Беларускія прозвішчы на трыста гадоў старэйшыя за расейскія

Aug 09, 2015 11:52



image Click to view


  →   Беларускія прозвішчы - стэрэатыпы і рэальнасць



Той, каму давялося расці на вёсцы, памятае: вясковыя роды называлі па мянушках. Калі ў вёсцы дванаццаць сем’яў Герасімчыкаў, мянушкі - найпрасцейшы сродак указаць на патрэбнага чалавека. Яны даваліся найчасцей ад імені дзеда або прадзеда. Адны Герасімчыкі маглі быць Казімірчыкамі, другія - Апанасавымі, а трэція - Адамавымі...

З такіх родавых мянушак 500 гадоў таму фармаваліся прозвішчы. Як? Гэтым займаліся бюракраты.

Шляхта прагнула прозвішчаў

Першымі ў канцы XV ст. прозвішчы займелі баяры-шляхта, піша гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. Спачатку яны не былі сталымі. Сыны баярына Грынькі рабіліся Грынковічамі, але дзеці ягонага сына Багдана ўжо былі Багданавымі Грынковічамі. Яшчэ праз пакаленне пра Грыньку маглі і забыцца, ператварыўшыся ў Багдановічаў...

Але Багдановічам цяжка было пацвердзіць свае правы на сяло, якое вялікі князь даў іх дзядам-Грынковічам. Таму чым больш дзяржаўная канцылярыя стварала папер-прывілеяў, тым важней для шляхціца было зафіксаваць сваё прозвішча раз і назаўжды.

Сінонім залежнасці

Сяляне ж яшчэ ў пачатку XVI ст. прозвішчаў не мелі. Каму справа да селяніна, які жыў на хутары, мог вольна перамяшчацца па краі і быў эканамічна незалежным? Прозвішчы сялянам пачалі даваць кантрольныя органы ВКЛ. Адбывалася гэта ў сярэдзіне XVI ст., падчас Валочнай памеры 1557 г. - гіганцкай аграрнай рэформы. Сялян «прымацоўвалі» да зямлі, высялялі ў вялікія вёскі і перапісвалі, дадаючы да імені імя па бацьку або мянушку, якія цяпер раз і назаўжды рабіліся прозвішчамі.

Лук’яновічы і Бабровічы

Тыя з іх, што паходзяць ад імя продка, называюць патранімічнымі. Большасць іх у беларусаў маюць суфікс -іч. Вось колькі іх у адным Попісе Гродзенскай каралеўскай эканоміі XVI ст.: Лук’яновіч, Івановіч, Ляўковіч, Амельяновіч, Хоміч, Навумовіч, Жуковіч, Васілевіч, Паласковіч, Міцкевіч, Козіч, Ячкевіч, Дашкевіч, Грынкевіч, Ламановіч, Зімаковіч, Бабровіч...

«Прозвішчы на -іч - адзнака славянскага паходжання, - кажа доктар філалагічных навук Валянціна Лемцюгова. - Яны характэрныя не толькі для беларусаў, але і для заходніх і паўднёвых славян. У беларусаў суфікс -іч не меў саслоўных абмежаванняў, а ў Расіі прозвішчы на -іч атрымлівалі толькі прадстаўнікі вышэйшых колаў грамадства з царскага дазволу».

Таксама да групы патранімічных прозвішчаў, найбольшай і найстаражытнейшай, адносяцца тыя, што сканчаюцца на -ук (-юк), -эня (-еня), -энка (глядзі мапу).

Юркойці і Даўгялы

У беларускіх прозвішчах адбілася тысячагадовае суісна­ванне славянаў з балтамі: часта славянскі корань спалучаўся з балцкім суфіксам - як у прозвішчы Даўгяла (корань «доўгі») ці Юркойць (ад Юркі). А вось Гедройць - цалкам балцкае найменне, якое пазначае таго, хто нечым праславіўся.

Берманы і Дзерманы

Уплывы маглі быць не толькі балцкія. Сярод экзатычных - нямецкія. Часцяком нямецкі пан-каланіст запісваў усіх сваіх сялянаў уласным прозвішчам, каб абазначыць гэтым права на ўладанне імі. Так з’явіліся Берманы, Дзерманы. Магчыма, так перараджаліся і некаторыя старыя балцкія прозвішчы (Шэйман).

Нелюбы і Пазнякі

Многія прозвішчы паходзілі ад мянушак і дахрысціянскіх імёнаў.

Людзей тады называлі проста. Нарадзіўся апошнім у сям'і - будзеш Пазняк.

Бывалі імёны татэмныя - ад звера ці дрэва, якому племя пакланялася (так, у летапісах трапляюцца Воўк, Воўчы Хвост), былі імёны ахоўныя, пакліканыя «падмануць» злыя сілы - Нелюб (каб любілі), Дыхля (каб здаровы быў).

Царква, выціскаючы паганства, змушала замяняць старыя імёны на хрысціянскія (у летапісах сустракаем прыклад літоўскіх князёў - Вітаўт рабіўся Аляксандрам, Ягайла - Уладзіславам).

Скарыны і Гоўшы

Дый Скарына - не ад скарынкі, кажа прафесар Лемцюгова, а ад Скарына - скарочанага старажытнага імя, тыпу Скараслаў, Скарагост, Скаравой, Скарамір. Частка прозвішчаў - такія добра забытыя імёны, накшталт Гоўша, Дымша.

Пераходзілі ў прозвішчы і скарочаныя формы: Мечык, Віліч, Стасік... Нават такое, здавалася б, відавочнае прозвішча Трус - скарочанае ад Пятро, Пятрусь. Місюта, аказваецца, - размоўны варыянт царкоўнага імя Міхаіл. Масу варыянтаў мае Аляксандр. Самыя экзатычныя з іх - Шаша, Шоша.

Але Валянціна Лемцюгова перасцерагае: даследаванне гісторыі кожнага прозвішча вымагае індывідуальнага падыходу, міні-даследавання. Верыць у сямейныя легенды і тлумачэнні, якія, здавалася б, ляжаць на паверхні - небяспечна.

Тут як з назвамі населеных пунктаў: Шапчыцы - не ад шапкі, знойдзенай там, а ад нашчадкаў чалавека з такой мянушкай. Пількаўшчына - не ад пілаў, якія ламаліся, а ад імя ўласніка зямлі, якога звалі Пілька, Піліп.

Кухты і Стэльмахі

Наступная пасля патранімічных па колькасці група прозвішчаў з Попісу Гродзенскай каралеўскай эканоміі - ад асаблівасцяў выгляду: Коўш, Чарэпка, Казелак... Безумоўна, не трэба абмінаць і прозвішчы, звязаныя з заняткам чалавека. У XVI ст. іх працэнт быў невялікі, але з часам Стэльмахі (у «Слоўніку паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» Стэльмах - той, хто робіць калёсы, калёснік), Рымарчукі (рабілі вупраж), Бондары (выраблялі цэбры), Мясніковічы (былі рубшчыкамі мяса) з’яўляюцца ўсё часцей і часцей, адзначае А.Вашкевіч.

Тое самае паходжанне ў прозвішча Кухто, лічыць Валянціна Лемцюгова. Кухта - гэта памочнік кухара. А націск на -о ў такіх прозвішчах з’явіўся ад пазнейшага, часоў Расійскай імперыі, імкнення надаць ім «благозвучность». Тады з’явіліся Лапато, Капусто, Лапо, Дынько і ім падобныя.

Цікавая гісторыя прозвішча Цароў. Адкуль у Беларусі «цар»? Аказваецца, на Магілёўшчыне так называлі старшага валачобніка, які меў упрыгожаную бліскучую шапку.

Рабіновічы з’явіліся апошнімі

Найпазней жа ў Беларусі, адзначае А.Вашкевіч, прозвішчы з’явіліся ў габрэяў-гараджан. Улады Рэчы Паспалітай не ўмешваліся ў жыццё габрэйскай грамады, адносіны з ёю абмяжоўваліся атрыманнем падаткаў, якія збіраў сам кагал. Напрыклад, з дванаццаці габрэяў, якія мелі пляцы ў 1704 г. у мястэчку Сапоцкін, прозвішчы мелі толькі шасцёра. Прычым прозвішчы яўна паходзілі ад мянушак, звязаных з выглядам, - Іцка Вясло або Азік Чарток. А калі царская адміністрацыя пачала браць габрэяў у рэкруты, забіраць дзяцей у кантаністы, пачалося прымусовае наданне беларускім габрэям прозвішчаў, прычым часта па той самай схеме, што і ў беларускіх сялян за трыста гадоў да таго. Так з’явіліся Абрамовічы, Іцкавічы, Абковічы або Зельманавічы. А Рыўкіны, Соркіны, Рохліны - па імёнах жанчын, маці. У беларусаў такое здаралася радзей, а вось ва ўкраінцаў - даволі часта: Андрусішын, Васілішын, Стэфанішын, Байчышын (ад Андрусіха, Васіліха, Стэфаніха, Бойчыха, г.зн. жонка, удава Андруся, Васіля...).

Рэха прыгону ці поступ прагрэсу?

Нашыя прозвішчы - вынік індывідуальнага прыгону, які запанаваў на землях ВКЛ з часоў Валочнай памеры, - лічыць Андрэй Вашкевіч. - Там, дзе не было індывідуальнай залежнасці ад пана, не было патрэбы ў прозвішчах. Яскравы прыклад - балгары, у якіх толькі ў сярэдзіне ХХ ст. замацаваліся прозвішчы. У захопленай асманамі Балгарыі селянін быў вольны, арандаваў зямлю ў дзяржавы і плаціў падатак - харадж. Патрэбы замацоўваць прозвішчы не было, і яго функцыі выконвала імя па бацьку. Іван Кольеў быў сынам Кольі, а ўжо сын Івана быў не Кольевым, а Іванавым. Да сёння ў Еўропе захавалася краіна з сістэмай прозвішчаў, утвораных ад імя бацькі, - Ісландыя, дзе ад часоў засялення вікінгамі панавала дэмакратыя.

Але як у такім выпадку быць з Расіяй, дзе, сцвярджаюць гісторыкі і мовазнаўцы, сялянскія прозвішчы замацаваліся толькі ў ХІХ ст., а прыгон быў яшчэ больш жорсткі, чым у ВКЛ?

Беларускія прозвішчы на трыста гадоў старэйшыя за расійскія

У Масковіі прозвiшча да XVI ст. было прывiлеем князёў і баяраў. А прозвішча на -іч давалася толькі з дазволу вялікага князя. У «Тысяцкай кнізе» 1550 на тысячу чалавек такія прозвішчы мелі толькі 28. Рэшта прозвішчаў - на -оў або на -ін. У Беларусі такога не было. У XVI-XVII стагоддзях прозвiшчы пачалi з’яўляцца ў асяроддзi дваран. У XVII-XVIII стст. - у гараджан, у к.XVIII - п.XIX стст. - духавенства. Сяляне не мелi прозвiшчаў да сярэдзiны ХIХ ст.

Нашыя прозвішчы - каштоўны скарб. Ім як мінімум 450 гадоў. А гэта значыць, што насілі іх да нас дзясяткі і нават сотні тысяч людзей, і трэба быць вартымі іх памяці.

Падрыхтаваў Сяргей Мікулевіч.   27.04.2013

Па тэме:

Літвіны-беларусы найстаражытны народ на Еўрапейскім кантыненце (By, Ru)
Мапы Вялікага Княства Літоўскага - Рэчы Паспалітай - Беларусі (By, Ru)
Гістарычная Літва і Літвіны
Гісторыя мовы літвінаў, - сёньняшніх беларусаў. Як называлася мова нашых продкаў у ВКЛ?
Имена древних беларусов
Бітва паміж злучаным войскам Польшчы і ВКЛ, і войскам Тэўтонскага ордэна 15 ліпеня 1410 года
Беларусь: паглыбленне ў бездань
Беларусы і суседзі: Хто каго баіцца?
Панрусизм и западнорусизм - это панордызм и славянофобия, объединение людей с ордынским менталитетом
Без осознания себя как исторической Литвы - не может быть и никакой Беларуси сегодня
Нікалі мы не будзем братамі

Аўтар-складальнік ©Časłaŭ List

Назад   →   Гiсторыя Беларусi   Беларуская мовa

Беларуская мова, История Беларуси

Previous post Next post
Up