Ня так даўно адбыўся “суд у слабадзе” (на by_mova). Судзілі ня толькі традыцыйнае беларускае слова абмыла / абмылка, арэал пашырэньня якога - займае палову этнічнай тэрыторыі, але й мне ніцаму дасталося за кампанію як папулярызатару. Якіх толькі грахоў ні навешалі... Найбольшым непаразуменьнем дыскусіі было сьцьверджаньне-фобія, быццам карэктаваньне савецкіх нормаў разбурае стылі і, наагул, вяртае мову ў нейкі “нулёвы” стан.
Насамрэч, ніякіх стыляў савецкая традыцыя ня выпрацавала. Усё, што маем, склалася задоўга да савецкага экспэрымэнту. Пазнакі “высокае” ў савецкіх слоўніках наагул няма. Усю аўтэнтычную лексыку (а за адным разам і сынтакс) там сьпісалі ў “гутарковае”, “абласное” і “састарэлае”, на што дзесяцігоддзямі наракалі й наракалі неабыякавыя беларускія пісьменьнікі й філёлягі. Канцылярыт у нас жыўцом узяты (скалькаваны) з расейскае мовы: бяры - не хачу. А тая клясыфікацыя стыляў, якая даецца ў падручніках стылістыкі - гэта тэматычныя наборы лексыкі і апісаньні элемэнтарных рытарычных фігур. Такія парады можна перакладаць на ўсе мовы сьвету бяз жадных перашкодаў і лічыць, што стылі гатовыя.
Дык няўжо ў нас няма стыляў? А калі ёсьць, дык на чым усё трымаецца? Трымаецца на гістарычнай традыцыі. Як кожная бабка вясковая носіць у сваёй галаве больш граматычных і лексычных тонкасьцяў, чым здольная зьмясьціць найгрунтоўнейшая акадэмічная граматыка, так кожны, хто засвоіў мову з маленства й знаёмы з нацыянальнай літаратурай, носіць у сабе гістарычную традыцыю, рассычаную ў сыстэме мовы й не здагадваецца пра гэта. Гэта й ёсьць аснова стылістыкі.
Стылі складваюцца гістарычна і існуюць імпліцытна, а не ўсталёўваюцца дырэктывамі ды гвалтам, але ня кожны імі валодае ў роўнай ступені.
Гэты парадокс тлумачыць многае.
Вось чаму карэктаваньне нормаў, арыентаванае на традыцыю не збурае стыляў, а толькі паляпшае .
Вось чаму савецкае нармалізатарства, не зарыентаванае на традыцыю шкодзіла стылістыцы й граматыцы, усё адбывалася ня дзякуючы яму, а насуперак.
Вось чаму нашы пісьменьнікі, якія засвоілі мову з маленства, ледзь не пагалоўна былі выдатнымі стылістымі ў мастацкіх творах (хоць не заўжды ўмелі будаваць сюжэты), але моцна кульгалі, калі браліся за навуковы ці высокі стыль (даруем ім дробныя хібы!).
Вось чаму такі жалю варты эфэкт давалі ўсе інавацыйныя патугі “такць мову з галавы, як павук павучыну”.
Вось чаму новае пакаленьне, якое ня мела шчасьця засвоіць мову з маленства, павінна ня пыхаю трасьці, а вучыцца й вучыцца, маючы настольнымі кнігамі і старыя лексыконы, і новыя слоўнікі, а галоўнае - кнігі: Статут 1588, Ф. Багушэвіча, У. Галубка, Ядвігіна Ш., Я. Лёсіка, К. Сваяка і г. д.
Цяпер упершыню зьявілася небясьпека перакадыфікацыі беларускае мовы на расейскамоўным сацыяльным субстраце і заадно небясьпека зьнішчэньня ўсіх стыляў. І тут першымі разбуральнікамі якраз лічу ваяўнічых дылетантаў кшталту
palivac'а (даруй ім Божа, бо ня ведаюць, што чыняць) і правакатараў кшталту
dassax'а (не даруй ім Божа, бо сьведама робяць), якія працуюць на паніжэньне беларускасьці і шальмуюць найменшую спробу павышэньня. Шкадую, што наўпрост ці ўскосна да гэтай кампаніі далучыліся такія заслужоныя людзі як
shupa й
zaprudski. (Хацелася б наконт ролі розных асобаў памыліцца!!!)
Стылістыка кшталтуецца на практыцы, а ня ў гучных заявах. Стылі мажлівыя толькі там, дзе ёсьць гістарычная вэртыкаль. А якім стылям можа даць рады
vital_stan, калі ў яго допісах толькі паверхня, дый тая шурпатая? Гэтакія людзі працуюць заўжды ў адным рэгістры і ня могуць зь яго выскачыць. Падручнікі стылістыкі з рознымі ўнівэрсаліямі не дапамагаюць, бо трэба працаваць з дробнаю канкрэтыкаю мовы, а яны яе адпрэчваюць, баяцца. Яны нават пашыраць лексыкон баяцца. У выніку - уласна беларускі лексыкон беларускага інтэлектуала сьведама памяншаецца, што ў прыраўнаньні зь ім уласна расейскі лексыкон расейскага школьніка-дэбіла будзе крыху большы.