Іерархія слоўнікаў

Sep 17, 2012 17:31

У бай_мове я пішу «беларускім bokmål'ам», «савецкім» стандартам - тым, які выкладаюць у школах. З розных прычын.

Але і «савецкі» стандарт можа быць рознай якасці, ёсць ступені яго, як пісаў носьбіт і стваральнік «беларускага nynorsk'у» Ян Станкевіч: такая мова бывае «вельмі благая», а бывае «сякая-такая, нават бліжшая да нормальнае, чымся да нягоднае». Вядома, не хочацца пісаць («перакладаць на», «выпраўляць на» і г. д.) мовай «вельмі благой» - хочацца прынамсі «сякой-такой».

Але ў нас слоўнікі, «афіцыйныя», якія «ўзаконьваюць» беларускія словы ва ўжыванні, часта супярэчаць адзін аднаму. Так што ці будзе твая мова «лепшай» ці «горшай», можа залежаць ад таго, на які слоўнік ты будзеш арыентавацца. Вядома, лагічным было б лічыць найвышшым аўтарытэтам слоўнікі аднамоўныя, тлумачальныя. Добра аргументуе гэта Віталь Станішэўскі (лінгвістычную адукацыю адразу відаць):
http://by-mova.livejournal.com/965604.html?thread=12098788#t12098788
http://by-mova.livejournal.com/1005530.html?thread=12909786#t12909786

Аднак ёсць тут пэўная загваздка. А іменна: сучасны стандарт беларускай мовы быў устаноўлены не тлумачальным, а перакладным слоўнікам - Руска-беларускім слоўнікам 1953 года. Ён часта перавыдаваўся, але мяняўся мала. І ў арыгінальным выданні ясна сказана: «Словарь, особенно в белорусской своей части, ставит себе и задачи нормативного порядка: он должен быть в некотором роде справочником, указывающим круг употребления того или другого слова...» Другая загваздка ў тым, што (з майго вопыту) беларуская мова Руска-беларускага слоўніка - чысцейшая за мову тлумачальнага пяцітомнага.

Не магу нічога сказаць пра беларуска-рускія слоўнікі, бо імі мала карыстаюся.

Такім чынам узорам «беларускага bokmål'у» будзе мова пяцітомнага тлумачальнага слоўніка - індэкс слоў, якія фармальна дапускаюцца да ўжывання ў «стандарце», а Руска-беларускі слоўнік пры гэтым будзе арбітрам ў пытаннях, ці ёсць пэўнае слова русізмам, ці не, у якіх стылях яго можна ўжываць і г. д. Афіцыйным індэксам слоў, якія фармальна дапускаюцца да ўжывання (але не канечне маюць ужывацца) у «стандарце» будзе і Беларуска-рускі слоўнік.

Яшчэ адна рэч. Дзеля таго што ўжо дзесяцігоддзямі беларуская мова развіваецца ў бок рускай, мовай «старэйшых» слоўнікаў можна правяраць мову «малодшых» і падазроных выпадках біць трывогу.

Як гэта выглядае на практыцы? Прыклады:

І. Слова «надоечы». Фармальна - належыць да базавай лексікі. Але ў аднатомным ТСБЛМ яго няма наогул, у пяцітомным ТСБМ - яно мае памету «размоўнае», а ў РБС даецца без ніякіх памет, гэта значыць як стылістычна нейтральнае. Верым апошняму і ўжываем як такое.

ІІ. «Прадставіць». ТСБМ дае (адно са значэнняў): «пазнаёміць з кім-н., адрэкамендаваць». Заглядаем у РБС: представить (трэцяе значэнне) - (познакомить, отрекомендовать) пазнаёміць (каго з кім), адрэкамендаваць, прадставіць (каго каму). Здаецца, усё ў парадку? Але глянем яшчэ ў ранейшае - арыгінальнае «сталінскае» выданне 1953 года. Представить - (познакомить, отрекомендовать) пазнаёміць (каго з кім), адрэкамендаваць. А «прадставіць» - няма. А раз няма, то і будзем лічыць «прадставіць» у гэтым значэнні непажаданым да ўжывання.

ІІІ. «Глыбінка». Ёсць у адным з апошніх выданняў РБС, як пераклад да слова «глубинка». Але няма ў ТСБМ. І ў РБС-1953 таксама няма. Значыць, слова ўзнікла параўнальна нядаўна як калька з рускай мовы. Ужываць непажадана.

І гэтак далей.

Discuss.
Previous post Next post
Up