Памёр Ягор Гайдар. З Ягорам Цімуравічам сутыкнуўся два месяцы назад у Празе на "Форуме-2000", што ладзіць Вацлаў Гавэл. Гайдара пабачыў яшчэ пры рэгістрацыі. Ён не выглядаў на свае 53 гады. Здавалася, што яму нашмат болей. Уразіўся, што з ім быў ахоўнік. Адмысова пайшоў на расійскую секцыю Форуму, ахвяраваўшы выступам Мілінкевіча, бо цікава было паназіраць за цяперашняй расійскай апазіцыяй. Тымі людзьмі, якія даюць Расіі асцярожную надзею на дэмакратычную будучыню. Людзей мужных. Трэба мець яшчэ тую адвагу, каб рызыкнуць займацца грамадскай дзейнасцю ў нашай Усходняй суседцы. Прызнаюся, што асабста мне хацелася б пабачыць у Празе Гары Каспарава. Але прыехаў Гайдар. На жаль, Гайдар зрабіў уражанне старога стомленага чалавека. У яго словах і адказах я так і не пабачыў нейкага крэатыву, свежых ідэй. На большасць пытанняў адказ быў адзін: "Час пакажа". Пры гэтым падалося, што Гайдару таксама ўласцівая традыцыйная расійская пыха. Ён хваліўся, што ведае, як Барак Абама прымаў рашэнні па базах у Чэхіі, але сакрэту так і не раскрыў. Зазірнуў у блакнот, паглядзеў запісы за той дзень. З Гайдара засталася толькі адна фраза: "Праводзіць у Расіі палітыку нацыяналізму - гэта найбліжэйшы шлях да развалу краіны". Папрасіць большае інтэрв'ю я нешта так і не адважыўся.