Святы агонь

Sep 28, 2014 15:17

Памяць пра першы агонь, які з’явіўся на зямлі ад удару перуна, захоўвалася не толькі ў паданнях, але і ў замовах: “Агенец мой каханы, ты ад Бога прысланы…”. З цягам часу людзі навучыліся здабываць свойскі (“справядлівы”) агонь, які з тых часоў служыць людзям. Аднак агонь быў не толькі для патрэбаў чалавека. "Цар Агняны" быў увасабленнем адной з першастыхій, ад якіх пайшоў свет. Сродкі здабывання агню працягвалі ўдасканальвацца, а таму агонь размежаваўся на “святы” (“жывы”) і звычайны. Аднак у любы агонь забаранялася пляваць, мачыцца, заліваць вадой. Як калісьці палалі рытуальныя і ахвярныя вогнішчы на язычніцкіх свяцілішчах, так і цяпер агеньчыкі свечак заўжды гараць у бажніцах, бо ў народзе кажуць: “Агонь - эта Богу маліцца” (в. Пералёўка Веткаўскі р-н).

Святы агонь здабываўся шляхам трэння дрэва, альбо выкрэсваннем. Калі трэнне - гэта вынаходніцтва чалавека (хаця і з падказкі Бога), то выкрэсванне - гэта паўтарэнне боскага дзеяння, калі Перун выкрэсваў маланкі жорнамі, у выніку чаго яскаркі ў водах пракаветнага акіяна сталі штуршком стварэння свету. Святым агнём падпальвалі саламянае пудзіла на Масленку, распальвалі купальскае вогнішча. На Вялікдзень тушылі “стары” агонь, а праз тры дні ў двары распальвалі такім чынам новы, “малады”. Другі раз гэты ж абрад паўтаралі на Багач, Сямёна або Узьвіжаньне, калі спраўлялі Жаніцьбу коміна. Святочны час патрабуе Святога агню (актуальна гэта і сёння). Святы агонь, які гарэў на канцах вуліцы дзень і ноч, абараняў паселішча ад пошасці і ўсяго нячыстага. Для гэтага на Случчыне жывы агонь “выціраўся” брускамі, адзін з якіх быў на парозе царквы.

Ч. Пяткевіч пісаў пра знакамітага палескага плотніка Акулу: “Акула баяўся запалак і называў іх чортавы лучынкі, сцвярджаючы, што калі б запаліў люльку запалкай, то б згарэлі ўсе хаты і гумны, якія ён збудаваў. За некалькі гадзін перад смерцю, будучы ўжо моцна аслабленым, ён дастаў крэсіва і непадатлівымі рукамі пачаў выкрасаць агонь. Адзін з прысутных каля яго, думаючы, што ён хоча запаліць люльку, паспяшаўся да яго з лучынкай, запаленай ад агню на лучніку. Але стары паківаў галавой і сказаў: “Не трэба мне вашага агню на той свет; я хачу пабачыць астанні раз божы агонь з святой скалкі - і, канаючы, прасіў, каб яму паклалі ў труну крэсіва, скалку і губу” (Ч. Пяткевіч. Рэчыцкае Палессе. Мн., 2004. С. 203-204). Невыпадкова на землях Беларусі ад сярэднявечча і да ХХ стагоддзя ў мужчынскіх пахаваннях часта сустракаюцца крэсівы. Таксама вядомы і старадаўнія крэсівападобныя абярэгі. У беларускім фалькоры згадваецца, як з дапамогай крэсіва выклікалі духаў. Гэта абярэг і сімвалічная зброя супраць нячысцікаў. У замовах крэсіва згадваецца ў якасці сродку супраць пэўных хваробаў: рожы, каўтуна, ліхаманкі, сурокаў ды інш. Гэта не дзіўна, бо яно звязана з святым агнём, які мае боскую прыроду.

Святочны час патрабуе Святога агню, у якім будзе аб(д)ноўлены свет ды згарыць усё ліхое.

вогнішча, паганства, свята, традыцыя

Previous post Next post
Up