Узыходжанне на Алімп

Dec 23, 2019 22:48

Дадзены нарыс распавядае пра ўзыходжанне на гару Алімп 11 верасня 2019 г. Тут знойдзеце не толькі непасрэднае апісанне ўзыходжання (гэтага ў сеціве хапае), але і некаторыя ўласныя думкі і назіранні ў кантэксце індаеўрапейскай міфалогіі. Аднак, натуральна, будзе і пра сам працэс узыходжання. Здымкаў шмат, але ж ўсё не паставіш. Цяжка выбіраць, таму як ёсць.



Уводзіны: Алімп як міфалагічная мадэль
Калі зусім спрошчана даць вызначэнне Алімпу, то гэта рэгіянальнае ўвасабленне агульнай індаеўрапейскай міфалагемы Сусветнай Гары, якая з’яўляецца сімвалічным цэнтрам свету; гара можа быць пасярод мора; на вяршыні гары жыве/мае прастол вярхоўны Бог ці ўсе (асноўныя) багі; з вяршыні гары сцякаюць рэкі, а вакол вяршыні круцяцца нябесныя свяцілы. Усе гэтыя элементы цалкам адпавядаюць гары Алімп. Пра міфалогію Алімпа, хаця б зусім прыблізна, мабыць, ведае кожны школьнік. Няма сэнсу паўтараць.

Калі глядзіш на Алімп, то бачна, што пад ім раскінулася мора, а з гары сапраўды сцякае шэраг рэк і ручаін, некаторыя з якіх сезонныя. А ўночы бачны рух нябесных свяцілаў таксама стварае ўражанне, што сонца і месяц круцяцца вакол гары. Не ведаю, як гэта выглядае ў іншых мясцовасцях, але, там дзе мы былі, сонца ўвечары сядала за гару, што таксама перагукаецца з уяўленнямі пра ноч і цемру, як цянь ад Сусветнай Гары. У гэтым плане Алімп - ідэальнае зямное ўвасабленне індаеўрапейскага міфа. Шанаванне гары абумоўлена тым, што тут у рэальнасці удала спалучаюцца асноўныя характарыстыкі міфалагічнага вобраза.

Алімп - гэта прастол вярхоўнага нябеснага бога, Дыя, Зеўса. Назіранне за гарой таксама пацвярджае, чаму гэтая гара лічыцца месцам знаходжання Грымотніка. Увесь час пакуль там былі ў сямейным адпачынку, вяршыні хаваліся за аблокамі. І гэта дадае таямнічасці месцу. Навокал паўсюль бліскучае сонца, а над Алімпам вісяць хмары, часам цёмныя сінія дажджавыя і навальнічныя. Перыядычна зверху даносіліся грымоты. З вяршыні хмары разыходзяцца ў розныя бакі. У адну ноч грымнула навальніца, што аказала моцнае ўражанне. Дык дзе ж, як не там, павінен быць прастол Зеўса?! Усё відавочна. Як я пытаўся, такое там круглы год. Рэдка калі можна ўбачыць вяршыню без аблокаў. І немалаважна, што вяршыня часцяком заснежана (гэтую рысу падкрэслівае Гесіод у “Тэагоніі”), што таксама ўзмацняе міфалагічны вобраз гары.

Але вось што мне дагэтуль незразумела. Як агулам склаўся культ Алімпа? Я разумею чаму - адпавядаюць усе характарыстыкі. Але калі і як гэта адбывалася? Алімп - найвышэйшая кропка Грэцыі. Як і многія іншыя шанаваныя горы - гэта самая высокая мясціна свайго рэгіёна. Але як людзі даведаліся, што менавіта гэтая гара найвышэйшая сярод іншых? Візуальна і іншыя горы тут высокія. Рассяленне людзей таксама адбывалася паступова. Землі асвойваліся не адразу, была імавернасць знайсці яшчэ больш высокую і прыдатную вяршыню. Але не. Гэта таксама сведчыць, што была пэўная агульная рэлігійная структура, якая яднала розныя тэрыторыі з адным насельніцтвам. Інакш агульнага культу Алімпа проста не магло б быць. Кожны рэгіён меў бы свой лакальны "Алімп", хаця, па вялікім рахунку, шмат дзе сапраўды былі свае шанаваныя горы.

Літахора
Шлях пачынаецца ў мястэчку Літахора, якое раскінулася пад Алімпам. Кавярні з смачнай грэцкай кавай, рэстарацыі, крамы - усё што трэба. Старажытнасці там не знайсці, але ж мясціна прыемная і маляўнічая, тым больш, што маюцца выдатныя краявіды ды аглядная пляцоўка на Алімпійскую цясніну. Вуліцы масава названыя ў гонар хрысціянскіх святых, але прысутнасць алімпійскіх багоў прасочваецца. Такое ўражанне, што яны там ніколі і не знікалі. Царква святога Мікалая на цэнтральнай плошчы арыентавана галоўным уваходам на Алімп. Фактычна глядзіць на Алімпійскую цясніну. Пасля на руінах старажытнага сакральнага горада Дыёна заўважыў тое ж самае: рэшткі раннехрысціянскага храма таксама арыентаваныя ўваходам на Алімп. Відаць, ёсць тут нейкая сувязь. Не ведаю, як зараз з рэлігійнасцю ў мясцовых (хаця ў кіроўцы ў аўтобусе іканастас быў унушальны), бо царква была пустая. У той час як па дарозе на Алімп заўсёды даволі актыўны рух.



Узыходжанне: пачатак
На арэндаваным у гатэлі аўтамабіле рушылі наверх. Можна таксоўкай з Літахоры, але коштаў не ведаю. Аднак таксоўкі ўвесь час туды-назад ганялі. Калі самі едзеце, то лепш каб было дастаткова паліва. З гэтым у нас быў невялікі пралік (не ўлічыў, што на такі пад’ём будзе вялікі расход): уніз ужо каціліся фактычна на пустым баке. Добра, што ўвесь час уніз трэба было, і дацягнуў да запраўкі, якіх некалькі на ўскраінах Літахоры. Ад мястэчка добрая ды маляўнічая дарога цягнецца ўгору да Прыёніі (вышыня 1100 м).





Прыёнія - гэта кропка пачатку і заканчэння маршрутаў, месца адпачынку, крыніца (набраў тут вады), паркоўка, рэстарацыя, прыбіральні. Колькі словаў пра прыбіральню. Такі важны момант, але звычайна не пішуць пра гэта. А ёсць жа праблема. Гара - не проста гара. Святая гара багоў, дзе гадзіць не варта. Як тут быць? У Прыёніі ўсё зразумела: гэта хоць таксама Алімп, але яго “побытавая” частка. Яшчэ ў старажытнасці на гэтым узроўні былі паселішчы, а вось вышэй не, каб не абразіць багоў. Цяпер нешта падобнае. Вышэй толькі так званы “Прытулак А” (Refuge А) на вышыні 2100 м, дзе хостэл, рэстарацыя, крамка, месца адпачынку, крыніца (аднак сезонная - бо ад снега сілкуецца; у верасні вады не было), а па сцежцы нічога няма. І вось ідзеш, бачыш невялікія пляцоўкі ўбаку ад сцежкі з прыгожымі краявідамі - а там усё засрана ў прамым сэнсе. Праблема. У маім выпадку ад пад’ёма да вяртання ў Прыёнію патрэбы ў прыбіральні зусім не ўзнікла, але ж, шанцуе не ўсім. І не ведаю, што тут паробіш з гэтым. І тут просіцца іншае пытанне. Ці можна, ці варта лезці на гэтую гару? Шмат пра гэта разважаў. Тут не буду. Калі ўсё ж палез, то ці можна і варта, будзе зразумела пасля. Скажу яшчэ толькі, што гэты шлях - добрая магчымасць падумаць, а таксама асэнсаваць тое, што завецца міфам.













Сцежка
Патрэбны маршрут пазначаны як Е4. Па дарозе ёсць слупы, шыльды, пазнакі на дрэвах. Згубіцца немагчыма. Ды і людзі трапляюцца. Вельмі карыснымі будуць трэкінгавыя палкі ці проста кій (можна на месцы адшукаць, папярэднікі пакідаюць). Уверх я ішоў проста, але ў час спуску кій, які падабраў, вельмі спатрэбіўся. Пад’ём агулам не вельмі складаны. Ідзеш праз лес, камфортна, сонца не паліць. Прырода маляўнічая - як ніяк нацыянальны парк, а ўнізе бачыш мора. Асабіста мне найбольш цяжкім быў пад’ём ужо бліжэй да Прытулка А. Хвілін праз 40 (хтосьці за гадзіну даходзіць) пасля пачатку дайшоў да крыніцы і зноў набраў вады. Пасля не было дзе. У Прытулку крыніца пустая, бо не сезон (я не ведаў пра гэта), але там можна было набыць. Шлях да Прытулка заняў каля 2 гадзін. Я ўжо недакладна памятаю. Калі не памыляюся, выйшаў з Прыёніі а 8.40, дайшоў да Прытулка недзе а 10.40.





Увогуле, падняцца і спусціцца за светлавы дзень цалкам магчыма. У верасні, калі я быў, час ужо абмежаваны працягласцю дня, але ж таксама здолеў. Праўда, гэта ўсё бягом. Хацелася б больш павольна, але ж як ёсць.

Людзей па дарозе хапае, аднак і не натоўп. Хтосьці падымаецца, хтосьці ўжо ідзе ўніз. Фактычна ўся Еўропа. Бачыў толькі адну азіятку і аднаго афрыканца. І тое ў Прытулку. Вышэй ужо не - там, відаць, гэта трэба толькі еўрапейцам. Усе пазітыўныя, вітаюцца, пераважна ўсміхаюцца пры сустрэчы.



Прытулак А
Тут зрабіў адпачынак хвілін на 20-25. Набыў магніцік на лядоўню з выявай Алімпа, а таксама выпіў самай смачнай распушчальнай кавы за 2 еўра. Вось сапраўды смачней не піў)))









З цікавага: працуе тут інтэрнэт, даслаў некалькі вітанак з Алімпа. А самае цікавае - гэта як дастаўляюцца прадукты і вада, і як вывозяць смецце. Гэта робяць караваны конікаў. Шкада іх, бо цяжка, але так вось і жывуць ды працуюць.




Супрацоўнік параіў апрануцца больш цёпла, бо далей будзе холадна. Насамрэч не. Прынамсі для мяне. Сапраўды адчувальна халадае (і ў залежнасці ад сезона там можа быць і вельмі холадна), аднак для мяне было прыймальна. У любым выпадку адпаведная вопратка з сабой была, аднак не спатрэбілася. Перш чым працягнуць шлях далей, яшчэ раз разлічыў час, каб паспець да прыцемкаў спакойна спусціцца ды дабрацца да гатэля. Падлічыў, што ў мяне ёсць дзве з паловай гадзіны на пад’ём, каб пасля адразу пачаць спуск. Адразу зразумеў, што на самую вяршыню Міцікас (2917 м) мне не паспець. Другая па вышыні вяршыня, Сколіо (2912 м), тэарэтычна ў зоне дасяжнасці, аднак таксама пад пытаннем. Адпаведна, задача мінімум - гэта Скала (2866 м). Выйшаў дзесьці а 11.00.

Каменная гара
Другая частка маршрута істотна адрозніваецца да першай. Паступова змяняюцца краявіды. Лес знікае, расліннасць розная таксама. І ў рэшце рэшт застаецца толькі камень з рэдкай травой ды невялікім хмязняком, якія таксама знікаюць.











Сцежка становіцца больш вузкай, ухіл больш крутым. Вакол камяні, часам пад нагамі няўстойліва - камяні сыпяцца, трэба быць больш асцярожным. І тут ужо не да асалоды ад навакольных краявідаў. Хаця і іх не вельмі каб бачыў, бо большую частку шлях ішоў праз аблокі. Ніколі яшчэ не хадзіў пра хмаркі. Цікава, але вакол мала што бачна. І цішыня, калі, натуральна, хтосьці не шуміць на сцежцы ўнізе ці зверху.

Пакуль падымаўся, усё разважаў пра нябесную гару ў нашых міфах. Каменная ці шкляная, дзе жыве Бог, куды ўзыходзяць душы, дзе знаходзіцца іншасвет. Вось, сапраўды, цяжка ўзыйсці без кіпцюроў ці пазногцяў. Вытокі звычая класці ў магілу кіпцюры жывёлаў ці абрэзаныя пазногці зразумелыя. Іду сам, бачу нешматлікіх іншых спадарожнікаў, якія ідуць уверх ці ўніз, ды міжвольна параўноўваю гэты пад’ём з рэпетыцыяй да асноўнага ўзыходжання. А для кагосьці і гэтае становіцца асноўным: шыльды пра загінулых нагадваюць. І вось нескладаны ж пад’ём, але гара ёсць гара. Дарэчы, узыйшлі на Алімп афіцыйна толькі ў 1913 г. Не ўсё так проста.





Вось там уверсе маленькія фігуркі людзей. Для разумення масштабаў і адлегласцяў.







Прыблізна а 12.50 дайшоў да Скалы. Вакол аблокі - нічога не бачна нават з абрыву. Акрамя мяне было там 4 італьянцы. Вакол нікога. У аблоках бачу вяршыню, відаць, Сколіо. Адносна блізка і часу крыху ёсць. І вось тут я пайшоў не па сцежцы, а вырашыў напрасткі ўверх. Больш складана, але хутчэй. Невялікі адрэзак нават прабег.

Вяршыня Сколіо
Калі дабег да самай гэтай вяршыні, то адразу ўбачыў нямала складзеных слупкоў з камянёў. І тут зразумеў, што я здолеў дабегчы да другой вяршыні Алімпа! Ды яшчэ за 15 хвілін. У запасе было 20-25 хвілін, якія мог прысвяціць вяршыні. Шкада, але хмары хавалі наваколле. Што рабіў там? Спачатку склаў невялікі каменны слупок. Пасля дастаў віно, якое адмыслова цягнуў, каб зрабіць узліванне на вяршыні. Што ўрэшце і здзейсніў. Таксама на вяршыню прынёс пілотны асобнік сваёй кнігі “Па слядах багоў: нарысы беларускай міфалогіі”. Стоячы на краю вяршыні звярнуўся да Госпада, а таксама ўголас прачытаў урывак з главы “Бацька Неба: Dievas, Бог”. І пасля гэтага раптам хмарка спаўзла з вяршыні. Спчататку ўбачыў, што ў крок-два ад мяне бездань. Літаральна на паўхвіліны паказалася залітая сонцам самая высокая вяршыня, Міцікас, якая гарэла ад сонечных прамянёў, ззяла нібыта ў золаце. І ў гэты момант зноў жа прыгадаў назвы святых пагоркаў кшталту “Залатая горка”: раней не думаў, але мо назва ўтварылася зусім не ад каштоўнага метала, але ад сонечнага святла. Вяршыня зноў схавалася ў аблоках, але яшчэ пэўны час можна было бачыць светлае неба, якое ад сонца было такім бліскучым, што цяжка было глядзець. Імя вярхоўнага бога, Dyeus, значыць “дзённая неба”, “яркае неба”, і паходзіць ад індаеўрапейскага *di /dei- “ззяць, быць яркім, бліскучым”. Тут гэты сэнс зразумелы як нідзе. Пакуль была магчымасць, хутка здымаў усё навокал, бо зусім скора ўсё зноў схавалася. І быў якраз час сыходзіць.



















Вобраз Сусветна Гары каля вобраза Сусветнай Гары на вяршыні Сусветнай Гары








Спуск
Ад вяршыні да Прытулка А было вельмі лёгка і хутка спускацца, нягледзячы на ўсе цяжкасці сцежкі. Грэцкі тэрмін “эйфарыя” тут выдатна падыходзіць. Ледзь не бег. За гадзіну дзесьці даляцеў. Па дарозе падабраў кій, які пасля вельмі спатрэбіўся. І па дарозе ўніз здолеў паглядзець на краявіды, бо і хмары крыху распаўзліся. У Прытулку падсілкаваўся і працягнуў спуск. І вось гэты адрэзак быў вельмі складаным. Я не чакаў падобнага. Угору тут мне было значна лягчэй. Дайшоў да крыніцы, адпачыў. Фінальны адрэзак зусім цяжка. Напэўна, калі б не спяшаўся, то было б прасцей. А так атрымаў збітыя ногі, мазалі. Зараз 22 снежня, але пашкоджаныя 11 верасня на пальцах пазногці дагэтуль злазяць і адвальваюцца. Такі кошт. Дзесьці а 17.-17.30 вярнуўся ў Прыёнію. Увесь час, пакуль спускаўся, азіраўся на вяршыні, і нават не верылася, што я там быў, што бачыў той самы Алімп, пра які чытаў калісьці у дзяцінстве.















Верасень-снежань 2019 г.
Plakas/Litochoro - Мінск

святое месца, Грэцыя, паганства, паданні

Previous post Next post
Up