Райгруд, Raigardas, градъ Рай

Jul 29, 2012 13:36

Паданне пра пра Рай-горад адносіцца да ліку паданняў пра зніклыя пад зямлёй, возерам, пагоркам гарады. Яно адметнае тым, што захавалася на беларуска-літоўскім памежжы. Пра даліну Raigardas у Літве побач з мяжой распавядаюць, што там калісьці быў горад, які па невядомых прычынах знік пад вадой. У Беларусі у в. Прывалкі Гродзенскага р-на было запісана паданне пра Райгруд, які некалькі тысяч гадоў таму праваліўся пад зямлю. Адзначаюць добрае, “райскае” жыццё гараджан, яго святасць - у горадзе было 12 касцёлаў (сакральны лік). Горад зноў мусіць з’явіцца, калі пад зямлю праваліцца Вільня ці Варшава. Уваход у зніклы горад знаходзіўся ў высокай гары.


Здаецца, гэта тыповы міфічны горад, але, магчыма, у яго быў рэальны папярэднік. У Іпацеўскім летапісе пад 1255 г. згадваецца яцвяжскі горад Рай: “Се же увЂдавь Данило король, повелЂ воевати землю Ятвяжьскую… Данилу же королеви, идущу ему по езеру, и видЂ при березЂ гору красну и градъ бывши на ней, преже именемь Рай.” Звяртае ўвагу тапаграфія старажытнага горада - высокі пагорак на беразе возера (параўн. з уваходам у горад праз пагорак, а таксама пра знікненне ў возеры).

Таксама у сучаснай Польшчы ў Падляскім ваяводстве знаходзіцца горад Rajgród, які знаходзіцца не так далёка ад тэрыторыі, на якой вядома паданне пра зніклы Рай-горад.

Што азначае назва гораду? Пазнейшую народную сувязь з раем не варта разглядаць. Геаграфія падання і тапонімаў, летапіснае паведамленне пра яцвяжскі горад Рай падказваюць шукаць вытокі ў балцкіх мовах. Другі кампанент “груд”, “гардас” не выклікае пытанняў - “горад”, “агароджаная мясціна”. Першы кампанент “Рай”, відаць, звязаны з літ. “raistas” альбо “raja”, што значыць балота, багна, стаячая вада ў нізіне. На карысць падобнай этымалогіі сведчыць той факт, што ў 5 км ля в. Прывалкі на Гарадзеншчыне, дзе запісана паданне пра Райгруд, ёсць ўрочышча Райгруд, якое якраз сярод лесу ў балоце! Побач з урочышчам знаходзяцца лекавыя крыніцы.

Магчыма, гэтае паданне з’яўляецца розгласам пра зніклы яцвяжскі горад, які, хутчэй за ўсё, з’яўляўся таксама значным культавым цэнтрам мясцовых балцкіх плямёнаў.

Райгардас. Трыпціх М. Чюрлёніса 1907 - 1908 гг.


Даліна Райградас у Літве


Чортаў камень у даліне Райградас


Здымкі адсюль: http://blog.imhonet.ru/author/karissima/post/3630536/

Зм. Скварчэўскі

гарадзішча, паганства, Літва, паданні, гісторыя

Previous post Next post
Up