ГУБІНА і МАКАРАЎШЧЫНА (Віцебская вобласць)

Sep 15, 2015 12:09

Знаходзіцца вёска ГУБІНА ў маляўнічым азёрным краі недалёка ад Лепеля. Большасць турыстаў трапляюць сюды, калі едуць на бясконцыя вазёры, якімі так багата наваколле, і толькі некаторыя заяджаюць, каб паглядзець на рэшткі калісьці прыгожага касцёла Святога Антонія.







Напачатку ХVIII стагоддзя вёска знаходзілася ва ўладаннях Пакашаў, прадстаўнік якога, віцебскі стольнік Ян Пакаша у 1714 годзе пачаў будаўніцтва каталіцкага касцёла. Будынак быў пабудаваны ў выглядзе крыжа з трыма алтарнымі часткамі, галоўны з якіх - алтар у гонар Дзевы Марыі - быў выразаны па-мастацку з дрэва. Асобна вылучаўся і шанаваўся вернікамі алтар у гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі Вострабрамскай.


Крыху пазней, у 1759 годзе Ян Пакаша збудаваў побач з касцёлам кляштар францысканцаў. Мясцовыя прыхажане дзівіліся, як хутка разляцеліся звесткі пра адкрыццё кляштара, бо паломнікі пастаянна прыязджалі паглядзець на новазбудаваную святыню. Намаганнямі францысканцаў у кляштары Губіна была сабрана вялікая бібліятэка.




Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Губіна далучаюць да Расійскай імперыі.




У 1831 годзе пачынаецца паўстанне на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, і францысканцы актыўна дапамагаюць змагарам. У некаторых касцёлах захоўваецца зброя для паўстанцаў, некаторыя даюць прытулак параненым і тым, хто хаваўся ад расійскіх войскаў. Улічваючы гэта царская ўлада ідзе на кардынальныя крокі - яна скасоўвае дзейнасць ордэна на сваіх землях, а яе маёмасць збольшага перадаецца каталіцкім касцёлам.

У піку дзейнасці каталікам у 1834 годзе ў вёсцы будуецца праваслаўная царква Святога Мікалая.


Уладары Губіна пасля Пакашаў - Сялявы і Шырыны - працягваюць падтрымліваць ужо каталіцкі касцёл і кляштар. Напачатаку ХХ стагоддзя губінскі касцёл меў амаль 2 000 вернікаў. У кляштары захоўвалася вялікая бібліятэка францысканцаў, якая была сабрана яшчэ ў канцы ХVIII стагоддзя.


Губінскі касцёл Св.Антонія перажыў Першую і Другую сусветныя войны, але савецкі перыяд гісторыі перажыць не атрымалася. Пасля затрымання і ссылкі ксяндза ў 1929 годзе, касцёл зачынілі, а з вежаў знялі крыжы. Памяшканне прыстасавалі пад клуб, дзе праводзіліся агульныя сходы і танцы. Але танцы на кафлі, якая прамярзала зімой настолькі, што станавілася суцэльным катком, не надта атрымліваліся, таму ў 1942 годзе будынак перарабілі пад свіран.

З успамінаў Анатоля Собаля: "У пачатку 1960-х гадоў мясцовы калгас вырашыў выкарыстаць добрую цэглу касцёла для будаўніцтва новай стайні. Спачатку прыгналі танк з бліжэйшай воінскай часткі, але атрымалася збіць толькі частку вежы з крыжом. Пасля пачалі разбіраць рукамі, але так справа працягвалася яшчэ марудней. Прыйшлося па дапамогу зваць зноўку салдат, якія паспрабавалі ўзарваць касцёл, але і тады адкалолася толькі частка нішы." (www.lepel-kraj.by)


Калгас задзейнічаў усе рэсурсы, каб разабраць касцёл, а тое, што пачалі рабіць людзі, скончвае прырода.

Зараз, мы назіраем усю трагічнасць уздзеяння савецкай улады на нашы гістарычныя помнікі ў поўнай меры па ўсёй краіне. А касцёл Святога Антонія ў Губіна - гэта толькі маленькая кропелька вялікіх страт.

Зусім недалёка ад Губіна, усяго ў 3 км, знаходзіцца вёска МАКАРАЎШЧЫНА, дзе знаходзіцца царква Св ятога Мікалая Цудатворца (1896). Яна стылёва нічым не вылучаецца сярод шматлікіх праваслаўных цэркваў, пабудаваных на нашай тэрыторыі ў гэты перыяд амаль па аднаму праекту.






Наведаць яе можна хіба толькі дзеля прыгожых краявідаў, бо адтуль адкрываецца выгляд на рэшткі губінскага касцёла. Калісьці, калі дрэвы былі малымі, а трава высокая, вежы касцёла былі бачны далёка ў наваколлі. А на рэлігійныя святы перазвон званоў двух хрысціянскіх храмаў запаўняў азёрны край.


У 1930-я гады царква была зачынена. У гады Другой сусветнай вайны часткова зруйнавана. Аднаўленчыя працы пачаліся пасля вяртання будынка вернікам у 1991 годзе. Яны працягваюцца і да сённяшняга моманту.

Сялява, Віцебская вобласць, Шырын, Вандроўкі Беларусь, Пакаша, Лепельскі раён, Беларусь

Previous post Next post
Up