У 2011 годзе, калі пісаў
артыкул пра вобраз Вітаўта ў міфалагічнай свядомасці беларусаў, звярнуў увагу на паданне пра баярына Віта, якое можна аднесці да кола паданняў пра Вітаўта. Паданне распавядаў, што двор Віта з царквой на ўзгорке праваліўся пад зямлю, а на яго месцы ўтварылася балота. Ад той царквы захавалася толькі распяцце, якое перанеслі ў новую царкву, што збудавалі на тым жа месцы. Там жа з'явілася і крыніца. Месца атрымала назву Вітаўка ці Вітавец. Гаючая вада і цудадзейнае распяцце прыцягвалі шмат народу, асабліва на свята Уздзвіжанне. І сёння гэта святочны дзень у Вітаўцы.
У савецкі час царкву разабралі і з яе зрабілі клуб, святар Аркадзь Акаловіч быў расстраляны, а крыніцу засыпалі. Аднак вада ўсё роўна прабілася, і наведванне крыніцы не спынілася да сёння. Вось і мы наведалі крыніцу ў Вітаўцы Дзяржынскага раёна.
Паляна з крыніцай знаходзіцца ў нізіне за вёскай, адмежавана ручаінамі. Сцежка праз грунтоўныя масты прыводзіць да драўлянай брамкі.
А за брамкай - крынічны зруб, купальня, драўляны крыж, металічная скрыня для ахвяраванняў, інфармацыйная шыльда і вагон-капліца. У сеціве даволі шмат інфармацыі пра Вітаўку.
Крыніца б'е даволі моцна. Набралі вады. Я здымаў так, што нікога не бачна, але ўвесь час, што былі там, прыходзілі людзі. Мы сыходзілі, а новыя яшчэ толькі ішлі. У самой вёсцы на скрыжаванні стаіць указальнік, і нават зроблена невялікая паркоўка для тых, хто прыехаў па ваду.
Крыж
Вагон-капліца ў гонар Уздзвіжання
Шыльда і скрыня для ахвяраванняў
У купальні. Чыстая ледзяная вада добра бадзёрыць)