Не магу не пракаментаваць цікавы
артыкул кс. Кірылы Бардонава пра вышыванкі з пазіцыі каталіцкай царквы. Калі даць агульную характарыстыку, то тэкст вельмі паказальны. У трэндзе. Своечасовы. Але трэба адзначыць, што тут не бачна шчырай заклапочанасці з нагоды стану беларускай культуры, а хутчэй жаданне падхапіць і ухваліць новую моду, набраць у народзе дадатковыя балы, што, адпаведна, сведчыць перадусім аб каляпалітычных матывах. І гэта пацвярджае той факт, што адразу вышыванку паспрабавалі пераўтварыць ў зброю супраць неапаганства. Заўважылі? З першых радкоў у бой супраць неаязычнікаў. Аднак не магу не адзначыць, што тэкст напісаны даволі добра, нават пераканаўча і ў чымсьці мае рацыю. Шчыра кажучы, даўно не бачыў такіх неблагіх антыязычніцкіх тэкстаў.
А цяпер варта спыніцца на асобных момантах.
"Ці сапраўды беларускія вышываныя ўзоры ўвасабляюць язычніцтва?"
- Беларускія вышываныя ўзоры не ўвасабляюць менавіта язычніцтва. Тыя арнаменты, якія пераважна капіруюць зараз, паходзяць з узораў ХІХ - ХХ стст. Сярод іх ёсць як архаічныя знакі, так і кветачкі, вінаградзікі ды нават двухгаловыя арлы, сярпы-малаткі ды зоркі. То бок беларускія вышываныя ўзоры - гэта напластаванне розных часоў, дзе ёсць і язычніцтва і яшчэ нешта. Аднак геаметрычны арнамент, які з'яўляецца асноўным у нас, з'явіўся ў язычніцкія часы і сваі карані мае ў міфалагічным светапоглядзе. І аспрэчваць гэта немагчыма. І ў іх свой "язычніцкі" сэнс, нават калі ён зараз нам невядомы ці незразумелы.
"Наколькі аўтэнтычная рэканструкцыя паганства, яго вераванняў, сімволікі і рытуалаў? Пры ўсім гэтым, здзіўляе ўпэўненасць, з якой некаторыя пераканаўча сцвярджаюць пра язычніцкае значэнне ўзораў на вышыванцы і пра тое, што яны мелі такое значэнне тысячу і больш гадоў таму. На якія крыніцы, апрача перапісаных адна з адной кніг, яны абапіраюцца ў сваіх сцверджаннях?"
- Гэта складанае пытанне. Але калі глядзець менавіта акадэмічную навуковую літаратуру, то можна даведацца і пра крыніцы, і пра адэкватныя рэканструкцыі, і пра паходжанне арнаментаў, і пра вядомыя рытуалы і г.д. Аднак, калі паглядзець на папулярную літаратуру, на якой грунтуецца ў тым ліку і вышываначны ўздым, то тут ксёндз мае рацыю, бо пра аўтэнтычнасць і адэкватнасць рэканструкцыі часта казаць проста немагчыма.
І вось грунтуючыся на рэальнай слабасці і хісткасці аргументацыі суперніка, ксёндз пераходзіць у моцны наступ.
"Некаторыя могуць палічаць такім праяўленнем язычніцтва арнамент з матывамі Ярылы...Сярод вучоных няма адзінай думкі нават адносна таго, ці ўспрымалі славяне Ярылу богам...Такім чынам, вынікі даследванняў этнографаў паказваюць, што ён з’яўляўся для нашых продкаў толькі вобразам, рытуальным персанажам"
- Калі вы верыце, што быў арнамент з матывам Ярылы і даказываеце, што такі быў - вы праігралі, бо гэта фэнтэзійная канструкцыя. І аспрэчваць гэта - значыць паказаць, што апанент правы, што неапаганы не маюць рэальнага уяўлення пра сваю традыцыю. Ход верна разлічаны, і далей ідзе развіццё ідэі, якая пашыраецца на іншыя боствы пантэона і правамоцна ставіцца пад сумненне існаванне язычніцкага пантэона. Ксёндз слушна лічыць (хоць аргументацыя таксама кульгае), што на беларускіх землях язычніцтва і "пантэон" адрозніваліся ад таго ўяўлення, якое зараз пануе ў масах.
"Упэўненае навязванне такога язычніцкага разумення арнамента, як і большасці таго, што звязана з беларускай самабытнасцю, пачалося не так даўно і з’яўляецца праяўленнем моды на неапаганства...Хоць гэта мода пачынае сціхаць, варта далей пільна і крытычна адносіцца да гэтага пытання".
- Вось тут аўтар пачынае крывадушнічаць, бо пачалося вельмі даўно (як мінімум з пачатку 20 ст.). І звязана было не з модай на неапаганства. А з лагічнай і вернай ідэяй, што арнамент (як і многія іншыя з'явы традыцыйнай культуры) з'явіўся ў язычніцкіх часы і меў адпаведны сэнс. Што да неаязычніцкай моды, то яна якраз не сціхае. І згодны, што ў гэтым пытанні трэба быць пільным і крытычным.
"Ці не з’яўляюцца вышыванкі і іх метамарфозы - вопратка і прадметы з арнаментам - непрымальнымі для хрысціяніна праз сувязь з язычніцтвам?"
- І тут слушны аргумент выкарыстоўваецца: "часта сустракаюцца сімвалы і знакі, які маюць падвойнае - хрысціянскае і нехрысціянскае - значэнне. Напрыклад, знак Найсвяцешай Тройцы - вока Провіду (усёбачнае вока)". Зроблены чарговы цікавы крок, каб пазбавіць язычнікаў манаполіі на інтэрпрэтацыю традыцыйнай культуры. І хто ведае, можа скора з'явіцца новая далёкая ад Традыцыі "азбука арнаментаў", толькі гэтым разам каталіцкая? Бо "джына з бутэлькі" ужо выпусцілі, і можна толькі здагадвацца, у якіх формах гэта будзе ўвасабляцца далей.