Ніжэй хочу прапанаваць увазе спадарства свой варыянт рэканструкцыі замка Баторыя ці Старога замка ў Гародні канца XVI ст.
Click to view
Калі рабіць фотарэндэры з мадэлі, то з дапамогай добрай тэкстуры атрымліваецца крыху больш рэалістычна.
Пра саму мадэль.
Асноўны матэрыял быў пазычаны з рэканструкцыі У. Бачкова, якая многім знаёмая. Многія маглі бачыць яе рэалізацыю ў мадэлі, што паставілі ў Мірскім замку. За каштоўны матэрыялы шчыра дзякую гарадзенскаму краязнаўчаму музэю і асабіста дырэктару Ю. Кітурка.
У час працы з рэканструкцыяй Бачкова асабіста для сябе адзначыў у ёй некалькі сумнеўных момантаў адносна канца 16 ст.:
1. Каля вежы над Нёманам ў Бачкова далучаны вялікі будынак лазьні, хаця па ўсіх плянах замка 18 ст. і на ўзроўні падмуркаў там была толькі прыбудаваная да вежы лесьвіца .
2. Нахіл баявой галерэі апусьціў ва ўнутраны бок замка і "адкрыў" яе, што больш адпавядае абарончаму замку канца XVI ст.
3. Пры разглядзе рэканструкцыі Бачкова трэба разумець, што гэта ёсьць прапанова па сучасным прыстасаваньні ці рэканструкцыі помніка, з улікам многіх пазьнейшых перабудоваў. Такім замак, напэўна, ня быў ніколі! У сваю чаргу мая рэканструкцыя - гэта спроба аднавіць выгляд замка выключана на час Баторыя і Макоўскага, гравюра якога з'яўляецца ў тым найкаштоўнейшай крыніцай. Адсюль у маім варыяньце быў зьменены выгляд вежы-брамы, а баявая галерэя была пракладзена па ўсім перэмэтры муроў. Аднак пры гэтым ізноў жа адзначу, што многія моманты скапіраваў у Бачкова, грунтоўнасьць працы якога над вывучэньнем архітэктуры замка не падлягае сумненьню.
У пэрспэктыве рэканструкцыі замка хацелася б адзначыць, што варыянт Бачкова не з'яўляецца абсалютна ідэальным і бясспрэчным. Ёсьць шмат мэтадаў ці тэорый адносна аднаўленьня помнікаў. Аднак асабіста я з'яўляюся прыхільнікам гэтага "рамантычнага", назавем яго так, варыянта рэканструкцыі. Галоўнае пры правядзеньні прац на першае месца ставіць захаваньне аўтэнтычных частак замка, каб яны не сталі ахвярай "высакароднага парыва".