Вандруйма! (Маршрут № 14 )

Aug 07, 2015 10:11

8 жніўня ў Лепелі праходзіць "Фэст міфалогіі".


Прадстаўляю маршрут для тых хто хоча пабачыць не толькі Лепель падчас Фэста міфалогіі, але і паглядзець наваколле. Вядома калі вы едзеце на адкрыццё, то тэкст ніжэй можна і не адкрываць. Але калі вы плануеце з'явіцца ў Лепелі бліжэй да абеда, то можна азнаёміцца з магчымым маршрутам. Хто едзе з Мінску, то вядома выехаць для такога ваяжу трэба як мага раней. Для мяне гэта толькі запланаваны маршрут, таму распавяду сціпла пра кожны пункт наведвання.





МАКАРАЎШЧЫНА


фота з www.globus.tut.by
У вёсцы знаходзіцца царква Святога Мікалая, якая была пабудавана ў 1896 годзе. Аднаўленчыя працы вядуцца тут вельмі марудна. Кажуць, што з халма на якім яна размешчана адкрываецца цудоўны від на навакольныя бясконцыя азёры, а таксама можна пабачыць рэшткі былога кляштара ў вёсцы Губіна.

ГУБІНА


1913


2013 фота з www.globus.tut.by

Калі вы заехалі першапачаткова ў Макараўшчыну і пабачылі руіны касцёлы здалёк, то зараз можаце да іх і дакрануцца. Касцёл Святога Антонія быў пабудаваны ў 1714 годзе пры кляштары францысканцаў. Архітэктар задумваў быдынак так, каб з вышыні ён меў выгляд крыжа. Цяжка паверыць, што асноўныя пашкоджанні касцёлу нанесла не Другая сусветная вайна, а Савецкая ўлада. У 1950-я гады мясцовы калгас спачатку танкам, а пасля і рукамі разабраў касцёл на цэглу для стайні.

ДВОР-НІЗГАЛАВА


фота з www.globus.tut.by
У вёсцы можна пабачыць сядзібны дом пабудаваны ў 1875 годзе. Аматары ланшафтнага дызайна можуць знайсці тут рэшткі некалі прыгожага парка. На яго афармленне ўплывала блізкае знаходжанне велічнага палацавага-паркавага комплуксу ў Бачайкава. Апошні ўладар сядзібы, адвакат Мядзведзскі, крыху перабудаваў парк, але ўсёроўна некаторыя рысы можна было б аднавіць і зараз. Каля парка захаваўся будынак кухні і вэндлярні.

МАРЦІНАВА


фота з www.globus.tut.by
Калі вы аматары заброшак то вам трэба ехаць у вёску Марцінава, якая знаходзіцца ад Двара Нізгалава ўсяго ў некалькіх кіламетрах. Тут месцяцца руіны Пакроўскай царквы сярэдзіны ХІХ стагоддзя, якія так цудоўна выглядаюць з вышыні. Калісьці недалёка месцілася і сядзіба Рэўтаў 18 стагоддзя, але яна была знішчана падчас паўстання Каліноўскага.

БАЧЭЙКАВА


фота з www.globus.tut.by
Адзін з грандыёзных пунктаў нашай вандроўкі. Ён не прыцягвае прыгожымі будынкамі, ён прыцягвае былой велічнасцю. Калісьці, тут месціўся вялікі палац Цеханавецкіх пабудаваны ў 1769 годзе, але землямі навокал яны валодалі значна раней. У 1812 годзе тут спыняўся Напалеон. Моцныя пашкоджанні былі нанесены палацу падчас Другой сусветнай вайны, а савецкая ўлада будынак поўнасцю зруйнавала.



фота з www.globus.tut.by
А раней, Бачэйкава прыцяглава да сябе не столькі палацам, колькі абразцовым паркам. Ліпавая частка сада была пасаджана так, каб з вышыні можна было назіраць ініцыялы ўладара маёнтка і радавы герб. Зараз пасля шматлікіх перасадак і вырубак дрэў прачытаць малюнак не магмыма. Сажалкі, аранжэрэі, экзатычныя расліны і фантаны рабілі з комплекса непаўторны выгляд. А школа садаводаў, якая тут працавала дасягнула неймаверных вяршынь у дэкаратыўнай абрэзкі дрэў. Аркі, лабірынты з кустоў, спіральныя кусты і кусты ў выглядзе фігур уражвалі ўсіх наведвальнікаў комплексу.
Сёння ад палаца Цеханавецкіх захаваўся толькі флігель, на сцянах якога ў пачатку 1990-х нашчадкі былых уладароў размясцілі таблічку ў гонар продкаў.

ЛЕПЕЛЬ


Апошні пункт нашай вандроўкі. Горад цмокаў, русалкі, Льва Сапегі і прыгожага возера. Горад, дзе 8 жніўня будзе адбывацца «Фэст міфалогіі». Больш падрабязна пра гісторыю Лепеля можна пачытаць па спаслыцы http://azarkinm.livejournal.com/165454.html

Віцебская вобласць, Бешанковіцкі раён, Вандроўкі Беларусь, Маршрутызацыя краіны, Вандроўкі, Лепельскі раён

Previous post Next post
Up