Якуб Колас. Новая зямля #1: Назвы пчалярскіх прыладаў

May 05, 2013 16:42

Сутыкнуўшыся зь вялікаю для мяне праблемай, вырашыў узяць ініцыятыву ў свае рукі і ўласнаручна перавесьці ў электронны фармат некаторыя зьвесткі пра рэаліі, якія згадваюцца ў літаратурным шэдэўры Я. Коласа, а менавіта, пра назвы пчалярных прыладаў. Гэты допіс можна лічыць таксама своеасаблівым камэнтарам да трынаццатай главы паэмы - "Падгляд пчол".

Кр.: Соф'я Міцкевіч. "Пладзілісь пчолкі з кожным годам..." Назвы пчалярскіх прыладаў у паэме "Новая зямля" Я. Коласа // Роднае слова. - 2005. - № 8. - С. 118.

[Чытаць далей]Адной з адметнасцяў лесніковай пасады ў Альбуці быў садок з пчольнікам, міла апеты Якубам Коласам у першым раздзеле паэмы "Новая зямля":

Але як весела і міла
Тут пчолка ў вуллях гаманіла!
І як прыемна пахла мёдам!
Пладзілісь пчолкі з кожным годам:
Штолета вулляў прыбывала -
На пчолкі вельмі шанцавала.

Найбольш спецыяльных пчалярскіх тэрмінаў паэт ужыў у раздзеле "Падгляд пчол":

Яшчэ з вясны, ў час перабору,
Сюды прывезлі пчол калоду...


1) вулей-стаяк: a) стрэшка; б) даўжнік; в) ляты
2) вулей-ляжак

Вулей-калода - жытло для пчол. Выдзёўбвалі яго з тоўстага сасновага камля, у якім быў трухлявы асяродак. Зверху і знізу дупло закрывалася выразанымі кругамі. Каб вада не трапляла ў вулей-стаяк, наверх калоды ставілі растапыраны абмалочаны сноп саломы. Вуллі-калоды былі двух відаў: стаякі і лежакі.

Каб працаваць з пчоламі, патрэбны шэраг прыладаў: маска для твару, дымар, медагонка, лыжка (шчотка), кармушкі, прыбор для праслухоўвання пчол у вуллях, раёўня, рамкі, розны посуд для збору мёду.

Ранейшыя прылады, якія выкарыстоўваліся ў пчалярстве, адрозніваюцца ад сучасных.


Сіта (маска) - прыстасаванне для аховы твару, шыі і плячэй ад пчаліных джалаў падчас працы пчаляра на пасецы. У падвойны абруч закладваўся кавалак сіта (такі, як для прасейвання мукі), праз які зручна заглядаць у вулей і назіраць за пчоламі. Галаву і шыю засланяла белая льняная палярына.

Для лоўлі рою і дзяльбы мёду карысталіся драўлянай лыжкай.
Збор мёду з вулляў называецца падгляд пчол. Гэтаму прысвечаны аднайменны раздзел у паэме "Новая зямля".

Ночвы - карытападобная пасудзіна з шырокім адкрытым верхам. Іх выраблялі з драўлянага асінавага ці ліпавага цурбана, колатага папалам. Ёмістасць выдзёўбвалі цяслой, сценкі і дно знутры згладжвалі скобляй, разцом.

Куродым - прылада для абкурвання пчол дымам, каб не так моцна кусаліся ў час падгляду.

Ўзялі і ночвы, і куродым.
- Ну, памажы, святы Мікодым...


1) куродым
2) ночвы

Куродым амаль не змяніўся з таго часу, як яго выкарыстоўвалі ў Альбуці, а вось драўляныя ночвы для збору мёду не ўжываюцца з 50-х гадоў мінулага стагоддзя.

Мёд даўней злівалі ў кадоўбчыкі, збанкі і цёрлы.

Збанок - гліняная пасудзіна, якую выраблялі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, дзюбкай і вушкам-ручкай.

Кадоўбчык - выдзеўбаная пасудзіна розных памераў цылідрычнай або блізкай да яе формы. Звычайна іх выраблялі са ствала ліпы.

Цёрла - евялікая (аб'ём - 0,5 - 0,7 л) гліняная пасудзіна з пукатымі бакамі.


1) кадоўбчык для збору мёда
2) збанкі
3) цёрла

У сучасных пчаляроў ёсць спецыяльны прыбор для праслухоўвання пчол у вуллях, а раней гэтую ролю выконваў даўжнік (гл. малюнак вулля-калоды)

Даўжнік - вузкі тоўсты брус, які закрывае спецыяльнае акно ў калодзе, зробленае для назірання за пчоламі, а таксама для вызначэння колькасці мёду ў калодзе.

Злавіў пчалу і адкідае,
Даўжнік павольненька вымае.
- Ах вы, гультайкі! плястры голы,
Хоць вы даўно старыя пчолы...

Некаторыя выразы, звязаныя з пчалярскай справай, Якуб Колас падаў у інтэрпрэтацыі традыцыйна-побытавай мовы. Такія словазлучэнні, як "плястры голы" (пустыя соты, не запоўненыя мёдам) ці "падразаць дзялянкі" (замест "падразаць пчаліныя соты"), - метафарычныя, яны падводзяць чытача да канкрэтнага, зрокавага ўспрымання прадмета.
Previous post Next post
Up