Гэта варта працытаваць асобным пастом

May 25, 2012 20:28

Піша vital_stan ( цытата прыводзіцца, як той казаў, mutatus mutandis):

<...> Ёсць вялікая колькасць першапачаткова расейскамоўных людзей, якія палюбілі беларускую мову, але вывучылі яе па слоўніках як замежную, як другую. Цяпер гэта самая актыўная частка ў плане карыстання беларускай мовай. Але, з другога боку, яна не робіцца сталай супольнасцю і ў ёй няма нармальнага, жывога развіцця мовы. Бо цяпер гэта маса перакладчыкаў з расейскай, неаб'яднаная і дысперсная. У большасці яе беларуская мова і беларускамоўнае жыццё - пераклад з расейскага. Бо, калі што, заўжды будзе сказаць "у расейска-беларускамоўным слоўніку гэта не так" або "ты сказаў гэтак і гэтак, гэта ўсё роўна, што <адпаведны аналаг па-расейску>". Бо і палюбіўшы мову, не перастаюць калькаваць расейскія "печалька", "жжешь", "зажигаем", "прикольный", " не судьба" і ўсё тое, што калейдаскапічна змяняецца ў расейскай культуры. Лагічна, што калі ты вывучыў мову на падставе іншай, ты мусіш падпарадкоўвацца альбо слоўніку, альбо супольнасці носьбітаў. Наконт супольнасці носьбітаў - каго ўзяць? Інтэлігенцыя сталага веку схавалася. Вяскоўцы - функцыянальныя сферы іх мовы абмежаваныя. Да таго ж, звяртацца да іх перашкаджае ўяўленне, маўляў, яны ўсе абмаскаленыя, у адных папсаваная бальшавікамі мова, у другіх - трасянка. І карыстальнікі-перакладчыкі пачынаюць лічыць сябе свяцейшымі за Папу Рымскага, то-бок, за прыроджаных носьбітаў. Прыгожыя словы "мова не стаіць на месцы, а развіваецца", "мова жывы арганізм", "усё вызначаецца узусам". Але неафіты беларускай мовы часта не маюць шчырасці прызнацца сабе "я вывучыў мову па слоўніку, мне б сціпла падпарадкоўвацца ці спытаць у кагось". Вынікам гэтага пачынаецца выдумлянне словаў альбо таму што недавучыў і не падгледзеў, альбо з-за прагі ачысціць ад маскалізмаў, да пурызму. І кожны неафіт робіць гэта на свой капыл. І ў выніку, як крайнасці, мы маем Лявона Вашко, пана Скіргайлу, misternet, nonmoderate. Альбо не можам вызначыць як называць элементарную рэч адзення - майкай, саколкай, кашулькай або цішоткай. Альбо называем імбрыкам не тое, у чым настойваюць гарбату, а тое што ставяць на агонь на пліце і г. д.

А ў гэты час іншыя русіфікаваныя беларусы глядзяць на гэта і плююцца. Яны б можа і паразмаўлялі з намі па-беларуску, толькі калі мы самі не ведаем, як называць пэўную рэч, ці увесь час мяняем назвы, то навошта ўвязвацца?

У нас няма аўтаномнай беларускамоўнай супольнасці з нармальным развіццём мовы. Таму патрэбны кантроль і падтрыманне парадку. Магчыма, калісь такая супольнасць утворыцца (адновіцца), у ёй мова будзе развівацца арганічна, і тады я буду вельмі рады прыслухоўвацца да яе аўтарытэта і яе узусу.

Параўнайце з бачаннем гэтай праблемы спадаром Пацюпам:

http://by-mova.livejournal.com/919060.html

Як бачыце, Фільскайт зусім не адзінокі стралок. Такіх, як я, на цэлае бандфарміраванне можа набрацца.
Previous post Next post
Up