Беларуская мова ў Львове

Feb 13, 2013 21:45

http://www.arche.by/by/page/works/13998
Читать по-русски

Як лічыцца беларуская і ўкраінская мова падобныя, гэта канешне так, лічу, што і ўкраінцы з гэтым пагадзяцца. Калі зазірнуць у гісторыю двух моваў, то вядома, што яны абедзве паходзяць ад гістарычнай рускай мовы (не блытаць з сучаснай мовай у Расеі).
Мне здаецца, першае, што кідаецца ў вочы пры знаёмстве з украінскай мовай, гэта шматлікае ўжыванне літар “і-и” у параўнанні з беларускай, і адсутнасць акання. І канешне тое, што украінска мова мае тры, на першы погляд аднолькавыя літары: і - и - ї.
Літара “ї” ёсць толькі ва ўкраінскай мове, як “ў” у беларускай.

Тут не будзе ніякіх “скандалаў, інтрыг і расследаванняў”, толькі асабістыя назіранні. У Львоў з намі ехаў сябар, які ўжо быў там калісь-ці. Ён распавядаў, што ва Львове ўсе размаўляюць па-ўкраінску, шыльды на крамах і білборды выключна па-ўкраінску. Прыехаўшы туды, я сам у гэтым упэўніўся.
Я шмат дзе чытаў і шмат ад каго чуў, што беларусы і ўкраінцы змогуць размаўляць адзін з адным амаль свабодна, таму едучы ў Львоў мы не задумываліся пра моўныя пытанні. Скажу адразу, што нікога не абвінавачваю, маўляў вось якія ўкраінцы, не разумеюць падобную беларускую мову.
У 7-8 гадзін раніцы мы былі ўжо ў цэнтры Львова. Выпіска і ўпіска ў хосталах адбываецца апоўдні, таму да ў 12:00 ў нас быў вольны час. Мы вырашылі пашпацыраваць па гістарычнай частцы горада і заадно пашукаць людзей, прадстаўнікоў тур-фірм, якія запісваюць жадаючых паехаць у экскурсію па замкам Львоўшчыны (усё такі потым мы вырашылі аб’ездзіць замкі сваім ходам). У цэнтры, каля фантана “Няптун” мы пабачылі мужчыну ў шляхецкай вопратцы і з шыкоўнымі шляхецкімі вусамі. Ну напэўна гэта той, хто нам і патрэбны. Мы падыйшлі і спыталі па-беларуску. Мужчына троху здзівіўся і адказаў нам па-ўкраінску. Потым, недзе праз хвіліну нашай размовы ён перайшоў на расейскую, ну і мы таксама.. Гэты шляхціч аказаўся не супрацоўнікам тур-фірмы, а чалавекам які ладзіць экскурсіі. Ён нават правёў для нас дармовую міні-экскурсію, вельмі прыемны чалавек, дзякуй яму!

На працягу дня нам яшчэ не раз прыходзілася пасля пытання па-беларуску чуць адказ па-расейску. Можа нас прымалі за расейцаў, якія дрэнна авалодалі ўкраінскай мовай, або нам адказвалі расейцы ці расейскамоўныя ўкраінцы? Шчыра кажучы нас гэта здзівіла. Мая жонка нават троху разлавалася на нас і са словамі: “Навошта пытацца па-беларуску, калі вас ніхто не разумее?”, пачала сама задаваць пытанні на расейскай мове…і амаль усе ёй адказвалі на ўкраінскай). Нават сустракаліся такія людзі, якія пасля беларускамоўнага пытання маталі галавой са словамі: “Не розумію..”. А вось такі выпадак адбыўся ў філармоніі. Мы набывалі квіткі на канцэрт джазмэна Майка Расэла. Пасля гэтага мы хацелі зайсці ў піцэрыю “Вялікая талерка”, але не ведалі дзе яна знаходзіцца (як аказалася, яна была зусім побач). Каля касы стаялі два мужчыны і вялі гаворку, на жаль не памятаю на якой мове. Сябар падышоў да іх і спытаў (на ўкраінскі манер):
- Добры вечар, можа вы підкажыце дзе знаходзіцца піцэрыя “Веліка тарілка”?
- Вы русские?
- Нет, мы беларусы.
- Ну правильно, я же говорю, что русские..

У рэшце рэшт, нічога мы ад яго не дазналіся.. да і не хацелі з ім зусім размаўляць. Як прайсці ў піцэрыю нам падказаў дзядуля і потым дадаў: “Давно я з білорусами не розмовляв”.
Помніцца калі мы ехалі на аўтобусе ў пасёлак Олесько, мы пыталіся дзе нам выйсці. Нейкі мужчына зразумеўшы, што мы беларусы, распавёў нам такую гісторыю: “Калі я служыў у войску, то ўсе размаўлялі паміж сабой на сваіх родных мовах, а беларус размаўляў па-расейску. Мы ў яго спыталі, чаму ён не гаворыць на сваёй мове, на беларускай? А ён адказаў, што проста яе не ведае.. Нас гэта вельмі здзівіла”. Дарэчы гэты мужчына размаўляў на нейкім дыялекце украінскай мовы, можа гэта галіцкая гаворка? Мне паказалася, што ён размаўляў на сумесі ўкраінскай і польскай мовы. Зразумець яго было вельмі складана.
Яшчэ быў выпадак у адным з музеяў. Сябар задаў пытанне: “Скажыце, а якога стагоддзя ў вас вунь той экспанат”. Супрацоўніца музея не зразумела слова “стагоддзя”. Тады я спытаў па іншаму: ”Какого века вон тот экспонат?”
- Ааа..століття! Ви напевно білоруси, я чую що мова схожа.

У адной з кавярняў мы зрабілі замову, дзяўчына ўсё зразумела і прамовіла з усмешкай: “Яка у вас мова цікава”. “Это беларусы”, - прамовіў па-расейску мужчына, які стаяў з намі побач.

Зараз другі бок медалі - як мы разумелі ўкраінскую мову. Калі людзі гаварылі даволі хутка, то зразумець было цяжка. Некаторыя словы былі зусім не зразумелыя. Напрыклад калі мы вярталіся з гіпермаркета “Ашан”, побач са мной у аўтобусе стаялі хлопцы год 18-ці. Ці гэта з-за шуму рухавіка, ці з-за хуткай размовы, але я гэтых хлопцаў зусім не разумеў. Як і не разумеў хлопчыка, якому было гадоў дзесяць, які пачаў нам нешта расказваць калі мы толькі ў “Ашан” ехалі.

Едучы ў Львоў мяне цікавіла як мясцовыя ставяцца да расейскай мовы, бо шмат дзе чытаў, што ва Львове мясцовыя ігнаруюць расейскамоўных людзей. Я яшчэ думаў, няўжо там не жывуць расейцы, ці яны ўсе з цягам часу перайшлі на ўкраінскую мову? Скажу, што львовяне адэкватна рэагуюць на расейскую мову, ва ўсякім выпадку ў нас ніякіх праблем не было.

Артыкулы, Мова, Падарожжы па Ўкраіне, Львоў

Previous post Next post
Up