Алімпіяда вачыма “зорна-паласатых” беларусаў
Заканчэньне размовы.
Пруфлінк: "Беларускі Моладзевы Рух Амэырыкі" Хакейнае блюда
Т.Д. - Так. Мы адмыслова пакінулі самае смачнае на дэсерт ;) Толькі во ці быў хакей смачным у выкананьні беларусаў - яшчэ пытаньне...
І.К. - Добра, што хоць з’ядобным аказаўся. Для нас - хто наведаў толькі гульні са швэдамі і немцамі - дык лепш і складана прыдумаць было. Праўда, гэта больш датычыцца выніку.
Т.Д. - Ды хто там з нас - 15-ці чалавек беларусаў, што сабраліся ў той адзіны пераможны вечар у барчыку Манхэтана паглядзець за сустрэчай - тую гульню памятаць будзе... Радасьць была якая зато ад самой перамогі! Гол нашага Салея прымусіў пацярпець беларускую заўзятарку, на якую накінуліся мы ўсе, бо яна была ў швэдары з імём Руслана :)
Салеяў у той дзень было шмат ;)
Карацей, у той момант мы дакладна не шкадавалі, што адмовіліся ад ідэі вырабу беларускай саколкі з прозьвішчам “ZaharOFF” пад нумарам “ХХ” ;) Тайм-аўт у гэты раз ён узяць не запамятаваў. Навучыўся ў бітве пры Рызе. Праўда, у выніку гэта не пазбавіла трэнера ад стварэньня заўзятарскай ініцыятывы па “аб’яўленьню імпічмэнту” яму: рыхтуецца ўжо адпаведны ліст да адказных асобаў розных устаноў ды арганізацый.
І.К. - Так. Як ні хацелася заўзятарыць за зборную напоўніцу, але фігура галоўнага ўносіла пэўны разлад у нашы стройныя шэрагі падтрымкі каманды.
Беларускія заўзятары - у аб'ектыве карэспандэнта газэты
“The Vancouver Sun”.
Т.Д. - Ну, столькі наляпаць брыдоты і так сапсаваць імідж краіны мог, напэўна, толькі ён. Я ўсё яшчэ радуюся, што яго словы пра “тупагаловых канадцаў” не пераклалі на ангельскую замежныя мэдыі. Сорамна было б за краіну ды за хлопцаў, якія яшчэ працягвалі ўдзельнічаць у турніры, калі Захараў сказаў, пра тое, што жадае перамогі расейцам. Як кажуць, без камэнтароў.
Гэта ж жах проста, як сябе паводзіць Міхалыч. Абражаючы ды прыніжаючы ўсіх вакол сябе і шукаючы безупынна ворагаў, па-мойму, складана, а то і немагчыма ўзьняць баявы дух ды выклікаць самапавагу ў ужо шмат што зрабіўшых у жыцьці людзей - заўважу, ЛЕПШЫХ у сваім відзе дзейнасьці ў Беларусі! Тое ж можна сказаць і пра сярэднестатыстычнага беларуса: якая тут можа самапавага ўзьнікнуць...
Народны фальклёр недарма зрабіў спадара Міхал Міхалыча адным з (анты)героеў сваёй творчасьці.
І.К. - Асабліва спадабаўся наступны анекдот. Па дадзеных брытанскай кансалтынгавай кампаніі Brand у тройку самых дарагіх брэндаў Беларусі ўвайшлі: 3-е месца - МТЗ; 2-е - МАЗ; 1-е - ММЗ. Спецыялісты Brand адзначаюць, што кожны беларус пры узгадваньні ММЗ закатвае вочы дагары, зжымае кулакі ды кажа: "Как он нам... дорог!"
Т.Д. - Атрымалася ў хакеі тое, чаго асьцерагаўся перад пачаткам Алімпіяды. Па большай частцы абмяркоўвалі не сам хакей, а пэрсону галоўнага трэнера. Адэкватнасьці якому, вядома ўжо даўно, не стае. Са сьпісу эпізодаў яго нахабных паводзінаў і заяў скора трэ будзе шматтомнік выдаваць. Я б не хацеў, каб такі спадар кіраваў нацыянальнай камандай. Ня буду нават казаць, які ён трэнер, і пра тое, хто б паказаў лепшы вынік з іншых настаўнікаў у дадзены канкрэтны момант, але галоўным павінен быць па-першае чалавек, а ўжо потым настаўнік-спецыяліст-прафэсыянал. Чалавечых жа якасьцяў Захараву па-добраму не хапае.
І.К. - Як бы там ні было, а ММЗ даў дазвол форуму “ПБ” разгледзець дзеяньні трэнерскага штабу ;) Во і разглядаем.
А калі сур’ёзна, то зірнуўшы на тое ж “Юнацтва” у апошнія гады бліжэй, узьнікае пытаньне, каго яно ўзгадала для зборнай? ММЗ працягвае расказваць басьні пра пераважную большасьць нібыта выхадцаў-“юнакоў” у складзе эліты беларускага хакею. Але тое было праўдай у 90-я, а ніяк не зараз. Па-мойму, у Наваполацку амаль бяз грошаў і ў Гомлі робяць куды больш, чым у гэтак узнасімым хэдкоўчам “Юнацтве”.
У суседзтве з Аўстрыяй і Азэрбайджанам.
Гэта не мэдалёвая цэрэмонія. Гэта сьцягі пад сводамі галоўнага алімпійскага стадыёну.
Т.Д. - Трэ ўсё ж і пра хакей алімпіядны нешта сказаць ;) Той жа сын ММЗ Косьця Захараў, напрыклад, гэтага заслугоўвае. Ён, нягледзячы на ўсе па-за хакейныя размовы выкол яго пэрсоны, правёў вельмі добры турнір. Спадабаліся таксама маладыя Лёша Ўгараў, Аляксандр Кулакоў, Андрэй Стась, мае пэрсанальныя сымпатыі падтрымаў добрай гульнёй Зьміцер Мялешка. Раскачыгарыліся па ходу турніра Сяргей Касьціцын і Аляксей Калюжны. На ўжо звычайным для Беларусі высокім узроўні правялі турнір брамнікі Віталь Коваль і Андрэй Мезін. Амэрыканскія журналісты нават пад час адной з трансьляцыяў жартавалі, нібыта ў нас, напэўна, з 5-ці соцень займаючыхся хакеем недзе 100 - брамнікі. Таму і такая прадуктыўнасьць ;)
І.К. - Нельга не адзначыць, што вельмі паменьшылі патэнцыял нашай каманды траўмы Мішы Грабоўскага ды Андрэя Касьціцына. Першага нечакана сустрэў у падтрыбунным памяшканьні ў перапынку гульні са швэдамі. Даўшы інтэрвію нязьменнаму камэнтатару БТ Уладзіміру Навіцкаму, Міша звыкла не адмовіўся ад невялікай фатасэсіі з фанатамі. Ужо пасьля гульні Беларусь - Швэцыя давялося таксама пазнаёміцца з абаронцам нашай каманды Сяргеем Коласавым. Ён гуляў па вуліцы з жонкай і шчыра здзівіўся, што я размаўляю на беларускай мове. “У нас у Наваполацку я ніколі беларускую мову ня чуў”, - заявіў той. Мне стала сумна.
То можа быў адзіны негатыўны момант з усяго падарожжа ў Ванкувэр. Мы - чацьвера беларусаў у яркіх швэдрах з “Пагонямі” - там увесь час былі нарасхват. То пагутарыць з намі канадцы хацелі, то зфатаграфавацца, то проста пажадаць посьпеху. А яшчэ журналісты мясцовыя стараліся не прапусьціць магчымасць праінтэрвіюіраваць экзатычнах для ніх беларусаў, добра валодыючых ангельскай мовай. Так мы далі тэле-інтэрвію здымачнай групе, якая працавала на арэне “Canada Hockey Place” ды пагутарылі з журналістамі адной з цэнтральных ванкувэрскіх газэт -
“The Vancouver Sun”. Пасьля таго, як нас паказалі на арэне некалькім тысяч гледачоў ды, асабліва, пасьля артукула ў газэце, нас пачалі пазнаваць на вуліцах Ванкувэра. Было прыемна; мы адчулі што значыць быць зоркамі ;)
Беларусы ў Ванкувэры.
Т.Д. - Нельга не ўзгадаць і пра тую падтрымку, якую трыбуны аказалі нашай зборнай напрыканцы гульні са швэдамі. Ці вы прынялі свой чынны ўдзел у “заводзе”?
І.К. - Куды больш, чым нам, “завод” быў вызваны гульцамі нашай зборнай. Наведвальнікі арэны шчодра адорвалі ў апошнія хвіліны сваёй падтрымкай актывізаваўшуюся беларускую дружыну. У той момант нашы спадзяваньні на станоўчы вынік узрасьлі неімаверна. Пару сантыметраў яшчэ б пасьля кідка Косьці Захарава, і замест звону перакладзіны трыбуны б выбухнулі “Беларусь!” ва ўсе магчымыя дэцыбелы, рэагуючы на, прызнаемся, усё ж такі цуд. Чарговы швэдзка-беларускі.
Т.Д. - Чамусьці ўзгадаў у той момант амбасадара Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана. Цікава ці жадаў ляўрэат прэміі “Люблю Беларусь” тады тых самых сантыметраў Беларусі? ;)
І.К. - Ня ведаю, як Эрыксан, а арэна дакладна хацела, прычым за велізарнай перавагай. Тыя 50-60 беларусаў (улічваючы спарцмэнаў, спецыялістаў і журналістаў), якія прысутнічалі на арэне па маіх падліках, былі ў той момант у фавары, купаючыся ў акіяне пазытыўных эмоцый больш за 15-ці тысячаў наведвальнікаў гульні.
Дарэчы, акрамя, скажам так, афіцыйных прадстаўнікоў групы падтрымкі, якім па статусе патрэбна сьвяціцца з зялёнымі сьцягамі, былі намі сустрэты і “амэрыканскія” беларусы з такімі ж палотнішчамі. Нацыянальных жа бел-чырвона-белых сьцягоў, акрамя нашых трох, бачыў яшчэ па два-тры на кожнай з гульняў.
Спачатку сочым за інтэрвію з Міхаілам Грабоўскім і фатаграфуемся...
...потым заўзятары беларускай зборнай трапляюць у аб'ектывы тэлевізіі самі.
Т.Д. - Так-так, бачылі вас нашай групай падтрымкі ў Манхэтане, шмат разоў усклікаючы: “О! О! Глядзі! Яны! Нашы!” ;)
Дарэчы тэлевізія на хакеі працавала на вышэйшым узроўні. Камэтатары, узровень аналізу эпізодаў гульні, кампэтэнцыя аглядальнікаў, разбор па гарачых слядах у запаволеным паўторы і пры спыненай карцінкі сытуацый на лёдзе з дадатковай графікай - усё было па-майстэрску. Сапраўды было цікава паназіраць. Хоць я ўжо і прызвычаіўся да гэтага, сочачы за НХЛ, але ж тут і нашых разьбіралі дэталёва, што выклікала павышаную зацікаўленасьць. А як гульня глядзелася з арэны?
І.К. - Зборная пакінула супярэчлівыя ўражаньні. З аднаго боку, мы маем даволі моцных хакеістаў, якія могуць вырашыць лёс эпізоду ў адзіночку. Калюжны, Салей, Антоненка, больш маладыя Касьціцын-малодшы, Угараў, Мялешка, безумоўна брамнікі. Запомніўся першы гол Калюжнага немцам, бо я як раз сядзеў за брамай Грайса. Ужо губляючы раўнавагу, Аляксей усё роўна вытрымаў майстэрскую паўзу і паклаў шайбу ў сетку, нягледзячы на перашкоды з боку абаронцы. І такіх момантаў дэманстрацыі індывідуальнага майстэрства з боку нашых на турніры было даволі.
З іншага боку, з трыбуны каманды выглядала неяк “сыравата”. Пасьпяховай каманднай гульні бракавала. Асабліва гэта праявілася ў дзеяньнях у няроўных складах: што ў большасьці, што ў меньшасьці нашыя былі аднымі з горшых на Алімпіядзе. Міхаіл Захараў пасьля вяртаньня дадому адмовіўся ўзгадаць памылкі трэнерскага штабу і сказаў, што, гледзячы як мала дзён было на падрыхтоўку, каманда на Алімпіядзе выступіла добра. Як быццам іншыя зборныя мелі больш часу на давядзеньня сваіх дзеяньняў да аптымальнага ўзроўню. А кепская гульня ў няроўных складах, на маю думку, як раз і паказвае на недапрацоўкі нашага малаколькаснага ды інтэрнацыянальнага, што таксама не дадало ўзаемаразуменьня, трэнерскага штабу.
Т.Д. - Так, маеш рацыю. Мне гульня нашай каманды нагадала абаронцаў фартэцыі, якія за мурамі брамнікаў, хаваліся ад сотняў стрэлаў, пушчаных у свой бок, ды кідалі ў адказ з-за пляча “атамныя” бомбы. Дзякуючы па-большасьці майстэрству нашых гульцоў, гэтыя нерэгулярныя выбухі атрымліваліся галявымі. Каманднага было малавата. Што яшчэ раз вымушае ўзгадаць пра пэрсону трэнера. Нібыта нават незамянімага, як пісаў той жа “Прессбол” перад Алімпіядай.
І.К. - Можа, і незамянімага. Бо з “падлёдавым” адмінрэсурсам і сваімі сувязямі спадар Захараў здольны заесьці ў Беларусі сёньня любога канкурэнта. Таму тыя, разумеючы гэта, асабліва і не высоўваюцца. Я прынамсі бачу сытуацыю гэтак.
Т.Д. - У кропку.
Зато фінал ЗША - Канада, безумоўна, кампэнсаваў на 100% чаканьні тых, хто спадзяваўся на сустрэчу двух галоўных хакейных “монстраў” у галоўнай гульні спаборніцтваў. Аднак чакаемыя “монстры” аказаліся, паўшы ў чвэрцьфінале з лікам 3-7, зусім бяззубымі. Некаторыя з іх у прамым сэнсе. Бо ад таго ж Авечкіна, які мне вельмі сымпатычны як спарцмэн, ну ніяк не чакаў ламаньня камэр журналістаў і сваіх жа заўзятараў.
І.К. - Бог з імі з расецамі. Ты во каго, цікава, у фінале падтрымліваў?
Т.Д. - Я знаходзіўся ў самым выйгрышным з усіх становішчы. Бо ў любым выпадку бы парадаваўся. Ці за Канаду, якая, безумоўна, заслугоўвала сьвята менавіта на хакейнай вуліцы. Той жа Грэтцкі казаў у інтэрвію перад гульнёй, што ў гэты дзень у Канадзе нават донута-бубліка будзе немагчыма набыць падчас трансьляцыі, бо ўся краіна спыніцца, назіраючы за фіналам. Думаю так і было.
Ну, а амэрыканцы на працягу ўсяго турніру паказалі на што здольныя. Іх золата ні ў якім разе не было б выпадковым.
А ты пасьля свайго візыту ў сталіцу гульняў, напэўна, схіляўся ў бок Канады?
І.К. - А вось і не. Усё ж такі больш сымпатызаваў маладой амэрыканскай камандзе. Калі не маю асабістых прэферэнцый, звычайна не перажываю за фаварытаў. Яны могуць узяць сваё і без падтрымкі. А вось каманды, якія не лічацца кандыдатамі на перамогу, а па ходу турніру радуюць вока сваёй добрай гульнёй, заўсёды выклікаюць сымпатыю. Хаця да фіналу шмат хто з амерыканцаў пад уздзеяньнем вынікаў сваёй каманды ды усё таго ж пазытыўнага асьвятленьня выступу “зорна-паласатых” у амэрыканскіх СМІ, ужо лічыў фаварытамі сваіх. Мой добры амэрыканскі сябра, які разбіраецца ў хакеі, перад фіналам не сумняваўся, што ЗША пераможа. Я ж адказаў яму эсэмэскай: “Калі Штаты два разы запар пераможаць зорную Канаду, то гэта будзе наступным (пасьля тых жа амерыканцаў-1980 ды беларусаў-2002) Цудам на Лёдзе”. Як ведаем, цуда не адбылося...
Алімпіяда - яшчэ і цудоўная магчымасьць знайсьці сяброў!
Беларус Дзьмітры Зелянко ў "мікст-бобе" з валанцёркай расейскага паходжаньня Аленай Красновай і польскім заўзятарам адпачываюць у чаканьні спаборніцтваў...
...А на спартыўных арэнах беларусы ўжо разам.
А так Алімпіяда, безумоўна, павінна дадаць увагі хакею ў ЗША. Тая ж NBC абвесьціла, што вяртае па нядзелях на канал гульні свайго партнёра - НХЛ.
Т.Д. - Фінал, безумоўна, аказаўся шыкоўным. З мегахуткасьцямі, закручанай да бязмежжа інтрыгай і, што гэтак падабаецца мясцовай паўночна-амэырканскай публіцы - гяроем, якога чакала ўся нацыя, - Сідам Кросбі!
Дарэчы, вяртаючыся да пытаньняў аб хакейных школах. Цікавы факт пра аўтараў двух апошніх шайб на Алмпіядзе. Герой амэрыканскі Зак Парызе, які параўняў лік за 24,5 сэкунды на заканчэньня трэцяга перыяду фінала, гадаваўся ў адной хакейнай школе з канадцам Кросбі - у Shattuck - St. Marys school.
І.К. - Так. А агулам гэта ўстанова была прадстаўлена на Алімпіядзе ажно сямёркай хакеістаў. Акрамя ўзгаданых дваіх яшчэ Раян Мэлоўн, Джэф Джонсан і Джонатан Тоўвс плюс дзьве жанчыны-амэрыканкі. Во дзе ліга чэрпае таленты!
Т.Д. - Зараз для НХЛ пытаньне ў тым, ці здолее ліга капіталізаваць гэтыя таленты ды алімпійскі патэнцыял напоўніцу і выпрацаваць адпаведную стратэгію бізнэс-разьвіцьця сваіх спаборніцтваў у пяцікольцавым кантэксьце.
Алімпіяда-2014 стане адным з пунктаў перамоў прадстаўнікоў лігі і прафсаюза гульцоў пры падпісаньні новай калектыўнай дамовы. На адной чашы вагаў будуць неправядзеньне Гульні Ўсіх Зорак НХЛ, два тыдні перапынку ў саборніцтвах ды таму вельмі сьціснуты графік, а на другой жаданьне гульцоў выступіць на наступнай Алімпіядзе ў Сочы.
І.К. - Гэтыя спаборніцтвы паказалі яшчэ раз, што Алімпіяда для хакеістаў - гэта як чэмпіянат сьвету для футбалістаў. Хацелася б бачыць у 2014-м на турніры і нашых ізноў.
Погляд у будучыню, ці простыя мары беларусаў
Т.Д. - Уяві сабе такі 2014-ты. Спачатку ў лютым (у) Сочы з нашай зборнай. Потым у траўні ў Менску - чэмпіянат сьвету па хакеі. Нашы там будуць дакладна. І хацелася б, каб выступілі па-гаспадарску. А потым у чэрвені-ліпені ЧС па футболе ў Бразіліі.
І.К. - І таксама з нашымі?
Т.Д. - Бачу ты ўжо марыш разам са мной ;)
І.К. - У цябе наогул добрая фантазія. Наконт стварэньня дружыны па керлінгу пісаўшы свой пост на фэйсбуку пра падрыхтоўку да Алімпіяды-2018 ты таксама не жартаваў?
Т.Д. - А што тут жартаваць? Вучымся тут. Вучымся працаваць. Вучымся зарабляць грошы. Пачнем гуляць у керлінг у вольны час замест більярду ды вялікага тэнісу - і, глядзіш, і зборная Беларусі сярод прэтэндэнтаў на мэдалі Алімпіяды апынецца ў 2018-м у камандным гульнявым відзе спорту.
А ты, бачыў, з хлопцамі прэтэндуеш, каб стаць першым беларускім бобам у гісторыі? ;)
І.К. - Лепш мы прымем удзел у гульях летніх па картачным брыджу ў 2020-м ;)