Куды павернуты вокны Альгерда

Jan 16, 2012 18:20


Перад самымі сьвятамі атрымаў цудоўны падарунак з Інстытут мастацтва ПАН, а менавіта здымак Княскай вежы Крэўскага замка ў неблагой якасьці. І гэтым з таго сама перадсьвяточнага часу хочу падзяліцца з паспольствам.





Фота было зроблена ў 1910 годзе апаратам вядомага Юзэфа Ядкоўскага.
Здымкаў Княскай вежы да разбурэньня, насамэч, не так мала і многія ўжо вядомыя ў літаратуры і сеціве (некаторыя зьмясьціў тут). Аднак з такога ракурса вежу яшчэ падаецца не паварочвалі, ці не разглядвалі. А паглядзець ёсьць на што.




Вось, напрыклад, на гэтым фрагмэнце добра бачна цагляная муроўка вугла вежы, якую ў літаратуры называюць "вендзкай" ці "балтыйскай": чаргаваньне аднаго тычка і двух лажкоў. Пры чым вонкавая цагляная абкладка вежы была адмыслова і якасна зроблена, як дэкор. Магчыма, яна ішла да самага нізу вугла вежы, а пазьней пачала адслойвацца. Па цэгле, што выпала з мура выдатна бачны роўны парадак, у якім была пакладзена цэглы. Цалкам магчыма, што тычковая цэгла была перапаленай (цёмна-чырвонай ці нават чорнай па колеры), што стварала эфэкт своеасаблівых каляровых зігзагаў на фасадах вежы.




Вокны 2 і 3-яга. А вышэй цікавей:




4-ы паверх, як бачна, па шыкоўных ваконных праёмах быў найбольш прэзэнтабельнай часткаю вежы.

Ваконныя праёмы мелі складаную прафіліроўку выкананую з дапамогай спэцыяльнай прафіляванай цэглы. Звонку яны акцэнтаваліся двума шырокімі нібы прыплюснутымі (амаль паўцыркулярнымі) стральчанымі аркамі. Магчыма, першапачаткова плашчыні гэтых арак былі атынкаваныя і пакрытыя росьпісам, што магло ствараць эфэкт галерэі з шырокімі праёмамі.

Гэтыя плашчыні выразна бачныя на іншым фота:




Самі вакны аформлены трыма стральчатымі аркамі з прафіляванай цэглы (вельмі нагадваюць пэрспэктыўныя парталы раманскіх касьцёлаў). Унутры яшчэ адзін элемэнт - атынкаваная (відаць, паўцыркулярная) арка таўшчынёй у адну цагліну (каля 30 см).



На жаль, здымак, на якім бачна паўночная сьцяна вежы знутры, мы маем ў дрэннай якасьці, таму меркаваць аб апрацоўцы ваконных праёмаў знутры цяжка.




Куды больш інфармацыі даюць два наступныя здымкі:




На прыведзеным вышэй здымку, які шырока вядомы дзякуючы кнігам М. Ткачова, бачна, што з заходнягя боку было толькі адно падобнае вакно. Правей унутры мура праходзіла лесьвіца, што добра бачна на наступным фота (яго ў добрай якасьці зьмясьціў тут gedygold, за што яму шчыра дзякуем!):




На ім бачна тыя самыя сходы, якія вялі на 4-ы паверх (па іх якраз забіраецца чалавек). На аснове гэтага здымка, можна таксама сьцьвярджаць, што і 3-і паверх меў жылое прызначыньне (вокны занадта вялікія, каб быць байніцамі ці праёмамі для асьвятленьня). 3-і і 4-ы паверхі разьдзялялі драўляныя канструкцыі ў выглядзе бэлькек умураваных у заходнюю і усходнюю сьцены. Пры чым, як можна меркаваць па сьлядах бэлек: на верхні шэраг насьцілалася падлога чацьвёртага паверха, а на ніжні падшывалася столь 3-яга. На 5-ы паверх, які, напэўна, меў выключна мілітарнае прызначэньне, вялі сходы ўнутры мура з 4-ага паверха. На гэтым жа фота бачна, што адно вакно апрацаванае шырокай дэкаратыўнай аркай мелася і на ўсходнім баку вежы.

Павінны быць праведзены сур'ёзныя архіўныя пошукі па выяўленьні ўсіх здымкаў Княскай вежы, у тым ліку многіх з вышэйпрыведзеных у добрай якасьці. І гэтых здымкаў шмат. Аднак ужо цяпер можа задумацца над пытаньнем мастацтвазнаўчых уплываў.

Між іншым перад намі фота бадай што самай раньняй з рэзідэнцый вялікіх князёў Літоўскіх, якую мы ўвогуле можам убачыць. Існуе шмат рэканструкцый пазьнейшых рэзідэнцый часоў Вітаўта ў Вільні, Наваградку, Горадні. Аднак Крэўскі замак традыцыйна зьвязваецца з імем яго дзядзькі - вялікага князя Альгерда. Верагодна, падобная вежа была пастаўлена Альгердам і на Верхнім замку ў Віцебску.

Як мне падаецца мастацтвазнаўцы ў дадзеным выпадку могуць дапамагчы у пэўным сэньсе раскрыць і зьнешнепалітычны вэктар Альгерда, альбо мадэль, па якой ён будаваў сваю "імпэрыю". Ці былі гэтыя вокны гульнёй у "аднаўленьне  стараажытнарускай імпэрыі", ці ўсёткі тут была рэалізавана праграма кайзерскіх пфальцаў?

АРХІТЭКТУРА

Previous post Next post
Up