«Русско-белорусский словарь» Масква, 1953
Інстытут моваведы Акадэміі Навук Беларускай СССР выдаў у 1953 годзе «Руска-беларускі слоўнік». Укладзены ён «пад рэдакцыяй правадзейных сяброў Акадэміі Навук БССР Я. Коласа, К. Крапівы і сябры-карэспандэнта АН БССР П. Глебкі». Слоўнік зьмяшчае «каля 86.000 слоў» на 787 бачынах.
У прадмове да слоўніка чытаем, што ён «ставіць сваёй мэтаю заспакоіць патрэбы моўнае практыкі беларускага народу» і што «асабліва ў сваей часьці беларускай ставіць сабе й заданьні нарматыўнага характару» (б. 5). Тут-жа даведваемся, што ў часе нямецкае акупацыі зьгінула «картатэка двутомнага руска-беларускага слоўніка». Зьгінулая картатэка ня была заступлена картатэкаю новай, і ў канцы прадмовы Інстытут моваведы жаліцца на цяжкасьці з гэтае прычыны, і дзеля таго «рэдакцыйная калегія слоўніка сьвядомая, што ў ім магчымыя асобныя абмылкі й заганы» (б. 5). Запраўды нельга надзівіцца, каб слоўнік, ды першы беларускі ў ХХ стг. такое вялічыні [У ХІХ стг. (1870 г.) быў выданы вялікі беларуска-расейскі слоўнік І. Насовіча.], быў апрацаваны без картатэкі.
Цяжкасьці былі ня толькі дзеля нябыцьця картатэкі: «нябыцьцё картатэкі, лексыкаграфічнае літаратуры і дазнаных кадраў лінгвістых, у васобнасьці лексыкаграфаў, стварала надзвычайныя цяжкасьці ў працы» (б. 5). Напэўна! З гэтага-ж даведваемся таксама, што «навуковыя супрацоўнікі Інстытуту моваведы Акадэміі Навук БССР Е. Броўка, Н. Вайтовіч, М. Лобан, Ю. Мацкевіч, М. Суднік і Я. Язьвінская», якія бралі ўдзел у ўкладаньні слоўніка, ня ёсьць беларускія моваведы і ня маюць лексыкаграфічных працаў зь беларускае мовы. Тое самае трэба сказаць і пра рэдакцыйную калегію. Адныя й другія безь літаратуры і бяз собскага дасьледаваньня беларускае мовы зь беларускага слоўнага багацьця маглі помніць толькі часьць таго, што атрымалі ад сваіх бацькоў і ад найбліжшых старшых знаёмых.
Але ўсё менаванае яшчэ толькі часьць, ды меншая, бяды. Найбольшая бяда - урадовы русыфікацыйны націск на ўсё чыста, што належыць да беларускае мовы, у тым ліку і асабліва на слоўнік. Русыфікацыйная «рэформа» беларускае практычнае граматыкі й правапісу, зробленая бальшавікамі ў 1933 г. [Гл. Я. Станкевіч. Моўная палітыка бальшавікоў у Беларускай ССР. «Беларускі Зборнік» Інстытуту для Вывучэньня СССР, кн. 2, Мюнхэн, 1955, б. 81-96.], у поўнай меры праведзеная ў разгляданым слоўніку. Нямаш сумлеву, што пад гэтым-жа націскам у беларускай часьці слоўніка ўведзена ня меней 2/3 словаў расейскіх, адно перапісаных беларускім ды часта запсаваным менаванай «рэформаю» правапісам. Прыкладам, не перакладзеныя, а толькі пераданыя беларускімі гукамі гэткія расейскія словы (у дужках падаю тыя беларускія словы, якімі павінны былі-б быць перакладзеныя словы расейскія, але гэтага ў слоўніку ня зроблена): блізарукі (нізкі на вочы, нізкавокі), варэньне (смажэньне, зн. смажаныя ягады), венгерац (Вугорац), высакосны год (пераступны год), вадабаязьнь (вадапалох), водаправод (вадавод), урач (лекар), санурач (санлекар), выйгрыш (выгранка), пройгрыш (прагранка), розыгрыш (разыгранка), дзевяноста (дзевяцьдзесят), заліў (затока), кіслата (кісьля), карэнны зуб (кутні зуб), красціся (цікацца), лётчык (лятун), лінь, зоол. (лін), ліняць (лінаць), начлежка (начулішча), адстаць ад каго (астацца ад каго), адступное (адчэпнае), падатлівы, -а, -асць (падаўкі, -о, -осць), палуда (паліва), панос (ганячка), паручыцель (паручнік), прачка (мыцьцёха), пуцёўка (дарожны ліст), п'янстваваць (п'янчыцца), селязёнка (каса), смяльчак (адважнік), страказа (стрэлка), суткі (пара), ціхоня (ціхман), вугал, мат (кут), трохвугольнік (трыкутнік), умывальнік (мыцельнік), усыпляць (усоніваць), чамадан (сутнік), чысьцільшчык (чышчэньнік), член (сябра), язычаскі (паганскі). І мноства, мноства іншых.
Бывае, што расейскае слова ў беларускай часьці слоўніка крыху зьменена або беларускае слова мае іншае значэньне, або яно ўжытае ня ў чыста беларускай хорме. Колькі прыкладаў: богатей - багацей, зам. багатыр, але богач - багатыр, багацей; барыш - барыш, замест заработак (у гандлю), карысьць; пабеларуску «барыш» значыць «пачостка пасьля куплі-продажы»; варево - варыва, зам. вараная яда, а пабеларуску «варыва» зн. «гародніна»; зыбь - зыб, зыбанне, зам. дрыгва, калыханьне; печник - пячнік, муляр, першае расейскае, а муляр не заўсёды ставіць печы, мае быць «пячкур»; «сквозняк» перароблена на «скразняк», зам. цяга; сочить - сачыць, зам. тачыць (прыкл. піва з бочкі); положительно, -ый перакладзена добра цераз дадатна, -ы, але блага цераз станоўча, -ы, бо станаўкі, станаўко (станоўча, -ы - палянізм), значыць категорический, решительный, -о. І шмат іншых падобных.
Навет калі пераклад якога слова добры, то ў іншым месцы ў прыкладах, замест яго, знаходзім русыцызм. Прыкл.: новость - навіна, але на бач. 70 «ворох новостей» перакладзена цераз «куча навасьцей».
Надта часта ў беларускай часьці слоўніка побач із словам беларускім стаіць слова расейскае. Колькі прыкладаў: агнец - ягня, агнец; алтын - шастак, алтын; беженец - бежанец, уцякач; большак - гасцінец, бальшак; будущее - будучыня, будучае; вальдшнеп, зоол. - слонка, вальдшнеп; выколоситься - выкаласаваць, выплыць; домашние - дамашнія, хатнія; зыбать - зыбаць, калыхаць; конюшня - стайня, канюшня; лодырь - лодыр, гультай; проситель - прасіцель, просьбіт (апрача просьбіт пабеларуску ёсць і прашэньнік); ремень (у зн. пояса) - рэмень, папруга, дзяга; станок - станок, варштат; ткачиха - ткачыха, ткальля, і г. д. Гэткія прыклады побач із аднымі расейскімі словамі ў беларускай часьці слоўніка ёсьць вельмі для яго характарыстычныя.
Неславянскія суфіксы ў словах, перанятых Расейцамі зь іншых моваў, застаюцца ў беларускай часьці слоўніка. Прыкл.: абсорбировать - абсарбіраваць, замест абсарбаваць; бомбардировать - бамбардзіраваць, замест бамбардаваць.
Моўна-беларуская няпрыгатаванасьць аўтараў адбілася ў тым, што й тыя нячысьленыя пераклады, дзе няма русыцызмаў, вельмі часта зробленыя блага. Прыклады: алтынник (вельмі скупы чалавек) перакладзена польскім словам «скнара», замест жмінда; аттестат зрелости - атэстат сталасці, замест атэстат сьпеласьці; бельё - бялізна (полёнізм), замест хусьце, хусты, порце; беспокоить - турбаваць, непакоіць (пол.), (у знач. - тревожить) - трывожыць, у зн. волновать) - хваляваць, а мае быць зам. 1-ых - парушаць, зам. 3-яга - узрушаць; благородный - высокародны, а ў значэньню «аристократический, дворянский» - шляхетны, прымеж таго ў вабодвых прыпадках ёсьць «дабрародны»; денежный ящик - грашовая скрынка, што ёсьць - этымалягічным перакладам расейскага тэрміну, зам. белар. «скарбонка», «скарбёнка»; застенчивый - сарамлівы, зам. дзіклівы; защитник - абаронца (пал.) зам. абароньнік, але «защитница» добра перакладзена праз «абароньніца»; неприкосновенность, -ый - недатыкальнасць, -ці (пал.), зам. незачэпнасьць, незачэпны, престол - трон (пал.), а царк. прастол, зам. у вабодвых прыпадках пасад.
Некаторыя скарачэньні ў беларускай часьці слоўніка пераданыя парасейску. Прыкладам: военрук (военный руководитель) - ваенрук, зам. ваенны кіраўнік; ЧК - ЧК.
Расейскія ідыёмы й прыказкі перакладзеныя найчасьцей даслоўна, замест таго, каб іх перакласьці беларускімі ідыёмамі й прыказкамі. Прыклады: набить руку - набіць руку, зам. навытырыцца; расейскія прыказкі - Первый блин комом; Своя рука владыка; Слово не воробей, вылетит - не поймаешь; Снявши голову, по волосам не плачут; Соловья баснями не кормят - перакладзеныя даслоўна, а мелі-б яны быць перакладзенымі беларускімі прыказкамі: Першы блін сабаку; Свая рука не ліхадзей; Слова, як птушка - выляціць, ня зловіш; Чорт па тэй траве, калі барану па галаве (або: Дзе прапала кароўка, там няхай і вяроўка); Што па тэй чэсьці, калі няма чаго есьці.
У расейскай часьці слоўніка зьмешчаныя й некаторыя беларускія словы з абруселай беларускай прасторы: брехать, брехня, брехун (пазначаныя яны як народныя); хата і некаторыя іншыя. Відаць, гэта зроблена дзеля таго, каб паказаць «блізіню» паміж абедзьвюма мовамі.
Шмат якіх патрэбных словаў у слоўніку не стае. Прыкладам, няма (падаю словы расейскія зь іх беларускім перакладам): древосек - сякач; зрячок - зрэнка; накануне - наконадні; одгадчивый - адгадлівы, ручка (да пяра) - асадка, ткацкий станок - кросны. Хто ня знае беларускага прыслоўя «ніколі»? Напэўна, знаюць яго і аўтары слоўніка, але яны не пазналі, што «нігды» - палянізм, пра што сьветчыць ягонае выбуховае «г». «Нігды» пэўне прыпадкам лучыла камусь з укладальнікаў слоўніка.
Русыфікацыя беларускае лексыкі сьцьвярджаецца і ў прадмове да слоўніка. Каб апраўдаць праводжаны гвалт над беларускай моваю, яе штучную няперабіраючай ніякіх сродкаў русыфікацыю [Гл. тамсама, б. 51-81.], у прадмове маем хвальшывае сьцьверджаньне, што яна (беларуская мова) разьвівалася пад дабрадзейным уплывам вялікае расейскае мовы і пры падтрыманьні яе з боку перадавых расейскіх пісьменьнікаў і грамадзкіх дзеячоў» (б. 6).
У прадмове далей хвальшыва цьвердзіцца, што беларуская мова «значна папоўніла лексычнае багацьце словамі роднае ёй расейскае мовы» (б. 6) і што «Беларускія буржуазныя нацыяналістыя імкнуліся засьмяціць беларускую мову штучнымі словамі, архаізмамі, каб адарваць беларускі народ ад вялікага расейскага народу. Але беларускі народ, верны прыязьні народаў, сьцярог чысьціню свае мовы, папаўняючы яе зь нявычарпаных жаролаў расейскае мовы» (б. 6).
І выдавецтва (Інстытут моваведы) заяўляе ў прадмове:
«У беларускай часьці гэтага слоўніка і ставілася заданьне - найпаўней выкарыстаць гэтыя памножаныя (расейскаю моваю. - Я.С.) багацьці беларускае мовы» (б. 6).
Як праводзілася русыфікацыя разгляданага слоўніка, можна судзіць із спосабу русыфікацыі менаванае ў прадмове загінулае картатэкі. Вось сьветчаньні пра гэта вочнікаў [Зь ведамых прычынаў прозьвішчаў сьветак не падаю.].
У 20-ых гадох Інстытут моваведы Беларускае Акадэміі Навук арганізаваў зьбіраньне словаў жывое беларускае мовы. Зыбрана была вялікая картатэка. Зь перасьледаваньнем Беларусаў і ўсяго беларускага, што асабліва ўзьнялося ў 1930 годзе, праца гэтая была перарваная. І толькі ў 1933 годзе да 1935 году над слоўнікам ізноў працавалі; працавала брыгада пры Інстытуце моваведы Беларускай Акадэміі Навук у складзе Аляксандры Гурлы, Міколы Целеша, Гардзея, прафесара беларускае мовы ў Беларускім пэдагагічным інстытуце, Бараноўскай і Базылёнка. Камісія («брыгада») папоўніла картатэку словамі, выпісанымі з твораў беларускіх савецкіх пісьменьнікаў, але ёй забаронена было выпісваць словы з твораў пісьменьнікаў, пакараных савецкай уладаю, зн., не маглі выпісваць із бальшыні беларускае літаратуры. Апрача таго, камісіі загадана было выкінуць з картатэкі ўсе «архаізмы», да каторых русіфікатары залічалі ледзь ня ўсе словы, розныя ад расейскіх, хоць-бы яны былі найноўшыя.
У 1935 годзе рукапіс слоўніка быў гатовы; але, баючыся кары за ягоны, хоць і вельмі ўжо аслаблены, беларускі характар, рэдакцыя баялася яго падаваць на зацьверджаньне да друку. Дзеля таго рукапіс слоўніка пераходзіў ад рэдакцыі да рэдакцыі, што трывала 1941 году. Увесь гэты час, ад 1933 г., слоўнікавы матэрыял кантралявала камісія, утвораная зь ініцыятывы партыйнае арганізацыі Акадэміі Навук. Заданьнем іх было сачыць, каб кантрабандаю ня былі ў слоўнік уведзеныя «архаізмы» і словы, выпісаныя з твораў засланых пісьменьнікаў. За знойдзеную картачку з такім словам укладальніку яе пагражала засланьне.
Можна быць пэўным, што й русыфікацыя разгляданага слоўніка была праведзеная падобным спосабам і што ад ягонага спачатнага складу мала што засталося. Аўтары й рэдактар або рэдакцыйная калегія - гэта ў савецкіх умовах толькі дзеля людзкога вока, у даным прыпадку, каб паказаць, што працавалі над слоўнікам Беларусы, у тым ліку й беларускія пісьменьнікі.
Разгляданы слоўнік русыфікуе ня толькі беларускую лексыку, але й беларускую фанэтыку, звыш таго, што зрусыфікавала бальшавіцкая «рэформа» 1933 г., і словатворства, уводзячы расейскія асаблівасьці разам із расейскімі словамі або русыфікуючы словы беларускія. Гэтак, прыкладам, у слоўніку маем: цэмент, замест цымент, рваць, зам. ірваць, трэці, востры, зам. трэйці, войстры, тыгр, зубр, зам. тыгра, зубра, майстар, зам. майстра, і г. д. Слова «кровосос» перакладзеная добра праз «крывасмок» (з кры- у першым складзе), але тут-жа маем «кравацёк», зам. «крываток», «кровахарканьне» і інш. падобныя з кров- або крав-, зам. крыв- у першай часьці складанага слова. З русыфікацыі фанэтыкі ў вадзіночных словах адцемлю: алтар, зам. аўтар; Аргенціна, зам. Аргентына; брація, зам. брацьця.
Часта пастаўлены расейскі націск замест беларускага. Прыклады: аптэкар, аптэкарскі, зам аптакáр, аптакáрскі; археограф, археолаг, астролаг і пад., зам. націску на канцы ў гэтых словах - археалёг і г. д.; бесклапотна (паводля рас. беззаботно), зам. бясклопатна; марскі, начны, зам. морскі, ночны; сокал, зам. сакол; чырвонец, зам. чырванец; чорт, чорта, чорту, зам. чорт, чарта, чарту і г. д. У спакменьніках на -янін (-анін) націск пастаўлены не на апошнім складзе, як вымагаецца ў беларускай мове, але на складох іншых, як ёсць у мове расейскай, прыкл.: ассірыянін (націск на -ры-), хутаранін (націск на -ра-), зам. націску на -ін.
Вельмі часта маем у словах расейскія суфіксы, замест беларускіх. У складаных словах. У складаных словах із каранём «нос» у другой часьці ў слоўніку праведзеная расейская хорма з -носец, зам. беларускае з -ноша: авіяносец, мечаносец і інш., зам. авіяноша, мечаноша.
У спакменьніках, азначаючых дзеяньне, у слоўніку ёсьць расейскі суфікс -ка, зам. беларускага -ньне або ўжыцьця іншага беларускага спакменьніка, прыкл.: гукамаскіроўка, бінтоўка, перасыпка, возка, адвозка і інш., замест: гукамаскаваньне, бінтаваньне, перасыпаньне, важэньне, адвоз і г. д.
Таксама ў спакменьніках, азначаючых дзеючую асобу, ужываецца расейскі суфікс -чык, зам. беларускага -нік, прыкл.: беседчик - гутаршчык, плательщик - плацельшчык, рассказчик - расказчык, замест: гутарнік, плачэньнік, расказьнік.
Ёсьць тут такія расейскія словатворныя формы, як «прыём», зам. белар. «прыймо».
Парасейску ёсьць «летосчисление», бо ў расейскай мове ёсьць «считать» (із с), але ў беларускай ёсьць «лічыць» (бяз з), дык было-б «леталічэньне», прымеж таго слоўнік падае «летазьлічэньне» згодна з хормаю расейскай.
Найвышшая ступень прыметнікаў у слоўніку творыцца расейскім спосабам пры помачы «самы», прыкл., самы сумленны, зам. найсумляньнейшы.
У сынтаксе таксама шмат русыцызмаў, прыкл.: «стереть ногу во время ходьбы» пераведзена праз «намуляць нагу ў час хады», зам. «...у часе хадні».
Наагул аўтары слоўніка сьлепа дзяржацца расейшчыны. У прадмове да слоўніка паданая літаратура, выкарыстаная для яго ў расейскай часьці, але нічагусенькі ня сказана, якой літаратурай аўтары карысталіся для часьці беларускае слоўніка. З прыраўнаньня разгляданага слоўніка да ранейшых беларускіх слоўнікаў відаць, што аўтары імі не карысталіся, нат такім багатым і наагул вельмі добрым слоўнікам, як Насовічаў.
Зь дзьвюх беларускіх хормаў назоваў маладое жывёлы - старшай на -ня (птушаня) і ноўшай на -нё (птушанё) у слоўніку ўсюды прыведзеная першая, хоць другая пашыраная ў сярэднім беларускім дыялекце, што пакладзены ў васнову беларускае літаратурнае мовы, і дзеля таго ёй трэба было аддаць пяршынство. З гледзішча тэхнічнага слоўнік ня выклікае зацемкаў. Маючы наўвеце запраўдныя беларускія словы ў разгледжаным слоўніку, трэба сказаць, што ён не вялікі і шмат меншы за слоўнік Насовічаў. Разгледжаны слоўнік нельга назваць беларускім, бо ў ягонай часьці фармальна беларускай шмат болей расейшчыны чымся беларушчыны.
Я. Станкевіч