўнага боку, я амэрыканскім тэлівізіёншчыкам паставіў бы найвышэйшую адзнаку таксама за разбор сытуацыі з Лайсачэкам - Плюшчанка. Паказ, праўда, саміх спаборніцтваў фігурыстаў быў такім, як раней мы апісвалі фрыстайл: выступы папросту вырываліся з трансьляцыяў.

Дык вось - да станоўчага ўсё ж ;) Неяк ужо прызвычаіўся да крыху дубовых заяў расейцаў праз медыі пра засужваньне і ворагаў навокал. Таму цікава было паглядзець, як на гэта рэагуюць тут. Аказалася - узважана, асэнсавана і прафэсыйна да дробязяў. Амаль пасекундны прагляд выступаў фігурыстаў з запрашэньнем у тым ліку і расейскіх спецыялістаў-журналістаў і ў выніку становіцца зразумелым, што перамог мацнейшы на той момант. Вельмі не хапае, як разумею зараз, у нашай школе прадмэтаў рыторыкі і мастацтва дыялёгу. Амэрыканцы тут проста докі.

І.К. - Напэўна, ад докаў трэба ўжо нарэшце пераходзіць да хокаў ;)

Т.Д. - Яшчэ адну сэкунду распавяду пра амэрыканскую тэлевізію і свае новыя пэрсанальныя сымпатыі. Можа, зьдзівішся, - да керлінгу. Спачатку не зусім разумеў насычанасьці гэтым відам спорту ТБ-праграмы ў ЗША. Аднак бліжэй да канца Алімпіяды стаў сапраўдным прыхільнікам гэтай гульні. Вельмі жадаў перамог канадзкім дружынам. Асабліва жаночай, капітанам якой Шэрыл Бернар папросту зачараваўся. Аказалася, праўда, што менавіта яна ўпусьціла дзьве цудоўнейшыя магчымасьці прынесьці сваёй камандзе золата ў фінале са швэдкамі.

І.К. - Ну, канадцы сваё кампэнсавалі ў керлінгу мужчынскім. І, вядома, у галоўным турніры Алімпіяды галоўнай гульні на лёдзе, фінал якога глядзела, па словах некаторых, нібыта 30 мільёнаў канадцаў (з 34-х у краіне агулам)!

Працяг будзе...

Хакейны. З марамі пра будучыню.

... тут.

СМІ, хакей, беларусы, беларусы замежжа, лЕПШЫR!, Алімпіяда, спорт, Беларусь, футбол, грошы

Previous post Next post
Up