Вучэнне дона Сцяпана - водгук на раман В. Марціновіча "Сфагнум"

Aug 09, 2017 17:24



Пасля таго як я задзелаўся аўтарам беларускамоўнай кнігі, мяне пачалі часта пытаць, каго з сучасных беларускіх пісьменнікаў я чытаю і што магу параіць з іх кніг. На такія пытанні мне няма чаго адказаць, бо я амаль нікога з беларускіх аўтараў не чытаў і больш абазнаны ў замежнай фантастыцы, чым ў цяперашніх беларускіх творах. Таму я паставіў сабе на мэту нарэшце азнаёміцца з творчасцю сучасных беларускіх пісьменнікаў. Кой-чаго я ўжо прачытаў, але водгук захацелася напісаць пакуль што на кнігу Віктара Марціновіча "Сфагнум".

Віктар Марціновіч адзін з самых вядомых і чытаных аўтараў у Беларусі, кожная новая ягоная кніга выклікае вялікі ажыятаж у чытачоў і разгалос у прэсе. Абраць ёсць з чаго, але мой выбар першай для прачытання кнігі Марціновіча быў з большага рандомны. На сайце kniharnia.by у электронным выглядзе было толькі два яго раманы: "Мову" пачала чытаць жонка, а я, каб не паўтарацца, узяўся за "Сфагнум". Пра гэтую кнігу я раней чуў, што ў ёй шмат брыдкаслоўя і галоўныя героі тут - бандзюкі. Гэта мяне ніразу не адпугнула, бо я з'яўляюся прыхільнікам прынцыпу: "мова жывая, калі на ёй не толькі паэты пішуць узнёслыя вершы, але і мацюкаюцца гопнікі". Да таго ж, падчас чытання высветлілася, што ніякіх такіх жудасных мацюкоў у кнізе няма, а ўсё "брыдкаслоўе" абмяжоўваецца дасціпнымі выразамі літаратурнай мовай з прымессю трасянкі. Што да бандзюкоў, то і з імі не ўсё проста. "Сфагнум" спачатку выглядае падобным на "бандыцкія раманы" у мягкай вокладцы пра паходжанні "Сляпога", "Глухога" ці якога яшчэ "Храмога", якія прадаюцца ў прывакзальных ларках. Але паступова прыгоды Шульгі, Серага і Хамяка перацякаюць з тыповых "скраў-выпіў-у турму" у больш таямнічыя і незразумелыя сферы жыцця. Простыя "бандзюковыя паняцці" сутыкаюцца з загадкавымі з'явамі таямнічых беларускіх балот і патанаюць, раствараюцца ў нерамантычным быце закінутай беларускай вёскі. У гэтым сутыкненні "крымінальнай хронікі" з "веснікам селяніна", як мне здаецца, і палягае асноўны канфлікт рамана. Трохі асобным пунктам стаіць лінія міліцыянта Выхухалева, але пра яе трохі ніжэй.

Падчас чытання я нагледзеў у "Сфагнуме" некалькі паралеляў з раней прачытаным і прагледжаным. Па-першае, як бачна з загалоўка водгука, у тэксце Марціновіча прысутнічае адсылка да вядомага эзатэрычнага твора Карласа Кастанэды "Вучэнне дона Хуана" (па праўдзе, я не змог асіліць і першы том, але сутнасць трохі ўлавіў). У "Сфагнуме" ёсць таямнічы персанаж, які жыве ў далечыні ад цывілізацыі сярод балот і які валодае пэўнымі таемнымі ведамі пра гэты свет, якімі ён не спяшаецца дзяліцца з героямі рамана. Сцяпан як і герой Кастанэды карыстаецца пры пазнанні таемнага дапамогай расліннага свету: так як кактусаў у Беларусі не водзіцца, то ў ход ідуць балотныя зёлкі. Як і дон Хуан, беларускі Сцяпан, наўпрост не настаўляе героя, а дапамагае таму спазнаць ісціну з дапамогай уласнага досведа. Таямнічую і эзатэрычную карціну дапаўняе вобраз беларускай багны, які як па мне, атрымаўся ў Марціновіча проста выдатна. Дрыгодкая зямля без гарызонта, без арыентыраў і з смяротнымі пасткамі, такая сабе алегорыя на жыццё.

Другая паралель - гэта фільм Аляксея Балабанава "Груз 200". З ім я асацыяваў лінію міліцыянта Выхухалева, бо як і фільм, гэтая лінія выканана ў стылістыцы: чарнуха дзеля чарнухі. Аўтар амаль з дакументальнай дакладнасцю малюе вобраз гіпертрафаванага "ментаўскога" безпрадзелу: Выхухалеў прысвойвае рэчавыя доказы, прымушае нявіннага абгаварыць сябе ў забойстве, разносіць рэдакцыю раённай газеты, і ўсё гэта сыходзіць яму з рук, яго нават павышаюць у званні. Абазнаныя людзі мне скажуць, што гэта не выдумка, і што ў беларускай міліцыі адныя толькі Выхухалевы і Андрушы, але я не пагаджуся, канцэнтрацыя "чарнухі" у Марціновіча проста зашкальвае - і гэта ужо выглядае на адмысловы мастацкі ход. У Балабанава, канешне, усё яшчэ жошчэ, але і ў Марціновіча ёсць некалькі сцэн пасля якіх кулакі сціскаюцца ад безпакаранасці ўчынкаў мярзотнага антыгероя (аўтар, відаць, спецыяльна дабіваўся такога эфекту), але рызынкай гэтай лініі я лічу сцэну у якой аўтар спрабуе паказаць Выхухалева няшчасным і чалавечым. Дарэчы, шакуючы фінал "Сфагнума" як раз па духу вельмі блізкі да канцэпцыі балабанаўскага "Груза 200" ці, калі хочаце, "Заваднога апельсіна" Кубрыка, у якім таксама панаваў "ультрагвалт".

З таго, што мне рэзанула вока, гэта наяўнасць некалькіх абарваных сюжэтных арак (тэрміналогія з серыялаў), якія былі пачатыя і затым абрываліся ледзь не на паўслове (лёс Серага, напрыклад). Былі таксама і нераскрытыя персанажы, ад якіх чакаеш пэўных дзеянняў, а яны проста, бац, і знікаюць з тэкста. Усё гэта стварыла ў мяне адчуванне недапрацаванасці, недаскончанасці тэксту, але можа гэта проста такі мастацкі ход, і я нічога не разумею:)

У прынцыпе, мне знаёмства з творчасцю Віктара Марціновіча спадабалася, "Сфагнум" - гэта жывы прадуманы тэкст з шматлікімі адсылкамі для абазнаных людзей. Кнігу цікава чытаць не толькі таму, што яна наша беларуская і напісана па-беларуску, але і таму што ў ёй ёсць трымаючы сюжэт, каларытныя персанажы, цікавыя ідэі і канцэпцыя. Планую працягваць знаёмства.

З.Ы. "Мову" я таксама пачаў чытаць і ў мяне склалася ўражанне, што Віктар Марціновіч сваімі кнігамі адчыняе для беларускай літаратуры новыя неўласцівыя ёй да гэтага жанры. Калі "Сфагнум" - гэта беларускі "бандзюковы раман", то "Мова" - гэта беларускі "кіберпанк" (гэта калі спрасціць да аднаго жанру, бо насамрэч у кожнай з гэтых кніг кнізе намешана ўсяго патрохі).

кнігі, зацемка, меркаванне

Previous post Next post
Up