Аэрафотаздымкі польскіх раскопак у Наваградку

Feb 25, 2012 23:27

Тэхналёгія археалягічных дасьледваньняў часоў другой Рэчы Паспалітай была далёкай ад дасканаласьці. Асабліва гэта тычылася помнікаў архітэктуры, якія проста адкопваліся ці ачышчаліся ад культурных напластаваньняў. Найбольш фатальнымі былі раскопкі Верхняй царквы ў Гародні Юзафа Ядкоўскага. Прыкладна такія ж раскопкі былі і на Наваградзкім замку, што пацьвердзілі раскопкі 2011 года. Іншымі словамі, тое што капалі палякі ў выпадку Наваградка, неабходна ўважліва капаць па другім разе.

Аднак ёсьць на што зьвярнуць увагу ў польскай археалягічнай навуцы таго часу - гэта ўжываньне мэтаду т.зв. "паветранай археалёгіі" ці аэрафатаграфаваньне помнікаў. Упершыню гэты мэтад быў пасьпяхова ўжыты ў знакамітым Біскупіне. Фатаграфавалі таксама і Наваградак.

Ня так даўно ад супрацоўнікаў Інстытута мастацтваў Польскай Акадэміі Навук (за што ім выказваю шчырую падзяку) мне ў рукі трапілі некаторыя здымкі Наваградка. Ніжэй выкладваю тое, што маю. Дарэчы, па раскопкам у Наваградку ў розных інстытуцыях Польшчы і Літвы захоўваецца вялікі фотаграфічны матэрыял, які варта было б рупліва сабраць у мэтах будучых дасьледваньняў і рэстаўрацыі замка. Спадзяюся нехта гэтым ужо займаўся ці займаецца.










Апошні фотаздымак, як відаць па новым контрфорсам вежаў,  пазьнейшы і, верагодна, з археалёгіяй не зьвязаны.

Мэтад паветранай археалёгіі, на маю думку, быў бы вельмі карысны на цяперашнім этапе. На многіх замках могуць пачацца буйнамаштабныя працы па "добраўпарадкаваньні" ляндшафту, што можа прывесьці да зьнікненьня рэшткаў і сьлядоў пэўных ландшафтных помнікаў (ірво, валоў і г.д.). Таму вельмі б дарэчы, было шырока ўжыць гэты мэтад зараз! Фотаграфаваньне помнікаў было б своеасаблівай фіксацыяй наяўнага стану, паслужыла б для далейшай распрацоўкі больш абгрунтаваных праграм па рэгенэрацыі помнікаў.

* * *

Дарэчы, можа хто са спадароў археолягаў падкажа, ці ёсьць у нас у Беларусі спэцыялісты, якія валодаюць мэтодыкай "паветранай археалёгіі"?

Наваградак

Previous post Next post
Up