Радаўніца на курганах

Apr 27, 2014 23:15

Учора, паводле добрай традыцыі, збіраліся на барысаўскіх курганах, каб пачысціць святое месца ад смецця і ўшанаваць дзядоў. Упершыню арганізаваў гэта ў 2005 г. Гэты год юбілейны, бо збіраліся ў дзясяты раз. Народу багата не было, бо працоўны графік не дазволіў далучыцца ўсім ахвотным, але ж колькасць не галоўнае. Вялікая ўдзячнасць тым, хто прыйшоў!!! Дзякуй!

У чарговы раз пераканаўся, што выпадковыя падзеі атрымліваюцца нібыта па плану. Учора таксама ўсё неяк так спрыяльна склалася, што праблема, якая нечакана выявілася, была вырашана прысутнымі, якія мелі для гэтага патрэбныя сродкі, якія былі ў наяўнасці дзякуючы выпадковасці. Заблытана выйшла)

Пасля працы на курганах, заўжды святкуем на самым вялікім кургане, які знаходзіцца на вяршыні вялізнага пагорка, пад якім цячэ Бярэзіна. Калі падняліся на курган, то пабачылі, што пасярод пляцоўкі нехта выкапаў вялікую яму глыбінёй больш за 2 метры. Відаць, шукалі скарбаў, але не дакапаліся, часова кінулі свой занятак. Па раскопу было бачна, што было гэта літаральна на днях. Чаму не дакапалі і кінулі? Бо яма была закладзена лістамі металу, на якія накідалі галінак, лісця, смецця, каб можна было лёгка прыбраць і капаць далей. Было нечакана пабачыць пад гэтай канструкцыяй старую газавую плітку! Таксама чамусьці закінулі. Мяркую, каб захаваць незакапаную прастору. У выніку пліту дасталі і занеслі на сметнік. На дне ямы знайшліся фрагменты чэрапа чалавека. Невядомыя ўсё ж пашкодзілі парэшткі, хаця дакапаліся толькі прыблізна да сярэдзіны кургана.

Парэшткі з пашанай перапахавалі ў кургане ў гэтым жа месцы. Папярэдне выпалілі пляцоўку ў яме, пасля ўпрыгожылі зелянінай, пакінулі ахвяраванні. Моцныя адчуванні і ўражанні ад усяго, асабліва калі стаіш на дне ямы пасярод кургана і спяваеш над парэшткамі. Пасля яму закапалі.

А далей ушанавалі ўсіх дзядоў. Гучала дуда, акарыны, спевы. Напрыканцы на курганах пакінулі па чырвоным яйку. Продкі з намі.
















курганы, лес, паганства, свята, Барысаў, народны каляндар, вогнішча, дуда, людзі, традыцыя

Previous post Next post
Up