11. У лякарні
Пляменнік Юрачка вызваўся нас з мамай праводзіць да лякарні. Пакуль ішлі, мама распытвала Юрачку пра Італію, як ён там жыве, вучыцца, пра яго маму. Ісці было нядоўга, хвілін праз пятнаццаць-дваццаць мы былі на месцы. Падняліся на трэці паверх, прайшлі калідорам, яшчэ адным, зайшлі ў палату. Бабуля сядзела на койцы, якая была пасярод пакою. Усяго ў палаце было 6 коек. Так атрымалася, што я зайшла першай:
- Бабуля, добры вечар! Як вы тут?
Яна мяне не пазнала : ) Калі ўбачыла маму, дык ўзрадавалася:
- Ларыса!
Мама сказала ёй, хто я, бо таксама ўбачыла, што бабуля мяне не пазнае:
- Гэта Таня, унучка ваша. Вы яе не пазналі? Дваццаць год жа ж не бачылі.
- Пазнала, гляджу, нешта знаёмы твар, але адразу не зразумела, хто.
Далей мама распавяла пра тое, як мы дабраліся, распытала пра бабуліну хваробу, бабуля ёй адказвала, я ж сядзела ды слухала. Голас бабулі Ані застаўся ранейшым, але ж сама яна за дваццаць гадоў, што яе не бачыла, састарылася ды схуднела, ёй пайшоў 86-ы год. Бабуля распавяла і пра Юрачку. Ён хадзіў да яе ў лякарню разам са сваёй бабуляй, цёцяй Марыяй, штодзень. Усе жанчыны з палаты яго любяць, бо ён вельмі вясёлы ды добры хлопчык, цікавіцца людзьмі, неабыякавы да іншых.
Потым дамовіліся, як будзем забіраць бабулю Аню заўтра пасля выпіскі - прыедзе бацька на сваёй машыне ды забярэ яе пасля адзінаццаці раніцы.
12. Адваротны шлях
На адваротным шляху, калі шлі маленькімі вулачкамі, забачылі недзе кветнік, у якім раслі ружы. Як раз зайшла гаворка пра беларускую і ўкраінскую мовы, іх блізкасць адна да адной. Але ж пра ружу Юрачка сказаў, што гэта "троянда" па-украінску. Мама і я здзівіліся, бо лічылі, што ва ўкраінскай мове ёсць слова "ружа".
Потым Юрачка спытаў, ці ёсць у нас зімой снег. Так, адказалі мы, не такі, як напрыклад, у Сібіры, але ж бываюць і марозы, і вялікія гурбы. "А ў нас у Італіі зімой няма снегу, а хацелася б, каб ён быў", - адказаў ён. І на Украіне таксама снегу не бывае, на зімнія вакацыі ён прыязджае сюды таксама да бабулі і дзядулі, ня толькі летам.
Наступнае пытанне Юрачкі было пра тое, дзе нам падабаецца болей - на Ўкраіне ці на Беларусі. Я шчыра адказала, што кожная краіна мне падабаецца па-свойму, мне добра і там, і там. Мама адказала, што чалавеку заўжды падабаецца тое месца на Зямлі, дзе ён нарадзіўся, ягоная радзіма. Юрачка адказаў, што яму падабаецца жыць на Ўкраіне, а не ў Італіі, і што калі ён вырасце, будзе жыць і працаваць тут. Я сказала, што яму можа спатрэбіцца ягонае валоданне італьянскай ("італійскай" па-украінску) мовай, што ён у будучым можа працаваць перакладчыкам.
13. Першы вечар у Новавалынску
Потым прыйшлі да хаты, павячэралі ў летняй кухні. Ужо сцямнела. Прыйшла суседка Таццяна, прынесла кавун пачаставацца. Але ж я стамілася і пайшла адпачываць у хату, дзе пафатагравала яшчэ трошкі інтэр'ер (здымкі вы бачылі ў папярэдняй нататцы).
Праз некаторы час у хату прыйшлі астатнія. Бацька застаўся начаваць на канапе ў летняй кухні. Юрачку паклалі спаць на ложак бабулі Ані ў ейным пакоі, я з мамай ляглі на ложку ў зале, цёця Марыйка - на канапе таксама ў зале. Я амаль адразу паснула, мама з цёцяй Марыйкай яшчэ трошкі пагутарылі пры выключаным святле.
Працяг будзе...
Папярэднія нататкі:
Моё путешествие,
Моё путешествие - 2,
Моё путешествие - 3,
Маё падарожжа - 4,
Маё падарожжа - 5,
Маё падарожжа - 6,
Маё падарожжа - 7