Пра вынікі адной з вандровак мой артыкул у краязнаўчай газеце "Гоман Барысаўшчыны":
Зміцер Скварчэўскі. Камень з “чашай” каля Новага Янчына // Гоман Барысаўшчыны. - 2017. - №10 (223). - С. 5.
***
У ваколіцах вёскі Новае Янчына выяўлены цікавы камень з чашападобным паглыбленнем. Валун знаходзіцца побач з палявой дарагой пад старым дубам у 50 м на усход ад стараверскіх могілак. Камень мае памеры: вышыня - 46 см, даўжыня - 150 см, шырыня - 90 см.
Перш за ўсё, валун адметны паглыбленнем чашападобнай формы, у якім пасля дажджу збіраецца вада. Не зусім зразумела, ці штучная, ці прыродная гэтая выемка. Цікава, што ўмоўная лінія, якая пазначае ўзровень вады ў “чашцы”, паросла мохам, што акрэслівае акруглую форму паглыблення. Яго памеры: даўжыня - 40 см, шырыня - 33 см. Адзін з краёў паглыблення мае няроўную паверхню, і выглядае, што гэтую частку нібыта спрабавалі адкалоць. Характэрна, што побач з гэтым месцам бачна шчыліна, якая магла застацца пасля падобнай спробы.
Увогуле, камень мае сляды, якія красамоўна сведчаць пра тое, што яго сапраўды спрабавалі пашкодзіць ці нават знішчыць. Побач з “чашай” амаль праз усю даўжыню валуна маецца шчыліна, па баках якой бачны сколы на паверхні. У некалькіх месцах на лініі расколу можна пабачыць трохкутныя паглыбленні ад прылады, якую забівалі ў камень. Цікава, што правільнае трохкутнае паглыбленне ад кліна знаходзіцца побач з “чашай”. Пры гэтым, злева ад паглыблення ёсць нешта кшталту высечанага знака ў выглядзе трохкутніка.
На адным з бакоў бачна, што з дапамогай кліна адкалолі кавалак валуна, пра што сведчыць правільная трохкутная форма сколу. Падобныя паглыбленні заўважаны і з іншых бакоў камяня. На яго паверхні ёсць і прамыя лініі, якія таксама выглядаюць, як вынікі спробы раскалоць камень. Такая колькасць слядоў наўрад ці выпадковая, што сведчыць на карысць версіі пра мэтанакіраванае пашкоджанне валуна.
Нельга абыйсці ўвагай вялізны стары дуб, пад якім ляжыць камень з “чашай”. Дрэва мае паважны ўзрост. Ахоп дуба на вышыні 1,5 м складае 288 см. Старыя дубы нават яшчэ большых памераў можна пабачыць недалёка ад валуна. Невядома, ці камень быў там спрадвеку, ці быў сцягнуты аднекуль з поля, бо на рознай адлегласці ад яго таксама ляжаць іншыя валуны.
Камень пад дубам - гэта не толькі распаўсюджаны ў фальклоры вобраз сакральнай мясціны, але і мадэль рэальных старажытных шанаваных аб’ектаў. Культавыя камяні з ямкамі і чашападобнымі паглыбленнямі характэрныя для традыцыі балцкага насельніцтва. Такія камяні даследчыкі звычайна звязваюць з культам урадлівасці і хтанічнымі боствамі. Вада, якая збіраецца ў ямках на валунах, лічыцца насельніцтвам гаючай.
Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя на Барысаўшчыне каля в. Унтальянка адшукалі камень, падобны да ступы, з выбітым пасярэдзіне невялікім паглыбленнем. Падабенства з валуном з Новага Янчына выяўляе камень з “чашай” ва ўрочышчы Дубкі каля в. Ларыноўка Аршанскага раёна. Блізкія па форме выемкі маюцца на Святым камне каля в. Крамянец Лагойскага раёна, на валуне паміж вёскамі Палашкі і Каргаўды Воранаўскага раёна і шэрагу іншых.
Магчыма, камень з чашападобным паглыбленнем каля в. Новае Янчына таксама калісьці адносіўся да ліку шанаваных, але сёння пра гэта невядома. З апытанняў некаторых мясцовых жыхароў пакуль не атрымалася нешта даведацца пра гэты камень. Ускосна гэта можа сведчыць пра дужа даўні час ушанавання валуна, пасля змагання з якім пра камень забыліся. Хочацца спадзявацца, што ў будучыні яго таямніца будзе разгадана.