На каго і навошта скіраваны праклён у купальскіх песнях?

Jun 02, 2020 23:08

Нягледзячы на шырокую вядомасць Купалля, не ўсе элементы купальскага абрада вядомы грамадскасці ў аднолькавай ступені.Адным з такіх элементаў з'яўляецца абыходны абрад, кшталту як на Каляды і Вялікдзень (тыпалагічна блізкія абыходы - "Провады русалкі" і "Ваджэнне куста"). Прычым і на Купалле ў час абыходу гаспадары маглі адорваць тых, хто да іх прыходзіў. Асноўная мэта абыходу - напамін пра Купалле і заклік да ўдзелу ў святкаванні. Ускосныя мэты - збор прадуктаў на святочную вячэру і збор старызны для вогнішча.





Захаваліся адмысловыя песні, якія спявалі, калі абыходзілі вёску. І гэтыя песні, відавочна, маюць характар папярэджвання і пагрозы тым, хто не будзе ўдзельнічаць у свяце.

Вось прыклады такіх песен са зборніку "Купальскія і пятроўскія песні" (БНТ):

59. Дзеўкі, бабы - на купальню,
Ладу-ладу, на купальню!
Ой, хто не выйдзець на купальню,
Ладу-ладу, на купальню,
Ой, той будзець пень-калода,
Ладу-ладу, пень-калода.
А хто пойдзець на купальню,
Ладу-ладу, на купальню,
А той будзець бел бяроза,
Ладу-ладу, бел бяроза.

60. Каго нету на вуліцы,
Палож яго калодаю,
Калодаю дубоваю,
Дзетак яго цыльпучкамі,
Цыльпучкамі альховымі,
Лянок яго травіцаю,
Травіцаю, павіліцаю:
Будзіць палоць - рукі калоць,
Будзіць браці - рукі драці.

61. Хто, хто на Купалле ідзе,
Да хто, хто саладуху нясе,
Да хто, хто да не вынесе,
3 караваці не вылезе?
Ляжа яна да калодаю,
Ляжа яна да дубоваю.

62. - Каво нету на вуліцы,
На вуліцы на шырокай,
На вуліцы на шырокай,
На мураўцы на зялёнай?
- Мар’ечкі нет на вуліцы,
На вуліцы на шырокай,
На вуліцы на шырокай,
На мураўцы на зялёнай.
Палож яе калодаю,
Калодаю дубоваю,
Мужа яе - каргавешкай,
Свёкра - галавешкай,
Дзетак яе - таўсцячкамі,
Свякроўку яе - нягодніцай.

63. Ходзіць чыжык па вуліцы,
Янава ночка мала,
Клічыць дзевак на купала:
- Пойдзем, дзеўкі, на купала.
Каго няма на купаллі,
Няхай ляжыць, не скранецца,
Няхай ляжыць, хоць не ўстанець.
Няхай ляжыць, не скранецца,
Чаму к дзеўкам не 'дзавецца.

Вельмі важна разумець сэнсы абрадавых тэкстаў, асабліва калі здзяйсняеш абрад і спяваеш/прамаўляеш гэтыя (ды іншыя) словы. Чаму з'явіліся такія песні і што яны значаць? У адказ на гэтыя пытанні трэба працытаваць словы Галіны Барташэвіч з кнігі "Магічнае слова: Вопыт даследавання светапогляднай і мастацкай асновы замоў":

"Калектыўны характар абрадаў вымагаў удзелу ўсіх у іх выкананні, парушэнне агульнага правіла было непажаданым па розных прычынах. Непрытрымліванне прынцыпу ўсеагульнасці перашкаджала дасягненню мэты, ставіла пад удар поспех мерапрыемства, дзеля якога абрад выконваўся. Да таго ж чалавек, які не выйшаў з усімі, заставаўся па-за ўвагай калектыву і мог рабіць зло не толькі сам па сабе, па прычыне шкоднасці свайго характару, але і пераўвасобіўшыся ў шкодную істоту - ведзьму, змяю, чараўніка. Адсюль у песнях матыў пагрозы, пакарання" (с. 61).

Такім чынам, Купалле - гэта калектыўны абрад, поспех якога залежыць ад кожнага чальца грамады. Парушэнні звычая будуць мець негатыўныя наступствы таксама для ўсёй грамады. Таму патрабаванні да ўдзелу такія жорсткія і з'яўляюцца заклёнамі.

Не трэба забывацца, што Купалле - гэта час надзвычайнай актыўнасці іншасветных сіл, у тым ліку варожых да чалавека. Многія купальскія абрадавыя дзеянні скіраваны на ахову супраць ліха і яго знішчэнне. Найбольш яскравы прыклад - ведзьмы. Яны, як і ўсе злыя сілы, не могуць быць з усімі ля святога агню і здзяйсняць абрадавыя дзеянні, бо Купалле - гэта ў тым ліку і сродак калектыўнай абароны супраць ліха. Адпаведна, хто не ўдзельнічае ў абрадзе - гэта патэнцыйна небяспечны для ўсёй супольнасці чалавек, які ці з'яўляецца ведзьмай/ведзьмаком, ці проста нядобры для ўсіх навакольных і зычыць усім ліха. У абодвух выпадках - гэта небяспека для грамады, якую трэба знішчыць і абараніцца ад яе, як мінімум на сімвалічным узроўні. Гэтую задачу і выконваюць адпаведныя песні-праклёны.



Важны момант, які трэба падкрэсліць. Традыцыйная культура - лакальная, у тым сэнсе, што яна скіравана заўсёды на "свой свет", праз мікраўзровень здзяйсняючы ўздзеянне на ўвесь свет. То бок гэтыя песні адрасуюцца менавіта сваім, чальцам сваёй супольнасці, якія прысутнічаюць тут і цяпер, у той самы момант, калі здзяйсняецца абрад. І больш нікому песні не адрасуюцца. Праклён не распаўсюджваецца на жыхароў іншай вёскі, горада, раёна, вобласці, краіны, свету.

Але той, хто свой, хто ёсць тут у гэты момант, хто чуе заклік, хто мусіць удзельнічаць, але не прыходзіць на свята, - на таго скіраваны праклён. А каб абараніць усю грамаду, патэнцыйнае ліха, якое ўвасабляе такі чалавек, скіроўваюць на яго і на сваякоў. Калі ты злы і задумаў злое, то толькі гэта і атрымаеш. Жорстка, але цалкам справядліва. Прынцып адпаведнасці ляжыць у падмурку традыцыйнага светапогляд.

Таксама такі праклён з'яўляецца перасцярогай тым, хто забараняе сваім родным святкаваць. Абрад павінен быць здзейснены, інакш кепска будзем усім, а ў першую чаргу тым, хто не святкаваў і перашкаджаў іншым.

Найперш песні-заклёны тычацца маладых людзей, якія з'яўляюцца асноўнымі ўдзельнікамі Купалля. На тых, хто і так не павінен быць на Купаллі, гэта не распаўсюджваецца. Калі хто ад сям'і/двара ўдзельнічае ў святкаванні, то не толькі на яго, але і на ўсіх яго сваякоў і блізкіх купальскі праклён таксама не распаўсюджваецца.

А ў наш час абыход з песнямі-заклёнамі таксама можа здзяйсняцца на Купалле і быць часткай святкавання. Такія песні адпавядаюць моманту збору удзельнікаў, заклікаюць выходзіць на святкаванне. У нашы дні, калі святкуюць Купалле грамадой па-за межамі паселішча на прыродзе, звычайна надыходзіць момант, калі людзі разыходзяцца: хтосьці адпачывае ў лагеры, хтосьці завяршае падрыхтоўчыя працы, хтосьці заняты сваімі справамі, хтосьці гуляе па наваколлі і т.п. І ў такім выпадку абыход святочнай прасторы, ці шэсце з лагера да месца вогнішча з адпаведнымі песнямі, будзе знакам агульнага сходу і пачатку. Як бачна, актуальнасць і функцыянальнасць такіх купальскіх песен захоўваецца і сёння.



народны каляндар, Купалле, свята, традыцыя

Previous post
Up