Шчасце быць народжаным на Поўначы

Dec 16, 2009 21:43

Зіма. Харошы такі ядроны марозец. Не, я таксама перажываю яго не вельмі лёгка. Захутваюся, што цяплей, але шалік так і не навязваю. Ніколі не насіў шалікі. У гэты мароз таксама не буду. Але мне чамусьці прыемна ад такога надвор'я. Напэўна, таму, што ўспамінаецца дзяцнства.

Як толькі прыходзіць першы мароз, я не магу дачакацца выходнага дня. Каб прачнуцца як мага раней і пабегчы на выган катацца па лёдзе. Лёд крэпкі, ззяе. Але мне гэтага мала, я знаходжу недзе паблізу камень і пачынаў стукаць ім па лёдзе. Урэшце, лёд ламаецца. І я таксама апынаюся ў вадзе. З цяжкасцю выбіраюся на сухое і ўвесь абледзянелы плятуся дадому. Маці крычыць: "Ну што, усе лужыны памерыў?" Я хутчэй распранаюся і бягу да печкі, дзе закручваюся ў стары кажух і грызу белыя гарбузныя семкі, пакуль не засынаю. І дзва ж - ніколі не хварэў!

Прыходзіш са школы, хутчэй абедаеш, кідаеш рэчы, і бяжыш на возера. У нас яшчэ ёсць некалькі гадзінаў светлага часу сутак, каб пагуляць у хакей. У мяне ніколі не было канькоў (іх амаль не было ні ў каго ў вёсцы). Не было сапраўднай клюшкі (іх амаль не было ні ў каго ў вёсцы). Ішлі ў лес і выразалі сабе клюшкі. (Увага! Пытанне знатакам: з якога дрэва найлепш выразаць клюшкі?) І бегалі з імі за шайбай, пакуль не цямнела. На ногі звычайна абувалі бацькавыя валенкі, каб можна было смела стаяць на варотах. А колькі боек было? На лёдзе яно атрымліваецца яшчэ больш трагічна. Піхаеш некага, а ён валіцца і разбівае нос. Гэта прыгожа - кроў на лёдзе. А ты закідваеш небараку за шыварат яшчэ жменю снегу.

Бацька будзіць нас а 7 раніцы. Мне не хочацца вылазіць з-пад коўдры, і я з надзеяй пытаюся колькі паказвае тэрмометр. Мінус 22, кажа бацька. І я разумею, што пайсці ў школу сёння ўсё ж давядзецца. А якое шчасце, калі на градусніку мінус 25!

Скрыпучы мароз. Дарослыя мужыкі б'юць свінню. Я дапамагаю падносіць ваду. Потым мне ўпершыню дазваляюць смаліць кабана. А потым нават вучаць разбіраць. А ў хаце ўжо пахне свежыной. На стале стаяць бліны, капуста і гарэлка. Назаўтра ў хаце будзе пахнуць прыправамі і свежымі калбасамі.

У старэйшых класах зімой мы хадзілі ў клуб гуляць у настольны тэніс. Растаплівалі грубку, але сагрэць такое вялізнае памяшканне было цяжка. Дадому вяртаешся па скрыпучым снезе, у пракураным швэдры, пад зорным-зорным небам.

Аўтобус-"гормошка", маршрут №11. Першыя дні новага году. Мінус дваццаць. А нам нават не прадувае і нам не халодна. Нас грэюць пацалункі. А ў ейных вачах цвітуць валошкі.

Я таксама хачу зараз на якое-небудзь Науру. Тым не менш, усведамляю шчасце ад таго, што мы нарадзіліся ў паўночнай краіне.
Previous post Next post
Up